Дзярлiвая птушка
Шрифт:
— Мой ты добранькi Тапсiчак, — пяшчотна прамовiў, гладзячы сабаку, ударыў цабе гэты паскудны хлыст…
Як толькi хлапец выбраўся з Гараваткi на чыстае поле, нацянькi праз збажыну бегма кiнуўся ў кiрунку Лiтоўцаў. Мала дзе каторая хата сьвяцiлася вокнамi. Летам ашчаджалi людзi газу, завiдна намагалiся дагледзець гаспадаркi. Сяньня-ж тым больш не было патрэбы, бо шмат хто быў на йгрышчы.
Шпарка бягучы, Янук нiчога ня думаў. Ды калi-б i думаў, то невядома цi прыйшло-б яму ў галаву, што ўночы жывы чалавек у Гараватцы ёсьць больш небясьпечным, чымся якая ўяўная нечысьць. Хлапец быў паглынуты ймкненьнем, каб якнайхутчэй забегчы
Калi дабег да лекаравага двара й адчынiў скрыпучыя вароты, голасным брэхам залiўся доктараў Мурза. Тапсiк падскочыў да яго, сабакi пачалi нюхацца. Янук адчынiў другiя вароты й ужо быў ля свае хаты. На вулiчнай лаўцы ў цеменi разпазнаў сваiх бацькоў. Яны гаманiлi паўголасам.
— Гэта ты, Янучок? — спытала мацi.
— Так, мама. А што?
— Ды мы нi спадзявалiся. Ждалi ўчорака, ажно як нi было…
— Нi пусьцiў, - сказаў Янук з крыўдай у голасе.
— Iж ты яго, — буркнуў бацька. — Чаму-ж гэта?
— А чорт яго знаiць, — адказаў хлапец. — Ну, што тут у вас?
— Нiчога такога. Ты вячэраў?
— Так, на хаду. Ну дык я пайду, — памкнуўся ўжо адыходзiць Янук.
У гэты час падбег Тапсiк.
— А чаму-ж сабака кульгаiць? — заўважыў бацька.
— Ды гэты хлыст ударыў яго, нi знаю, камянём цi чым.
— Хлыст? Калi гэта?
— Ну от цяперака.
— А дзе-ж ты яго вiдзiў?
— У Гараватцы, дзе-ж…
— Ён цяперака ў Гараватцы? Ты нi манiш?
— Чаго буду манiць… кажу, што на свае вочы вiдзiў.
— Дык гэта ён, мусiць, тамака iз Косьцiкам Сабакевiчам, — сказала мацi.
— Ты яго самога толькi спаткаў цi яшчэ каго? — перапытаў бацька.
— Самога. Але мне выдалася, што чуў гаворку. Быў нехта другi, мусiць.
— Дык пэўна Косьцiк там зь iм, — сказала тонам, што не пакiдаў нiякага сумлеву, мацi.
— Чаму гэта iкраз Косьцiк? Адкуль там ён? — дамагаўся пастух.
— А ты ня чуў?
— Што чуў?
— Што сягоньнiка на фэсьця ў Гацях нехта бальшавiцкiя ахвiшкi параскiдаў…
— Так? — зьдзiвiўся Янук. — А мне-ж гэтыя, каб iх халера, доктаравы нiчога не сказалi.
— Так i ведай, што гэта Сабакевiчавых рук нi мiнула.
— Глядзi ты што. Дзiва, што Лявон так на мяне сыкнуў. Ну, ды я пабягу, бо ўжо позна.
— Янучок!
— Чаго?
— Iдзi, хоць штаны й кашулю пiрадзень, а то як ты ў латаных на людзкое вока…
— Адзе-ж яны?
— Я табе зараз дам.
Пайшлi з маткай у хату. Было там душна й цёмна. Упоцемку ўмiг зьмянiў Янук вопратку й вышмыкнуў на вулiцу.
— Янук! — гукнуў бацька.
— А што, тата?
— Ты-ж глядзi тамака нi кажы нiкому, што ў Гараватцы хлыста вiдзiў. Чаго добрага, бяда прычэпiцца, — папярэдзiў Пракоп Бахмач на дарогу сына.
— Што я дурны?! — адгукнуўся хлапец i шыбнуў у глыб вёскi.
IV
Косьцiк Бурак, пазьней празваны Сабакевiчам, быў сынам гаспадарлiвага серадняка. Бацька Паўлюк меў ладны кавалак урадлiвае зямлi, прыдзелены ў часе выхаду вёскi на хутары пры самым лiтоўскiм балоце.
— Гэта каб на добрае, — мяркаваў цi раз Паўлюк, — дык жыць-бы, пажываць ды песенкi пiяць…
Адылi немач у ягоную хату панадзiла. Кволае жончына здароўе яшчэ больш шванкавала пасьля таго, як Кастусь на сьвет зьявiўся. Хацеў, казалi, Паўлюк абавязкова, каб i другое, ды слабая Паўлючыха вынасiць не магла.
Калi-б пацягнулi вы за язык (хоць цi патрэбна гэта было) найбольшую вясковую пахатуху, дзябёлую Кмiтаву Аўдолю, яна зусiм-бы йнакш i пасвойму ўсе прычыны Паўлючышынай немачы, як на стол, для яснасьцi перад вамi магла-б выкласьцi.
— А ягодка-ж мая, а любая — барабанiла цi раз Аўдоля на вуха каторай кабеце, што слухаць хацела, — гэта-ж загнаў-зацягаў Бурак саўсiм сваю Матрону. Глядзiш i нi аглядзiсься, як у магiлу загонiць. Нi жартачкi-ж гэта: дзе нi глянеш, дык усюды яна ў тры пагiбелi скорчыўшыся — яна й на полi, i пры печы, i за прасьнiцай, i зь сярпом, яна й за кроснамi, i пры малатарнi, i з траплом, i пры мялiцы. Яно-ж сабе й другiя бабы лынды ня б'юць i цяжка працуюць, алi-ж ёй, дык ужо пiразь сiлы прыходзiцца. Можа й ня грэх быў-бы Паўлюку, каб аж чатурох кароў, сьвiней поўны хлеў нi гадаваў, кабаноў вялiкiх, як горы, нi выкармлiваў. А ты-ж iм навары, намiшай, ды нацiгай у карыты — дух зь цябе вон! А хто-ж гэта, ягодка родненькая, за ўсiм даглiдаiць? Га? Сам нябось нi пiрапрацуецца, рыла вунь якое адпасьвiў! А Божа-ж мой, якi гэта прагавiты й нiнасытны чалавек. Цi раз казала я ўжо, што для яго скацiна жонкi даражэй. Гэта-ж нявiдана-няслыхана. Такi жадны-прагавiты й такi скупiньдзя, што, каб ён на калiва наняў, а ўсю працу на жончын карак толька. Сам, дык, нябось, улегцы. Дзiва, што Матрона занiмагаiць часта. Зялезнае здароўе, ягодка, трэба мець, каб iз усiм, як iна, справiцца. Бедная ў горы вочы выплакала, як шчэпка высахла, у тры пагiбелi скорчылася, сухоты нажыла. А цi-ж гэта ёйныя гады так зараньня ў магiлу лезьцi, га?
Па засвоенай практыцы, перасольваць i размалёўваць Аўдоля любiла, але ў гаворцы пра Буракоў вялiкая доля праўды была. Хiтры й прагавiты быў Паўлюк. Хоць ростам здаравенны гаргарына быў, але ня з тых, што ў працы панатужацца. Сам зь сям'i беднай i шматдзетнай, ад бацькi пару лысых неўрадлiвых гактараў зямлi пры дзяльбе атрымаў. Адно й мецiў, як на людзкую гаспадарку ўзьбiцца. Прыцюцькаўся быў да Матроны, што ў суседняй вёсцы ў бацькi адзiночкай расла. Паўлюк на пасагу вока трымаў. Казалi, што прыляпiўся да дзяўчыны, як тая смала, дый шмат iншых заляцанцаў, што на Матронiна дабро, як мухi на лiпкае ляцелi, ад яе адбiў. Калi-ж Матрона за яго выйшла, купу багацьця ў сямейную супалку прынёсшы, не на жартачкi ўзяўся гаспадарыць Паўлюк. Нельга сказаць, каб лiшняй увагай цi любасьцяй да жонкi грашыў. У ягоных вачох жонка на тое была, каб дзяцей на сьвет вадзiла, гаспадаркi глядзела ды наагул у працы пасабляла.
Калi Паўлюк Бурак ужо цьвёрда на ногi стаў ды не апошняй маркi багатыром зрабiўся, калi можна было ўжо вальней i лякчэй у працы хадзiць, ён барзьдзей яшчэ разганяўся. Зайздрасьць да багацейшых, а поруч i прагавiтасьць расьлi без супынку. Горшаў i Буракоў характар. Раней мала каму ў дарозе спуску даваў, а цяпер i пагатоў. Жончын пасаг да рук прыбраўшы, i самую кабету пачаў, часта iз папругай у руках, да сваiх нораваў прывучаць.
Ад цямна да цямна летам пры працы Паўлючыха кешкалася, а зiмой i зусiм сьвету божага ня бачыла. Нават на жнiво шкадаваў скупiньдзя Бурак паднаняць. Калi Матрона зусiм занемагаць пачала, тады лекаваць прабаваў, ды сказалi лекары, што заавансаваным сухотам рады ўжо не дадуць. На дзявятым Косьцiкавым годзе скончылася матка.