Чорная страла
Шрифт:
— Васпане, — прамовіў перавозчык, працуючы адным вяслом, — кажуць, тут на востраве засеў Балотны Джон. Ён ненавідзіць усіх, хто трымае руку сэра Дэніэла. Ці не лепш нам падняцца ўверх па рацэ і высадзіцца на адлегласці палёту стралы ад сцяжынкі? Не раю вам звязвацца з Балотным Джонам.
— Ён таксама ў той шайцы разбойнікаў? — спытаў Дзік.
— Аб гэтым я гаварыць не буду, — сказаў Х'ю. — Але, па-мойму, трэба плыць уверх па рацэ, майстар Дзік. А то яшчэ, чаго добрага, у майстра Мэтчэма трапіць страла.
І
— Няхай будзе па-твойму, Х'ю, — адказаў Дзік.
— Тады здыміце свой арбалет, — працягваў Х'ю. — Вось так. Цяпер нацягніце цеціву. Добра. Укладзіце стралу. Цэльцеся прама ў мяне і глядзіце на мяне як мага зласней.
— Гэта яшчэ навошта? — спытаў Дзік.
— Я маю права перавезці вас, толькі падпарадкоўваючыся насіллю, — адказаў перавозчык. — Калі Балотны Джон здагадаецца, што я перавёз вас добраахвотна, мне не паздаровіцца.
— Хіба гэтыя нягоднікі такія моцныя? — спытаў Дзік. — Няўжо яны асмельваюцца распараджацца лодкай, якая належыць сэру Дэніэлу?
— Запомніце мае словы, — прашаптаў перавозчык і падміргнуў. — Сэр Дэніэл рухне. Час яго прайшоў. Ён рухне. Маўчок!
І схіліўся над вёсламі.
Яны доўга плылі ўверх па рацэ, абмінулі адзін з астравоў і асцярожна рушылі ўніз па вузкай пратоцы ўздоўж супрацьлеглага берага. Затым Х'ю павярнуў лодку ўпоперак ручая.
— Я высаджу вас тут, за вербамі, — сказаў Х'ю.
— Тут няма сцяжынкі, — сказаў Дзік. — Тут толькі вербы, балота і дрыгва.
— Майстар Шэлтан, — адказаў Х'ю, — я не магу везці вас далей. Я аб вас турбуюся, не аб сабе. Ён увесь час сочыць за маім перавозам, трымаючы напагатове лук. Усіх прыхільнікаў сэра Дэніэла ён падстрэльвае, як трусоў. Ён пакляўся распяццем, што ніводзін сябар сэра Дэніэла не пойдзе адсюль жывы. Я сам чуў. Калі б я не ведаў вас здавён, калі вы былі вось такім, я нізавошта не павёз бы вас. Але на памяць мінулых дзён і дзеля вось гэтай цацкі, якую вы вязеце з сабой і якая не створана для ран і для вайны, я рызыкнуў сваёй няшчаснай галавой і згадзіўся перавезці вас на той бераг. Будзьце задаволены і гэтым. Больш я зрабіць нічога не магу, клянуся вам выратаваннем сваёй душы!
Х'ю яшчэ працягваў веславаць і размаўляць, як раптам на востраве з самага гушчару вербаў хтосьці гучна крыкнуў; пачуўся трэск галін — відавочна, якісьці дужы чалавек паспешліва прадзіраўся праз нетру.
— Каб яго чорт узяў! — крыкнуў Х'ю. — Ён увесь час быў на востраве!
І Х'ю энергічна павеславаў да берага.
— Пагражайце ж мне лукам, добры Дзік! — узмаліўся ён. — Пагражайце так, каб гэта было відаць. Я стараўся выратаваць вас, ратуйце цяпер мяне!
Лодка з трэскам уляцела ў гушчар вербаў. Дзік зрабіў знак Мэтчэму, і той з бледным, але рашучым тварам спрытна пабег па лаўках лодкі і выскачыў на бераг. Дзік узяў каня за аброць і хацеў рухацца за ім, але справіцца з канём у густой нетры галін было не так проста, і ён замарудзіў. Конь біў нагамі, іржаў, а лодка гайдалася з боку на бок.
— Тут немагчыма вылезці на бераг, Х'ю! — крыкнуў Дзік, працягваючы, аднак, смела цягнуць у гушчар упартага каня.
На беразе вострава з'явіўся высокі чалавек з лукам у руцэ. Краем вока Дзік убачыў, як чалавек гэты, расчырванеўшыся ад шпаркага бегу, з усіх сіл нацягваў цеціву.
— Хто ідзе? — крыкнуў незнаёмец. — Х'ю, хто ідзе?
— Гэта майстар Шэлтан, Джон, — адказаў перавозчык.
— Стой, Дзік Шэлтан! — крыкнуў чалавек на востраве. — Клянуся распяццем, я не зраблю табе нічога кепскага! Стой!… А ты, Х'ю, едзь назад.
Дзік адказаў дзёрзкай насмешкай.
— Ну, калі так, ты пойдзеш пяшком! — крыкнуў чалавек на востраве.
І пусціў стралу.
Конь, пранізаны стралой, забіўся ад болю і жаху; лодка перакулілася, і праз хвіліну ўсе ўжо плёхаліся ў вадзе, змагаючыся з плынню.
Перш чым Дзік вынырнуў на паверхню, яго аднесла на цэлы ярд ад водмелі; ён нічога яшчэ не паспеў толкам разгледзець, як рука яго сутаргава схапілася за нейкі цвёрды прадмет, які з сілай павалок яго кудысьці ўперад. Гэта быў дубец, спрытна працягнуты яму Мэтчэмам з вярбы, што павісла над вадою.
— Клянуся небам, — усклікнуў Дзік, калі Мэтчэм выцягнуў яго на бераг, — ты выратаваў мне жыццё! Я плаваю, як гарматнае ядро.
Ён павярнуўся і глянуў на востраў.
Х'ю-Перавозчык плыў побач са сваёй лодкай і быў ужо на палавіне шляху паміж берагам і востравам. Балотны Джон шалёна роў на яго, патрабуючы, каб ён плыў хутчэй.
— Уцякайма, Джон, — сказаў Шэлтан. — Уцякайма! Пакуль Х'ю пераправіць сваю лодку на востраў і яны прывядуць яе ў парадак, мы будзем ужо так далёка, што яны нас не знойдуць.
І, падаючы прыклад, ён пабег, прадзіраючыся праз зараснікі вербаў і скачучы з купіны на купіну. У яго не было часу выбіраць напрамак; ён імчаўся наўздагад, стараючыся як мага далей уцячы ад ракі.
Аднак глеба паступова пачала падымацца, і гэта пераканала яго, што напрамак выбраны ім правільна. Нарэшце балота засталося ззаду; пад іх нагамі была сухая, цвёрдая зямля, а сярод вербаў пачалі паяўляцца вязы.
Мэтчэм, які моцна адстаў, раптам упаў.
— Кінь мяне, Дзік! — крыкнуў ён, задыхаючыся. — Я не магу больш бегчы!
Дзік павярнуўся і падышоў да яго.
— Кінуць цябе, Джон?! — усклікнуў ён. — Не, на такую подласць я не здольны. Ты ж не кінуў мяне, калі я тануў, хаця цябе маглі застрэліць, а выратаваў мне жыццё. Ты і сам мог патануць, таму што адны святыя толькі ведаюць, як гэта я не пацягнуў цябе за сабою ў ваду.
— Не, Дзік, я б не патануў ды і табе б не даў патануць, — сказаў Мэтчэм. — Я ўмею плаваць.