Дэпэш Мод
Шрифт:
6.00
Таму мы ёй абавязкова затэлефанавалі б, калі было б адкуль, але выходзіць так, што найбліжэйшы тэлефон знаходзіцца на кпп, дзе нас чакаюць ахоўнікі зь ятаганамі й агнямётамі, з ручнымі гранатамі і супрацьпяхотнымі мінамі, дбайна закапанымі на завадскіх клюмбах, адным словам – я б туды не пайшоў, асабліва маючы пры сабе вусатага Молатава, лепш ужо іншым разам, як-небузь калі ўсё ўсталюецца, мы лепш забярэм усё, што нам трэба – гаворым мы між сабой і забіраем усё бухло і рэшткі травы, Вася нават нейкія брашуры бярэ з падваконьня – і мы вылазім праз плот. Я яшчэ кажу, можа, – кажу, – запіску Карбюратару пакінем, каб ведаў, дзе нас шукаць, але Вася скептычна кажа, што гэта будзе запіска не для Карбюратара, а для пракурора, таму, сапраўды –
6.15
Мы праходзім ранішнім прыватным сэктарам, выходзім на тую самую плошчу перад цыркам, я цягну вусатага Молатава, Сабака цягне бухло, брагу мы, вядома, ня сцэджвалі, але свае, сумленна вырваныя ў дзядзі Робэрта тры каньякі, мы пакінулі пры сабе, а Вася ідзе проста так, яму найгорш, ва ўсякім разе ён так кажа, і ў нас няма падставаў, каб яму ня верыць. Нам тут толькі перабегчы праз мост, павярнуць да царквы, прапаўзьці некалькі кварталаў і выйсьці на плошчу, там яшчэ раз перабегчы вуліцу і заскочыць у пад’езд будынку зь вежай, і калі нам пашчасьціць і нас ніхто ня спыніць, жыцьцё пасьпяхова працягнецца яшчэ на некалькі гадзін, да абеду дык дакладна.
6.45
Маруся зноў пафарбавалася. У арыгінале яе валасы маюць, здаецца, чорны колер, мабыць чорны, гэта было б натуральна, усё-ткі яна з Каўказу, зараз яна пафарбаваная ў нешта цёмна-чырвонае і вельмі коратка пастрыжанае, на ёй чорны халацік, пад якім ужо нічога, акрамя самой Марусі, няма, яна вывальвае ўсё гэта на нас, нам і бяз гэтага дрэнна, а тут яшчэ такое, вы хто? пытаецца яна спачатку, потым пазнае-ткі Васю, мяне яна ніколі не пазнае, і гэта мяне ўжо нават ня крыўдзіць, а Сабака наагул ні на што не прэтэндуе, ну, – кажа, – што – прынесьлі? яна яшчэ сьпіць, проста стоячы пасярод калідору, стаіць і сьпіць, але пра нешта размаўляе з намі, дрэнна, праўда, размаўляе, але хоць нешта, добра што наагул нас пусьціла. прынесьлі? пытаецца яна зноў. што прынесьлі? не разумее яе Вася. Ну вы ж абяцалі – кажа Маруся, я напружваюся, нешта тут ня тое, можа, лепш адразу зваліць і не чакаць чарговых непрыемнасьцяў з боку генэралітэту, вы ж толькі што тэлефанавалі, – напаўсонна кажа Маруся, – я ж прасіла. Гэта ня мы тэлефанавалі, – кажа Вася, – ня вы? зьдзіўляецца яна, ня мы. а што табе трэба? пытаецца Вася. у нас усё ёсьць, можна мы ў цябе перасядзім? Маруся расчаравана паціскае плячыма, маўляў, сядзіце, мне якая розьніца, паварочваецца і зьнікае ў пакоі, а мы застаемся ў калідоры з нашым сябрам Молатавым, членам цк.
– Нешта ня радая яна нам, – кажа Сабака і ідзе на кухню.
– Яна нікому ня радая, – кажу я, ідучы за ім. – Чаго ёй радвацца.
– Ну, а чаго і б не радвацца, – гаворыць Сабака, разьліваючы каньяк па гліняных кубачках. – Калі б мне хто з ранку прынес тры пляшкі каньяку – я б радаваўся.
– Калі б мне, – кажу я, выпіваючы, – зранку прынесьлі бюст Молатава, я б яшчэ падумаў, ці радавацца.
– Трэба яе разбудзіць, – кажа Сабака, наліваючы па новай. – А то неяк непрыгожа – прыйшлі, сядзім, бухаем.
– Сапраўды – непрыгожа, – кажу. – Але лепш не будзіць. Лепш самім паспаць. Я, – кажу, – ужо другую ноч паспаць нармальна не магу. Спачатку мусарня, потым гэты марксыст у кедах. Спаць хачу. Пайшлі спаць.
– Спаць? – пытаецца Сабака. – Ведаеш, я зараз у такім стане, што проста баюся спаць.
– Чаму баішся? – пытаюся.
– Я баюся, што засну і проста не дадумаюся прачнуцца, разумееш?
Сабака налівае па новай, але я ўжо адмаўляюся, усё, кажу, досыць, пайшлі спаць, Сабака
9.57
– О, чорт! – крычыць яна. – Гэта яшчэ што такое?!
Я прачынаюся і напалохана гляджу навокал. Побач са мной на ложку сядзіць Маруся, зусім безь нічога, прыкрываецца падушкай і напалохана глядзіць на мяне.
– Чорт! – крычыць яна. – О, чорт! Гэта што такое?
– Не крычы, – я спарабую супакоіць яе. – Чаго ты крычыш?
– Гэта яшчэ што такое? – паказвае яна на бюст адной рукой, другой прытрымліваючы падушку. Сабака таксама прачнуўся і адбег да дзьвярэй. Здаецца, Маруся яго напужала.
– Гэта бюст, – адказваю. – Не крычы.
– Чорт!
– Ну, што ты? – кажу я напалохана. – Бюст. Усяго толькі бюст. Гэта мы прынесьлі.
– Навошта? – зь недаверам пытаецца Маруся.
– Ну, проста так, – кажу. – Думалі, можа, табе патрэбны.
– Мне не патрэбны, – нэрвова кажа яна.
– Добра, зараз мы яго забярэм.
– А як вы сюды трапілі? – пытаецца Маруся.
– Ты ж нас сама пусьціла, – кажу я разгублена.
– Навошта?
– Ня ведаю, – кажу. – Мы прыйшлі, ты пусьціла.
– Вы прынесьлі? – пытаецца Маруся, пэўна, нешта прыгадваючы.
– Што? – не разумею я.
– Ну, што-небудзь.
– Вось, – кажу я, – Молатава прынесьлі.
– Якога Молатава? – не разумее яна.
– Члена цк.
– Дзе ён? – не разумее Маруся.
– Ну, вось, – паказваю я на Молатава.
Маруся намагаецца хоць нешта зразумець. Потым дастае аднекуль цыгарэту з запальнічкай і пачынае паліць, нэрвова ўсё абдумваючы.
– Даўно вы тут? – пытаецца.
– Ня вельмі, – адказваю. – Гадзіны дзьве-тры.
– Ясна, – кажа яна.
Мы сядзім зь ёй на яе ложку і моўчкі глядзім адно на аднаго. Яна сымпатычная, п’е замнога, але ўсё адно сымпатычная. Асабліва з падушкай.
– Хочаш папаліць? – пытаюся.
Яна падымае цыгарэту і паказвае мне – маўляў, я ж палю.
– Мы прынесьлі, – кажу.
– Прынесьлі? – яна вокамгненна прачынаецца. Здаецца, гэта быў пароль, ва ўсякім разе – правільная камбінацыя словаў, якая ўсё прыводзіць у дзеяньне. Мне аж самому спадабалася, таму я паўтарыў:
– Так, – кажу, – мы прынесьлі.
– Чорт, – кажа Маруся, і, баязьліва азіраючыся на Молатава, кладзе падушку на месца.
10.15
Зранку на такія рэчы лепш наагул не глядзець, або, калі ўжо глядзіш, то хіба што скрозь пальцы. Мы так і робім, і, пакуль яна ходзіць па пакоі і зьбірае свае трусікі і шкарпэткі, нацягвае свае фірмовыя джынсы, апранае розныя мэдальёны і бранзалеткі, мы ідзем сабе на балкон і чакаем яе там. Яна выходзць на балкон зь вялікай чорнай люлькай, і далей мы ўжо проста стаім сабе на балконе і амаль ні пра што не размаўляем, так хіба што – глядзім на ранішнія залеўныя нябёсы ,на пусты суботні муніцыпалітэт, ва ўсім гэтым столькі паветра і вільгаці, нібыта мы раптам апынуліся ў чыіхсьці лёгкіх, напрыклад – у лёгкіх старой камбалы, што наглыталася ледзяных арктычных хваляў і цяпер ляжыць сабе на дне акіяну, моўчкі пакутваючы ад перадозу.