Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
«Беларусы! Вас чакае зямля!»
Дачакалiся. Адыйшла ў нябыт зьненавiджаная й праклятая, мiлiёны найлепшысх сялян на глум у Сiбiр загнаўшая, калгасная брыда. Новы гаспадар, хай характарам ня менш дзярлiвы й нажывы прагны чымся ад веку зьненавiджаны Маскаль, тымчасам зубоў яшчэ не ашчэрыў.
Прысутнасьць у лясох чужых людзей, што часта прасiлi цi дамагалiся хлеба, тымчасам ня выклiкала трывогi ў гэтай, зь няпамятных часоў гасьцiннай краiне. Пакiнь селянiна ў супакоi й калi ўсё ўляжыцца-утаўчэцца, калi будуць да працы рукi, усiм хлеба й да хлеба хопiць. Абы не папялiлi дабра ваенныя пажары, абы далей адсюль тую хвалю-навалу, глум i сьмерць.
Лясныя людзi, загаiўшы раны, пачалi разглядацца, пасьмялелi, вылазiлi з зашытых у гушчарах бярлогаў i
— Бандыты грабяць! — з трывогай паўтаралi пад сялянскiмi стрэхамi людзi. I ўжо пазьней слова «бандыты» ператварылася ў «партызаны».
Нiколi ня перастане трывожыць гiсторыкаў пытаньне: як павярнулася-б на ўсходзе вайна, калi-б Гiтлер палюдзку абыходзiўся з палоннымi? Запраўды, што было-б? Адно ведама, што сталася. Вялiкi абоз ваеннапалонных у Бярэзьвiчах, ведамы пасьля як «лягер сьмерцi», стаяў гэтта-ж усiм на вачох. Людзей марылi голадам, холадам i хваробамi пад адкрытым небам. Ды было-б поўбяды, каб неба гэнае, як прывыклi казаць, было голае. Дык-жа не. Зь яго часта падаў дождж цi сьнег. Даведзеныя да адчаю людзi рвалiся на калючыя драты пад кулямi варты, амаль пагалоўна гiнулi, а шчасьлiвыя адзiнкi, што пасьля траплялi ў лясы, апавядалi розныя жахi пра людаедзтва й суцэльны мор. Нялюдзкасьць сваю акупант як-бы наўмысна, паказваў штодзённа i ўсюды. Жахлiвае рашчараваньне «новым парадкам» дыханьне адбiрала.
Зь меншых мястэчак Жыдоў зганялi ў Глыбокае, дзе ў заходняй частцы гораду стварылi «гетто». Людзей гэтых, што апынулiся паза правамi, мясцамi лiквiдавалi меншымi групамi, але пра лёс iхны ў рамках «канчальнае разьвязкi жыдоўскага пытаньня» мясцовыя жыхары не маглi нiчога ведаць. Жыдоўскiх рамесьнiкаў ганялi на працу ў мясцовых прадпрыемствах, што абслугоўвалi й забясьпечвалi акупацыйны апарат i ўзбагачалi Райх.
Зусiм накш павялося Цыганом, якiх лавiлi, адразу забiвалi як непрадуктыўны элемэнт. Гэтак ужо першай восеньню пад новай уладай былi лiквiдаваныя некаторыя банды Цыганоў, а апавяданьнi пра нялюдзкi спосаб iхнае лiквiдацыi кружылi па краiне.
Бiтва пад Масквой пахiснула мiт пра няпераможнасьць Нямеччыны. Гэтага хапiла чырвоным, каб пусьцiць у рух iншыя, дагэтуль нявыкарыстаныя ў вайне сiлы. Людзi ў лясох паднялi галаву, сквапна лавiлi ў радыёпрыёмнiках натхнёныя галасы зь «вялiкай зямлi». Вэрхал у радыёвых хвалях мацнеў з ходам часу i ў меру ўсьведамленьня, што кагадзе шырака адчыненыя ў Маскву дзьверы вогненным шквалам першае вялiкае абароннае бiтвы наглуха зачынiлiся, а агонь гэны адкiнуў перадавыя калёны «Барбаросы» на дзясяткi кiлямэтраў на захад.
Павыкiданых зь цёплых, наседжаных у Беларусi гнёздаў цiвуноў бальшавiцкага прыгону, што панаваў гэтта пад фiрмай БССР, першая перамога спанукала, каб падпрэгчыся ў маскоўскую калясьнiцу ды як-небудзь памагчы зрушыць яе на захад. Прыпрэжка гэная, загадам зь верху, вылiлася ў розных хвормах, а на Беларусi заангажавала сiлы ў лясох. Зiрнуўш на мапу акупаванай краiны й вызначыўшы, пры помачы iснуючай разьведкi, колькасьць i якасьць нямецкiх ваенных гарнiзонаў, адно выразна кiдалася ў вочы: у вялiкiх, асаблiва залесеных, полацях краiны чужнiк расплыўся, валодаў адно мiнiмальна ды для ўтрыманьня парадку абапiраўся на чужы элемэнт у палiцыi. Дарогi-ж, як ведама, у бальшынi дрэнныя, ня спрыялi хуткаму перакiданьню матарызаваных сiлаў з пункту А ў Б цi В. У гэных раёнах асноўны цяжар транспарту й камунiкацыi меў трымацца на конскiм хрыбце. Лёгка зрываць тэлефонную й паштовую сувязь. Добра расплянаваўшы, выкарыстоўваючы мясцовыя гаспадарчыя й людзкiя багацьцi, можна распалiць там вайну ледзь не на прымiтыўных асновах, паралiжаваць даставы на галоўны фронт, зьвязаць працiўнiку рукi, адабраць у яго масу сiлаў для змаганьня з партызанамi. Беларус, як Маскалём было ведама, нiколi ня зрокся гону да волi й самастойнасьцi i, як гаворыць ягоная-ж народная мудрасьць, «заўсёды ваўком у лес глядзiць», але гэтта трапiў ён у пастку i яго можна
Плянаваньне вялiкiх ваенных мерапрыемстваў, асаблiва-ж тых, што з палiтыкай вяжуцца, вымагае дбайлiвага абгрунтаваньня. Таму Маскалi зiрнулi ў гiсторыю, а тая, — яшчэ не такой вялiкай даўнасьцi, падказала ясную разьвязку. Гэта-ж пад провадам Кастуся Калiноўскага, падчас усенароднага антымаскоўскага змаганьня, Лiцьвiны (Беларусы) дасканала выкарыстоўвалi свае лясы, скрывалi там колькасна вялiкiя атрады паўстанцаў. Краiну трэба было амаль суцэльна войскам залiць, агiдна зьдзеквацца, каб пасьля гадоў змаганьня зь сялянамi, пераважна ўзброенымi сякерамi, косамi й вiламi, зламаць фiзычны супрацiў, але не дух гэтага народу. А што-ж было-б, калi-б паўстанцы былi добра ўзброеныя?
Адказ, як цаца! Узброiць людзей у лясох, наладзiць сувязь, выслаць спэцыялiстых з карных i палiтычных ворганаў для вышкаленьня й кантролi ды каардынаваць iх дзеяньнi. Працiўнiк нiколi не адгадае, што яму рыхтуецца. Бальшыню забранай iм зямлi такiм чынам перавесьцi пад сваю кантролю й адтуль нацiскаць. Разьвязка сама напрашвалася. Адно пытаньне: цi тойсамы народ, якi некалi так гэраiчна супраць цярскага глуму паўстаў ды ня так даўно сваю дзяржаву аднавiў, якую сiлай разбураць давялося, цi народ гэты стане на ўслугi скампрамiтаванай i зьненавiджанай iм улады?
Напляваць! Ня стане сам дык сродкi для падахвочаньня знойдуцца, гэтак як ад Iвана й Пятра ды пазьнейшых «спадкаемцаў» Рыму й Бiзантыi завялося. Паставiць нярод перад выбарам, а выбар даць толькi адзiн.
Нямецкi акупант, каб забясьпечыць зад фронту, яшчэ ня ўзяўшыся за свае амбiтныя пляны масавага вынiшчэньня мясцовага насельнiцтва для будучай калянiзацыi гэтых земляў, спачатна прыняў элемэнтарныя меры аховы шляхоў сувязi, транспарту й базаў на занятых тэрыторыях. На чыгунках i пры ваенных аб'ектах зьявiлiся вартавыя й рэгулярныя вайсковыя патрулi. Адылi хутка выясьнiлася, што для ўтрыманьня ўлады ў гэтай краiне сваiх сiлаў ня хопiць, а таму давялося ў нябыт аддаць цi нi самае галоўнае, што некалi вызначыў Адольф Гiтлер: «Нiхто, апроч Немца, не атрымае права насiць зброi». На помач была паклiканая мясцовая палiцыя, намiнальна для аховы парадку й нiхто не ўяўляў тады, што з часам, калi полымя вайны, што выйдзе зь лясоў, дабярэцца да шляхоў i базаў, роля ахоўнае палiцыi зусiм зьменiцца.
Вайсковыя патрулi на двухшляховай чыгунцы побач Лiтоўцаў ужо ўжылiся ў быт сялянаў, зрок звыкся зь iмi так, як прыкладна з гаравацкiм гiгантам Архiпам цi тымi сястрыцамi соснамi на могiльнiку. Бачыш вунь далекавата на чыгунцы дзьве постацi, шлёмамi завершаныя. Ледзь-ледзь рухаюцца роўнамерным крокам. Дый цi толькi днём. Лiтоўскiя даўно вымяркавалi навет, як часта патрулi праходзiлi. Ведама, што чыгунку сьцерагчы трэба. Ад каго? Гэта, ведама-ж, ваенная справа.
У вадну зiмовую ранiцу патруль наскочыў на нешта дагэтуль нябачанае. На ўсходнiм шляху знайшлi разьвiнчаныя й зрушаныя рэйкi. Зараз за паваротам, з лагодным нахiлам унiз, значыцца там, дзе машынiсту цяжка цi немагчыма ў час спасьцерагчы шкоду й затрымаць цягнiк. Патруль неадкладна заалярмаваў базу i ўдалося спынiць надыходзячы, наладаваны войскам i запасамi цягнiк, ухiлiць катастрофу. Пасьля направы, цягнiк спозьнена рушыў на ўсход, а мясцовыя ваенныя ўлады пачалi сьледзтва. Сьляды злачынцаў згубiлi на ўежджанай дарозе, а роспыты ў прылеглых да чыгункi хутарох i вёсках, у тым лiку i ў Лiтоўцах, нiчога не далi. Патрулi на чыгунцы ўзмоцнiлiся.
Iшоў час i цiшыню лясоў начамi пачалi трывожыць гукi матораў у небе. Зь «вялiкае зямлi» прывозiлi й ськiдалi апэргрупы спэцаў, iнструкцыi, зброю. У лясох пацясьнела ваўком, сарнам, ласём i зайцам. Банды арганiзавалiся й пачыналi выяўляць прэтэнсыi на ўладу, нападалi й нiшчылi мясцовую нiзавую беларускую адмiнiстрацыю, школы, зьдзеквалiся зь сялянаў, якiя супрацiўлялiся рабункам. I тады дайшла да Антося Дзеркача вестка пра Лявона Шпунта. Прынёс яе непаседлiвы Захарук. Кагадзе езьдзiў ён у Докшыцы, захапiўшы з сабой пару мяшкоў зярна на млын.