Дэпэш Мод
Шрифт:
– Што гэта? – не разумею я.
– Помнік, – кажа Сабака.
– Бюст, – папраўляе яго Чапай.
– Чый бюст? – пытаюся.
– Наш, – адказвае Чапай.
– Ты не зразумеў – хто гэта такі? – паказваю я на бюст.
Чапай задумліва працірае акуляры.
– Можа, гэта дырэктар? – гаворыць Сабака.
– Не, – кажа Чапай, – гэта не дырэктар. У дырэктара вусоў няма.
– А ён сабе для красы прырабіў.
– Усё адно не падобны, – кажа Чапай.
– Гэта нейкі марксыст, – мяркую я.
– Троцкі, – кажа Сабака. – Бачыш, нос які? Дакладна, Троцкі.
– Гэта ня Троцкі, – нэрвуецца Чапай. – У Троцкага барада. А ў гэтага барады няма.
– Гэта Троцкі ў Мэксыцы, – кажа Сабака.
– Гамбургскага пэрыяду, – дадаю я.
На Васю нават глядзець шкада.
– Ніякі гэта ня Троцкі, – бадзёрыцца Чапай, намагаючыся прыхаваць свой мандраж. – Гэта Молатаў. Член цк.
– Молатаў? – кажу я разгублена.
– Молатаў, – кажа Чапай. – Член цк, – дадае ён на ўсякі выпадак.
– Нішто сабе, – кажу.
Сабака
– Молатаў, – працягвае Чапай, – зь іх усіх адзіны нармальны быў тып. Ён быў геданістам. Як Ціта.
– Як што?
– Як Ціта. Любіў жанчын, спорт, рэстараны.
– Кактэйлі, – кажу я. – Адкуль ён у твайго дырэктара?
– Яны некалі рабілі іх, – кажа Чапай, падумаўшы. – З адкідаў. Тут быў спэцыяльны цэх суправаджальных матэрыялаў. Мне мой стары распавядаў.
– Бюст Молатава гэта што – суправаджальны матэрыял?
– Яны рабілі ня толькі бюст Молатава, – апраўдваецца Чапай.
– А што яшчэ?
– Яшчэ бюст гэтага, як яго – Варашылава. А гэты, здаецца, нейкім цудам ацалеў. Хацеў прадаць, сука, – жорстка кажа Чапай, – народны бюст.
– Слухай, ты! – не вытрымлівае Сабака. – Выходзіць што – мы ламалі дзьверы, хаваліся ад аховы, пакінулі там процьму сьлядоў і ўсё гэта дзеля гэтага дзяўбанага геданіста?
Чапай падыходзіць да яго, рашуча бярэ з рук каньяк, усаджвае ў сябе тыя 200 грамаў, што там былі, ідзе да тапчана, адсоўвае Васю і ляціць ніцма ў свой брудны бяздонны трыперны ложак. Нават ня скінуўшы кедаў.
3.30
– Значыць, робім так, – кажа раздражнёны Сабака, – забіраем усё бухло, сцэджваем брагу, бярэм траву, шмоткі, – ён глядзіць на Чапая, – не, хай падавіцца сваімі шмоткамі. Бярэм вось гэта, – ён паказвае на Молатава, – і валім, пакуль ахова нічога ня ўбачыла.
– А што зь ім рабіць будзем? – пытаюся я.
– Спалім, – кажа Сабака. – Адным уродам будзе меней.
– А Карбюратар?
– Які Карбюратар? – крычыць Сабака. – Ты што, не разумееш – валіць трэба! Давай, пайшлі.
– Куды?
– Ня ведаю, – кажа Сабака, – дахаты.
– Ты што, зьбіраешся ў такім стане перціся праз увесь горад? – кажу. – Зь бюстам на руках? Цябе возьме першы ж патруль.
– Давайце да ранку пераседзім, – раптам спакойна кажа Вася. Ён ужо апрытомнеў, ходзіць па пакоі, цягне з падваконьня нейкія брашуры, засоўвае у кішэню нейкую пакусаную асадку, адным словам – ён адзіны, хто не панікуе. – Раніцай нармальна выйдзем і ніхто нас ня возьме. Галоўнае – дасядзець да ранку.
– Так, – пагаджаюся я, – галоўнае – дасядзець.
5.30
Я спрабую разбудзіць Чапая, той толькі загаворвае скрозь сон на нейкай сваёй мове, на мове тагасьветных марксыстаў-леніністаў і адварочваецца ад мяне. Добра, кажу я Васю, пакінем яго тут, хай потым сам разьбіраецца, ён усё гэта ў прынцыпе прыдумаў, таму гэта ягоныя праблемы, добра, кажа ў сваю чаргу Вася, правільна, але Молатава бярэм з сабой, на фіга? кажу, на фіга нам Молатаў? засыплемся зь ім, па-першае, тлумачыць Вася, калі яго тут раніцай знойдуць – Чапаю кранты, адразу зразумеюць, хто дзьверы выламаў. Па-другое – Молатава можна здаць, ён жа ня проста шматок каляровага мэталу, ён жа яшчэ і скульптура, ёсьць людзі, якія плоцяць за такія рэчы вялікія бабкі. Ня ведаю, кажу я, ня ведаю, хто б заплаціў за Молатава вялікія бабкі, яшчэ за жывога – ладна, а за гэтую мумію, паказваю я, ну, ды хопіць, паспрабуем здаць, толькі каму?
Каму з маіх знаёмых можна здаць бюст Молатава? Вось так вызначаецца ўзровень асяродьдзя, у якім ты знаходзішся, так і не інакш. Ну, у мяне няма знаёмых антыквараў, знаёмых ювеліраў, знаёмых трунароў у мяне таксама няма, што маглі б зьбіць з гэтага бюста вусы і перарабіць яго ў галаву якой-небудзь Падзаборнай Людмілы Кузьмінішны, якая гераічна пала пад коламі пятага трамваю на скрыжаваньні вуліц Пушкінскай і Весьніна і там такі пахаванай, паколькі сабраць разам усё тое, што там ад яе засталося – на тым скрыжаваньні – выявілася немагчымым, вось, трунароў у мяне таксама знаёмых няма, далей – знаёмых скульптараў, для якіх гэты суправаджальны матэрыял зьяўляўся хоць бы якой эстэтычнай каштоўнасьцю, у мяне няма, знаёмых камуністаў, акрамя Васі і Чапая, для якіх гэта быў бы прадмет культу – няма, знаёмых дырэктараў гістарычных музэяў, для якіх гэты дзёўбаны геданіст меў бы якую-ніякую гістарычную вартасьць – няма, больш за тое – я ўпэўнены, што такіх дырэктараў музэяў няма наагул у прыродзе, вось што я думаю. Вось так, мне нават няма каму сплавіць зьнешне цалкам прыстойны бюст Молатава, члена цк, бля, як я жыву і дзеля чаго? дзеля чаго гэта ўсё? уся гэтая барацьба за выжываньне? Гульня на ўтрыманьне рахунку? дзеля чаго? мне зараз 19, праз 5 год, калі я не памру ад бытавога трыперу, мне будзе ўсяго толькі 24, Гайдар у такім веку ўжо нават палкі не вадзіў, што я буду рабіць у свае 24? ці будуць у мяне палкі? і калі будуць – куды я іх павяду? у прынцыпе я магу рабіць што заўгодна, ну, амаль што заўгодна, але тут такая праблема – што я нічога не хачу рабіць, гэта для мяне больш натуральна, хоць і ня ўсе гэта разумеюць, такая вось праблема.
Марусі! – выгукае Сабака, які перад гэтым стаяў ля вакна і нэрвова ўглядаўся ў сьвежы чэрвеньскі ранак, – Марусі можна, у яе поўная кватэра такога гаўна, можа ёй і гэты помнік падыйдзе. І тут мы ўсе ўзгадваем пра Марусю.
Але Марусі трэба папярэдне патэлефанаваць, просто так да яе завальвацца нельга – будзе горш. Маруся – гэта такі кшталту масток у зьнешні сьвет, уласна, ад яе ўпершыню ў жыцьці я даведаўся, што таксі, выяўляецца, можна карыстацца ня толькі, калі спазьняешся на вакзал, ці калі цябе п’янага давозяць да дому – а проста так. Вось проста ты выходзіш з дому і маеш кудысьці ехаць, і вось бярэш таксі. І што найпарадаскальнейшае – плаціш у канцы падарожжа таксісту бабкі – раней я ня ведаў, што і так можна, яна першая мне гэта паказала. І гэта пры тым, што яна самая малодшая сярод нас усіх. Ёй усяго толькі гадоў 16. Там такая гісторыя – яе тата з Каўказу, ён – я ня ведаю – ці то грузін, ці то азэр, па-мойму ўсё-ткі грузін, я ў гэтым не разьбіраюся, адным словам, ён генэрал, сапраўдны генэрал са сваёй колькасьцю гарматнага мяса ў казармах і самалётаў у ангарах, першую палову свайго цяжкага афіцэрскага жыцьця ён качаваў па Саюзе, ахоўваючы, я так разумею, мірнае неба нашай Айчыны, апошнія гадоў 10 завіс у Харкаве, з жонкай разьвёўся, іхняя адзіная дачка падрасла і паслала абаіх, генэрал купіў ёй прыкольную двухпакаёвую кватэру ў крутым будынку на плошчы, зь відам на муніцыпалітэт, праўда, на апошнім паверсе, пад самай вежай, на штосьці больш прыземленае ў яго не хапіла ці то бабак, ці то ракет на продаж, але ўсё гэта было крута, Маруся вучылася ў крутой школе, мела плойму грошай, ледзь не нарадзіла год таму, у свае 15, тата-генэрал ледзь-ледзь упрасіў яе зрабіць аборт, падарыў ёй за гэта жыгуль, Маруся на дзіва лёгка пагадзілася – аборт зрабіла, жыгуль расхуячыла і далей жыла сабе сваім жыцьцём, якое яна, з прыроджанай каўказскай мудрасьцю і жыцьцярадаснасьцю, своечасова падзяліла на прыгожае і карыснае – прыгожым у гэтым выпадку была крутая школа, двухпакаёвая кватэра і расхуячаны жыгуль, а карысным – усё тое сьмецьце і ўсё тое непатрэбства, зь якім яна мела справу ў вольны ад навучаньня час – Маруся ведала Сашу Чарнецкага, хадзіла на панк-канцэрты, жэрла таблеткі, паліла траву, піла партвейн, праўда без залежнасьці, то бок зранку пасьпяхова вырыгвала рэшткі паганага алькаголю і ішла вучыць Лабачэўскага ці што яны там у школах вывучаюць. Параноя, адным словам, тыповая параноя, за гэта мы яе і любілі. Да яе час ад часу можна было заваліць, толькі папярэдне патэлефанаваць і назвацца – яна нас ня ўсіх памятала, хоць і спала з усімі, для яе гэта быў ня сэкс, для яе гэта было штосьці значна цікавейшае, я ня ведаю што. Мы напіваліся ў яе пантовай кватэры, крычалі на яе балконе зь відам на муніцыпалітэт, глядзелі яе відэа, а потым засыналі ў яе ложку, часам нават безь яе. Мне ў гэтым выпадку нават ня столькі сэкс падабаўся, колькі сама магчымасьць прачнуцца з кімсьці, не аднаму, не сам-насам са сваім пахмельлем і сваімі крывавымі начнымі відзежамі, прачынацца з кімсьці – гэта заўсёды прыкольней, нават калі гэта Маруся, якая не памятае, як цябе завуць і што ты зь ёй учора рабіў. Яна надзвычай абыякава да нас усіх ставіцца, дакладней, яна кожны раз ставіць нас на месца, яна заўжды нібы гаворыць – тое, што вы ўсе ўчора мелі мяне, сьведчыць толькі пра тое, што зараз вы забярэце з сабой свае зарыганыя шмоткі, усю пустую тару, увесь свой канабіс, увесь свой гемарой, усё сваё гаўно і зваліце ў сваю каналізацыю, а я – Маруся – застануся тут, зраблю сабе малочны кактэйль і буду глядзець на ранішні муніцыпалітэт, да якога вось-вось пачнуць зьяжджацца ўсякія дэпутаты ці проста выпадковыя ўблюдкі, і гэта заўжды дзейнічала – прынамсі мяне гэта забівала кожнага разу, без варыянтаў, я разумею пра сябе ўсё, чаго мне пра мяне свайго часу не сказалі бацькі, не сказалі невядома чаму, магчыма, ім проста было мяне шкада.
Так ці інакш, але да яе без званка прыходзіць проста ня варта, можна нарвацца на старога генэрала, хоць я яго, шчыра кажучы, у вочы ніколі ня бачыў, Маруся неяк усё гэта разводзіла, яна любіла сябе і сваё жыцьцё і, вядома ж, не хацела, каб у яе булёне плавалі лішнія мухі, акрамя таго, стары, мабыць, і сам падазраваў, што яго ўлюбёная дачка-Маруся не заўсёды прытрымліваецца ўнутранага гарнізоннага распарадку, таму, калі хацеў наведаць дзіцё, таксама заўжды папярэдне тэлефанаваў ёй, такі ўжо ў іх на Каўказе звычай, тады яна выкідала за акно ўсіх сваіх выпадковых гасьцей, прымушала іх забіраць з сабой пустую тару і недарэзаную вараную кілбасу, высыпала праз фортку бычкі, выкідала ў сьметніцу ўсе бульбулятары, ссыпала крошкі ва ўнітаз, адным словам – згортвала дэкарацыі і вярталася да нармальнага жыцьця, у якім быў тата-генэрал, узброеныя сілы рэспублікі, рэгулярнае харчаваньне, спартыўныя залі, тэнісныя корты, нармальныя знаёмыя, вышэйшая адукацыя, добрая музыка, маецца на ўвазе – жывая добрая музыка, ня ў запісах, хоць і добрыя запісы таксама – карацей, увесь той мінімальны набор пратэзаў і штучных сківіцаў для больш зручнага перасоўваньня па гэтым жыцьці, якімі цябе адорвае сістэма ў тым выпадку, калі ты пагодзішся перапісаць у сваім тэстамэнце на яе імя ўласныя ныркі, лёгкія, палавыя органы і душу. Яна ўсе гэтыя пратэзы мела, таму магла сабе дазволіць выпендрывацца і час ад часу досыць такі глыбока занурвацца ў каналізацыйныя люкі грамадства, залазіць на пару сутак на адваротны бок месяца, што да таго ж знаходзіўся ўвесь час ня так ужо і далёка адсюль – перабываць там нейкі час на траве і партвейне, далучыцца хоць часова да Вялікай Нэрвовай Сыстэмы, Рванага і Залатанага Сеціва Кровазвароту і Каханьня, занурыцца з галавой у плыні лімфы, лайна і спэрмы, на самым дне якіх, як некаторыя думаюць, і знаходзяцца найбольш масыўныя і цудоўныя кавалкі шчасьця, хоць напраўду там нічога няма, гэта ўжо я вам дакладна кажу.