Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
Шрифт:
— Тата, — сказала раптам Таня, — а праўда, што селядцы ў моры салёныя? Так гаварыў мне Коля. Ён зусім не прызнае заалогіі.
— Што такое? Не разумею, — спытаў бацька.
Коля перастаў есці. Ён выцер губы і правёў рукой па сваім здзіўленым твары. Ён ніколі не гаварыў так. Аднак здзіўленне яго хутка знікла, як толькі ён успомніў, што яшчэ раніцай рашыў не здзіўляцца, што б ні было — ні таму, што зробіць, ні таму, што скажа Таня.
І праз момант ён зноў спакойна і нерухома глядзеў на Таню чыстымі вачыма, у якіх, нібы
— Так, не прызнаю, — сказаў ён. — Што гэта за навука: у кошкі чатыры нагі і хвост.
Лоб і шчокі Тані пачырванелі. Яна добра ведала, пра якую кошку ён гаворыць.
— А што ты любіш? — спытала яна.
— Матэматыку люблю… Калі дзве акружнасці маюць агульную кропку, то… Літаратуру люблю, — дадаў ён, — гэта навука пяшчотная.
— Пяшчотная, — паўтарыла Таня.
І хаця душа яе была схільна да мастацтва і сама яна любіла і Дзікенса і Вальтэра Скота і яшчэ болей любіла Крылова і Гогаля, аднак з пагардай сказала:
— А што гэта за навука: «Асёл убачыў салаўя»?
Так размаўлялі яны, не смеючыся з уласных жартаў, з вачыма, поўнымі пагарды адзін да аднаго, пакуль бацька, які не мог зразумець іх спрэчкі, не сказаў:
— Дзеці, не гаварыце глупства, я вас перастаю разумець.
А Таніна галава круцілася, моцна стукала ў вушах. Яна хацела есці. Голад мучыў яе. Ён разрываў ёй грудзі і мозг і пранікаў, здавалася, у кожную кроплю крыві. Яна закрыла вочы, каб не бачыць ежы. Калі ж яна адкрыла іх, то ўбачыла, што са стала ўжо прыбіраюць. Прыбралі міску з пельменямі, прыбралі хлеб і соль у шкляной сальніцы. Толькі яе талерка ўсё яшчэ стаяла на месцы. Але і па яе пацягнулася ўжо Надзея Пятроўна. Таня міжволі прытрымала талерку рукой і тут жа пракляла сваю руку.
— Ты што? — спытала Надзея Пятроўна. — Можа, пакінуць пельмені табе?
— Не, не, я толькі хацела даць сабаку некалькі штук. Можна?
— Зрабі ласку, — сказаў бацька, — аддай хоць усю талерку, гэта ж усё тваё.
Таня, пачапіўшы на відэлец некалькі халодных пельменяў, выйшла на ганак. І тут, прысеўшы на кукішкі перад старым сабакам, яна з'ела іх адзін за адным, амываючы слязьмі кожны.
Сабака, нічога не разумеючы, гучна брахаў. І гэты гучны брэх перашкодзіў Тані пачуць крокі за спіной.
Бацькавы рукі раптам леглі ёй на плечы. Якім пільным позіркам паглядзеў ён ёй у вочы і на яе вейкі! Не, яна і не плакала зусім.
— Я ўсё бачыў праз гэтыя шкляныя дзверы, — сказаў ён. — Што з табой, родная Таня? Якое ў цябе гора?
Ён падняў яе над зямлёй і патрымаў так, быццам уласнымі рукамі хацелася яму ўзважыць, наколькі цяжкое яно, гора дачкі. Яна паціхеньку аглядвала яго. Ён здаваўся ёй яшчэ вельмі далёкім і вялікім, як тыя дрэвы ў лесе, якія яна не магла адразу ахапіць вачыма. Яна магла толькі дакрануцца да іх кары.
І Таня лёгенька прытулілася да бацькавага пляча.
— Скажы мне, што з табой, Таня, можа, я дапамагу. Раскажы, што цябе радуе, аб чым ты смуткуеш і пра што ты думаеш цяпер.
Але яна яму нічога не сказала, таму што думала так:
«Ёсць у мяне маці, і дом у мяне ёсць, і абед, і нават сабака і кошка, а вось бацькі няма».
Хіба магла яна сказаць яму гэта, седзячы ў яго на каленях. Хіба, сказаўшы яму гэта, не прымусіла б яна яго змяніцца ў твары, можа, нават пабляднець, як не бляднеў ён перад самым страшным штурмам — смелы чалавек?
Але ў той жа самы час хіба магла яна ведаць, што цяпер — і калі спіць, і калі не спіць — ён не пераставаў думаць пра яе, з пяшчотай вымаўляў яе імя, якое раней так рэдка ўспамінаў. Што нават у гэтую хвіліну, трымаючы яе на каленях, ён думаў:
«Сплыло маё шчасце, не гушкаў я яе на руках».
Што магла яна ведаць?
Яна толькі прытулілася да яго, прыпала да грудзей.
Хаця была і не вясна, а ганак вільготны ад халодных дажджоў і целу холадна пад лёгкай вопраткай, але і ў познюю восень, у гэты час, Тані было цёпла. Яна сядзела з бацькам доўга, пакуль над дарогай у крэпасць, над пабеленым вапнай каменнем, над хатай са шклянымі дзвярыма запаліліся яе родныя сузор'і.
X
І дрэва можна лічыць істотай даволі разумнай, калі яно ўсміхаецца табе вясной, апранутае лісцем, калі яно гаворыць табе: «Добры дзень», калі ты раніцай прыходзіш у свой клас і сядаеш на сваё месца ля акна. І ты таксама міжволі гаворыш яму: «Добры дзень», хаця яно стаіць за акном на заднім двары, дзе складваюць дровы для школы. Але праз шкло добра яго відаць.
Яно цяпер без лісця. Але і без лісця яно было прыгожае. Жывыя галіны яго імкнуліся ў неба, а кара была цёмная.
Быў гэта вяз ці ясень, альбо якое іншае дрэва, Таня не ведала, але снег, што падаў зараз, першы снег, які нібы п'яны валіўся на дрэва, чапляючыся за кару і сукі, не мог утрымацца на ім. Ён раставаў, ледзь дакрануўшыся да ягоных галін.
«Значыць, і па ім імкнецца цяпло, такое ж, як і па мне», — думала Таня і ціхенька ківала яму.
А Коля адказваў урок. Ён стаяў ля дошкі перад Аляксандрай Іванаўнай і расказваў пра старую Ізергіль.
Яго твар быў кемлівы. З-пад крутога лба глядзелі вясёлыя і ясныя вочы. І словы, што зляталі з яго вуснаў, былі заўсёды жывыя.
Настаўніца з задавальненнем думала пра тое, што гэты новы хлопчык пасябруе з класам.
— А я бачыў Горкага, — сказаў ён нечакана і моцна пачырванеў, бо ніводнай кроплі пахвальбы не выносіла яго душа…
Дзеці зразумелі яго няёмкасць.
— Раскажы! — закрычалі яны.
— Вось як! — сказала і Аляксандра Іванаўна. — Вельмі цікава! Дзе ж ты бачыў яго? Можа, ты гаварыў з ім?
— Не, я бачыў яго толькі з-за дрэў у садзе. Гэта было ў Крыме. Але я дрэнна памятаю. Мне было дзесяць гадоў, калі мы з татам прыехалі туды.