Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:
Лячыўся Бiм яшчэ пяць дзён. Кармiўся чым бог пашле, але лячыўся настойлiва. Спаў у абжытай яме, стаўшай часова ягоным домам. Аднойчы нават натрапiў на соннага зайчыка, але паспрабаваць яго не давялося: той падхапiўся i даў дзёру. Бiм i не спрабаваў яго даганяць. Не дагонiць i здаровы сетэр, а хвораму нечага i думаць. Правёў вачыма, аблiзаўся, ды i ўсяго. Аднак лес не крыўдзiў Бiма, ён сяк-так кармiўся - дрэнна, вядома, але пракармiўся. Хоць ён схудаў, выпятраў ад хваробы i недаядання, ды зёлкi зрабiлi сваё - Бiм не толькi застаўся жыць, але знайшоў магчымасць iсцi далей сваёй дарогаю, шукаць чалавека-сябра. I зноў жа
Калi зноў наведаўся да палянкi з пяньком, прылёг Бiм, устаў, i яшчэ прылёг, i яшчэ ўстаў. Вiдаць, вырашыў ён, што Iвана Iванавiча тут не дачакаецца. Вярнуўся да ямы, ад яе зноў да пянька; там i тут затрымлiваўся толькi на хвiлiнку i зноў вяртаўся. Вельмi моцны непакой адчуваўся ва ўсёй гэтай бегатнi туды-сюды; непакой мацнеў. Нарэшце ён прабег усё-такi паўз пянёк, не прыпынiўся, а цiхенькаю рыссю пакiраваў да шашы. Гэта было надвячоркам, калi сонца толькi збiралася на адпачынак.
У горад Бiм прыйшоў позна ўвечары. У горадзе было светла, не так, як у лесе ноччу, але менавiта гэтае святло i турбавала Бiма. Такога з iм нiколi не было раней. I ён пайшоў асцярожна i адначасова паспешна, колькi дазваляла здароўе, кiруючыся, вядома, дадому, да - гаспадара, да Сцяпанаўны, да Люсi, да Толiка: усе яны, вiдаць, там. Але нечакана для самога сябе, яшчэ ва ўскраiнным новым раёне, сярод тых дамоў-блiзнят, Бiм вырашыў абысцi небяспечнае месца, каб не сутыкнуцца з Шэрым. Пайшоў укруга, скiраваў на бакавую вулiцу i ўпёрся ў плот. Пачаў быў яго абыходзiць i нечакана замёр ля варотцаў: Толiкаў след. Хлопчык, якога так палюбiў Бiм, прайшоў тут. Вось толькi-толькi прайшоў. Варотцы былi зачынены, але Бiм не задумваючыся палез паднiз i пайшоў па слядах маленькага сябра. Ну, вось толькi, вось толькi прайшоў! Гэта быў малюсенькi парк-сад, а пасярод яго стаяў невялiчкi двухпавярховы дом. Туды i павёў след.
Бiм падышоў да дзвярэй, у якiя толькi нядаўна зайшоў Толiк. Прывучаны са шчанячага ўзросту кожным дзвярам давяраць, ён падрапаўся i ў гэтыя. Адказу не было. Бiму ж не здагадацца, што такiя яго паводзiны ля гэтых дзвярэй можна было назваць нахабствам наiўнага. Але ён яшчэ раз падрапаў, яшчэ мацней.
За дзвярыма пачуўся жаночы голас:
– Хто тут?
"Я - адказаў Бiм.
– Гаў!"
– Гэта яшчэ што такое? Толiк! Нехта да цябе з сабакам. Гэтага толькi не хапала!
"Я, я, - сказаў Бiм.
– Гаў, гаў!"
– Бiм, Бiм!
– закрычаў Толiк i адчынiў дзверы.
– Бiм, мiлы Бiм, Бiмка!
– I абняў яго.
Бiм лiзаў рукi хлопчыку, куртачку, пантофлi i бесперастанку глядзеў яму ў вочы. Столькi было надзеi, веры i любовi ў позiрку сабакi, якi гэтулькi вытрываў!
– Мама, мама, ты паглядзi, якiя ў яго вочы! Чалавечыя! Бiмка, разумны Бiмка, знайшоў сам. Мама, сам знайшоў мяне...
Ды мама не вымавiла нi слова, пакуль сябры радавалiся сустрэчы. Але калi захапленне ацiхла, яна запытала:
– Гэта той самы?
– Ага, - адказаў Толiк.
– Гэта Бiм. Ён добры.
– Зараз жа праганi.
– Мама!
– Зараз жа!
Толiк прытулiў Бiма да сябе.
– Не трэба, мама, калi ласка!
– I заплакаў.
Музычна празвiнеў званок. Увайшоў чалавек. Ён добрым, але стомленым голасам спытаў:
– Што тут у вас за крык? Ты плачаш, Толiк?
– Ён зняў палiто, разуўся, уссунуў пантофлi i, падышоўшы да хлопчыка з сабакам, сказаў: - Ну чаго ты, дурненькi?
– I пагладзiў Толiка па галаве, палашчыў за вушка i Бiма.
– Бач ты! Сабачка. Глядзi, якi сабачка. Бач, якi сабачка... худы.
– Тата, тата, ён добры, Бiм. Не трэба.
Мама цяпер ужо закрычала:
– Вось так заўсёды! Я гавару адно, а ты другое. Выхаванне называецца. Скалечыш дзiця!
– Яна загаварыла на "вы": - Будзеце локцi кусаць, Сямён Пятровiч, але позна.
– Пачакай, пачакай, не крычы. Спакойна.
– I павёў яе ў далёкi пакой, дзе яна крычала яшчэ мацней, а ён яе супакойваў.
З усяго гэтага Бiм зразумеў, што Мама не хоча Бiма, а Тата - за яго, i што ён пакуль што застанецца ў Толiка. Слоў не трэба было разумець нават чалавеку, але ён усё зразумеў бы i тады, калi б яму заткнулi вушы. А тут усё ж сабака з адаткнутымi вушамi i разумнымi вачыма. Як не зразумець! I праўда, Толiк павёў Бiма ў свой асобны пакойчык (там пахла толькi Толiкам).
Нi Бiм, нi Толiк не чулi, што далей гаварылi Мама i Тата.
А там было вось што:
– Нашто ты крычыш пры Толiку такiя словы: "Скалечыш дзiця" i ўсякае такое? Гэта ж згуба яму.
– А гэта не згуба: вiдавочна хворы сабака, бадзяга - i ў нашую ўзорную чыстату? Ты з глузду з'ехаў! Ды ён жа заўтра захварэе ад яго чортведама чым. Не дам. Зараз жа выганi сабаку!
– Эх, мацi, мацi!
– уздыхнуў Сямён Пятровiч.
– Нi грама ты не знаеш, што такое тактыка.
– Прападзi ты пропадам, Сямён Пятровiч, са сваёю тактыкаю!
– Ну вось, зноў за сваё... Трэба ж з галавою рабiць: i Толiка не траўмiраваць, i сабаку прыбраць.
– Потым нешта пашаптаў ёй на вуха i кончыў: Так i зробiм: прыбяром.
– Так бы i сказаў адразу, - супакоiлася Мама.
– Не мог жа я гэта сказаць пры Толiку... А ты, дурненькая, завялася: "Прападзi з тактыкаю".
– Ён пагладзiў яе па шчацэ (гэта значыць, памiрылiся).
Яны зайшлi да Толiка. Мама сказала:
– Ну, хай жыве, што ж...
– Вядома, хай жыве, - падтрымаў Тата.
Толiк зарадаваўся. Ён удзячна глядзеў на Маму i Тату, ён расказваў пра Бiма i паказваў усё, што той умее.
Гэта была шчаслiвая сям'я, дзе ўсе цяпер былi задаволены жыццём.
– Але адна ўмова, Толiк: Бiм будзе спаць у прыхожай i нi ў якiм выпадку не з табою, - скончыў Тата.
– Вядома, хай, - згадзiўся Толiк.
– Ён жа вельмi акуратны, Бiм. Я добра ведаю.
Бiм прыкмецiў, вядома, што Тата - добры, спакойны, упэўнены чалавек. А калi, крышку пазней, Толiк правёў Бiма па пакоi, знаёмячы з кватэраю, то тады Бiм прыкмецiў, што Тата еў адзiн, з газетаю ў руках, i таксама спакойна i ўпэўнена. Добры чалавек - Тата, ён жа Сямён Пятровiч.
Дапознага прагуляў Толiк з Бiмам, расчасаў яго, крыху накармiў (больш не дазволiў Тата: "Галоднаму сабаку многа нельга, можна загубiць"), выпрасiў у Мамы матрасiк (зусiм новы!), паслаў у кутку прыхожае i сказаў:
– Вось тваё месца, Бiм. На месца!
Бiм паслухмяна падпарадкаваўся. Ён усё зразумеў: тут ён будзе пакуль што жыць. Усярэдзiне ў яго ўсё пацяплела ад ласкi i спагады маленькага чалавека.
– Пара спаць, Толiк. Пара. Палова адзiнаццатае. Iдзi кладзiся, - угаворваў Тата.