Час чумы
Шрифт:
Франчэска маўчала, не падымаючы вачэй, і пагойдвалася, як маладое дрэва пад ветрам. Відаць, яна не надта разумела, дзе яна і што з ёю адбываецца. Зрэшты, служку боскай юстыцыі гэта не абыходзіла, і ён, не маючы патрэбы зазіраць у сваё настаўленне, упэўнена сыпаў пытаннямі, борзда набліжаючы допыт да тае хвілі, калі ў яго, інквізітара, мусіць з'явіцца добры памагаты.
— Ці даўно ты гуляла вяселле са сваім каханкам? Хто быў за гасцей і што падавалася на стол? Ці граў на вяселлі музыка? Хто ён быў: чалавек ці нячысцік? Дзе ён сядзеў: на доле ці залазіў на дрэва?
— Колькі немаўлятаў ты з'ела або загубіла? Дзе ты іх здабывала? Ці патрэбна дзіцячае сала, каб падымаць ураганы?
— Колькі маразоў
— Колькі мужчын ты зрабіла няздатнымі да шлюбнага жыцця?
— Ці прыходзіў твой каханак да цябе ў вязніцу? У якім абліччы ён заяўляўся?
Кожнае пытанне было для Гусоўскага як шыпшынавы спічак у сэрца.
— Маўчыш? Вепе [12] . — Голас інквізітара пачаў налівацца насмешлівай пагрозаю. — А ведаеш, што напісана ў гэтай вось кнізе? Тут напісана, што, калі чортава выляжанка не хоча дапамагчы нам, мы клічам майстра Ай-ой, гэткага маленькага хлопчыка-казытунчыка, і ён гэтак далікатненька казыча чортавай жонцы ручкі і ножкі цісочкамі.
12
Добра (лац.).
Абвінавачаная зноў узняла вочы, і цяпер замест абыякавасці ў іх бліснуў страх. Жудлівае абяцанне дапяла яе свядомасці і выбавіла Франчэску з самнамбулічнага сну. Гусоўскі не ведаў, радавацца з гэтага ці засмучацца, бо яна вярнулася з адной бездані, каб трапіць у новую, больш вусцішную.
З патайных дзвярэй нячутна выйшаў нізкарослы кат у чырвона-чорным адзенні. Нястомны пачаў адпраўляць неабходную перад катаваннем кароткую імшу.
Паэт з мецэнатам сядзелі збоку, і Франчэска па-ранейшаму не заўважала іх. На сцяне поруч з Гусоўскім вісеў нейкі жалезны аброжак з рудымі плямамі. Ён махнуў рукою, і дзіўны прыстас паляцеў долу. Бразгат змусіў Франчэску павярнуцца. Яна пазнала яго і ўскрыкнула, але замест надзеі на паратунак у яе ў вачах біўся жах. Гусоўскі зразумеў, што ягоны намысел не ўдаўся. Няўжо, паласнула яго здагадка, няўжо Франчэска падумала, што ён вырашыў вось так расквітацца з ёю?
Вузкія і трохкутныя, нібы вочы нейкай пачвары, вакенцы пацямнелі, і інквізітар загадаў запаліць свяцільні. Ён сам клапатліва паднёс абвінавачанай кубак са святой вадою, каб пад час катавання д'ябал не здолеў адабраць у яе мову.
— Твой каханак хоча зрабіць цябе неадчувальнай да болю, — зазіраючы ахвяры ў вочы, спагадна сказаў інквізітар. — Напэўна, ён прыслаў табе сваю сатанінскую граматку, а ты схавала яе ў валасах і думаеш, што мы яе не знойдзем. Не, даражэнькая, зараз наш хлопчык-казытунчык паголіць цябе…
Нястомны зрабіў знак, і кат адным рухам сарваў з Франчэскі лахманы, агаліўшы безабароннае белае цела.
— Мы павінны нешта зрабіць, — адвёўшы вочы, па-беларусінску прашаптаў спалатнелы Гусоўскі.
— Што б там ні было, заставайся на месцы, — таксама па-беларусінску адказаў Вітэліус.
— Спачатку стужку, — сказаў Нястомны да ката, і той накінуў ёй на шыю барвовы пасак.
Тая самая стужка даўжынёю ў рост Збавіцеля, што для злачынцаў нібыта цяжэйшая за самыя цяжкія кайданы. Яшчэ адно ашуканства, прыкрытае Хрыстовым імем. Колькі ж будзе трываць Усявышні?
Чорна-чырвоны кат гастрыў лязо шырокага нажа.
— Зараз наш хлопчык-казытунчык паголіць цябе, — з ласкавасцю, ад якой Гусоўскага працяло магільным холадам, паўтарыў Нястомны.
Кат скончыў і пад ухвальным позіркам гаспадара наблізіўся да Франчэскі. З хвіліну ён аглядаў яе цела, шукаючы вядзьмарскую пячатку, а потым з рогатам схапіў яе за грудзі і, перагнуўшы цераз калена, пачаў сваю агідную работу.
І яна думае, што прычына гэтых
— Богу дагодна, каб сёння ты спыніўся на тым, чаго дасягнуў, — уладна абвясціў ён інквізітару.
VI
Вітэліус перадаў, што хоча бачыць яго сёння, і неадкладна.
Як бывала і раней, Гусоўскі выбраў дарогу паўз калумбарый. Ён не быў тут больш за год, ды што значыў год для гэтых сцен, якія не ведалі розніцы паміж стагоддзем і хвілінаю? І ўсё ж час не абмінуў іх. Каля ўвахода на перацёртым вякамі пяску ляжалі тры трупы, тры каласы з палетка, які нястомна жала сваім сярпом чума. Не, трупаў было два — мужчыны і хлопчыка, а жанчына, што ляжала тварам да сцяны, яшчэ жыла. Яна была ў жоўтай сукенцы, як і тая, з якой ён спаткаўся два тыдні таму ў прадмесці.
Гусоўскі выбег з калумбарыя і хутчэй выняў з ладункі — цяпер ён заўсёды насіў яе пры сабе — губку з воцатам. Absit omen! — Няхай не будзе гэта благой прыкметаю, падумаў ён, але сэрца сціснулася ад нядобрых прадчуванняў.
У доме пасла яго сустрэлі ўстурбаваныя слугі і нешматлікія людзі з пасольства, што, насуперак каралеўскаму загаду, захавалі вернасць Вітэліусу. На парозе апачывальні Гусоўскі ледзь утаймаваў слёзы. Тое, пра што ён баяўся нават падумаць, здарылася. За час, што мінуўся пасля іхняй апошняе сустрэчы, вялікае, поўнае моцы цела пасла змізарнела і ўсохлася. У звастрэлым твары з'явілася штосьці няўлоўна дзіцячае. Эразм так любіў жыццё, так умеў цешыцца з ягоных радасцяў… Гусоўскаму здалося, што за гэтыя дні праляцелі ўсе гады, якія Вітэліус мог яшчэ пражыць. У пакоі быў паўзмрок, бо ад зыркага святла ў хворага балелі вочы. У кадзільніцах дымелі ўжо непатрэбныя пучкі палыну і ядлоўцу.
— Лёс даўно гоніцца за намі, Nicolaus. Атропа [13] стамілася віць нітку майго жыцця. — Мецэнат неяк прабачліва ўсміхнуўся. Ягоны твар зліваўся з беллю высокіх падушак.
— Ты чуў, што вярнуўся адзін з караблёў Магелана? — прыўзняўшыся на ложку, слабым голасам працягваў ён. — Таго партугальца, што хацеў, ідучы на захад, дасягнуць Малукскіх выспаў. Тубыльцы забілі яго недзе каля кітайскіх берагоў, але карабель прынёс вестку, што зямля сапраўды круглая. Гэтая каравела прывезла Магелану вечную памяць нашчадкаў. Nicolaus… Усявышняму дагодна пакінуць у чужой зямлі і мяне, але я хачу, каб мой карабель таксама прыстаў да родных берагоў…
13
Антычная багіня, якая вызначала працягласць чалавечага жыцця.
Адкінуўшыся на падушкі, ён перадыхнуў і загаварыў далей:
— Учора я зноў чытаў «Песню пра зубра». Год назад ты не згадзіўся са мною. Ты не прыняў маіх парад, і цяпер я хачу прызнацца, што рады гэтаму. Тады маімі вуснамі гаварыў абачлівы пасол… Я рады, што ты нагадваеш валадарам пра іх злачынна забытыя абавязкі… У сваёй «Песні» ты філосаф і географ, гісторык і жывапісец, але заўсёды і найперш ты — паэт. Nicolaus, сёння ты першы паэт Кароны і Княства. Твае пачуцці разрываюць абалонку чужых слоў, і ў лаціне я чую мову нашага краю. Кожны вялікі мастак мае твор, які эліны называлі помнікам. У ім застаецца сама душа творцы. Разам з ім мастак перадае наступнікам непадлеглы тленню вобраз эпохі і Бацькаўшчыны. Ты збудаваў сабе такі помнік…