Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
Шрифт:
— Шкада, што цябе не было на прыстані! Мы з цёткай Надзяй чакалі цябе. Праўда, мы крыху затрымаліся на параходзе. Коля захварэў на малярыю. Чакалі санітараў, каб занеслі яго. Уяві сабе, нейкая дзяўчынка падарыла яму на прыстані кветкі. Гэта былі саранкі, якіх я не бачыў ужо шмат гадоў. Так, уяві сабе, яна паклала кветкі на насілкі. Яму так хацелася, каб гэта была ты. Але цябе не было.
Таня падняла руку да скроні, націснула на яе пальцамі, нібы хацела спыніць кроў, што прыліла да твару, і адступіла трохі назад.
— Ты
— Тата, не гавары так гучна, — сказала яна. — Я добра цябе чую.
І свой дворык ашаламіў яе раптам цішынёй.
Бацька змоўк. Яго ўзбуджаны твар стаў строгім. Усмешка знікла. А вочы засталіся добрымі. Ён кашлянуў. І дзіўна, гэты кашаль быў знаёмы Тані. Яна сама так парывіста кашляла, калі сумныя думкі, як халодны віхор, знянацку наляталі на яе.
Ён уважліва глядзеў на Таню, паціху сціскаючы яе плячо.
— Я ведаю, што ты на мяне сярдуеш, Таня, — сказаў ён.
— Але ж мы будзем сапраўднымі сябрамі, так?
— Пойдзем піць гарбату, — сказала Таня. — Вы хочаце гарбаты?
— Ого! Вось ты ў мяне якая, — ціха вымавіў бацька, мацней сціскаючы плячо Тані.
Яна зразумела яго і выправілася.
— Пойдзем піць гарбату да нас, тата, — сказала яна. І слёзы паказаліся на яе вачах. — Я не прывыкла яшчэ, тата. Я не прывыкла…
Ён пакінуў яе худое плячо і рукой правёў па халоднай шчацэ Тані.
— Гэта праўда, дачушка, — сказаў ён ледзь чутна. — Цяжка ўсё гэта ў пятнаццаць год. А ўсё-такі мы будзем сябрамі. Пойдзем піць гарбату.
І ўпершыню на драўляным нізенькім ганку Танінага дома прагучалі інакшыя крокі, чым яна прывыкла чуць, — цяжкія крокі мужчыны, яе бацькі.
VII
Калі ў школе запыталіся ў Тані, ці не даводзіцца ёй сваяком або стрыечным братам Коля Сабанееў, што нядаўна прыйшоў да іх у клас, то адным яна адказала — так, другім сказала — не, і паколькі большасць аднеслася да гэтага абыякава, то хутка яе перасталі распытваць.
А Філька, патраціўшы столькі марных намаганняў на пошукі краіны Марасейкі, болей ні пра што не распытваў Таню.
Але затое ён сядзеў на парце якраз за Таняй і мог глядзець ёй у патыліцу, колькі яму хацелася. Аднак і патыліца можа пра многае расказаць. Яна можа быць халоднай і жорсткай, як камень, з якога Філька крэсіў агонь у лесе. Яна можа быть пяшчотнай, як сцяблінка адзінокай травы.
Патыліца ў Тані была і такая і інакшая, часцей за ўсё яна выказвала толькі адно яе жаданне — не думаць пра тое, што робіцца ў яе ззаду.
А ззаду на парце сядзелі Філька і Коля.
Да каго ж з іх адносіцца гэта ўпартае жаданне Тані?
І паколькі Філька глядзеў па рэчы заўсёды з добрага боку, то вырашыў — гэта датычыцца перш за ўсё не яго. Што да Колі, то калі Таня назвала яго тады гордым, то Філька павінен быў прызнацца, што гэта няпраўда. Яму Коля не здаваўся гордым. Ён, можа быць, быў слабы здароўем, у яго вельмі вузкія рукі, занадта бледны твар, але гордым ён не быў — гэта бачылі ўсе.
Калі Філька паказаў яму ўпершыню, як жуюць у іх у школе серу, Коля толькі запытаўся:
— Што гэта?
— Гэта піхтавая смала, — адказаў яму Філька. — Ты можаш дастаць яе ў кітайца, які прадае на рагу ліпучкі. За палціннік ён дасць табе цэлы кубік серы.
— А што такое ліпучкі? — спытаў Коля.
— Э, браток! — адказаў яму з прыкрасцю Філька. — Пра ўсё ты хочаш даведацца адразу.
І Коля не пакрыўдзіўся на заўвагу Фількі.
— Добра, — сказаў ён, — я пасля даведаюся. Але дзіўная звычка ў вашай школе. Я нідзе не бачыў, каб жавалі піхтавую смалу.
Але серы купіў багата, і пачаставаў Фільку, і сам пажаваў, навучыўшыся вельмі хутка гэтак жа шчоўкаць ёю на зубах, як і іншыя.
Ён прапанаваў пажаваць і Тані са шчырасцю, у якую яна не магла не паверыць. Яна нехаця ўсміхнулася яму, паказаўшы бліскучыя, як снег, зубы.
— Ці не дзякуючы гэтаму, — сказаў ён, — у вас ва ўсіх такія белыя зубы? Гэта сера добра ачышчае іх.
Усе яго словы здаліся ёй брыдкімі.
— Так, дзякуючы гэтаму, адчапіся ад мяне! — сказала яна.
Ён прамаўчаў і ўсміхнуўся.
Ён глянуў на яе светлымі, як лёд, вачыма, і Таня ўпершыню ўбачыла, што позірк іх упарты.
Ці была гэта сапраўдная сварка, Таня не магла вырашыць, але менавіта з той пары пачалася іх варожасць, і гэты хваравіты хлопчык пачаў займаць яе думкі болей, чым у першыя дні.
У выхадныя дні Таня абедала ў бацькі.
Яна праходзіла ля гарадскога гаю, што недалёка ад яе дома, і выходзіла на дарогу, якая вяла да крэпасці. Дарога не была прамая. Яна бегла берагам, зварочвала то ўправа, то ўлева, нібы штохвіліны заглядвалася на раку, якая, расштурхаўшы ў розныя бакі горы, слалася пад ёю далёка.
Таня ішла нетаропка, часта аглядваючыся на раку. Калі на дарозе было ціха, яна слухала шыпенне гліняных камлыг, што аселі пад берагам у ваду. І сабака яе таксама прыслухоўваўся да гэтага гуку. Ён хадзіў за ёй усюды.
Так праз паўгадзіны яны паволі падыходзілі да бацькавага дома.
Дом быў крайні з усіх, дзе жылі камандзіры. Акропленае вапнай каменне ўсцілала дарожку, але і скрозь вапну выбівалася трава, крыху пабеленая на кончыках сваіх пёрак. Тут было ціха. І шкляныя дзверы былі заўсёды адчынены. Праз гэтыя шкляныя дзверы Таня заходзіла ў хату, а сабака заставаўся ля дзвярэй. Як часта Таня хацела сама застацца ля дзвярэй, а сабака каб увайшоў у дом!
А між тым у гэтым доме ўсе былі з ёю ласкавыя. Надзея Пятроўна першая сустракала Таню на парозе. Ціхая, простая ў абыходжанні, з мілым тварам, яна кратала Таню за плячо ці цалавала ў галаву, кожны раз паўтараючы: