Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне
Шрифт:
– Буран, буран! Куды ты? Пачакай мяне!
Але Таня ўжо не пачула яго крыкаў.
Яна сядзела на нарце вярхом, як сапраўдны паляўнiчы. Яна правiла выдатна, трымаючы напагатове каюр. I дзiўна, сабакi слухалiся яе, хаця голас яе быў iм незнаёмы.
Фiлька спынiўся. Вецер ударыў яго ў плечы i прымусiў прысесцi на лыжы. Але ён не павярнуў назад.
Ён пасядзеў крышку на лыжах, раздумваючы пра тое, што ўбачыў, пра вецер, пра Таню i пра сябе самога. I, рашыўшы, што ўсё добрае павiнна мець добры напрамак, павярнуў раптоўна ад дому i, рушыўшы на дарогу, што вяла ў крэпасць
А пакуль ён бег, сабакi яго дружна вывезлi Таню на лёд. Яна прытармазiла нарту побач з Колем, з сiлай уткнуўшы памiж палазоў доўгi каюр. I адразу сабакi палеглi, зусiм не сварачыся адзiн з адным.
Коля, хiстаючыся ад болю, цяжка ўстаў. Але ён усмiхаўся. Нават задавальненне свяцiлася на яго змёрзлым твары. Ён упершыню бачыў у запрэжцы сабак, упершыню яму даводзiлася ездзiць на iх.
– Сапраўды, гэта нядрэнна прыдумана, - сказаў ён, паглядзеўшы на лёгкую нарту, падбiтую кiтавым вусам, i на сабак, што грызлi снег па баках.
– Гэтыя сабакi не такiя злосныя, як пра гэта бесперапынку гаварыў мне Фiлька, i не такiя дужыя на выгляд. Яны не намнога большыя за нашых шпiцаў.
Але Таня, якая лепей ведала iх злосць, нястрыманы нораў i непатольную прагу свабоды, нi на крок не адыходзiла ад нарты. Толькi на момант адлучылася яна, каб асцярожна падхапiць на рукi Колю i пасадзiць яго ў санi. Потым падняла дрыжачага ад страху Тыгра, прыцiснула яго да грудзей, скокнула ў нарту i пусцiла сабак наперад.
Але якiя няўлоўныя былi пры гэтым яе рухi, i якiя дакладныя, якi пiльны быў позiрк на снег, што пачынаў сiпець i варушыцца па дарозе, i якiм нясмелым рабiўся ён, калi яна скiроўвала яго назад - на Колю.
– Табе не вельмi балiць?
– пыталася яна.
– Пацярпi, хутка прыедзем. Толькi б паспець да бурану!
Ён здзiўляўся. У яе вачах, якiя трывожна гарэлi пад абмерзлымi ад ветру вейкамi, i ва ўсёй яе iстоце бачыўся яму другi, зусiм незнаёмы сэнс. Нiбыта на гэтых дзiкiх сабаках, запрэжаных у лёгкiя санi, скрозь калючы снег, што сек скуру на твары, неслiся яны абое ў нязведаную, новую краiну, пра якую ён яшчэ нiчога не чуў.
I ён трымаўся за яе вопратку, каб не вывалiцца.
А завея ўжо займала дарогу. Яна iшла сцяной, як лiвень, паглынаючы святло i звонячы, як гром памiж скал.
I Таня, аглушаная гэтым ветрам, убачыла смутна, як ад гэтай белай сцяны, нiбы стараючыся адарвацца ад яе, ускач iмчыцца па дарозе конь. Каго ён выносiў з бурану, Таня не магла ўгледзець. Яна адчула толькi, як сабакi з лютасцю рванулiся насустрач, i закрычала на iх дзiкiм голасам. Коля не зразумеў яе крыку. Але сама яна ведала, чаму крычыць страшна: сабакi больш не слухалiся.
Нiбыта цяжкiм кап'ём, Таня пакiвала каюрам i, натужыўшы руку, з сiлай уторкнула яго ў снег. Ён увайшоў глыбока i зламаўся. Тады Таня павярнулася, i Коля на адно толькi iмгненне ўбачыў на твары яе жах. Яна крыкнула:
– Трымайся мацней за нарту!
Яна падняла Тыгра над галавой i кiнула яго на дарогу. Ён з вiскам упаў у снег.
Потым, нiбы зразумеўшы, што яму трэба рабiць, iмгненна ўскочыў i з гучным выццём панёсся побач з вупражкай. Ён апярэдзiў яе, быццам сам асуджаючы сябе на пагiбель. Сабакi заўважылi яго. Ён кiнуўся прэч з дарогi, i яны панеслiся ўслед за iм.
Конь праскакаў мiма.
"Дарагi мой, бедны Тыгр!" - падумала Таня.
Ён скакаў па цалiне высока, ён патанаў, ён задыхаўся ў снезе. Ён, можа, нават праклiнаў людзей, якiя знявечылi ягонае цела, зрабiлi кароткiмi ногi, шыю доўгай i слабай. Але ён любiў гэтую дзяўчынку, з якой разам гуляў шчанюком i вырас разам, i толькi ён адзiн састарэў. Цi ж справядлiва гэта?
А Таня прыпала да нарты, пачуўшы доўгi вiск, i хрыпенне, i стук сабачых iклаў, якi заглушаў шум ветру.
Нарта, якую не стрымлiваў больш тормаз, наляцела на сабак, паднялася, перакулiлася набок.
I сабакi памчалi ў глухую завею.
Нiхто не варушыўся: нi Таня, што ляжала побач з нартай, нi Коля, якi ўпаў нiцма, нi мёртвы Тыгр з разарваным горлам, якi глядзеў у непагоднае неба, усё было нерухомае. Рухаўся толькi снег i паветра, якое туга хадзiла туды-сюды па рацэ.
Таня першая ўскочыла на ногi. Яна нахiлiлася, падняла нарту i зноў нахiлiлася, дапамагаючы ўстаць Колю. Падзенне не ашаламiла яе. Як i раней, усе яе рухi былi няўлоўныя, моцныя, гнуткiя. Яна страсянула снег з твару спакойна, нiбыта нiчога не здарылася.
Коля ж не стаяў на нагах.
– Мы загiнем. Што я нарабiў, Таня!
– сказаў ён са страхам, i нават слёзы выступiлi ў яго на вачах, але яны змерзлiся, не паспеўшы нават скацiцца па вейках.
Коля пачаў зноў хiлiцца на бок, апускацца на зямлю. I Таня зноў падхапiла яго, стараючыся ўтрымаць.
Яна закрычала яму:
– Коля, ты чуеш, мы нiколi не загiнем! Толькi нельга стаяць на месцы занясе. Ты чуеш мяне, Коля, мiлы! Рухацца трэба!
Яна напружвала ўсе сiлы. I так стаялi яны, нiбыта абняўшыся. I завея прытулiла iх на хвiлiну ў сваiх воблаках, а потым аглушыла сваiм моцным голасам.
Таня нагой падсунула нарту блiжэй.
– Не, не, - крыкнуў Коля, - я гэтага не хачу! Я не дазволю табе мяне везцi!
Ён пачаў вырывацца, Таня абхапiла яго за шыю. Халодныя твары iх краналiся адзiн аднаго. Яна прасiла, паўтараючы адно i тое ж, хаця цяжка было вымавiць слова - кожны гук на губах памiраў ад жорсткага ветру.
– Мы выратуемся, - гаварыла яна.
– Тут блiзка. Хутчэй! Нельга чакаць.
Ён апусцiўся на нарту. Яна шалiкам сцерла з яго твару снег, агледзела рукi - яны былi яшчэ сухiя - i моцна завязала ля кiсцi шнуркi яго рукавiц.
Учапiўшыся за абрывак вяроўкi, Таня пацягнула нарту за сабой. Высокiя хвалi снегу кацiлiся ёй насустрач - заступалi дарогу. Яна падымалася на iх i зноў апускалася i ўсё iшла i iшла наперад, плячыма рассоўваючы густое, увесь час рухлiвае павегра, якое пры кожным кроку адчайна чаплялася за вопратку, як калючкi паўзучых траў. Яно было цёмнае, поўнае снегу, i нiчога скрозь яго не было бачна.
Часам Таня спынялася, вярталася да нарты, штурхала Колю i, нягледзячы нi на якiя яго пакуты i скаргi, прымушала зрабiць дзесяць крокаў наперад. Дыхала яна цяжка. Увесь твар яе быў мокры, i вопратка цвярдзела - пакрывалася тонкiм лёдам.