Дэпэш Мод
Шрифт:
– А трава ў цябе – гаўно!
Во, бля, – думаю я, – бля.
– Гаўно! – паўтарае Чапай больш упэўнна.
І тут Юрык раптам зрываецца і зьнікае ў двары, мы ня ведаем, што рабіць, ну, то бок мы з Васем Камуністам, толькі не Чапай, той, здаецца, у курсе, што яго чакае, напэўна, ён ужо ня першы раз так бярэ на понт свайго дылера, таму ён хутка вяртаецца і крычыць нам рвем адсюль, і мы сапраўды рвем і, трэба сказаць, не дарэмна, таму што брама за намі зноў адчыняецца і адтуль выскоквае Юрык зь бярданкай, з вачэй ляцяць іскры, нават з таго, што зь бяльмом – таксама ляцяць, хоць і ня так моцна, мы бяжым, нам галоўнае дацягнуць да рогу, а там ужо
17.00 – 20.00
– Вы ў гэтым проста не разьбіраецеся. Вы проста гаворыце марксызм-марксызм, і не разумееце, што гэта.
– Ну, так, адзін ты ў нас усё разумееш.
– Пры чым тут я. Гаворка не пра мяне. Вось вы гаворыце марксызм. Насамрэч марксызм перамагае, разумееце?
– Ну, вядома. І дзе ж ён перамагае?
– Марксызм перамаге нідзе. Ён перамаге ў прынцыпе.
– Ну, да.
– Моц марксызму ў ягонай самадастатковасьці. Скажам, Троцкі.
– Троцкі – жыд.
– Так. Вы ведаеце дзеля чаго Троцкі паехаў ў Мэксыку?
– Па-мойму, яму Коба даў трындзюль.
– Коба таксама жыд
– Коба?
– Так. Ільліч таксама.
– Ільліч – казах.
– Татарын.
– Казах.
– Якая розьніца?
– У казахаў няма пісьмовасьці.
– А ў татараў?
– І ў татараў таксама няма.
– Не, Коба ня жыд. Коба – рускі. У яго прозьвішча расійскае – Сталін.
– Гэта не ягонае прозьвішча.
– А чыё?
– Гэта прозьвішча ягонага сына. Васі Сталіна. Ён быў футбалістам.
– Ага, а Троцкі – баскетбалістам. Працоўныя Рэзэрвы.
– Пры чым тут Троцкі, – гаворыць Чапай ужо знаёмую мне фразу, седзячы на табурэце і распальваючы папяросу. – Троцкі тут ні пры чым. Ты, – кажа ён Васю, перадаючы яму папяросу, – мусіў бы гэта разумець. Яны, – ён выдыхае дым у наш бок, – гэтага ніколі не зразумеюць, іх заразілі бацыламі капіталу, але ты, – ён забірае ў Васі папяросу, яшчэ раз зацягваецца і вяртае папяросу Васю, – павінен гэта разумець. Ты ведаеш пра тэорыю пэрманэнтнага пахуізму?
– Што? – закашліваецца Вася і перадае папяросу мне. – Якога пахуізму?
– Пэрманэнтнага, – папраўляе акуляры Чапай. – Ну, гэта я яе так называю. Напраўду яна завецца тэорыя пэрманэнтнага распаду капітала. Але мне больш падабаецца называць яе тэорыяй пэрманэнтнага пахуізму.
–
– А што гэта за тэорыя? – пытаюся я, зноў у чаканьні сваёй чаргі.
– Тэорыя простая, – кажа Чапай, выпускаючы дым і перадаючы папяросу далей па коле. – Яе распрацавалі таварышы з данецкага абкаму.
– О, – кажу, – гэтыя зробяць.
Чапай глядзіць на мяне запытальна.
– Землякі, – тлумачу.
Ён адабральна ківае галавой, дастае з-пад стала трохлітровы слоік зь нейкім морсам, адпівае зь яго і працягвае мне. Не-не, адмоўна махаю рукой – я лепш папалю.
– Вось, – працягвае Чапай, абцёршы рукавом крывавыя памідорныя разводы. – Тэорыя ў прынцыпе рэвізыянісцкая. Базуецца на пераглядзе асноўнай ідэі Маркса. Ідэі пра самадастатковасьць пралетарыяту як такога. Ты чытаў, – пытаецца ён у мяне, бо Вася схаваўся недзе за дымамі, – ліставаньне Маркса і Энгельса?
– Не, – кажу, – але я ведаю, што яны сябравалі.
– Правільна, – кажа Вася, – яны сябравалі. Па-харошаму сябравалі, ты ня думай.
– Ясна, – кажу, – па-харошаму.
– У іх, – працягвае Чапай, – было прыкольнае ліставаньне, па-свойму прыкальнейшае за «Капітал».
– Што можа быць прыкальнейшым за «Капітал»? – трохі ня ў тэму ўстаўляе Сабака, але я перадаю яму папяросу, і ён змаўкае.
– У саўку, – гаворыць Чапай, – базавым прызналі менавіта «Капітал». У гэтым, як на мяне, галоўная трагічная памылка савецкай ідэалёгіі. Увагу трэба было зьвяртаць на ліставаньне. На ліставаньне Маркса і Энгельса. Таварышы з данецкага абкаму гэта давялі, – упэўнена гаворыць ён і дабівае пятку.
Нейкіх дваццаць-трыццаць хвілін усе маўчаць, думаючы пра таварышаў з данецкага абкаму. Нарэшце Чапай аддупляецца і ладзіць новую папяросу.
– У адным зь лістоў, – кажа Чапай, зацягваючыся і перадаючы папяросу непрытомнаму Васю, – гэта з раньняга ліставаньня, – тлумачыць ён, – так званага гамбургскага пэрыяду...
– Проста бітлз нейкі, – кажу я.
– Маркс тады шмат экспэрымэнтаваў з грамадскай сьвядомасьцю.
– Што? – на гэтых словах Вася прачынаецца.
– Тут, – тлумачу, – Чапай кажа, што ў свой час твой улюбёны Маркс у Гамбургу, на Рэпэрбане, эксперыментаваў з пашырэньнем сьвядомасьці.
– Кіслату жэр, – Сабака ніяк ня можа дачакацца сваёй чаргі, таму заўважна нэрвуецца.
– У выніку гэтых экспэрымэнтаў, – працягвае Чапай, – яму адкрыўся прынцып БЛЯ.
– Што-што?
– Базысная левая ячэйка, – гаворыць Чапай. – Ідэя простая – нам ад самага пачатку паказваюць непраўдзівую карціну вытворчых адносінаў. Непраўдзівасць яе, – працягвае Чапай, – палягае насамперш у нібыта неабходнасьці пэрманэнтнага разрастаньня капіталу. Гэта – фікцыя, – рашуча кажа Чапай, выхоплівае ў мяне паза чаргой папяросу і глыбока зацягваецца.
– Што – фікцыя? – не разумею я, спрабуючы адабраць папяросу.
–Усё фікцыя, – падумаўшы, адказвае Чапай. – Пралетарыят самадастатковы. Таму ідэальным і ідэалягічна правільным ёсьць прынцып базысных левых ячэек, так званых БЛЯ. Базысная левая ячэйка, сама па сабе, таксама самадастатковая.
– Слухай, – кажу, – твой Маркс, ён жа проста Будда нейкі.
– Ужо не кажучы пра Энгельса, – устаўляе Вася скрозь сон.
– Вось. Кожная БЛЯ фарміруецца па прынцыпе мурашніка. Асновай такога фарміраваньня зьяўляецца асобна ўзятае прадпрыемства, там, завод, фабрыка, ці яшчэ нейкая байда. І вось вакол гэтай байды зьбіраецца БЛЯ, як мурашы вакол мурашніка.