Дэпэш Мод
Шрифт:
– У газавай?
20.30
У камэры цёмна, уздож сьцен стаяць дзьве лавы, на адной валяецца чувак у скуранцы, паміж лавамі наглуха закратаванае акно, Мікалай Іванавіч забірае мой пас і матузкі і пакідае мяне ў цемры. Я адразу кідаюся да вакна, ня можа быць, – думаю, – каб адсюль нельга было ўцячы, зь любой газавай камэры можна ўцячы, натуральна, што і з гэтай таксама. Што ты робіш? пытаецца чувак, парыпваючы ў цемры скуранкай, ды вось, хачу неяк вылезьці адсюль, ага, кажа чувак, а ты падкоп зрабі. А што, – кажу, – адсюль ніяк ня вылезьці? Не, – кажа ён, – ніяк. Толькі падкоп. А ты адкуль ведаеш?– пытаюся. Я, – кажа ён, – вось у гэтай самай камэры сядзеў яшчэ тры з паловай гады таму, калі мяне ўзялі першы раз. Ух ты, – кажу, дык ты тут свой? Ты фільтруй базар, – кажа чувак, – які я ментаўні свой? Ну, прабач, –
Так мы зь ім да раніцы і прасядзелі. Ён апавядаў пра кічу, а я думаў пра сваё. Лавы пахлі клапамі.
18.06.93 (пятніца)
7.00
– Мікалай Іванавіч?
– Давай, сынок – падымайся. Хадзем на выправіцельныя работы.
– Бывай, – кажу я чуваку, але той у адказ толькі сонна парыпвае.
Значыць так, – Мікалай Іванавіч вядзе мяне абадранымі калідорамі, выводзіць праз бакавыя дзьверы, я бачу, што мы трапілі у калідоры пашпартнага стала, ён таксама знаходзіцца ў адным памяшканьні з руус, тут яшчэ зусім нікога няма, ніякіх наведвальнікаў, толькі дзьве прыбіральніцы мыюць калідор з двух бакоў і глядзяць на мяне асуджальна, кожная па-свойму, канешне, але асуджальна, Мікалай Іванавіч адчыняе яшчэ нейкія дзьверы і заводзіць мяне ў вялікі пакой, дзе стаіць вялікая лядоўня і газавая пліта, падлога залітая вапнай, відаць, тут робяць рамонт, можа менавіта гэта і ёсьць газавая камэра, – думаю я, – а народ яны труцяць, пэўна, з дапамогай газавай пліты.
– Значыць так, сынок, – дзелавіта кажа мне Мікалай Іванавіч, – значыць так.
Зараз, – думаю, – ён прапануе мне засунуць галаву ў духоўку і адкруціць краны.
– Я вырашыў не тэлефанаваць твайму дэкану. Навошта табе гэтыя непрыемнасьці, правільна?
– Правільна.
– Але каб больш такога не было, ясна?
– Ясна.
– Значыць так, – кажа Мікалай Іванавіч, – вось твой пашпарт, вось твой пас.
– А матузкі?
– Во, бля, забыўся. Ну, усё адно – вяртацца. Значыць так, – ён, здаецца, сам ня ведае, што яму трэба. – Бачыш лямпачку?
– Бачу.
–Яна разьбітая – бачыш?
Я гляджу наверх. Сапраўды – разьбітая.
– Бачу, – кажу.
– Во, давай – выкруці яе. А то я туды не залезу. Гады МАЕ ўжо ня тыя.
– Выкруціць? – перапытваю.
– Выкруці.
– І ўсё?
– І ўсё.
– І можна ісьці дахаты?
– Ну, не, – кажа Мікалай Іванавіч. – Да вечара перасядзіш, каб ніхто нічога, а там – піздуй, куды хочаш.
– Да вечара?
– Да вечара, – кажа Мікалай Іванавіч. – Давай, лезь.
Ён падстаўляе мне раздзяўбаныя раскладныя драбіны, залітыя вапнай і фарбай, і адступае ўбок. Здаецца, баіцца, каб я на яго не зваліўся. Я нерашуча тапчуся, але вырашаю лезьці, усё-ткі гэты Мікалай Іванавіч не такі ўжо і гаўнюк, гаўнюк, канешне, але не такі ўжо, пашпарт мне, прынамсі, аддаў, хоць матузкі і заныкаў. Я лезу наверх і разглядаю зблізу лямпачку, яна ня проста разьбітая, гэта нейкая апушчаная лямпачка, таксама ўся ў вапне і фарбе, ня ведаю ўжо, хто ў іх тут рамонтам займаецца, але да электрычнасьці ён, пэўна, ставіцца зь нянавісьцю.
– Ну, што там? – пытаецца зьнізу Мікалай Іванавіч.
– Парадак ,– кажу.
– Які парадак? – крычыць Мікалай Іванавіч. – Ты давай, підарас малы, выкручвай яе. Мне тут няма калі з табою трындзець.
І тут недзе ў глыбіні памяшканьня, за сьцяной, гучыць стрэл, потым яшчэ, потым чарга з калаша, сапраўдная табе перастрэлка, я ледзь не валюся са сваіх драбінаў, ну, думаю, да, Мікалай Іванавіч таксама, вядома ж, пужаецца, выхоплівае макарава і зьнікае ў глыбінях пашпартнага стала. А я застаюся на раскладных драбінах. Стрэлы сьціхлі. Што ж гэта дзеецца? – думаю я, яшчэ раз спрабую выкруціць лямпачку, і раптам мяне б’е токам, я зноў ледзь не валюся на падлогу, ябаў я вашае руус, – кажу, – з пашпартным сталом уключна, спускаюся з драбінаў і выходжу з пакою. Леваруч пачынаецца сьвежавымыты калідор, праваруч нейкія дзьверы. Я паварочваю ручку. Дзьверы адчыняюцца. За імі знаходзіцца падворак пашпартнага стала, каля дзьвярэй стаіць белая валжана, і ўсё, больш нікога, ніякіх наведвальнікаў, ніякіх пашпартыстак, ніякіх вышак з кулямётчыкамі і калючым дротам.
На канцавой 38-га стаіць Вася Камуніст, стаіць каля кіёскаў і падтрымлівае рукамі джынсы. Прывітаньне, кажу, што з табой? А, – кажа Вася, ад цягніка адстаў. Дзе твае матузкі? А, – кажу, – згубіў. Ясна, – кажа Вася. – Вып’ем? Ага, – кажу, – толькі я бяз бабак. Мікалай Іванавіч усё забраў. Які Мікалай Іванавіч? – пытаецца Вася. Плоскіх, – кажу. Які-які? Плоскіх. Ясна, – кажа Вася.
Як твой бізнэс? – пытаюся я, ужо калі мы ўзялі. А, – кажа Вася, – ніяк. Вырашыў завязаць. Што так? – пытаюся. Ды разумееш, – кажа Вася, – у гэтай краіне сумленна займацца бізнэсам немагчыма. Яшчэ і бакс блядзкі скача. Ясна, – кажу.
8.47
Дома мы знаходзім нашага сябра Сабаку Паўлава. Здароў, кажа Сабака, нібы так і трэба, – вы што – пабухаць прынесьлі? Пабухаць, Сабака, – кажа Вася, – пабухаць. А што менавіта? – прынюхваецца ён, – няўжо каньяк? Хуяк, – кажу я яму. – А дзе ты быў? На футболе, – кажа Сабака. – Учора цэлы вечар там пратаўкліся, і хоць бы якая радасьць. Ну, і мы ўжо нікуды не выходзім, усё ж такі даўно ня бачыліся, ёсьць пра што пагаварыць, што ўжо там.
– Сабака, – пытаюся я, – а як хоць згулялі?
– Хто згуляў? – не разумее Сабака.
Частка першая.
Чыёй сьмерці ты хочаш насамперш.
9.15
Гэтая лірычная гісторыя пачынаецца з таго, што перад нашымі дзьвярыма зьяўляецца чувак у сінім плашчы, з плястыкавым кейсам, і доўга круціць у руках паперку, глядзіць, ці правільны адрас, ці туды ён трапіў, ці ніхто яго ня кінуў, карацей – пануры, зьнявераны чувак, яшчэ і кейс гэты, наагул – ня ведаю, дзе такіх людзей бяруць і куды іх потым сьпісваюць. Нарэшце ён адважваецца, стукае ў дзьверы, заходзіць і бачыць усіх нас – мяне, Васю Камуніста і нашага сябра-Сабаку, ад нас пахне ранішнім бухлом і вячэрнімі ванітамі, ранак працоўнага дня, адным словам, чувак зноў пачынае круціць у руках паперку, ты хто? – пытае Сабака, ён найбольш з нас трох пужаецца, бо пасьля ўчарашняга разьвітаньня славянкі, то бок пасьля таго, як ён рыбінай высьлізнуў зь няўмелых рук Вовы і Валодзі, менавіта на ягоную кароткастрыжаную галаву мелі б пасыпацца непрыемнасьці, вось ён і думае, раптам гэта за ім, нехта з рэдакцыі, скажам кілер, хто іх ведае, хто там у гэтых підарасаў у штаце ёсьць, газэта заможная, маглі ў прынцыпе запрасіць наёмнага забойцу з пагадзінным тарыфам з былых інтэлігентаў, скажам, ён там яшчэ ўчора працаваў інжэнэрам у інстытуце, а тут дэфолт і беспрацоўе і вялікая краіна развалілася на кавалкі, вось ён і пайшоў у кілеры калыміць, Сабаку прабівае на жах, гэта ўжо дакладна, і ў пакоі западае маўчанка.
– Мяне завуць Робэрт. Дзядзя Робэрт, – кажа чувак, хаваючы нарэшце паперку. – А дзе Саша?
– Якая Саша? – пытаюся я. Можа я нешта прапусьціў, і ў нас тут пасьпела завесьціся нейкая Саша. Тады гэта наш агульны кілер.
– Ну, Саша, ён жа з вамі павінен жыць. Гэта ж, – гаворыць ён, зноў дастае сваю паперчыну і пачынае яе нэрвова круціць.
Ён? – думаю я, – яна што, гермафрадыт, гэтая Саша?
– Ну, Саша, – умольна гаворыць дзядзя Робэрт. – Ён жа гэты адрас дома пакідаў, сказаў, што тут жыве. І пра вас апавядаў, ну, апісваў вас, я вас вось такімі і ўяўляў сабе, – гаворыць ён і па-сяброўску ўсьміхаецца.
Такімі? – думаю я. – Гэта якімі ж? Абрыганымі?
– А, – першым здагадваецца Сабака. – Гэта ён пра Карбюратара гаворыць, пра Сашу.
– А, ну, дакладна, – усе неяк супакойваюцца, выяўляецца, што ніякай Сашы тут усё-ткі не было, а гэта ўжо добра. І гэты ёбаны дзядзя Робэрт, здаецца, ня кілер, хоць і нешта добрае сказаць пра яго таксама нельга. Ён працягвае па-сяброўску ўсьміхацца нам, Сабака таксама пачынае праяўляць да яго інтарэс, уласна ня так да яго, як да ягонага плястыкавага кейса, вядома ж, – думае Сабака, – калі гэты ёбаны дзядзя Робэрт прыехаў да Карбюратара, – так ён думае, – то, мабыць, ён прывёз яму нешта смачнае і карыснае, не каленвалы ж ён яму прывёз, мабыць усё-ткі нешта смачнае і карыснае, там, – думае Сабака, – адэкалёны альбо марыхуану, зранку лепш, канешне, адэкалёны, толькі не каленвалы, карацей мы ўсе зараз ня надта добра разумеем, хто гэта такі і пра што ён нам гаворыць. А ён гаворыць: