Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ну дык! Чаму ж не зразумець... А ты - "нiчыё"!
– Тут ты праўду: зусiм нiчыё - не можа такога быць.
Бацька заўсёды гаварыў з Алёшам, як з дарослым. Алёша адказваў тым жа:
– Выходзiць, i Клiм бы браў з нашага, але не з майго.
– Факцiчаскi так, - падвёў вынiк бацька.
– Мы ж з табою бяром... сена там цi бурачкоў карове? Бяром. Тайком ад старшынi i ад брыгадзiра, а бяром чуць. Ды i ён, старшыня, ведае, i брыгадзiр ведае, усе ведаюць. I ад гэтага нiкуды не дзенешся: з нашага бяром. I бяром сумленна, з леташнiх стагоў або дабiраем астаткi буракоў. А як жа?
– Факцiчаскi так, - пацвердзiў трынаццацiгадовы мужычок, якi ўжо можа i чараду пасвiць, i даглядаць "сваю" скацiну, i бiць масла, дапамагаючы мацi, калi не заняты, вядома, i скрэбцi на марозе "нашы" буракi, i капаць "сваю" бульбу.
А Хрысан Андрэевiч тлумачыў далей:
– Як павiнна быць па статуту, так i робiм: там - наша, а тут - маё. Я вось занёс баранчыка ў горад. А як жа? Кармiць-паiць людзей трэба - мы на тое i жывём. I мацi занесла яек. I масла. Усё па статуту, усё планава. Жызня, Алёшка, добра наладзiлася, абуты, апранутыя не горш, чым старшыня цi настаўнiк, тэлевiзары ёсць i ўсё такое, грошы на патрэбу. А хто многа працуе, дык таму толькi работа моцы дадае. Толькi вось гарэлку пiць не трэба, павучаў Хрысан Андрэевiч.
– А сам п'еш, - справядлiва заўважыў Алёша.
– Калi не трэба - не трэба. Што толку!
– Гэта ты праўда, - згадзiўся бацька.
– Калi ты на брыгадзiра павагу маеш, дык гэта ж не мы завялi... А Клiм - што? Клiм - зладзюга. Як гэта пайсцi да суседа i ўкрасцi куру? Гэта ж трэба на людзей вочы засляпiць. Куды-ы там! Прапаў чалавек.
Чакаючы Чарнавуха, Алёша i Хрысан Андрэевiч прагаварылi так да адзiнаццацi гадзiн вечара. Потым хадзiлi вакол дома, зазiралi да парасят, пад ганак (магчыма, уцёк ад Клiма i схаваўся). Нарэшце Хрысан Андрэевiч пайшоў сам.
Наталля, жонка Клiмава, жанчына затурканая i цiхая, тая самая, што заплакала на бурачным полi, сказала горка:
– Не прыйшоў яшчэ, валацуга. Заначаваў дзе-небудзь, iдал. Або запiўся, пракляты. Ох, гора маё! Лiчы, толькi заўтра прывалачэцца, шатун. А сабаку ён нiдзе не дзене, ведаю яго. Прывядзе...
Хрысан Андрэевiч вярнуўся дадому, расказаў, што чуў, i яны з Алёшкам леглi адпачываць, перагаворваючыся шэптам, каб не пабудзiць мацi. Яны не чулi, як прыходзiў Чарнавух на ганак, як падкраўся i ўцёк Клiм, як пайшоў iх новы добры сябар ад лiхога чалавека.
Ранiцою бацька пабудзiў Алёшку:
– Уставай. На ганку свежыя сляды: прыйшоў Чарнавух.
Удвух яны пачалi шукаць, зваць, свiстаць, але Чарнавух ужо не мог iх чуць. Хрысан Андрэевiч бягом затрухаўся да Клiма, пабудзiў таго.
– Прывёў жа, прывёў, - басiў той хрыпла i незадаволена.
– Апоўначы прывёў i не захацеў цябе будзiць... Хочаш, сляды свае пакажу. А ты вось мяне пабудзiў, растрывожыў. Як думаеш: па-чалавечы гэта цi не? Ды i сабака твой нягодны на паляванне. На чорта ён мне - не буду браць нiколi.
Хрысан Андрэевiч не спрачаўся: з гэтым толькi звяжыся.
Абышлi яны з Алёшам усю вёску, усе агароды, былi на калгасным двары (цi не ў сабак гасцюе Чарнавух?). Не, нiхто нiдзе не бачыў Чарнавуха. Прапаў Чарнавух.
– Выходзiць, Клiм збiў яго, - здагадаўся Хрысан Андрэевiч.
– Збег Чарнавух.
У Алёшы пякло ад жалю сэрца. Ён пачаў прыглядацца да падлогi на ганку: сляды ўжо высахлi, але месца, дзе ляжаў Чарнавух, было адметна. Алёша прыгнуўся i нечакана крыкнуў на ўвесь двор:
– Тата! Кроў!
Той выбег з хаты, прыгледзеўся: там, дзе ляжала галава Чарнавуха, засталiся высахшыя плямкi слiны, перамешанай з крывёю.
– Звер!
– сказаў Хрысан Андрэевiч. Падумаў i папярэдзiў Алёшу: - Глядзi, не звязвайся з гэтым чалавекам - бяды нажывеш. Вось што: пайшлi па Чарнавухавай дарозе - больш няма яму куды iсцi.
Яны дабралiся да аўтобуснага прыпынку, па дарозе клiчучы i шукаючы Чарнавуха, доўга там чакалi i пайшлi дадому. Думалася, што калi iшоў сюды, то цяпер недзе далёка-далёка. Таго дня яны iшлi непадалёку ад стога, дзе адлежваўся Бiм, iхнi Чарнавух.
Вечарам Алёша некалькi разоў выходзiў на ганак, чакаў, клiкаў. А потым вярнуўся ў сенцы, сеў ля сабачае будкi, напханае сенам, i заплакаў, адкрыта, па-дзiцячы, усхлiпваючы i размазваючы рукавом непаслухмяныя слёзы.
Хрысан Андрэевiч пачуў, выйшаў у сенцы, запалiў святло.
– Э, ды ты таго?
– здзiвiўся ён.
– Таго, - адказаў Алёша, уздрыгваючы.
Бацька правёў шурпатаю, драўлянаю далонню па сынавых валасах i прамовiў:
– Гэта добра, Алёша... Душа ў цябе ёсць, хлопчык...
Выйшла Пятроўна.
– Шкадуеш Чарнавуха?
– спытала яна.
– Шкада, мама!.. Шкада...
– Гора ж якое, бацька!
– усхлiпнула яна.
– Але што ж цяпер зробiш, Алёшка... Так таму i быць... Шкада...
...А ў гэты самы час Бiм ужо ляжаў пад лаўкаю ў павiльёнчыку аўтобуснага прыпынку.
Ляжаў i чакаў. Чакаў ён толькi аднаго - свiтання.
Раздзел 13
ЛЯСНАЯ БАЛЬНIЦА. ТАТА I МАМА. НАВАЛЬНIЦА Ў ЛЕСЕ
Як толькi засвятлелася на досвiтку, Бiм паспрабаваў устаць, але гэта было нялёгка, амаль немагчыма. Галоўнае, цяжка выпрастацца з абаранка: нешта застыла ўсярэдзiне i быццам склеiла там. Сяк-так, не па-сабачаму, ён спачатку выпрастаў адну заднюю нагу, быццам курыца з-пад крыла, потым другую, упёрся iмi ў сценку i выпаўз з-пад лаўкi. Чуць паляжаў i папоўз з павiльёна. Сеў. Здранцвелыя ногi пачалi ажываць. Перамагаючы боль i суцяшаючы сябе цiхiм паскугольваннем, ён пайшоў - спачатку ледзьве-ледзьве, чыркаючы лапамi па зямлi, потым усё цвярдзей i цвярдзей.
Паспрабаваў крыху трушком - не так балiць у грудзях. I ён павольна-павольна патрухаўся i патрухаўся наперад. З боку здалося б, што сабака i не бяжыць. I не iдзе, а красае нагамi, каб не трэслася толькi тулава. Так Бiму лягчэй. Ён адчуў, што яму i наогул стала здаравей ад травы i ад таго, што пачаў варушыцца. I ён драбнiў, драбнiў па шашы.
Iшоў па левай абочыне дарогi, насупраць сустрэчных машын. Ён, вядома ж, не ведаў "Правiл вулiчнага руху на дарогах СССР", i нiякае логiкi, спрактыкаванасцi ў яго законным руху не было - проста падказваў iнстынкт; па гэтым баку мяне везлi сюды, пайду i назад тою ж дарогаю. Людзi, што мiльгалi ў акенцах машын, няйначай, думалi: "...Разумны сабака - выконвае правiлы руху. Але хворы". На самай жа справе тут нiякага вялiкага розуму не трэба было, каб пацвердзiць, што адпаведны артыкул задавальняе патрабаваннi бяспекi.