Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:
Толiк лёг у ложак. Засынаючы, ён думаў: "Заўтра пайду да Сцяпанаўны i скажу, хай у мяне жыве Бiм, пакуль вернецца Iван Iванавiч..." I яшчэ ўспомнiлася такое: калi ён расказаў дома, што ходзiць да Сцяпанаўны i там ёсць Люся, а ён водзiць Бiма, то мама пачала крычаць, а тата сказаў Толiку: "Болей туды ты не пойдзеш"; калi ж Толiк плакаў, то тата напаслед сказаў маме: "Мы забылiся з табою, што такое тактыка?" I гладзiў Толiка па галаве, гаворачы: "Што ж цяпер зробiш? Трэба табе вырасцi, вялiкiм чалавекам стаць, але не сабачнiкам i не да бабак розных там хадзiць. Нiчога не зробiш!" А цяпер вось Бiм будзе жыць у яго i да "бабак" хадзiць
Ад гэтых думак Толiк заснуў радасным сном.
...Глыбокаю ноччу Бiм пачуў крокi. Ён расплюшчыў вочы, не падымаючы галавы, i глядзеў. Тата цiха падышоў да тэлефона, пастаяў, прыслухаўся, потым узяў трубку i паўшэптам сказаў толькi два словы:
– Машыну... Зараз жа.
Значэння гэтых слоў Бiм, вядома, не зразумеў. Але заўважыў, што Тата трывожна глядзiць на дзверы, дзе спаў Толiк, неспакойна зiрнуў на Бiма, пайшоў на кухню, вярнуўся адтуль з вяровачкаю i нейкiм клуначкам. Бiм здагадаўся: нешта не тое, неяк перамянiўся Тата - ён быў не падобны да самога сябе. Нешта падказвала Бiму, што трэба забрахаць, бегчы да Толiка! Бiм не сумняваўся, абавязкова б зрабiў так, але Тата падышоў i пачаў гладзiць Бiма (значыць, усё добра), потым прывязаў вяроўку да аброжка, апрануў палiто, цiхенька-цiхенька адчынiў дзверы i вывеў Бiма.
Ля пад'езда мармытаў матор аўтамабiля.
I вось едзе Бiм на заднiм сядзеннi. Уперадзе чалавек за рулём, побач з iм Сямён Пятровiч. З клуначка, што пакладзены побач з Бiмам, пахне мясам. На аброжку вяроўка. Людзi маўчаць. Бiм таксама. Ноч. Цёмная, цёмная ноч. Неба завалакло хмарамi - яно чорнае, як чыгун у доме ў Хрысана Андрэевiча. У такую ноч нельга сабаку назiраць з машыны i запомнiць дарогу назад. I куды вязуць, Бiм таксама не ведаў. Сабачы клопат - што? Вязуць - i ўсё. Толькi вось вяроўка навошта? Трывога зусiм завалодала Бiмам, калi пад'ехалi да лесу i спынiлiся.
Сямён Пятровiч павёў Бiма на вяроўцы ў глыб лесу, узяўшы стрэльбу. Iшлi ўнiз у яр, свецячы на прасеку лiхтарыкам. Сцяжынка ўперлася ў невялiчкую паляну, акружаную вялiзнымi дубамi. Тут Сямён Пятровiч прывязаў Бiма да дрэва тою вяровачкаю, развязаў клуначак, выняў з яго мiску з мясам i паставiў перад Бiмам, але не прамовiў нiводнага слова. I пайшоў назад. Ды, адышоўшы за некалькi крокаў, азiрнуўся, асляпiў Бiма лiхтарыкам i сказаў:
– Ну, будзь. Вось так.
Бiм правёў вачыма святло, якое аддалялася, i маўчаў - здзiўлены, нiчога не ведаючы, горка пакрыўджаны. Ён нiчога, зусiм нiчога не зразумеў. I калацiўся ад хвалявання, хоць было цёпла, нават душна, нязвыкла для восенi.
Машына паехала. "Туды" паехала, вызначыў Бiм па гуку, якi аддаляўся i рабiўся ўсё цiшэйшы i цiшэйшы, а потым i зусiм зацiх: гук той быццам даў Бiму кiрунак - куды iсцi на ўсякi выпадак.
Лес маўчаў.
Цёмнаю-цёмнаю ноччу сядзеў у лесе сабака пад магутнымi дрэвамi, прывязаны за вяроўку.
I трэба ж здарыцца менавiта такому i ў гэту ноч! Рэдка, вельмi рэдка так бывае: пад канец лiстапада, пры такой нязвыклай цеплынi, дзесьцi далёка-далёка прагрымеў гром.
Спачатку Бiм сядзеў i слухаў лес, правяраў навокал, колькi браў нюх. Сабаку лёгка вызначыць, якi гэта лес, калi ён хоць раз пабыў у iм. Бiм скора зразумеў, што ён знаходзiцца там, дзе некалi быў з гаспадаром на аблаве. Той самы лес. Але воўкам паблiзу нiдзе не пахла. Бiм прыцiснуўся бокам да дрэва, прапаў у непрагляднай цеменi, адзiнокi i безабаронны, пакiнуты чалавекам, якому не зрабiў нiчога лiхога.
Падсвядома, недзе ў глыбiнi свае iстоты, iнстынктам Бiм зразумеў, што iсцi болей да Толiка нельга, што цяпер ён пойдзе да сваiх родных дзвярэй, i болей нiкуды. I так яму захацелася туды, што ён, забыўшы пра вяроўку, iрвануўся ад дрэва на ўсю сiлу i ўпаў: боль у грудзях аддаўся ва ўсiм целе i падкасiў яго. Цяпер ён ляжаў нерухома, выцягнуўшы ўсе чатыры лапы. Але гэта было нядоўга, ён зноў устаў i сеў да дрэва, здавалася, змiрыўшыся са сваiм лёсам.
У чарнаце ночы яшчэ раз правуркатаў гром, цяпер ужо блiзка, i пракацiўся па бязлiстаму лесе шырока i цяжка. Падзьмуў вецер, галiны на дрэвах занылi, быццам ад прадчування бяды; ствалы, якiя слабейшыя, захiсталiся; i нарэшце ўсё злiлося ў адзiн суцэльны трывожны чорны шум, у якiм выразна чуўся стогн сухое асiны: яна раўнамерна рыпела i рыпела дзесьцi ля кораня, ужо надломленая i слабая; яе глухi нудны стогн пужаў Бiма больш, чым увесь лясны шум.
А лес шумеў, шумеў i шумеў. А вецер усё гуляў i гуляў як адзiны ўсяпраўны ўладыка ў непрагляднай цеменi, разгуляўся так, што застагналi дубы. Бiму здавалася, што нехта чорны-чорны, вялiзны распластаўся над магутнымi дубамi, над безнадзейнаю асiнаю, якая памiрае над iм, згубленым у гэтай суровасцi, сабакам; i гэты чорны бiў поламi чорнага плашча па лясных вяршалiнах, аблаплiваў дрэвы i гойдаў iх у дзiкiм танцы, шаманiў, падскакваючы i выгiнаючыся, крычаў i завываў, як стогалосы дзiкун.
Бiму стала так жудасна, што пра боль у целе на часiну забыўся.
Ён прыцiснуўся да каменя, прылiп. Вецер пачаў кiдаць на лес холад, таму ўнiзе ў яры пацёк зябкi струмень i адразу ж працяў Бiма. Так заўсёды позняе цяпло раптоўна мяняецца холадам. Бiм перайшоў на другi бок за ствол, каб затулiцца ад ветру i супраць ветру сачыць нюхам, - па ветры вачыма. Але наперадзе была непраглядная цемень. Бiм калацiўся.
Раптоўна, быццам вогненным вузкiм нажом, маланка рассекла цемень, на iмгненне асвятлiўшы лес, якi стагнаў i выў, а следам за ёю так вухнула ўверсе, стукнула, забрыньчала нечым пабiтым, абрынулася ўнiз i пакацiлася па лесе ў розныя бакi. Маланка i гром быццам напалохалi шамана, i ён пусцiўся ўцякаць, уцякаць, а потым i зусiм зацiх, i тады зверху застукалi кроплi. Дождж быў кароткi, моцны, халодны. Потым i ён перастаў.
Лес цяпер цiхенька бурчаў, атрасаючыся i прыхарошваючыся, быццам пасля бою. Але раптам асiна зарыпела, затрашчала, чапляючыся за суседнiя дрэвы, развiтваючыся з суседзямi, адчайна зашумела i ўпала на зямлю, ломячы свае галiны, у горкай, перадсмяротнай безнадзейнасцi: вытрымала апошнi бой i ўпала. Асiна стаяла непадалёку ад Бiма, яму было трывожна чуць смерць дрэва i страшна таму, што яно падала, як спачатку яму здалося, проста на яго; ён тады паплiшчыўся ад свайго ракавога дуба, напяў вяроўку, але... вяроўка ёсць вяроўка.
Бiм сядзеў да свiтання, праскiвелы, хворы, змучаны. Перад iм стаяла мiска з мясам - да яго ён так i не дакрануўся.
Перад свiтаннем далёка завыў воўк. Адзiн завыў: больш нiкога на перазовах у лесе не аказалася. То быў самы хiтры, ацалелы пасля тае аблавы воўк. Бiм уздыбiў шэрсць на загрыўку, застукаў зубамi i слухаў, хапаў носам паветра, глыбока ўцягваў. Ён падрыхтаваўся да сустрэчы, нiколi не падазраючы, што ў iм столькi адвагi на самаахову, якую можна назваць гераiзмам адчаю (укусiў жа ён тады Шэрага дзядзьку, чуць не збiў яго з ног!). Але воўк гэтага разу не прыйшоў. Ветру ўжо не было, так што здалёку звер не мог пачуць Бiма, а час абыходзiць свой участак, вiдаць, яшчэ не прыйшоў. Але Бiм у напружаным чаканнi напяў вяроўку, таму аброжак стаў душыць яго да хрыпаты. Тады Бiм падаўся на дрэва, прыцiснуўся задам да ствала, перахапiў вяроўку на карэнныя зубы i... перакусiў. Як нажом шахнуў!