Грот афаліны
Шрифт:
Янгу ўдалося схапіць дзвюх рыбак.
Там, дзе павінен быў быць акіян, штосьці працягла і цяжка плюхнула, нібы абваліўся падмыты бераг. Усе натапырылі вушы.
— Пайшлі хутчэй, вада прыбывае! — устаў Амат.
— Дзядзька, а кракадзілы тут вядуцца? — спытаў Янг, напалоханы цяжкім плюханнем ззаду.
— Не павінна быць: і востраў не вельмі вялікі, і рэчка малая, — замест яго адказаў Амара. — Ідзі пасярэдзіне, калі так баішся, — і пусціў Янга ісці другім.
Ці прыліў падганяў, ці той уяўны кракадзіл — вярталіся шпарчэй. Хацелася быць як мага далей ад гіблага месца.
Каля агню знайшлі менш за дзесятак чалавек, і то сядзелі адны сем'і Амата, Амары і Янгаў бацька.
Янг падпёк на вугалях прынесеных скакуноў, адну рыбку даў бацьку, другую схрумстаў сам. Гэта была адзіная ежа, якою сёння аграшыліся. Але хіба гэта харч? Толькі горш есці захацелася, развярэджаны жывот ныў і бурчаў.
І хоць стаяла самая спякота, а лес дарэшты запоўніўся ўдушлівымі пахамі, туманнай парнасцю, рушылі назад. Далей, далей, чым далей адсюль! Здавалася, калі яны яшчэ трохі памарудзяць, то разам з гэтымі выпарэннямі напаўзе на іх нейкая пошасць, і не будзе ўжо ад яе ніякага ратунку. Янгаў бацька кволіўся і не то скуголіў, не то плакаў, як маленькі. Янг і суцяшаў яго, і прылашчваў, угаворваў пацярпець яшчэ трошкі. Спыніліся адпачыць толькі праз якую гадзіну. І то, можа, яшчэ паўзлі б, каб не выявілі, што тыя, хто ўцёк раней, не дачакаўшыся вынікаў разведкі, таксама ляжаць упокат у цяні дрэў, спяць як забітыя. Тут было ўжо суха, і лес выглядаў не так змрочна і дзіка. Пападалі ледзь не без прытомнасці і яны.
Праз гадзіны дзве, калі людзі пачалі ачуньваць і патрохі варушыцца, Натачын бацька паспрабаваў паразважаць уголас, ці варта заўтра лазіць у горы, каб паглядзець, якое там месца. І да самага Кампонга пра гэта гаварылі, дзе рабілі яшчэ адзін прывал. Жанчыны апантана навальваліся на яго, ім трэба было на кімсьці спагнаць злосць. А хіба Амат ва ўсім вінаваты? Дакрычаліся да таго, што нікуды яны з Кампонга не пойдуць. Калі мужчынам хочацца, хай бадзяюцца. Але ж няхай не забываюць і пра сем'і, пра тое, што трэба карміць дзяцей.
З'явіўся аднекуль п'яны Пуол. Насміхаўся і здзекаваўся над сваімі землякамі. Як ні вязаўся, ніхто не хацеў з ім размаўляць. Урэшце Амара надаваў яму кухталёў, турнуў ад людзей.
— Т-ты яшчэ мяне п-папомніш! Кроўю табе адрыгаецца! — п'яна гразіўся ён і, выпінаючы бараду, пакручваў галавою, нібы хацеў вывінціць яе з каўняра.
Хтосьці параіў: калі будаваць якую хібару, то лягчэй за ўсё гэта рабіць на ўскраінах Кампонга. Там хутчэй можна і гатовы куток наняць. На сметніках і звалках можна назбіраць якіх картонных каробак, фанерных скрынак на сцены, нарасплюшчваць пустых бочак, навымяркоўваць з цэлафанавых мяшкоў кавалкаў плёнкі на страху. Паступова ўвязваліся ў гаворку ўсе мужчыны, толькі Янгаў бацька моўчкі хістаўся ў бакі, шчасліва ўсміхаўся, потым паспрабаваў нешта плесці з галінак і пальмавых лісцяў, узбіваў гэтыя нязграбныя пляцёнкі-капялюшыкі на галаву і ўсміхаўся яшчэ больш шчасліва. Зрабіў чалавек дах над галавою!
— Ён ужо не чуе нас… Ён з Вішну размаўляе… Ён божы чалавек, хіба вы не бачыце?! — зашапталі жанчыны, кідаючы на Ханга загадкавыя позіркі. Потым зашапталіся так, што Янг нічога не мог разабраць. Жанчыны і мужчын паклікалі. Першымі — дзеда Амоса і старасту Ганеша. Ва ўсіх быў змоўніцкі выгляд.
Усё больш таемнымі і глухімі здаваліся шэпты. Але павекі Янга, як на тое ліха, цяжэлі і цяжэлі — хоць распоркі ўстаўляй. І ён не заўважыў, як зноў заснуў.
Прачнуўся ад таго, што Натача далікатна заціскала яму нос, патузвала за вуха.
— Соня, устава-ай… Праспіш усё на свеце! Сяльчане былі ўжо на нагах, прыладкоўвалі за плячыма клункі, дзяцей. На Янга і асабліва на яго бацьку паглядвалі з пашанаю, з бляскам надзеі ў вачах. Такі бляск Янг не раз бачыў, калі вяскоўцы
Апеквацца над Янгавым бацькам стаў дзед Амос, худы, як ссохлая цыкада. За памочніка ў яго быў дзядзька Амат.
Калі ўрэшце сяк-так рассяліліся ў хібарах на ўскраінах (за грошы беднякі гатовы былі памеркавацца, даць куточак і бежанцам), для Ханга дзед Амос наняў хляўчук без акон. А Янга да бацькі не пусцілі, як ні прасіўся, як ні ўгаворваў. На дзверы хлеўчука пачапілі замок і Янга адганялі, каб чаго не перадаў бацьку. Раз у дзень дзядзька Амат прыносіў Хангу ваду і больш нічога не даваў. Бацька спачатку енчыў і выў — неяк жудасна, па-звярынаму, прасіў есці і плакаў. На трэці дзень ужо толькі стагнаў і не ўставаў з кучы лісця, нагрэбенага ў кутку хлеўчука. Янг падглядваў за ім у шчыліны, і сэрца аблівалася крывёю. Раз падкраўся, каб падсунуць пад дзверы пару бананаў, купленых на базары. Знекуль вынырнуў дзед Амос, спалохана паштурхаў Янга ад дзвярэй, вярнуўся і сеў пад сцяною вартаваць.
— За што вы яго пасадзілі ў турму? За што здзекуецеся?! Што ён вам кепскага зрабіў? Яго лячыць трэба, доктару паказаць! А вы… а вы… — слезы душылі Янга.
— Ён павінен усе гэтыя дні пасціць шчырым постам, — сказаў дзед Амос і пачухаў худую грудзіну. — Ты не згубіў тых грошай, што па чэку выдалі?
— Ёсць яшчэ трохі…
— Беражы. Хутка вельмі спатрэбяцца.
Так ні на адно пытанне і не адказаў.
Янг і без таго ашчаджаў грошы. За ўсе дні патраціў толькі два долары і трыццаць пяць цэнтаў. Янг памятаў, што грошы патрэбны будуць, каб паказаць бацьку ўрачу. Толькі калі гэта здарыцца? Нашто пасадзілі пад варту хворага бацьку? Каб жылі на Біргусе і каб быў жывы бома, то ўсё лячэнне магло б абысціся значна танней: занеслі б чараўніку дзвюх курэй, і ён выгнаў бы з бацькі злога духа. Бо бацька стаў не святым чалавекам, не божым, а наадварот — у яго ўсяліўся злы дух і муціць розум. Цікава, ці ёсць у Кампонгу бома? Ці можа ўрач замяніць яго?
І што сяльчане вырашылі зрабіць з бацькам, для чаго прымушаюць яго галадаць? Янг вырашыў нікуды далёка не адыходзіць ад хлеўчука, нанач залазіў у нейкі куратнік. Добра, што гаспадаровы куры не хацелі начаваць там, а кожны вечар узляталі, кудахкаючы, на панданус. А будка хвацкая, так утульна ў ёй — каб яшчэ на пядзю даўжэй, то можна было б і ногі выпрастаць. І курамі амаль не пахне, увесь дол Янг заслаў сухім лісцем, на сцены прыляпіў каляровыя здымкі мора, зялёных астравоў і ружовых палацаў — павырываў з нейкага часопіса, знойдзенага на звалцы.
Сама таго не хочучы, выдала таямніцу Натача. Неяк прыцемкам забегла ў двор, укленчыла каля будкі. У руцэ за спінаю штосьці трымала.
— Ты ўжо спіш? Ой, як у цябе тут прыгожа! От каб і мне такі домік! — шчабятала яна. — Навошта людзі робяць вялікія хаты? Абы залезці можна было, ад дажджу схавацца. А не захацелася на гэтым месцы жыць, устаў, перабег з хаткаю на спіне на другое месца. Так і падарожнічаць можна — з хатаю на спіне!
— Ноччу добра. А паспрабаваў удзень залезці, ледзь не сасмажыўся.