Чорная страла
Шрифт:
— Умееш плаваць? — усклікнуў Дзік і шырока расплюшчыў вочы.
Гэта быў адзіны з мужчынскіх талентаў, якім ён не валодаў. Пасля ўмення забіваць ворага на паядынку ён больш за ўсё цаніў уменне плаваць.
— Вось мне ўрок ніколі нікім не пагарджаць! — сказаў ён. — Я абяцаў табе ахоўваць цябе да самага Халівуда, а выйшла так, Джон, што ты ахоўваеш мяне.
— Цяпер мы з табой сябры, Дзік, — сказаў Мэтчэм.
— Я ніколі ворагам табе не быў, — адказаў Дзік. — Ты па-свойму храбры дзяцюк, хаця, канечне, блазан. Ніколі я такіх дзівакоў не бачыў. Ну, аддыхаўся? Ідзём далей. Тут не
— У мяне вельмі баліць нага, — сказаў Мэтчэм.
— Я зусім забыў пра тваю нагу, — прамовіў Дзік. — Давядзецца ісці цішэй. Хацеў бы я ведаць, дзе мы знаходзімся! Я згубіў сцяжынку… Зрэшты, гэта, можа, да лепшага. Калі яны каравуляць на перавозе, то могуць каравуліць і на сцяжынцы. Вось бы сэр Дэніэл прыскакаў сюды з паўсотняй воінаў! Ён разагнаў бы ўсю гэтую шайку, як вецер разганяе лісце. Ідзём, Джон, абапрыся на мяне, бедалага. Які ты нізенькі, ты нават не дастаеш да майго пляча. Колькі табе гадоў? Дванаццаць?
— Не, мне шаснаццаць, — сказаў Мэтчэм.
— Значыць, ты кепска рос, — зазначыў Дзік. — Трымай мяне за руку. Мы пойдзем паволі, не бойся. Я абавязаны табе жыццём, а я, Джон, прывык расплачвацца за ўсё спаўна — і за добрае і за ліхое.
Яны падымаліся па адхоне.
— У рэшце рэшт мы выберамся на дарогу, — працягваў Дзік, — і тады рушым наперад. Якая ў цябе слабая рука, Джон! Я саромеўся б, калі б у мяне была такая рука. Х'ю-Перавозчык, здаецца, прыняў цябе за дзяўчынку, — дадаў ён і засмяяўся.
— Не можа быць! — усклікнуў Мэтчэм і пачырванеў.
— А я гатовы біцца аб заклад, што ён прыняў цябе за дзяўчынку! — настойваў Дзік. — Ды і нельга яго вінаваціць. Ты болей падобны на дзяўчынку, чым на мужчыну. І ведаеш, хлапчук з цябе выйшаў даволі нязграбны, а дзяўчынка атрымалася б вельмі прыгожая. Ты быў бы сімпатычнай дзяўчынай.
— Але ж ты не лічыш мяне дзяўчынкай? — спытаў Мэтчэм.
— Канечне, не лічу. Я проста пажартаваў, — сказаў Дзік. — З цябе калі-небудзь выйдзе сапраўдны мужчына! Яшчэ, бадай, праславішся сваімі подзвігамі. Цікава ведаць, Джон, хто з нас першы стане рыцарам? Мне так хочацца стаць рыцарам. «Сэр Рычард Шэлтан, рыцар» — вось як здорава гучыць! Але і «Сэр Джон Мэтчэм» гучыць няблага.
— Пастой, Дзік, дай мне напіцца, — сказаў Мэтчэм, спыняючыся каля светлай крыніцы, якая выцякала з пагорка і падала ў пясчаную ямку, не большую за кішэню. — Ах, Дзік, як мне хочацца есці! У мяне нават сэрца ные ад голаду.
— Чаму ж ты, дзівак, не паеў у Кэтлі? — спытаў Дзік.
— Я даў зарок пасціцца, таму што… мяне ўцягнулі ў грэх, — адказаў Мэтчэм. — Але зараз я з задавальненнем з'еў бы нават скарынку сухога хлеба.
— Садзіся і еш, — сказаў Дзік, — а я пайду пашукаю дарогу.
Ён выняў хлеб і кавалкі вэнджанай свініны з сумкі, што вісела ў яго на поясе. Мэтчэм з прагнасцю накінуўся на яду, а Дзік знік сярод дрэў.
Хутка ён дайшоў да яру, на дне якога, з цяжкасцю прабіваючыся праз мінулагоднюю лістоту, булькаў ручай. За ярам дрэвы былі вышэйшыя і больш раскідзістыя; там раслі ўжо не вербы і вязы, а дубы і букі. Шоргат лісця, якое варушыў вецер, прыглушаў гукі яго крокаў; нягледзячы на тое, што гэты шоргат прыглушаў гукі, накшталт таго, як цемра бязмесячнай ночы прыхоўвае прадметы, Дзік асцярожна краўся ад аднаго тоўстага ствала да другога, зорка аглядваючыся па баках. Раптоўна перад ім, быццам цень, мільганула лань і схавалася ў гушчары. Ён спыніўся, засмучаны: напалоханая лань можа выдаць яго ворагам. Замест таго, каб ісці далей, ён падышоў да бліжэйшага высокага дрэва і хутка палез наверх.
Яму пашанцавала. Дуб, на які ён залез, быў самым высокім у гэтай частцы лесу і ўзвышаўся над астатнімі на добрыя паўтара сажні. Калі Дзік залез на верхні сук і, разгойдваючыся на ветры, глянуў удалячынь, ён убачыў усю балотную раўніну да самага Кэтлі, убачыў Ціл, які віўся вакол лясістых астравоў, і проста перад сабой — белую паласу вялікай дарогі, што бегла праз лес. Лодку ўжо ўзнялі, перавярнулі, і яна плыла па рацэ да доміка перавозчыка. Акрамя гэтай лодкі, нідзе не было ні найменшай прыкметы прысутнасці чалавека; толькі вецер шумеў у галінах. Дзік ужо збіраўся спускацца, як раптам, кінуўшы апошні позірк навокал, заўважыў шэраг рухомых кропак пасярод балота. Відавочна, якісьці маленькі атрад ішоў па сцежцы і прытым даволі шпарка. Гэта яго затрывожыла; ён зараз жа саслізнуў на зямлю і вярнуўся праз лес да таварыша.
Раздзел IV
Малайцы з Зялёнага лесу
Мэтчэм паспеў адпачыць і ачухацца; і хлопчыкі, затрывожаныя тым, што ўбачыў Дзік, паспешліва выбраліся з нетры, паспяхова перасеклі дарогу і рушылі ўгару па схіле ўзгорыстага кража, на якім узвышаўся Тэнстолскі лес. Тут, паміж купкамі дрэў, прасціраліся пясчаныя лужкі, зарослыя верасам і жаўтазелем; сям-там сустракаліся старыя цісы. Глеба рабілася ўсё больш няроўнай; штохвіліны на шляху трапляліся выспы і лагчыны. Вецер дзьмуў усё мацней, прымушаючы ствалы дрэў гнуцца, як тонкія вудачкі.
Яны выйшлі на лужок. Раптам Дзік упаў на зямлю ніцма і паволі папоўз назад, да дрэў. Мэтчэм, які не заўважыў ніякай небяспекі і быў вельмі здзіўлены, паўтарыў, аднак, прыклад таварыша. І толькі калі яны схаваліся ў гушчары, ён спытаў, што здарылася.
Замест адказу Дзік паказаў яму пальцам на старую хвою, якая расла на другім канцы лужка, узвышаючыся над суседнім лесам, і выразна вылучалася на светлым небе сваёй змрочнай зелянінай. Унізе ствол яе быў прамы і тоўсты, як калона. Але на вышыні пяцідзесяці футаў ён раздвойваўся, утвараючы два тоўстыя сукі; паміж імі, быццам марак на мачце, стаяў чалавек у зялёным камзоле, апранутым паўзверх латаў, і зорка глядзеў удалячынь. Сонца зіхацела на яго валасах; прыкрыўшы вочы рукой, ён няспынна, як машына, марудна пакручваў галаву то ў адзін бок, то ў другі. Хлопчыкі пераглянуліся.
— Паспрабуем абысці яго злева, — сказаў Дзік. — Мы ледзь не папаліся, Джон.
Хвілін праз дзесяць яны выбраліся на добра ўтаптаную сцяжынку.
— Гэтай часткі лесу я зусім не ведаю, — прамовіў Дзік. — Куды прывядзе нас гэтая сцяжынка?
— Пабачым, — сказаў Мэтчэм.
Сцяжынка прывяла іх на вяршыню пагорка і пачала спускацца ў яр, што нагадваў вялікую чашу. Унізе, у густых зарасніках квітнеючага глогу, яны ўбачылі разваліны нейкага дома — некалькі абгарэлых драўляных зрубаў без дахаў ды высокі пячны комін.