Чорная страла
Шрифт:
— Бацьку забілі ў замку Мот? — спытаў Дзік, і сэрца ў яго страпянулася.
— Паміж замкам Мот і Халівудам, — адказаў сэр Дэніэл спакойным голасам, аднак кінуў на Дзіка пахмуры, падазроны позірк. — Ну, еш хутчэй, — дадаў рыцар, — і павязеш маё пісьмо ў Тэнстол.
У Дзіка выцягнуўся твар.
— Прашу вас, сэр Дэніэл, — усклікнуў ён, — пашліце каго-небудзь з сялян! Дазвольце мне прыняць удзел у бітве. Я буду храбра змагацца!
— Не сумняваюся, — адказаў сэр Дэніэл і сеў пісаць ліст. — Але нас, Дзік, зусім не чакаюць воінскія ўшанаванні. Я буду сядзець тут, у Кэтлі, да таго часу,
З гэтымі словамі сэр Дэніэл павярнуўся да Дзіка спіной і, прысеўшы за другі канец стала, пачаў пісаць. Куточкі яго губ уздрыгвалі. Гісторыя з чорнай стралой вельмі затрывожыла яго.
Тым часам малады Шэлтан старанна еў. Раптам хтосьці крануў яго за руку, і над вухам у яго пачуўся шэпт.
— Не падавайце выгляду, што вы чуеце, прашу вас! — шаптаў чыйсьці голас. — Зрабіце мне паслугу, растлумачце, якой дарогай можна хутчэй даехаць да Халівуда. Малю вас, добры хлопчык, дапамажыце няшчаснаму, які трапіў у бяду, пакажыце мне шлях да выратавання.
— Ідзіце паўз ветраны млын, — адказаў Дзік таксама шэптам. — Сцяжынка давядзе вас да пераправы цераз Ціл. Там вам раскажуць, як ісці далей.
Ён нават галавы не павярнуў і зноў узяўся за ежу. Але куточкам вока ён заўважыў, як хлопчык, якога называлі «майстар Джон», асцярожна выслізнуў з пакоя.
«Ён ні трошкі не старэй за мяне, — падумаў Дзік. — І ён асмеліўся назваць мяне хлопчыкам! Ды калі б я ведаў, што са мной так размаўляе блазан, я б хутчэй павесіў яго, чым паказаў дарогу! Ну, ды я яго даганю дзе-небудзь у балоце і нацягаю за вушы!»
Праз паўгадзіны сэр Дэніэл уручыў Дзіку пісьмо і загадаў яму скакаць у замак Мот. А праз паўгадзіны пасля таго, як Дзік паехаў, у пакой уляцеў запыханы ганец мілорда Райзінгэма.
— Сэр Дэніэл, — сказаў ганец, — вы губляеце цудоўны выпадак заслужыць славу! Раніцай на світанні ўзнавілася бітва. Мы разбілі іх перадавыя часці і рассеялі правае крыло. Толькі цэнтр яшчэ трымаецца. У вас свежыя сілы, і вы можаце загнаць непрыяцеля ў раку. Што вы скажаце, сэр рыцар? Няўжо вы з'явіцеся апошнім? Гэта абняславіць вас.
— Я толькі што збіраўся выступіць! — закрычаў рыцар. — Сэлдэн, трубі паход! Сэр, я рухаюся за вамі. Большая частка майго атрада прыйшла сюды ўсяго дзве гадзіны назад, сэр. Што тут будзеш рабіць? Калі каня надта прышпорваць, ён здохне… Жыва, хлопцы!
У ранішнім паветры весела заспявала труба; воіны сэра Дэніэла збягаліся з усіх бакоў на галоўную вуліцу і строіліся перад харчэўняй. Яны спалі са зброяй у руках, не рассядлоўваючы коней, і праз дзесяць хвілін сто дзіданосцаў і лучнікаў, цудоўна аснашчаных і навучаных, стаялі ў страі гатовыя рушыць у бой. Амаль усе былі апрануты пад колер адзення сэра Дэніэла — цёмна-чырвоны з сінім, — і гэта надавала ім святочны выгляд. Тыя, хто быў лепш узброены, пастроіліся наперадзе, а ззаду ўсіх, у канцы калоны, размясцілася вартае жалю падмацаванне,
— З такімі малайцамі не прападзеш! — сказаў ён.
— Воіны выдатныя, нічога не скажаш, — адказаў ганец. — Гледзячы на іх, я яшчэ больш шкадую, што вы не выступілі раней.
— На банкеце ўсё лепшае падаюць спачатку, а на полі бою — у канцы, сэр, — сказаў рыцар і ўскочыў у сядло. — Гэй! — закрычаў ён. — Джон! Джаана! Клянуся святым распяццем! Дзе яна? Гаспадар, дзе дзяўчынка?
— Дзяўчынка, сэр Дэніэл? — спытаў шынкар. — Я не бачыў ніякай дзяўчынкі, сэр.
— Ну хлопчык, дурань! — крыкнуў рыцар. — Няўжо ты не разгледзеў, што гэта дзеўка! На ёй цёмна-чырвоны плашч. Яна паснедала кубкам вады, помніш, нягоднік! Дзе ж яна?
— Ды выратуюць нас святыя! Вы называлі яе «майстар Джон», — сказаў гаспадар. — А я ж не здагадаўся… Ён паехаў. Я бачыў яго… яе… бачыў яе ў стайні гадзіну назад. Яна сядлала шэрага каня.
— Клянуся распяццем! — закрычаў сэр Дэніэл. — Дзеўка прынесла б мне пяцьсот фунтаў, калі не больш!
— Сэр рыцар, — з горыччу сказаў ганец, — пакуль вы тут крычыце аб пяцістах фунтах, вырашаецца лёс ангельскага трона.
— Добра сказана, — адказаў сэр Дэніэл. — Сэлдэн, вазьмі з сабою шасцёх арбалетчыкаў. Высачы яе і злаві. Я хачу, каб да майго вяртання яна была ў замку Мот, чаго б мне гэта ні каштавала. Ты адказваеш за гэта галавой!… Ну вось, сэр ганец, мы гатовы!
Войскі паскакалі рыссю, а Сэлдэн з шасцю воінамі застаўся пасярод вуліцы ў Кэтлі, акружаны дапытлівымі сялянамі.
Раздзел II
На балоце
Гадзіне а шостай майскай раніцай Дзік пад'ехаў да балота, цераз якое пралягаў яго шлях да замка Мот. Зіхацела блакітнае неба; вясёлы вецер дзьмуў шумна і роўна; крылы ветракоў шпарка кружыліся; вербы, схіленыя над балотам, калыхаліся пад ветрам і раптоўна святлелі, быццам пшаніца. Дзік усю ноч правёў у сядле, але сэрца ў яго было здаровае, цела моцнае, і ён бадзёра працягваў свой шлях.
Сцяжынка мала-памалу спускалася ўсё ніжэй, усё бліжэй да дрыгвы; дзесьці далёка ззаду на пагорку каля Кэтлі ўзвышаўся млын, і гэтак жа далёка наперадзе маячылі макаўкі Тэнстолскага лесу. З абодвух бакоў сцяжынкі калыхаліся вербы і чарот; лужыны пеніліся пад ветрам; здрадніцкая дрыгва, зялёная, як ізумруд, падсцерагала і заваблівала неасцярожнага вандроўніка. Сцежка ішла нацянькі цераз багну; гэта была вельмі даўняя сцежка. Яе праклалі яшчэ рымскія салдаты; з таго часу прайшлі вякі, і ў многіх мясцінах яе залілі гіблыя воды балота.
Калі ад'ехаў на мілю ад Кэтлі, Дзік наблізіўся якраз да такога месца; сцежка тут зарасла вербалозам і чаротам, і гэта хоць каго магло збіць з панталыку. Ды і дрыгва была тут шырэйшай, чым усюды; чалавек, мала знаёмы з гэтымі мясцінамі, лёгка мог трапіць у бяду. У Дзіка сціснулася сэрца, калі ён згадаў пра хлопчыка, якому так бесталкова растлумачыў дарогу. За сябе ён не турбаваўся; зірнуўшы назад, туды, дзе вёрткія крылы ветранога млына выразна чарнелі на блакітным небе, і наперад, на ўзвышэнне, пакрытае Тэнстолскім лесам, ён упэўнена паехаў напрамкі, хоць конь яго ступаў у вадзе па калена.