Дзярлiвая птушка
Шрифт:
Два разы ня трэба спанукаць было. Назаўтра ранiцою — вясной гэта было выйшла Дуня ў дарогу й перад полуднем ужо ў сваякоў была. Прынялi з радасьцю. Прабыла ў iх цэлае лета. Дзядзька Андрэй i цётка Тацьцяна былi людзьмi практычнымi й кемлiвымi, навуцы цану ведалi. Цi раз iз Дуняй аб сям'i Макатуновых гаварылi. Iз балючым сэрцам глядзелi на галечу й рады былi-б чым дапамагчы.
Дзядзьку Андрэю й цётцы Тацьцяне хапiла з гэтай затуканай дзяўчынай колькi слоў замянiць, за язык яе пацягнуць, каб пераканацца, што розумам i жыцьцёвай сьпеласьцю даўно перагнала яна свой век. Таму хоць шмат чаго высьветлiлi ёй проста як дзiцяцi,
Там-жа ўлетку навучылася зьбiраць зельле, а пад восень грыбы й ягады. Цётка Тацьцяна гэтым карысным рамяством ужо колькi гадоў з посьпехам займалася. Шмат чаму навучылi дзяўчынку сваякi. Верачка-ж была добрай сяброўкай. Iзь ёй Дуня абабегала шмат суседнiх лясоў i палёў, памагаючы цётцы ў зьбiраньнi зёлак i ягадаў.
Не агледзелася Макатунiшка, як у гэтай любай сямейцы лета маланкай праляцела. Той сьветлы час пасьля шмат разоў у жыцьцi яна прыгадвала. Калi-б папрасiлi тады, магчыма, засталася-б у iх жыць назаўсёды. Ды трэба было пад дом, там чакала школа.
Зусiм накш глядзела яна цяпер на сваiх сёстраў, iхных дзетак, добрую й любячую яе, але хваравiтую й горам прыгнечаную матку. Iнакш i да школьных сяброў паставiлася: пасьмялела, ды кожнай абы якой жабе не дазваляла сабе на галаву пракудзiць. Новымi вачыма прыглядаючыся цяпер жыцьцю дома, бачачы, у якiм нядоглядзе й бядзе расьлi малыя дзеткi, чуючы ў сямейных сварках шматлiкiя таямнiцы саграшыўшых сёстраў, Дуня раньняй парой прайшла асноўную жыцьцёвую школу.
Парады раднi прыйшлi да спадобы й Дунiнай мацi. Зь цiкавасьцю слухала й перапытвала яна дачку. Калi-ж дзяўчына, не заiкнуўшыся, сказала, што вучыцца ёй раiлi, мацi рукамi замахала й слухаць больш не хацела. Мала таго: накрычала на дзяўчыну, ды загадала, каб ня дурыла ёй з навукай галавы.
— Як-жа-ж гэта ты будзеш так дзень у дзень такi сьвет дарогi, часта па мокрадзi й непагадзi, аж у Гацi шлёпаць. дура ты бярозавая? — сварылася Макатунiха. — Гэта табе жартачкi цi што? Падумаць толька добра, што яны табе параiлi, разумнiкi гэнкiя! Лацьвей iм, чужога гора нi знаючы! А яны цябе абуюць, надзенуць можа, га?
Дуня ня ведала, што адказаць. Пры гэным матчыным вытыканьнi цяжкай жыцьцёвай беспрасьвецiцы ейныя спадзяваньнi на навуку, як прыгожыя мыльныя бурбалкi, — покалiся. Прыгадалiся цяпер словы дзядзькi Андрэя аб тым, што, падвучыўшыся, можна сьмялей на шырокi сьвет зiрнуць, у людзi паказацца, з галечы й смуроду вылезьцi. Няўжо-ж усё яно так i застанецца ў марах?
I тут, як дабраславенства зь неба, на дапамогу прыйшла цётчына навука аб зельлi, грыбах i ягадах. Дуня ўхапiлася за гэта так сквапна, як галодны за акраец хлеба. Калi-ж скончыла чатырохгодку, вясной употайку ад iншых вясковых дзяцей зьбегала ў Гацi, дзе прынялi яе ў пятую клясу. Пасьля пачала ўвiхацца, як працавiтая мурашка, ля зёлак, грыбоў i ягадаў.
Кiвалi галовамi й надзiвiцца не маглi вясковыя людзi з гэтага маладога й мiзэрнага падлетка, што зусiм непадобнай да iншых у сям'i расла. Дуня-ж даўгаязыкiм кабетам не давярала, а таму й аб сваiм аблюбаваным занятку мала з кiм гаварыла. Пабойвалася, мусiць, каб iншыя наперад не забеглi ды зёлак ня вызьбiралi. Дарэмна. Нават калi сяброўку сваю Клаву да гэтага карыснага занятку намовiла, калi ўсе пра гэна даведалiся, нiхто навыперадкi
Зарабiла дзяўчына за лета на абутак i вопратку, ды й мацi яшчэ колькi залатоўкаў дала. Паправiлася, папрыгажэла з выгляду, падрасла, стала больш зараднай, набралася сьмеласьцi й пэўнасьцi ў сваiх сiлах. Зь нецярплiвасьцю чакала таго часу, калi пачуе ў Гацях першы школьны званок.
VIII
Ганарыўся Янук, што трапiў у пятую клясу. Што там нi кажы, а дзеткi зь Лiтоўцаў за межы чатырохгодкi рэдка калi ступалi. Хлопцы за плуг i касу, дзяўчаты-ж за серп i прасьнiцу бралiся. Далейшае як на даланi вiдаць было.
— Мой дзед араў, бацька араў i ты араць будзеш, — казаў падрастаючаму сыну цi адзiн непiсьменны, цяжкай працай i горам змораны селянiн. Гэтыя словы былi не накiраваньнем у жыцьцё, а прыгаворам. Хто-ж гэта з маладых асьмелiцца такому ўжо выпрабаванаму, традыцыйнаму сiвабародаму цьверджаньню, што пры прадзедах, дзядох i бацькох права грамадзянства здабыло, запярэчыць, або — ня дай Божа — яшчэ й наўсуперак пайсьцi?
Адылi вось такi, як iльга сказаць, апошнi з апошнiх пастушок Янук наважыў не паводле гэнага ўцёртага ўзору ў будучыню сабе дарогу пракладаць. Калi-б ужо й давялося араць, дык што-ж, няхай сабе. Але чаго-ж сьпяшацца? Араць-жа таксама можна йнакш, чымся iншыя аралi дагэтуль, — значыцца, больш iз розумам, не рабiць агрэхаў, каб спарнеў плён на нiве.
Мо, ня так выразна й акрэсьлена й не ў такой пэрспэктыве разважаў пра сваю цяпершчыну й будучыню Янук. Рачэй, адчуваў тое падсьведама, бо вучыцца бег прост-напрост напралом, маючы ненасытную прагнасьць пазнаньня навакольнага й далейшага сьвету.
Вага першага кроку ягонага ў гацкай сямiгодцы падрасла яшчэ, калi ўявiў сабе, што гэта ён цяпер адзiн з цэлай вёскi, адважны й прадпрыемлiвы, што наважыўся далей, чымся iншыя, па няходжанай сьцежцы ступiць. Нават дзецi лiтоўскiх багатыроў, не гаворачы аб доктаравых, аб якiх казаў стары Бахмач, што «не твайго носа-палоса», i тыя вунь не асьмелiлiся.
Iз добрым настроем i вынiкаючай з гэтага бадзёрасьцю, хоць не бяз пэўнай трывогi перад новай местачковай школай i незнаёмымi настаўнiкамi, сьпяшыў Янук у першы дзень новага школьнага году ў гацкую сямiгодку. Лазоўскi зьлiтаваўся, адпусьцiў пастушка раней, каб мог пачаць навуку разам зь iншымi дзеткамi.
Iшоў нацянькi праз скарбовы лес. Было тут цяпер суха й вельмi прыгожа. Цiмала чаго цiкавага можна было ўбачыць па дарозе ў багацьцi лясное прыроды. Праўда, вясной цi зiмой тут было мокра, лiтоўскiя ў Гацi гасьцiнцам або чыгункай хадзiлi.
Ужо падыходзячы пад мястэчка, воддаль на польнай сьцяжыне асачыў ён малую дзявочую фiгурку. Ня мог здалёк распазнаць, хто гэта быў. Якое-ж было Янукова зьдзiўленьне, калi, прыйшоўшы ў школу, на калiдоры сустрэў не каго iншага, а Дуню Макатунiшку.
— Ты што тутака робiш?! — сур'ёзна й быццам ласку робячы, што наагул сваёй увагай яе ўдастоiў, гаркнуў на дзяўчыну. Нават вопратка на ёй — новенькiя чаравiкi, шкарпэты, андарак, блюзка, хусьцiнка — зьдзiвiла пастуха.
— Тое, што й ты! — адсекла Дуня. Голас, няйнакш, выклiкаў яго на паядынак. Здалося Януку, што кпiлi зь яго блакiтныя, як васiлькi, вочы, быццам гаворачы: «Ты думаў, што ты адзiн такi ўвiшны гэрой? А от i я за цябе ня горшая!»