Дзярлiвая птушка
Шрифт:
А прыгледзелiся-б вы як Лявон на працы паводзiцца — пацеха цэлая. Iдзе з такой важнецкай мiнай, дубчыкам хвоскiм па халявiне для фасону сьцёбае, працу разьмяркоўвае. Здаецца, што палкi й брыгады войска да бою ставiць. I голас Лявонаў, як трэба дзе падагнаць было, надта-ж стымулюючым быў. Добра папацелi людзi пад Шпунтовым наглядам, што й гаварыць.
Спачатку аднавяскоўцы, даведаўшыся, што Лявон такiм важным начальнiкам стаўся, надвое варажылi: а мо й лепш, што свой, мо й пасобiць калi, лiшняга адработку прыпiсаўшы. Бывала цi адзiн селянiн, гэтага новасьпечанага начальнiка сустрэўшы, шапку зьняць i дабрыдзень сказаць памкнуўся. Усё да часу. Шпунт хутка сябе добрым панскiм служакам выявiў. Людзi абмiнаць яго на дарозе пачалi.
— Нi
Меў Лявон i якасьцi, зусiм у Сабакевiча непрысутныя: адфраньцiцца ды на людзкое вока паказацца любiў. Дяўчатаў-жа любiў амаль усiх без разбору, толькi адных больш а другiх менш. З гэтай прычыны даўно прылiплi да яго дзьве мянушкi: франт i бабнiк, а пасьля ўжо й хлыст. Апошняя замацавалася ў пазьнейшы час.
Адно схiлiцца на захад сонца, глядзiш — Шпунт-Хлыст, адчыканiўшыся, у вёску дарожкай на ровары з бацькавага хутара прэ, ажно пыл ззаду курыць; блёнд-чупрына, набок зачэсаная, зь ветрам забаўляецца. Калi мiнае хату або дзе дзяўчыну ўгледзiць, да якой яму цяпер ня рупiць, наўмысьля прыкiдваецца, быццам ня бачыць яе, яшчэ больш на роварныя ступнi нацiсьне: гляньце, не да вас мне цяпер. Справы ў мяне вунь якой важнасьцi й размаху. Чалавек я наагул, казаў той, бывалы, не абы каму роўня ды й вунь якiмi вялiкiмi справамi варочаю.
Зiрнуць вясковыя жанкi, як Шпунтоў даўгi цень па вулiцы й сьценах гаспадарскiх будынкаў выкрыўляецца, дый кажуць: «Глянь, во як папёр падла! Цi не абнюхаў ужо што ў другiм месьце…»
А Шпунту-Хлысту якая да таго справа, што вясковыя жанкi языкамi меляць? На тое-ж даў iм Бог языкi даўжынi адпаведнай. У яго свае, аднаму яму толькi шпунтоўскiя справы вядомыя. Цяпун кабетам на языкi! Лявон — чалавек хаджалы, абабiты, дый кругом, казаў той, удалы; ён — зусiм непаседлiвая птушка, iнтарэсаў у яго безьлiч. Iнтарэсы гэныя яго кожны вечар у людзi гоняць, ажно бедны ровар ад уцехi з таго гону пiшчыць.
Меў адну слабасьць Лявон. Каторы ўжо год на трохрадцы пiлiкаў, граць вучыўся ды як сьлед налажыцца ня мог. Усе ведалi, што не музыка, а партач зь яго. Але Лявон думаў накш. Глядзiш, бывала, на вечарыну сваю новую, дарагую трохрадку прывалачэ, дзесь збоку воддаль ад музыкi прымосьцiцца. Калi-ж Тадэўка ад сваiх трасухаў зьняможыцца, перадыхнуць захоча, падойдзе хто з маладых — скажа Шпунту: «Заграў-бы ты, Лявон, што небудзь, танцаваць-жа рупiць.»
Любасьць пагледзець, зь якiм майстэрствам Шпунт адмаўляцца пачне.
— Гармонiк? Яно-ж сабе так, захапiў во, нiхай будзiць. Але-ж граць? Дзе-ж мне… Я-ж, праўду прызнацца, — i тут такую хвальшывую ўсьмешку зробiць, што, гледзячы, аж вам з нутра верне, — i граю нiякавата. Куды мне там, нiхай ужо другiя…
Тут яго гуртам возьмуцца хвалiць-намаўляць, нарэшце вывалакуць i на покуцi пад Хрыстом, Багародзiцай i Апрасiняй Полацкай прымосьцяць. Iз маласкрываным задавальненьнем абгледзiць «драгомiшч» свой гармонiк, пяшчотна пагладзiць яго, быццам гэта каштоўнасьць невядома якая, голасна скрыпне раз i другi, наўгад прабегшыся пальцамi па клявiшах (бачыў-жа нейдзе, што так вялiкiя майстры робяць) дый «Блакiтны Дунай» выдушваць пачне. Ажно просiцца-енчыць гармонiк, каб збавiцца ад таго Лявонава гвалту. Iдзе мiзэрна, зь перабоямi. Адылi ня так цiкава, што ён грае, але як грае, як выцiскае з трохрадкi гукi. Гармонiк сквiрчыць, як парася, людзям ад той гры аж млосна робiцца. Ды хто-ж там пасьмее дарожнаму майстру ў вочы праўду сказаць. Скрывiць ён галаву сваю так, што даўгiя валасы аж на гармонiкавы складчыны ападаюць, то правым то левым вухам сваё пiлiканьне наслухоўвае, ды прыкiдваецца, што ён такi вялiкi майстра, якому няйнакш сам Сымон Музыка мусiў-бы пазайздросьцiць. Гэтак надзьмуваецца iндык, крыльлямi крывулi навокал самiцы па зямлi выпiсваючы, калi яму ў iндычай галаве каханьне замроiцца. Цярплiвыя лiтоўскiя людзi, асаблiва-ж маладыя, даўно да такiх Шпунтовых фартэляў звыклi. Грае вунь нешта надта-ж моднае, — думалi некаторыя, — бо аж iм прасьцяком клёку ў тым цяжка дайсьцi.
Калi-б падобраму спытаўся хто Шпунта, чаму камунiзм упадабаў, чаму Сабакевiчу прапаганду памагаў шырыць, мо й адказаць ня здоляў-бы. Было, мусiць, у характары ягоным нешта такое, што таўхала на апрычонасьць ад iншых людзей. Было гэта, пэўна-ж, ня тое, што звычайна спанукае здольных i маральна здаровых да поступу, да помачы блiжнiм у бядзе; рачэй, якраз наадварот — цi не вынiк ягонае духовае паражнечы, хворага жаданьня вылезьцi з натоўпу, павысiцца над iншымi, хоць мо тымчасам i не было гэта яшчэ цалкам усьведамленае й мэтанакiраванае ймкненьне.
Як-нi-як, Лявон лiчыў сябе наўчоным, Каб — баранi вас Бог — адважылiся вы яго недавукам назваць, пакрыўдзiўся-б да сьмерцi. Асаблiва-ж пасьля атрыманьня гэнае скупа-платнае працы «драгомiшча» выявiлася й узбуйнела ў яго ненаеднае жаданьне некiм кiраваць, камандаваць, хаця-б дзеля таго толькi, каб пафарсiць перад дзяўчатамi, што ён вось, маўляў, ня просты мужык, а ўжо нейкi, хоць задырданы, але-ж начальнiк — значыцца, i ня кожнаму роўня.
Лявон i чырвоную прапаганду пашыраў ня так, як кажуць, з-пад сякеры, як рабiў гэта Косьцiк. Сабакевiч быў занадта парывiсты, зухаваты, без патрэбы гарачыўся, лез напралом. Шпунт быў зраўнаважаны, памяркоўны, хiтрэйшы. Ужо калi й наважыў каму падкiнуць якую пiсульку, дык рабiў гэта асьцярожна, на бакi аглядаючыся, каб за рукi ня цапнулi. Да таго часу як па масьле йшло. Мала хто Шпунта ў камунiстычных каншахтах падазраваў, хоць тое, што Косьцiку ў руку прыяў, нiкому не было таямнiцай.
Надта-ж не да смаку прыйшлося Шпунту, што малы Бахмач гэнага Янавага вечара яго ў Гараватцы бачыў. Пра Косьцiка пастух ня ведаў — Шпунт быў упэўнены. Але-ж людзi чулi пра афiшкi на Янавым фэсьце, здагадвалiся, што ў ваколiцы павiнен быць Сабакевiч, на тропе якога казённыя вiжы мiтусiлiся. Цi-ж цяжка было здагадацца, што Лявон тады ўпоцемку ў Гараватцы мог рабiць? Людзi-ж недурныя, два й два латва зкладуць.
— Каб на цябе чорт, жабянё! Якое лiха цябе iкраз у гэту пару сюды прынясло! — лаяў Лявон, вяртаючыся да Косьцiка, што сядзеў упоцемку, плячыма абапёршыся аб дрэва.
— Хто там быў? — спытаў Сабакевiч.
— Бахмачоў сапляк.
— Нядобра. Раскажа. Дадумаюцца й пра мяне.
— Ну дык i што? — разьвёў рукамi Лявон. — Хто мог угадаць, што сюды вечарам чорт яго прынясець?
— Думаiш, ён скора раструбiць?
— Чорт яго бацьку знаiць. Мусiць, трэба прыказаць, каб…
— Абаждзi… Знаiш што? Мусiць, буду зьбiрацца я ў дарогу, а ты валяй у дзярэўню ды намахай Бахмачову пальцам, каб ня пiкнуў…
— А ты-ж куды?
— Пайду, наверна, ў Павалiчы да Хвёдара. Ён мне ўгалок знайдзiць, каб дзе далей ад людзкога вока. Калi што будзiць новага, дык iзьвясьцi, — сказаў, устаючы, Косьцiк.
У гэны вечар гаварылi-ператрасалi ўсё, што адбылося ўдзень i раней яшчэ, раiлiся аб людзях, над якiмi працаваць трэба было-б, цi якiх ужо апрацоўваюць, аб плянах на блiзкую будучыню. Цяпер яшчэ крыху пастаялi, папалiлi, аганькi далонямi засланяючы, ды разыйшлiся. Лявон пад Лiтоўцы, а Сабакевiч пад суседнi бор падаўся.
VI
У Кмiтавай хаце народу было, як дзьверы зачынiць. Рыпела яна Тадэўкавай полькай-трасухай, скакала-тупала дзясяткамi ботаў i чаравiкоў, зьвiнела й рагатала, выкрыквала галасамi старых i маладых. Шырака навосьцеж расхрыстаныя былi вокны. Малыя падшыванцы, на прызбу ўзьлезжы, на падваконьнi вешалiся, галовы ў сярэдзiну торкалi, каб танцораў разгледзець. Iншыя iх за ногi цягнулi, штурхалiся, адзiн за адным iз крыкам i рогатам ганялiся. Кмiтаў панадворак дзiцячымi босымi нагамi дуднеў. Група дзетак малела, бо маткi iх дамоў заганялi. Мужчыны то ўпоцемку ў сенцах палiлi, то на лавах пад сьценамi сядзелi, ды на малечу, што занадта голасна сябе паказвала, злосна час-часам сыкалi.