Дэпэш Мод
Шрифт:
– Хор, – няўпэўнена адказвае Вася.
– Да? А я думаў, што сьцяпан галябарда сам сьпявае.
– Гэта хор.
– Што хор?
– сьцяпан галябарда – гэта хор, – кажа Вася.
– Як гэта?
– Так. Вось паслухай.
«Тваю маму, тваю маму», – сумна падтаквае сьцяпан галябарда з касьмічных глыбіняў.
– Ты ведаеш, – кажу я, – калі гэта і хор, то нейкі нядобры хор. Нейкі злы хор. Чуеш, як яны пра маму?
«Тваю маму», яшчэ раз пагрозьліва адгукаецца сьцяпан галябарда.
– Мне здаецца, – кажа Вася, – яны нас падслухваюць.
– Ага, здаецца, яны насьцярожыліся, чуеш – змоўклі?
– Яны нас пасуць.
–
– Ня ведаю. Можа, яны зь міліцыі.
– Да, нейкія яны нядобрыя.
– Я кажу табе – больш упэўнена гаворыць Вася, – мянтура, сто пудоў мянтура. Чуеш – змоўклі, сукі.
– Пачакай, – кажу я, – не завадзіся. Якая ж гэта мянтура? Мянтура не сьпявае.
– Ага, не сьпявае. Сьпявае. Ты глядзеў калі-небудзь навіны?
– Што?
– Навіны.
– А. Не, не глядзеў.
– А я, – кажа Вася, – глядзеў. Там паказвалі мангольскіх міліцыянтаў. У іх быў дзень незалежнасьці, і яны сьпявалі.
– Што – усе?
– Ну, не, ня ўсе. Хор. Вось таксама як тут, – паказвае Вася на прыкольную радыёлу. – Стаялі, гады, і сьпявалі.
– Ну, і што?
– Ну, і тут тое самае. Гэта мянтура, павер мне.
– Ды ладна.
– Я табе кажу.
Хрррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррррр
– Чуеш? – зашаптаў Вася. – Мусарня.
Я ўяўляю сабе як з таго боку радыёпрасторы, недзе ў Манголіі, стаіць хор міліцыянтаў на конях, сьціскаючы ў руках нагайкі, і трывожна ўслухваецца ў эфір, намагаючыся злавіць наш шэпт. Мяне аж прашыбае халодны пот, о-о-о, – думаю.
– Пачакай, – кажу, – але ж вядучы сказаў, што гэта сьцяпан галябарда.
– А ты ведаеш, – пытаецца Вася, – што гэта значыць?
– Што значыць?
– Ну, вось гэтая «галябарда» што значыць?
– Ну, і што?
– Гэта і значыць мянтура.
– Ды йдзі ты.
– Я табе кажу. Гэта мянтура. Гэта хор мангольскіх міліцыянтаў.
– сьцяпан галябарда – гэта хор мангольскіх міліцыянтаў?
– Так.
– сьцяпан галябарда?
– Сто пудоў.
– Ну, добра, – кажу я. – Я яшчэ магу пагадзіцца з тым, што іх там сапраўды шмат, нават з тым, што яны зь міліцыі.
– З мангольскай міліцыі, – удакладняе Вася.
– Добра – з мангольскай міліцыі. Але чаму яны называюцца сьцяпан галябарда?
– Дык гэта ж па-мангольскаму і значыць – «Хор мангольскіх міліцыянтаў»!
– сьцяпан галябарда – гэта «хор мангольскіх міліцыянтаў»?
– Так. Па-мангольскаму.
– Значыць сьцяпан галябарда – гэта множны лік?
– Так. Гэта множны лік, – упэўнена кажа Вася.
– Ой, бля.
Дваццаць другая гадзіна дваццаць хвілін. У эфіры – «Музычная талака»! – радасна ўрываецца ў пакой голас вядучага. Працягваем наш аповед пра творчасьць легендарнага ірляндзкага народнага калектыву «Дэпэш Мод». Як кажуць у народзе – бяда ідзе, бяду вядзе .Увосень 1970 году, халодным верасьнёўскім вечарам, бацька Дэйва – вірлавокі Бэн, пасьля працяглай цяжкай агоніі, зьвязанай зь цяжкімі цялеснымі болямі і маральнымі перажываньнямі, шчасьліва памёр, пакінуўшы сіротамі жонку-пакрытку і малога хваравітага Дэйва. Паміраючы, стары марак сказаў сыну: «Усё сваё жыцьцё я аддаў барацьбе за незалежнасьць Ірляндыі, не забывай гэтага, Дэйве. Годна нясі праз усё жыцьцё імя ірляндца, не давай гэтым сукам, гэтым факін-каталікам узяць цябе за геніталіі, памятай, бляха-муха, што ты з гордага роду Ганаў, а Ганы, бля, дадаў ён моцнае марацкае слоўца, – ніколі не прагіналіся пад гэтымі факін-каталікамі, зразумеў, ты, ублюдак малалетні?» – сказаў ён і з тым памёр. Малому Дэйву засталіся ад яго ў спадчыну толькі жэтон на рыбалавецкі човен і стары губны гармонік. Жэтон малы Дэйв адразу ж згубіў, гармонік, у прынцыпе, таксама, што не зашкодзіла яму, аднак, стаць у будучым зоркай шоў-бізнэсу.
Пачатак музычнай кар’еры біёграфы Дэйва зьвязваюць з тым сямейным бязладзьдзем, што ўзнікла ў дружнай сям’і Ганаў пасьля сьмерці бацькі. Дэйвава мама, ня маючы сілаў для супраціву і далейшай барацьбы, устае на шлях калябаранства, проста ў сваёй канторы аддаючыся афіцэрам вялікабрытанскіх ваенна-марскіх сілаў. Малы Дэйв балюча перажывае маральнае падзеньне бізкага яму чалавека... ну, то бок я так разумею мамы, – дадае ад сябе вядучы. Тады ж ён упершыню знаёміцца з наркакультурай, і гэта – паводле сьпевака – робіцца адным з найбольш прыемных адкрыцьцяў у ягоным жыцьці... Не, – раптам папраўляецца вядучы, – мабыць, усё-ткі не наркакультурай. Проста – культурай. А, тваю маму, – зрэшты ён абламваецца выпраўляць сваіх калегаў зь лёнданскай рэдакцыі, і далей ужо чытае з аркуша, што там ёсьць. – Менавіта ў гэты момант свайго жыцьця і ў такім стане малады Дэйв Ган пачынае займацца музыкай. Спачатку ён яе слухае, але зь цягам часу яму гэтага робіцца недастаткова і Дэйв вырашае стварыць уласны музычны калектыў, каб праз музыку выславіць свае пачуцьці, якія яны там у яго былі. Халодным восеньскім вечарам 1980 году, у адным з партовых ольстэрскіх бардэляў, Дэйв сустракае сымпатычную бляндынку, якую звалі Гор. Гор, – перачытвае вядучы, – ну да: якую звалі Марцін Гор.
– Во яго прэ, – кажа Вася.
– Ціха, – кажу, – а то зараз зноў пачнецца.
У жыцьці юнага Дэйва зьяўляецца першае сур’ёзнае захапленьне. Разам з сымпатычнай бляндынкай Марцін Гор яны зьбіраюць першы склад «Дэпэш Мод». Абавязкі ў калектыве дзеляць пароўну – Дэйв сьпявае ірляндзкія песьні, грае на некалькіх музычных інструмэнтах, а яго сымпатычная бляндынка танчыць на сцэне і займаецца фінансавым бокам справы. Неўзабаве ў іх нарадзілася дзіця.
– У каго нарадзілася дзіця? – пытае Вася.
– У «Дэпэш Мод».
– Да? – Вася зьдзіўляецца. – Цікава, ад каго.
– Ад сьцяпана галябарды, – кажу.
... То бок не, не дзіця, – зноў папраўляецца вядучы, – дзецішча, у іх зьяўляецца першае дзецішча – альбом «Гавары і запісвай», які адразу ж робіцца плятынавым. А зараз, – ён змучана пераводзіць дых, канчаткова, здаецца, заблытаўшыся ў сцэнарыі, – мы яшчэ раз зробім музычную паўзу і паслухаем наступную музычную кампазыцыю. «Маміны вочы». Сьпявае сьцяпан галябарда.
«Маміны сінія вочы, – адразу ж бяруцца за справу сьцяпан галябарда, – бачу вас як на далоні я – усе вы па-ра-рам смуткам апавітыя і трошкі ад сьлёзаў салёныя». «Трошкі ад сьлёзаў, трошкі ад сьлёзаў», – назадаволена зацягвае хор.
Трошкі салёныя, – думаю я, – гэта добра ці дрэнна? Мабыць, усё-ткі, дрэнна, было б лепш, каб іх нармальна пасалілі, калі я ўсё правільна разумею.
– Да, – гаворыць Вася. – Ну і жукі.
– Дзе жукі? – не разумею я. – Ты пра што?
– Пра маму.
– Што пра маму?
– Зах а валі маму, – задаволена кажа Вася, так, нібы спраўдзіліся нейкія ягоныя падазрэньні наконт гэтага сьвету.
– Хто зах а ваў?