Чарадзейныя яблыкі
Шрифт:
— Хто не жадае, той няхай застаецца на беразе, — адказала за бацьку панна.
— Не-не, я паплыву, — адразу ж памяняў сваё рашэнне таўсмач. — Проста я не прывык да марской гайданкі…
— Ды дзе вы бачылі ў нас мора?! — усклікнула панна. — У нас — возера!
— Я і хацеў сказаць, — прамовіў таўсмач. З незадаволеным выразам на твары ён раптам пачаў скардзіцца: — О, калі б вы ведалі, панна, колькі я вытрымаў пад час маёй вандроўкі ў Берберыю?! Я плыў на караблі! Быў моцны шторм! Хваля змыла нашага капітана!.. — Ён хацеў працягваць.
Гэтае пытанне выклікала ў размове затрымку. Вядома ж, Бока не ведаў, што адказаць, і прамоўчаў; а яго новыя сябры чакалі ад яго адказу. Выручыў Шадурскі, які сказаў:
— Не зараз, панове, не зараз. Па дарозе ў нас будзе час перамовіцца з панам Вальдэмарам. А тым часам трэба паспяшацца. Пара пераапранацца. Прашу вас. — І ён скрануўся, каб пайсці.
— Адну хвілінку, пан Шадурскі,— спыніў яго Скарлоцы. — Што, гэта і ёсць уся ваша праграма?.. Вы ж абяцалі паказаць сваю чарадзейную яблыню.
— Ну так, — успомніў гаспадар. — Ну вядома ж… Панове, будзе вам і яблыня. Галоўнае, паўтараю, не апынуцца зноў у гэтакім вядомым і прывабным для нас месцы — у склепе.
Гэтая перасцярога выклікала новы ўзрыў смеху. Яна прымусіла сяброў нарэшце разысціся. Панна, адыходзячы, нават падскоквала ад радасці.
— Праз чвэрць гадзіны прашу ўсіх уніз! — затрымаўшыся каля дзвярэй, абвясціў Шадурскі.
Бока зноў застаўся адзін. «Калі гэта не камедыянты, то — хто?» — пытаўся ён сам у сябе. Яго здзіўляла, што гэтыя людзі паводзяць сябе гэтак непадробна ды натуральна. «Не дужа падобныя яны на актораў», — прызнаўся ён у думках.
V
Па параднай лесвіцы Бока спусціўся ў прыхожую, а потым ужо выйшаў на двор.
На шырокім гравійным пляцы перад ганкам панавала ажыўленне. Сюды прывялі цэлы тузін паляўнічых сабак. Выжлы ляталі па двары, гальцалі адзін за адным. Сваёй мітуснёю яны як бы прыспешвалі людзей, заклікалі як хутчэй выпраўляцца ў дарогу. Крыху наводдаль якіясьці барадатыя людзі трымалі за аброці асядланых коней. Боку здзівілі іх апранахі. Людзі былі ў палатняных кашулях, у гэтакіх жа портках. «Калі Шадурскі называе сябе панам, гаспадаром Асвеі, то гэтыя малойцы, мабыць жа, ягоныя падданыя», — падумаў ён і міжволі ўсміхнуўся. Ён усё яшчэ лічыў тое, што адбываецца, розыгрышам.
Бока кінуў пагляд на велічны будынак палаца. Ён уяўляў сабою цэлую сістэму злучаных паміж сабою галерэямі пабудоў і па форме нагадваў птушку з распасцёртымі крыламі. Фасад цэнтральнага будынка ўпрыгожвалі пілястры. На хвілінку Боку падалося, што ён дзесьці ўжо бачыў гэтыя аздобы…
Ён зноў азірнуўся на коней. Прадчуванне таго, што давядзецца праехацца конна, не прыносіла яму прыемных эмоцый. Ніколі раней ездзіць конна ён не спрабаваў.
На ганку адзін за адным
— Я загадаю, каб вам прынеслі дубальтоўку, пан Вальдэмар, — прапанаваў Шадурскі Боку.
— Не-не, — паспяшаўся адмовіцца хлопец. — Не трэба. — Ён слушна разважыў, што калі лёс хоча выпрабаваць яго ў сядле, то няхай гэта здарыцца без дадатковых нязручнасцяў.— Я еду проста дзеля кампаніі.
— Як вам захочацца, — адказаў Шадурскі і, уставіўшы нагу ў стрэмя, спрытна ўсеўся ў сядло.
Услед асядлаў каня Скарлоцы. Трохі забавіўся Сліва, — нарэшце яму дапамаглі зрабіць тое ж самае трое лёкаяў.
Падвялі каня і да Бокі. Ён асцярожна ўскарабкаўся на яго з дапамогаю лёкая. І тут з ім здарылася тое, што можа здарыцца хіба што з навічком. Чуйны конь зрушыў з месца — і хлопец ледзь не зваліўся долу, у апошняе імгненне ён згадаў, што ў сядле трэба трымацца з дапамогаю ног…
На ганку з'явілася панна Яніна. Бока адразу не пазнаў яе. Яна была апранута ў карычневую скураную куртку з махрамі і чорныя, што аблягалі клубы, рэйтузы, а на нагах у яе былі светлыя батфорты са шпорамі. Апрача таго, на галаве ў панны красаваўся шыракаполы капялюш.
— Тата, а чаму пан Вальдэмар без стрэльбы? — адразу ж запыталася панна.
Баючыся, што яго пачнуць угаворваць, Бока не забавіўся адказаць:
— Я сам адмовіўся. — І, здзіўляючыся таму, як лёгка ён працягвае гульню, дадаў: — Даруйце, панна, я еду проста прагуляцца. Для мяне таксама прыемна пабыць з вамі, а не займацца стралянінаю.
Гэтым адказам ён здзівіў не толькі сябе. Скарлоцы тым часам вылупіў на яго вочы, нібы пачуў лаянку. А панну Яніну гэтыя словы ўзрадавалі. Яна ўсміхнулася і хітравата сказала:
— Дык вось яно што. Пабачым-пабачым…
Яна спрытна заскочыла ў сядло падведзенага да яе высокага каня, ад'ехала ад ганка.
Апошнія коней асядлалі слугі. Шадурскі падаў знак — і адразу ж увесь гурт пакіраваў да паркавай брамы. Сабакі, выцягнуўшы насы, кінуліся ўслед за вершнікамі.
Па галоўнай вясковай вуліцы паскакалі галопам, пакідаючы ззаду густы шлейф пылу. Калі ж мінулі апошнія хаты і апынуліся на палявой дарозе, то пайшлі павольнаю ступою, — шлях да Сар'інскага лесу няблізкі, трэба было ашчаджаць сілы.
Паперадзе ехала панна. Вершнікі любаваліся яе зграбнасцю. Ці не здавалася ім, што сама фея лётае над зямлёю. Доўгая ружовая стужка на яе капелюшы трымцела і вілася, як хвост паветранага змея. Панна была спрактыкаванай вершніцаю, — гэта было відно нават па яе паставе. На сваім даўганогім скакуне яна здавалася маленькаю. Тым не менш, упраўлялася з ім зазвычай проста: то паганяла яго ў галоп, то прымушала пераскокваць праз якую-небудзь перашкоду. На яе расчырванелым твары гуляла ўсмешка свавольніцы.