Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
Бока таксама пазіраў на вершніцу. Адно хіба да пэўнага часу. Хутка ён адстаў і ў думках ужо лаяў сябе за тое, што пагадзіўся на гэтую паездку. Сядло падалося цвёрдым, бы з дрэва: стаміліся ногі і спіна. Яму хацелася злезці з каня і ўлегчыся дзе-небудзь на траве, у цяньку. З жахам думаў ён, што гэта толькі пачатак прагулкі.
Першы заўважыў яго адставанне Скарлоцы. Ён спыніў свайго каня, дачакаўся, калі Бока дагоніць яго.
— Я бачу, што пан Вальдэмар любіць незалежнасць, — сказаў ён без здзеку.
Бока хацеў адказаць,
— Мае прашчуры, — працягваў Скарлоцы, суправаджаючы хлопца, — нарадзіліся ў Італіі. Калісьці яны служылі непараўнанай Боне. Ад іх перайшлі да мяне іх вартасці і недахопы. — Ён падумаў з хвілінку, потым нечакана прызнаўся, прыцішыўшы голас: — Між іншым я дужа гарачы…
У яго голасе хлопец пачуў пагрозу. Гэта было папярэджанне задзіракі. Нічога добрага яно не абяцала. Занепакоены Бока на нейкі час нават забыўся на свой боль. Між тым Скарлоцы спакойным тонам, разбаўленым усё той жа з'едліваю пагрозаю, запытаўся:
— Спадзяюся, што вы прыехалі ў Асвею не для таго, каб заляцацца да панны Яніны?
Бока ледзь быў не зваліўся з каня. Ажно нешта кальнула яго ў спіну. «Ад гэтых дзівакоў,— падумаў ён, — можна чакаць чаго хочаш». Ён аніяк не жадаў быць забітым на двубоі нейкім там прыдуркам… Італьянчыкаў пагляд, здавалася, свідраваў яго. Скарлоцы чакаў адказу.
— Я гасцюю ў пана э… Шадурскага, — для засцярогі палічыў патрэбным падтрымаць гэтую камедыю наш герой. — Ён… мой сябар. Даруйце, калі я не зразумеў ваша пытанне.
— Ах, дык вы не зразумелі майго пытання?! — раптам закрычаў Скарлоцы. Гэта быў ужо напад. — Ну вядома ж! Вы не зразумелі майго пытання!..
Бока не спрабаваў спыняць яго, ён толькі падумаў з непрыязнасцю: «От каб аддзяжыць цябе, скандаліста, за твой доўгі нос!»
Крык Скарлоцы пачулі вершнікі, што ехалі паперадзе. Пачула яго і панна. Яна першая завярнула свайго каня і галопам паімчалася назад.
— Блазнюк! — ужо не на жарт раз'юшыўшыся, крычаў Скарлоцы. — Я адразу заўважыў, што ты вытрэшчваеш на яе свае вочкі!
— Што здарылася? — падскакаўшы, запыталася панна і гэтак рэзка спыніла каня, што той узняўся на дыбкі.— Пан Скарлоцы, вы, я бачу, зноў за сваё! Што за бестактоўнасць!.. Вы перапалохалі ўсіх нашых гасцей! Але вам і гэтага мала! Цяпер не спадабаўся пан Вальдэмар!.. Ну годзе! Яго я крыўдзіць не дазволю! У сваім маёнтку вы можаце ўчыняць якія хочаце скандалы! Але тут!.. Я забараняю вам чапляцца да нашага госця!
Па ўсім было відаць, што Скарлоцы перад паннаю страчваў сваю сілу. Прысаромлены, італьянчык умомант перамяніўся: бездапаможная ўсмешка перакрывіла яго твар. Мабыць, адчуўшы, што занадта перастараўся, ён паспяшаўся знікнуць. Сцебануўшы свайго скакуна, ён паімчаўся" наперад, пакідаючы за сабою клубы пылу.
Да тых, што адсталі, пад'ехалі Шадурскі і Сліва.
— Што здарылася? — запытаўся Шадурскі.
Тата, гэта нельга цярпець! Пана Скарлоцы проста
— Ну-ну, дачка, супакойся, — здагадаўшыся ў чым справа, адказаў ёй Шадурскі.— Хіба ты не ведаеш пана Скарлоцы? Ён калючы, як дзікабраз.
— Мне боязна за нашага новага госця. Пан Скарлоцы пазавіхаўся ўжо і тут.
Шадурскі незычліва паківаў галавою. Потым, паказаўшы ў бок толькі што зніклага вершніка, звярнуўся да хлопца:
— Гэта дзівак. Даруйце яму, пан Вальдэмар. Ён проста страшэнна закаханы ў маю дачку. Будзьце вышэй за прычэпкі звычайнага раўніўца.
— Здзіўляюся, як ён яшчэ па зямлі ходзіць пры такім характары. — Да Бокі пачало вяртацца супакаенне.
— Ён чатырнаццаць разоў выклікаў мяне на двубой, — прызнаўся Сліва.
— І вы не правучылі яго? — усклікнуў хлопец.
— Ды не, я проста ігнараваў ягоныя выклікі,— шчыра прызнаўся таўсмач. — Жыццё — цудоўная рэч, пагадзіцеся!
— Сорамна, пан Сліва, — адазвалася на гэтыя словы панна Яніна, — вы кожны раз проста баяліся.
— А я лічу, што пан Сліва рабіў як трэба, як разумны чалавек, — разважыў Шадурскі.— Раю і вам, пан Вальдэмар, не рэагаваць на наскокі нашага задзіракі. Яго гарачка гэтак жа хутка мінаецца, як… выкіпае малако.
— Твая літасць, тата, бязмежная, — усё яшчэ злавалася панна. — Пан Скарлоцы — нахаба. І яго даўно трэба было правучыць. Проста сярод нашых суседзяў не знайшлося пакуль што аніводнага сапраўды смелага пана. — Яна нечакана звярнулася да Бокі: — Што ён вам сказаў? Ён пагражаў?
Нашаму герою прыемна было адчуваць турботы гэтых людзей. Ды найбольш прывабнаю была для яго ўвага самой панны. Яму захацелася сказаць ёй што-небудзь ласкавае.
— Ды не, — адказаў ён, — да пагрозы не дайшло. Дзякуй, што паспелі. Здаецца, ён напраўду прыраўнаваў мяне да вас. Гэта было так неспадзявана. Ён накінуўся, як тыгр з пасткі.
— Значыць, у яго былі для гэтага падставы? — не адступала, пыталася панна.
Тут Бока зразумеў, што павінен сказаць праўду, бо можа засмуціць маленькую панну.
— Не ўтаю, — адказаў ён, — я цікаваў за вамі. Зводдаль.
Ён сказаў якраз тое, што і павінен быў сказаць у гэтым выпадку сапраўдны джэнтльмен. Твар у панны зачырванеўся. Колькі імгненняў яны моўчкі глядзелі адзін аднаму ў вочы. Голас Шадурскага прымусіў іх вярнуцца да рэальнасці.
— Нават калі б вы любаваліся адною красою прыроды, — заўважыў гаспадар Асвеі,— ён усё роўна прыраўнаваў бы. У вас, пан Вальдэмар, ёсць адна перавага перад ім: вы малады… Ужо некалькі гадоў ён заляцаецца да маёй дачкі. Але яго залёты не даюць ёй пакуль што анічога, апрача пакутаў.
— Я шкадую галоўным чынам аб тым, што ён адпудзіў ад нас багата добрых сяброў,— засмучана адклікнулася панна.
— Ён добры чалавек, проста гарачы, — заступіўся за Скарлоцы пан Сліва.
— Ён дурань, — упэўнена абвясціла панна.