Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
Шрифт:
Ногі не трымалі яе.
«Не, гэта ўсё няпраўда! — сказала яна сабе. — Усё гэта глупства».
А ўсё-такі ёй захацелася пабачыць свае вочы. У раздзявальні, дзе, нібыта на лясной прагаліне, заўсёды панавала змрочнае святло, было ціха ў гэтую гадзіну. Вялікае старое люстра, нахіленае злёгку наперад, стаяла ля белай сцяны. Яго чорная лакіраваная падстаўка заўсёды ўздрыгвала ад крокаў школьнікаў, калі яны прабягалі міма. І тады люстра таксама рухалася. Нібы светлае воблака, праплывала яно наперад, адлюстроўваючы мноства дзіцячых твараў.
Але зараз яно стаяла нерухома. На падстаўцы стаялі чарніліцы, толькі што вымытыя вартаўніком.
Асцярожна абышоўшы бутэльку, што стаяла на падлозе, Таня падышла да люстра. Яна азірнулася — вартаўніка не было бачна — і, паклаўшы на падлюстэрнік локці, наблізіла свой твар да шкла. З глыбіні яго, больш светлай, чым навакольны змрок, глядзелі на Таню шэрыя, як у маці, вочы. Яны былі адкрытыя, роўны бляск пакрываў іх паверхню, а ўглыбіні хадзілі лёгкія цені, і здавалася, што ў іх не было дна.
Так стаяла яна некалькі секунд, здзіўленая, як лясны звярок, што ўпершыню пабачыў сваё адлюстраванне. Потым цяжка ўздыхнула:
— Не, якія ж гэта вочы!
З пачуццём жалю Таня адсунулася назад і распрамілася.
І адразу ж, нібы паўтараючы яе рух, хіснулася на падстаўцы люстра, вяртаючы Тані яе вочы. А бутэлька з чарнілам раптам нахілілася наперад і пакацілася, зазвінеўшы аб пустыя чарніліцы.
Таня хутка працягнула руку. Але, як жывая істота, бутэлька вывернулася і пакацілася далей. Таня хацела злавіць яе на ляту, нават дакранулася пальцамі. Але бутэлька коўзалася, выкручвалася, як спрут, выкідваючы чорную вадкасць. Яна звалілася на падлогу нават не вельмі звонка, хутчэй з гукам гліны, што абрываецца з берага ў ваду.
З Таняй здарылася тое, што хоць раз у жыцці здараецца з кожнай дзяўчынкай, — яна разлівае чарніла.
— Вось гора! — усклікнула Таня.
Яна адскочыла, падняўшы левую руку, у якой увесь час трымала кветкі. Усё ж некалькі чорных кропель блішчала на кволых пялёстках кітайскіх руж. Але другая рука! Таня з адчаем круціла ёю перад вачыма, паварочваючы далоняй то ўверх, то ўніз. Да самага згібу кісці яна была чорная і страшная.
— Цікава!
Так блізка ад яе быў гэты вокліч, што ёй падалося, нібы яна сама сказала гэтае слова. Яна хутка ўскінула галаву. Перад ёй стаяў Коля і таксама пазіраў на яе руку.
— Цікава, — паўтарыў ён, — як ты цяпер паціснеш пісьменніку руку. Дарэчы, ён ужо тут і сядзіць зараз у настаўніцкай. Усе сабраліся. Аляксандра Іванаўна паслала мяне па цябе.
Секунду Таня стаяла нерухома, і ў вачах яе, якія толькі што глядзелі ў люстру з цікавасцю, цяпер была пакута.
Проста дзіва, як ёй не шанцуе!
Яна падала яму кветкі. Яна хацела сказаць: «Вазьмі ў мяне і гэта. Няхай іх паднясе Жэня. У яе ж таксама добрая памяць».
І ён забраў бы гэтыя кветкі і, напэўна, разам з Жэняй пасмяяўся б з яе.
Таня жвава адвярнулася ад Колі і памчалася далей паміж радоў дзіцячых футраў, што суправаджалі яе, нібы строй нерухомых сведак. Ва ўмывальніку яна знайшла ваду. Яна выліла яе ўсю да апошняй кроплі.
Яна церла руку пяском, але рука заставалася чорнай.
«Усё роўна ён скажа! Ён раскажа Аляксандры Іванаўне. Ён скажа Жэні і ўсім».
Значыць, яна не выйдзе сёння на сцэну, не падорыць кветак і не пацісне пісьменніку руку.
Проста дзіва, як не шанцуе ёй з кветкамі, якія яна так любіць! То аддае іх хвораму хлопчыку, а той аказваецца Колем, і зусім іх не трэба было яму аддаваць, хаця гэта былі звычайныя саранкі.
І зараз — гэтыя пяшчотныя кветкі, якія растуць толькі ў доме! Патрапілі б яны да другой дзяўчынкі — колькі цудоўных і прыгожых гісторый магло б з імі здарыцца! А яна павінна адмовіцца ад іх.
Таня страсянула з рукі кроплі вады і, не выціраючы яе, пабрыла з раздзявальні, не спяшаючыся нікуды. Цяпер ужо ўсё роўна!
Яна ўзышла па прыступках, абітых меднай палоскай па краі, і пайшла па калідоры, заглядваючы ў вокны, каб убачыць на двары сваё дрэва, якое парой суцяшала яе. Але і яго не было. Яно расло не тут, яно расло пад іншымі вокнамі, з другога боку. А насустрач, перасякаючы ёй дарогу, ішоў па калідоры пісьменнік. Яна ўбачыла яго, адарваўшыся на секунду ад акна.
Ён ішоў, таропка перастаўляючы ногі ў сваіх брызентавых ботах, без футра, у доўгай каўказскай кашулі з высокім каўняром, перацягнутай у таліі вузкай папружкай. І блішчалі яго сярэбраныя валасы на патыліцы, блішчаў сярэбраны пасак, і гузікаў на яго доўгай кашулі Тані было не палічыць.
Вось ён заверне за вугал калідора да настаўніцкай і знікне назаўсёды.
— Таварыш пісьменнік! — крыкнула яна з адчаем.
Ён спыніўся. Ён павярнуўся кругом, як на спружыне, і пайшоў ёй насустрач, размахваючы рукамі і зморшчыўшы лоб, нібы намагаўся загадзя ўспомніць, што трэба гэтай дзяўчынцы, якая спыніла яго на дарозе. Ці не кветкі яна прынесла яму? Як шмат, як часта дораць яму кветкі! Ён не зірнуў на іх нават.
— Таварыш пісьменнік, скажыце, вы добры?
Ён нахіліў да яе твар.
— Не, скажыце, вы добры? — з мальбой паўтарыла Таня і павяла яго за сабой у глыбіню пустога калідора.
— Таварыш пісьменнік, скажыце, вы добры? — паўтарыла яна ў трэці раз.
Што ён мог адказаць на гэта дзяўчынцы?
— Чаго ты хочаш, дружок?
— Калі вы добры, то прашу вас, не падавайце мне рукі.
— А хіба ты зрабіла што-небудзь благое?
— Ды не, не тое! Я хацела сказаць другое. Я павінна паднесці вам кветкі, калі вы скончыце чытаць, і сказаць ад імя ўсіх піянераў дзякуй. Вы пададзіце мне руку. А як я вам падам? Са мной здарылася няшчасце. Паглядзіце.
І яна паказала сваю руку — худую, з доўгімі пальцамі, усю выпацканую чарнілам.
Ён сеў на падаконнік і зарагатаў, прыцягнуўшы Таню да сябе.
Смех яго ўразіў яе яшчэ болей, чым голас, — ён быў яшчэ танчэйшы і звінеў.
Таня думала:
«Ён, напэўна, добра спявае. Але ці зробіць ён тое, што я прашу?»
— Я зраблю так, як ты просіш, — сказаў ён ён.
Ён пайшоў, пасмейваючыся і размахваючы рукамі на свой асаблівы манер.
Гэта была вясёлая хвіліна ў яго доўгім падарожжы. Яна прынесла яму задавальненне, і на сцэне ён быў таксама вясёлы. Ён сеў бліжэй да дзяцей і стаў чытаць ім, не дачакаўшыся, пакуль яны сціхнуць. Яны перасталі. Таня, якая сядзела блізка, увесь час слухала яго з удзячнасцю. Ён чытаў ім пра развітанне сына з бацькам — вельмі горкае развітанне, дзе кожны ішоў выконваць свой абавязак. І дзіўна: яго тонкі голас, які так уразіў Таню, гучаў цяпер у яго кнізе інакш. У ім чулася цяпер медзь — звон трубы, на які адгукаліся камяні, — усе гукі, якія Таня любіла болей, чым гукі струны пад ударамі пальцаў.