Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне
Шрифт:
Таня ўскочыла на ногі, ледзь крануўшыся масткоў — такая яна была лёгкая.
Яна саскочыла на бераг, увайшла ў ваду, і рака надзьмула яе сукенку — яна стала падобная на лясную кветку. Кошка таксама скочыла ў ваду. А Коля застаўся на месцы.
Таня выцягнула руку і ўзяла кацяня ў далонь. Яно стала меншае за пацука. Рыжая поўсць яго вымакла, яно ледзь дыхала.
Таня паклала кацяня на камень, і кошка аблізала яго.
А Коля ўсё стаяў на месцы.
— Ты знарок скінуў яго ў раку! Я сама гэта бачыла! — крыкнула Таня сярдзіта.
Коля
«Можа, ён баязлівец», — падумала Таня.
І тады яна прытупнула на яго нагой.
Але і гэта не заставіла яго зварухнуцца. Ён не мог вымавіць ні слова — настолькі быў здзіўлены.
Таня кінулася прэч ад яго. Яна бегла па сцяжынцы ўгору, і калені яе абдымала мокрая сукенка.
Коля дагнаў яе на самай вяршыні гары, каля рыбацкіх дамоў, і тут, задыхаючыся, узяў яе за руку.
— Таня, — сказаў ён, — павер мне, я не хацеў… гэта выпадкова. Кацяня само ўпала ў ваду.
— Пусці мяне, — сказала яна, вырываючыся. — Я больш не буду лавіць! Я пайду дахаты!
— Тады і я пайду.
Ён адпусціў яе руку і ступаў шырока, каб не адставаць.
— Не хадзі за мной! — крыкнула Таня.
Яны спыніліся ля высокага каменя, што падпіраў хацінку рыбака.
— Але ты прыйдзеш да нас абедаць? — спытаў Коля. — Сёння выхадны. Тата будзе цябе чакаць. Ён скажа, што я пакрыўдзіў цябе.
— Вось чаго ты баішся! — сказала Таня, прыхінуўшыся да высокага каменя.
— Не, ты не так зразумела мяне. Я люблю тату, а ён будзе засмучаны. Вось што ты павінна зразумець. Я не хачу, каб тата…
— Маўчы, — сказала яна, — я добра цябе зразумела. Я не прыйду сёння абедаць. Я больш ніколі да вас не прыйду.
Яна павярнула налева, і сцяна рыбаковай хаты адразу ж закрыла яе.
Коля сеў на камень — яго ўжо нагрэла сонца, ён быў сухі і цёплы, і толькі ў адным месцы цямнела сырая пляма. Гэта мокрая сукенка Тані кранулася каменя і пакінула на ім свой след.
Коля пакратаў яго.
«Дзіўная дзяўчынка Таня, — падумаў ён таксама, як і Філька. — Ці не думае яна, што я баязлівец? Дзіўная дзяўчынка, — рашыў ён цвёрда. — Хіба можна здзіўляцца таму, што яна зробіць ці скажа?»
І, зноў паклаўшы руку на камень, ён задумаўся.
А Філька нічога не бачыў. Ён сядзеў за мыском на гліне і цягаў гусцёрак — плоскіх рыбак з чорнымі вачыма — і выцягнуў карпа з вялікай галавой, якога тут жа каменем забіў на пяску.
Пасля гэтага ён вырашыў адпачыць. Зірнуў на масткі. Дзве вуды гойдаліся над вадой, лёскі былі туга напятыя — на іх хадзіла рыба, — але нікога паблізу не было — ні Колі, ні Тані.
І крамяністая сцежка бязлюдная.
Ён паглядзеў таксама ўверх, на горы. І над гарамі хадзіў толькі вецер, таксама пустэльны, які не наганяў нават асенніх воблакаў.
Толькі адна кошка з кацянятамі валаклася з прыстані ўгору.
IX
І ўсё-такі Таня прыйшла абедаць. Яна паднялася на ганак з шклянымі дзвярыма і рэзка адчыніла іх, шырока расхінуўшы перад сабой, а сабака, як заўсёды, застаўся на ганку.
Таня гучна ляснула дзвярыма. Урэшце, гэта яе права прыходзіць, калі ёй захочацца, у гэты дом. Тут жыве яе бацька. Яна ходзіць да яго. І няхай ніхто не думае, што дзеля каго-небудзь альбо дзеля чаго-небудзь іншага, напрыклад, дзеля піражкоў з чаромхай.
І Таня яшчэ раз стукнула дзвярыма, яшчэ мацней, чым да гэтага.
Дзверы зазвінелі і запелі шкляным голасам.
Таня зайшла і села на сваё месца за сталом. У доме ўжо абедалі, і на стале стаяла поўная міска з пельменямі.
— Таня! — узрадаваўся бацька. — Ты прыйшла? А Коля сказаў, што не прыйдзеш сёння. Сядай хутчэй і еш. Еш як след. Цёця Надзя зрабіла сёння для цябе пельмені. Паглядзі, як Коля іх лоўка зляпіў.
«Вось як, — падумала Таня, — ён і гэта ўмее!»
Яна ўпарта глядзела на бацьку, на сцяну, на добрыя рукі Надзеі Пятроўны, што падавалі ёй то хлеб, то мяса, а на Колю зірнуць не магла.
Яна сядзела, нізка схіліўшыся над сталом.
Коля таксама сядзеў на сваім месцы, унурыўшыся, увабраўшы галаву ў плечы. Аднак вусны яго моршчыліся ад усмешкі.
— Тата, — сказаў ён, — навошта ты сказаў Тані, што я зляпіў гэтыя пельмені? Яна іх не будзе есці.
— Хіба вы сварыліся, дзеці? — запытаў з трывогай бацька.
— Што ты, тата! — адказаў Коля. — Мы ніколі не сварымся. Ты ж сам казаў, што мы павінны быць сябрамі.
— Але, — сказаў бацька.
А Коля, перагнуўшыся праз стол да Тані, прагаварыў шэптам:
— Хто ж гэта казаў мне, што сёння не прыйдзе абедаць?
Таня адказала яму ўголас:
— Я зусім не прыйшла абедаць. Я не хачу есці. Не, не, я зусім не хачу есці! — гучна паўтарыла яна бацьку і яго жонцы, якія разам загаварылі з ёй.
— Як жа гэта ты не хочаш есці? — разгублена запытаўся бацька яшчэ раз. — А пельмені?
— Дзякуй, я паабедала з мамай.
— Не прасі яе, тата, у трэці раз, — сказаў насмешліва Коля, — яна ўсё роўна не будзе есці.
— Шкада, — пашкадаваў бацька, — не хоча — дык не будзе. А дарма: пельмені такія смачныя!
Вядома, яны былі смачнымі, гэтыя кавалачкі празрыстага цеста, напханыя ружовым мясам, якія гэтыя недарэкі паліваюць воцатам. Хто ж палівае іх воцатам — неразумныя людзі! Іх ядуць з малаком, і пасыпаюць зверху перцам, і глытаюць, як чароўны агонь, які імгненна ажыўляе кроў.
Думкі Тані праносіліся ў галаве як маленькія віхуры, хаця сама яна строга глядзела ў сваю талерку, дзе стылі пельмені. І галава яе ціха круцілася, таму што дома яна не пад'ела і таму што ў яе былі здаровыя плечы, моцныя рукі і дужыя ногі, і толькі сэрца яе не знала, чаго ж яму трэба. І вось прыйшла яна сюды, як сляпая, у гэты дом, і нічога не бачыць, нічога не чуе, акрамя стуку сваёй крыві. Можа, вучоная спрэчка супакоіць яе?