Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
Шрифт:
У яго былі сівыя валасы на скронях, хаця ён быў не стары, і тонкі голас, які ўразіў яе.
Яна толькі баялася, каб ён не спытаў яе, ці любіць яна Лушкіна і ці падабаюцца ёй яго ўласныя кнігі.
Але ён ні пра што не запытаўся. Ён толькі сказаў:
— Дзякуй табе, дзяўчынка. Што ты будзеш рабіць з мышаняткам?
І хаця многія чулі, што пісьменнік нічога асаблівага не сказаў, але клопатаў праз яго было ўсім нямала.
Як добра бывала раней, калі раз у дзесяць дзён Аляксандра Іванаўна па вечарах, пасля заняткаў, займалася
Яны сядалі за доўгі стол у піянерскім пакоі, а Аляксандра Іванаўна сядала ў крэсла. Яна рабілася нібыта зусім іншай, чым у класе, нібы з далёкага падарожжа прыплывала да іх на нябачным караблі. Яна клала падбародак на свае пераплеценыя пальцы і пачынала раптам чытаць:
Когда волнуется желтеющая нива И свежий лес шумит при звуке ветерка…Затым падумае крыху і скажа:
— Не, не гэта хацела я вам сёння прачытаць. Лепш паслухайце вось што:
И он к устам моим приник И вырвал грешный мой язык. И празднословный, и лукавый, И…Ах, дзеці, я так хачу, каб вы зразумелі, якім цудоўным бывае паэтава слова, якім чароўным сэнсам напоўнена яно!
А Філька нічога не разумеў і гатовы быў без жалю вырваць свой язык, які толькі і рабіў, што калаціўся без толку аб зубы, дапамагаючы яму жаваць усё, што ні трапляла ў рот, а ніводнага такога верша скласці не мог. Але затое ён выдатна гаварыў, як кітаец, што стаяў на рагу з ліпучкамі.
«І мала-мала ёсць, — гаварыў ён, — і худа ёсць, і шыбка харошо».
Усе смяяліся з яго.
Потым Жэня чытала вершы пра пагранічнікаў, а Таня — апавяданні. Коля ж заўсёды ўсё крытыкаваў раўнадушна, жорстка і сам нічога не пісаў — ён баяўся напісаць дрэнна.
Але зусім нядаўна, некалькі дзён назад, Таня прачытала ім сваё апавяданне пра маленькае мышаня, якое пасялілася ў рукаве старога футра. Яно жыло там доўга. Але аднойчы футра вынеслі з кладоўкі на мароз, і ўпершыню мышаня пабачыла снег. «І як толькі людзям не сорамна таптаць яго, — падумала мышаня, — гэта ж цукар!» — і выскачыла з рукава. Беднае мышаня! Як яно цяпер будзе жыць?
У гэты раз Коля не сказаў нічога благога. Яго маўчанне Таня прыняла за пахвалу і цэлы дзень і ўсю ноч, нават у сне, адчувала шчасце. А раніцай парвала апавяданне і выкінула.
«Няўжо, — думала яна, — нават не пахвала, а маўчанне гэтага дзёрзкага хлопчыка можа зрабіць мяне шчаслівай?»
Але сёння на занятках было зусім інакш.
Дзіўныя турботы апанавалі іх. Дзе дастаць кветак, каб падарыць іх увечары пісьменніку? Дзе ўзяць іх зімой, пад снегам, калі нават звычайны хвошч на балоце, калі нават апошняя траўка ў лесе не засталася жывой?
Усе думалі пра гэта. Таня думала, але нічога не магла прыдумаць — у яе болей не было кветак.
Тады таўсташчокая Жэня сказала (яна заўжды гаварыла карысныя рэчы):
— У нас дома, у гаршках, расцвілі царскія кучары.
— І ў нас, — разам сказалі дзяўчынкі, — зацвілі кітайскія ружы і фуксіі.
— У нас… — сказаў Філька і ў той жа момант змоўк, таму што яго гаспадыня не трымала кветак у хаце. Яна трымала свінню, якую яго сабакі, чаго б гэта ні каштавала, хацелі разарваць на кавалкі.
Такім чынам, назбіралі шмат кветак. Але хто ж аддасць іх яму? Хто пры ўсіх, у вялікай школьнай зале, дзе будуць ярка гарэць сорак лямпаў, падымецца на драўляную сцэну, і пацісне пісьменніку руку, і скажа: «Ад імя ўсіх піянераў…»
— Няхай гэта зробіць Таня! — выгукнуў Філька мацней за іншых.
— Хай Жэня, — сказалі дзяўчынкі. — Гэта ж яна прыдумала, як сабраць кветкі.
І хаця яны мелі рацыю, але ўсё ж хлопчыкі спрачаліся з імі. Толькі Коля маўчаў.
І ўсё ж калі абралі Таню, а не Жэню, ён прыкрыў вочы рукой. І ніхто не зразумеў, што ён гэтым хацеў сказаць.
— Значыць, — сказала Аляксандра Іванаўна, — ты ўзыдзеш на трыбуну, Таня, падыдзеш да госця, паціснеш яму руку і потым падасі кветкі. Ты скажаш яму тое, што мы тут вырашылі. Памяць у цябе добрая, больш я цябе вучыць не буду. Да пачатку засталося нямнога. Вазьмі кветкі.
І Таня выйшла, трымаючы кветкі ў руках.
«Вось яна справядлівасць! Вось сапраўдная ўзнагарода за мае ўсе крыўды! — думала Таня, прыціскаючы да сябе кветкі. — Не хто іншы, а я пацісну вядомаму пісьменніку руку, і аддам кветкі, і буду глядзець на яго, колькі захачу. І калі-небудзь потым, як пройдзе многа-многа часу — гадоў так праз пяць, — і я змагу сказаць сябрам, што пабачыла штосьці на свеце».
Яна ўсміхалася ўсім, хто падыходзіў да яе блізка. Яна ўсміхалася і Жэні, не заўважаючы яе злосных позіркаў.
— Дзіўна, чаму ўсё-такі выбралі Таню Сабанееву, — сказала Жэня сябрам. — Я не гавару пра сябе — я не ганарлівая і мне гэта зусім не трэба, — але лепш было б выбраць Колю. Ён разумнейшы за яе. А зрэшты, хлопчыкаў лёгка зразумець. Яны выбралі яе таму, што ў яе прыгожыя вочы. Нават пісьменнік штосьці сказаў пра іх.
— Ён назваў іх толькі шэрымі, — сказаў Коля, смеючыся. — Але ты, Жэня, сказала праўду. Яны прыгожыя. І ты, відаць, хацела б, каб у цябе былі такія вочы?
— Чаго-чаго, а гэтага не! — сказала Жэня.
Таня болей не слухала. І кветкі, што трымала яна ў руках, здаліся ёй цяжкімі, як каменнымі. Яна кінулася бегчы міма класаў, міма вялікай залы, дзе, рассаджваючыся, грымелі крэсламі.
Яна збегла па лесвіцы і ў пустой цьмянай раздзявальні спынілася, задыхаючыся. Яна яшчэ не ведала ўсяго красамоўства зайздрасці, яна была такая слабая.
«Ці магчыма, каб яна так гаварыла пра мяне? Гэта ж было б недастойна мяне, піянеркі. Няхай шчасце не ўсміхаецца мне. Ці не лепш зусім адмовіцца, чым слухаць такія словы?»