Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
— І вы лічыце, што гэта праўда?
— Што — я! Я перадаю тое, што чула!.. А калі вас цікавіць мая думка, дык скажу, што за сваё жыццё я на такое наглядзелася, што цяпер любы цуд мне як ні дробяззю падасца.
Заўважыўшы, што заінтрыгавала «госця», жанчына раптам засмяялася, усклікнула:
— Ды вы, бачу, уражлівы!.. Не верце, ці мала што людзі пляткараць. Ды і тую панскую яблыню, відаць, даўно ссеклі. Яна ж не можа дзвесце гадоў расці! А калі нават і ацалела, дык не родзіць. У нас гэтакіх старых дрэў уга колькі.
Бока
— Ах ты свавольніца! — замахнулася на саву жанчына. — Ану пайшла! Бач ты яе!..
Птушка ўзнялася над галавою «госця», моцна закрычала. Яна нібы хацела папярэдзіць яго аб чымсьці. Потым уладкавалася на паліцы, пад самай столлю, і зноў прыціхла.
— Не зважайце, — прамовіла старая. — Яна ў мяне дзівачка, любіць, каб на яе звярнулі ўвагу. Бярыце яшчэ адзін. Вось, калі ласка. — І яна падсунула талерку з яблыкамі бліжэй да «госця».
Бока працягнуў руку да пачастунка — але ў гэты ж момант Х'ю падляцела да стала і перакуліла талерку. Яблыкі пакаціліся на падлогу… Бока ўзняўся, выйшаў з-за стала, — гэтыя свавольствы птушкі падаліся яму дзіўнымі.
— Ну, я табе! — прыгразіла саве гаспадыня. — Разгарэзілася! Бач ты!.. Ану, пайшла! Пайшла!
Жанчына пачыкільгала ад стала. Яна адчыніла дзверы ў пакой і, махаючы рукой, пачала выганяць саву з сенцаў. Нема крычучы, птушка нарэшце знікла ў пакоі. Жанчына зачыніла дзверы.
— Выбачайце, — сказала яна, вяртаючыся назад. — Такая ў яе звычка — лезці куды не трэба і замінаць.
— Нічога-нічога, — адмахнуўся хлопец, хаця і быў устрывожаны. Ён раптам успомніў пра мэту свайго наведвання. — Але што ж з начлегам?
— Ах, канечне, — таксама ўспомніла старая і пачала збіраць яблыкі.— Ёсць тут адзін чалавек, — прамовіла яна. — Не хацела казаць… Справа ў тым, што ён — глуханямы. Вас гэта задаволіць?
— Якая розніца, — адказаў хлопец. — Абы ўзяў.
— Возьме, дзе ён дзенецца. Ён адзінокі. А аднаму, самі ведаеце, — сумна. Ён усіх бярэ.
— А дзе ён жыве?
— Тут побач. Пройдзеце дзве хаты пасля маёй, а трэцяя — будзе яго.
— Ну дык дзякую, — сказаў Бока. Ён павярнуўся, каб пайсці.
— Пачакайце, — спыніла яго жанчына. Яна паспела падняць некалькі яблыкаў, прапанавала іх «госцю». — Вось, вазьміце на дарогу.
Узяўшы яблыкі, Бока параспіхаў іх па кішэнях.
— Яшчэ раз дзякую, — сказаў ён. — Пайду. А то ўжо позна.
— Будзьце здаровыя, — адказала гаспадыня і паспяшалася да дзвярэй, каб адчыніць іх перад «госцем». — Дабранач.
— Вам таксама, — азваўся хлопец і нарэшце выйшаў.
III
Ужо змерклася. У вокнах гарэла святло. Згаданы дом Бока знайшоў хутка. Расчыненыя
Яркае святло залівала сенцы. Колькі хвілін Бока стаяў, прыплюшчыўшы вочы, прывыкаў да святла. У доме выразна гучалі два галасы: гэта працавалі трансляцыйны прыёмнік і тэлевізар. Галасы перамешваліся: «Народная акадэмія выяўленчага мастацтва…» — прамаўляў голас з сенцаў. «З'яўляецца псіхічным захворваннем…» — дадаваў другі — з пакоя. «Навучанне завочнае…» — працягвалася мешаніна. «Яго прычынаю з'яўляецца поўная адсутнасць умоў для асабістай гігіены…»
Бока мінуў сенцы, увайшоў у пакой — туды, дзе працаваў тэлевізар. Ён убачыў чалавека, які сядзеў у крэсле. Той утаропіўся на экран. Першае, што кінулася ў вочы хлопцу, гэта прычоска: чорная шавялюра гаспадара нагадвала завіты парык часоў імператрыцы Кацярыны Вялікай. «Такія шыкоўныя валасы могуць належаць чалавеку з выключным здароўем», — чамусьці падумалася Боку. Ён з хвілінку разглядваў прыгажуна, потым, жадаючы выдаць сваю прысутнасць, падышоў да тэлевізара. Уладальнік цудоўнай шавялюры ўтаропіўся на яго блакітнымі вачамі.
Гаспадару было гадоў сорак. У яго паглядзе можна было прачытаць здзіўленне і… насмешку. Гэта быў пагляд веселуна, аматара жартаў і розыгрышаў. Да таго ж яго шырокая, як бы падзеленая напалам сківіца падказвала, што ён чалавек страсці і характару. Гэта быў герой і жартаўнік у адной асобе. Ягоная ўсмешка міжволі прымушала ўсміхацца і таго, хто яе бачыў. Здавалася, што гаспадар зараз падымецца і скажа што-небудзь прыветнае і ўзнёслае: «Ну, вось дык нечаканасць! Як я рады бачыць вас!» — ды яшчэ паклоніцца, бы той блазан.
Але нічога падобнага не адбылося. Ён проста ўстаў з крэсла і пачаў казаць на мігі. Бока не зразумеў яго. Здагадаўшыся, той паўтарыў усё яшчэ раз. І тады хлопец вырашыў, што будзе прасцей, калі ён сам паспрабуе растлумачыць прычыну свайго з'яўлення ў гэтым доме. Ён паказаў на сябе, паказаў, што ехаў і вось зараз завітаў прасіць начлегу (пры гэтым заплюшчыў вочы і паклаў галаву на далонь). Глуханямы адразу здагадаўся, пра што ідзе гаворка, і ўслед паўтарыў «госцю» ўсё, што той паведаў яму.
— Так-так! — зачараваны кемлівасцю няшчаснага, усклікнуў Бока. — Усяго адну ноч! — І паказаў адзін палец. — А заўтра паеду. — Ён махнуў рукою кудысьці ўбок.
Гаспадар узрадаваўся гэтаму візіту, здаецца, мацней, чым «госць» таму, што яго зразумелі. Ён павёў хлопца ў пакой — туды, дзе гучна гаварыла радыё, — і паказаў, што той можа месціцца на канапе (ён, як і нядаўна Бока, схіліў галаву сабе на далонь). Потым ён паказаў кухню і прыбіральню. І не пераставаў тым часам зазіраць хлопцу ў вочы, нібы чытаў па іх, ці разумее той яго. І калі бачыў разуменне, то ўсміхаўся і ўхвальна гуў, як бы жадаючы прамовіць: «Я рады, я рады…»