Грот афаліны
Шрифт:
Бадзяўся вуліцамі Свійттаўна — сталіцы, Душыстага горада, пасвістваў, радаваўся жыццю і таму, што вырваўся на волю, на прастор. Раз-пораз засоўваў руку ў кішэню, дзе лапаталі новенькія долары. Украў у бацькі чэк, калі заявіўся быў на Горны, атрымаў па ім грошы і цяпер адчуваў сябе незалежным чалавекам. Як будуць уладкоўвацца бацькі на новым месцы без грошай, не хацеў і думаць. Забыў ён і прымаўку: прадаўшы маці і бацьку, не разбагацееш.
Дурны гэты матрос Дуку, што вучыў іх колісь грамаце. Як пачне расказваць, дзе пабываў ды што бачыў, якія дзівосы ёсць на свеце… Не магло простаму матросу стукнуць у галаву, якім ядам кладуцца ў душу Пуола яго зваблівыя расказы.
І вось цяпер ён вольны, як птушка. Будзе хадзіць, дзе хоча, будзе рабіць, што
Што гэтыя пяцьдзесят долараў! Нават не пяцьдзесят, а ўжо менш — паспеў растраціць. Каб была напакавана грашыма кішэня, то тады б ён развярнуўся, тады б паказаў, чаго варты. Хай бы тады глядзелі на яго гэтыя нікчэмы біргусаўцы і зайздросцілі.
Толькі што Пуол выпіў цэлую шклянку соку з цукровага трыснягу. Гандляр, па выгляду кітаец, адганяючы мух і восаў, пры ім жа прапусціў паміж валікамі прэса доўгую палку-сцябло трыснягу, выдушыў сок, падставіўшы пасудзіну пад латок… Піў Пуол і крывіўся: нічога асаблівага, салодкі, ажно губы зліпаюцца, цёплы, аддае сырызнай і смагі ніколькі не спаталяе. А як уявіў, што пад прэс трапілі недзе мухі і восы і кітаец з іх таксама соку нарабіў, дык ажно занудзіла і падкаціла да горла. Плюнуў, пайшоў далей.
Каля нейкага шынка, які выходзіў дзвярыма ў скверык, навыносілі пад дрэвы сталоў і крэслаў і абслугоўвалі кліентаў на вольным паветры. Пуол таксама надаў твару важны выгляд панка-багача, усеўся ў цянёк за стол. Не паспеў азірнуцца — дзе ж Кельнер? — як той ужо сам падбег, схапіў з левага локця салфетку, махнуў ёю па стале, схіліўся: «Што загадаеце?» Ах, як спадабалася Пуолу, што яму кланяюцца, як пацешыла гэта яго самалюбства, узвысіла ва ўласных вачах! «Нешта ўва мне ёсць такое… гэткае… А хлопец не старэй па гадах за мяне. І мне кланяецца!» Кельнер з непакоем зіркаў яшчэ за адзін столік, дзе ўсаджвалася пажылая пара, па выгляду малайцы. «Што загадаеце?» — яшчэ раз перапытаў кельнер. «Аранжаду! Чым халадней!» — «Бу зроблена!» — хлопец ад яго падляцеў да той пары і там схіліўся пару разоў у паклоне, потым панёсся адтуль і знік за дзвярыма шынка, з ляскатам раскідаўшы ў бакі бамбукавыя вісюлькі-шырмачку з намаляванымі пальмамі. Мо праз хвіліну выскачыў з падносам, на якім стаялі тры высокія рознакаляровыя пластмасавыя фужэры з пітвом, паставіў адзін каля Пуола — аб сценкі фужэра застукаў кубік лёду, — памчаў да пажылой пары.
Пуол спачатку выняў поліэтыленавую саломінку як непатрэбшчыну, сёрбнуў соку проста з фужэра, ажно лёд заскочыў у рот. Так і трымаў ужо на языку льдзінку, смокчучы сок. Але ўбачыў, што малайцы не спяшаюцца праглынуць пітво, а пацягваюць яго праз саломінкі, засяроджана і супакойліва паглядваючы па баках. Лёду яны не бяруць у рот, і кавалачкі глуха пазвоньваюць аб сценкі фужэраў, асабліва калі пітцы пачынаюць памешваць сок саломінкамі. «Вунь яно што…» — Пуол нагнуўся над сваім фужэрам — тфу! — выплюнуў туды лёд і таксама паганяў яго саломінкай. Потым і сам ужо засмактаў аранжад праз саломінку — самавіта, з незалежным выглядам пазіраючы туды-сюды. Пуол будзе рабіць усё так, як гэтая прытомленая пара бізнесменаў, быццам бы небагатая на выгляд, а на справе ж — ого-го… Пуол усё, што трэба, пярэйме, усяму навучыцца. Ён нічым не горшы за іх, дык чаму б і яму не стаць багачом у рэшце рэшт?! Каб усе кланяліся яму…
— Яшчэ шкляначку! — загадаў кельнеру. Ужо сёння, у першы дзень свайго бадзяння
Дасмактаў другую шклянку, ажно забурчала ў жываце, ільдзінку сунуў, як малпа, за шчаку — пайшоў далей.
Мінаў вуліцу за вуліцай, брыў каля высокіх дамоў і нізкіх, па шырокіх вуліцах і брудных завулках, прайшоў некалькі плошчаў. Пастаяў, панаглядаў трохі за тым, як мяняецца ганаровая варта каля палаца султана. «Ха, адны асталопы тупацяць нагамі, другія разяўляюць на іх рот і вылупваюць вочы…» — падаўся далей. Заглядваў у нейкія лавачкі-магазіны, аптэкі, дзе таксама штосьці піў. Пабадзяўся па базары… Знарок спатыкаўся на раскладзеную на цыноўках садавіну, гародніну ды яшчэ першы і сварку падымаў, калі гандляры і гандляркі абураліся. То ў аднаго, то ў другога браў што-небудзь пакаштаваць, прыцэньваўся, таргаваўся, а потым ганіў і ішоў далей.
Трапіў у кінатэатр, хоць спачатку хацеў прайсці міма. Прывабіла з афішы намаляваная пачвара — не то чалавек-велікан, не то гіганцкая малпа, пашча чырвоная, клыкастая, сама ў шэрсці, лазіць па горадзе, абарочваючы ў кучу небаскробы, душачы людзей. Сядзеў у зале, дранцвеў ад жуды, але ні разу не ўскрыкнуў, не піскнуў, хоць малпа-гігант на экране разрывала на кавалкі людзей, смактала з іх кроў.
Быў ужо вечар, калі ён выйшаў з кіно. На Рэкрыэйшн-стрыт — вуліцы адпачынку і забаў — палыхалі рознакаляровыя рэкламы, вабілі рэстараны і кабарэ. Каля нейкіх не вельмі кідкіх дзвярэй без усякай шыльды яго спыніла маладая парачка. Пуол паддаўся на ўгаворы, ступіў за гэтыя дзверы…
…Выкінулі яго, п'янага, пасля поўначы. У галаве моцна шумела, а ў кішэні было ціха, ціха.
2
Успароў яго з тратуара паліцэйскі. Пуол ужо крыху працверазеў. «Марш адсюль! Дзе твой дом?» — нібыта грозна пытаў ахоўнік парадку. «Там!» — махнуў няпэўна Пуол кудысьці ў бок порта.
Рэшткі ночы правёў у тым скверы, дзе піў аранжад. Сагнаў з лаўкі нейкага жабрака. Калі той пачаў абурацца, прыгразіў прырэзаць. Каб паказаць сваю агіду да жабрака, паслаў на тое месца вынятую са сметніцы «Свабоду» («Фрыдом»). Пад раніцу яго зноў успароў паліцэйскі: «Тут спаць небяспечна…» — «Могуць абрабаваць…» — закончыў за яго Пуол насмешліва і вывернуў пустыя кішэні.
Ён сам гатоў быў каго-небудзь абчысціць, ды ўсе гулякі ўжо разбрыліся па дамах, а дабрачынныя жыхары яшчэ не прачыналіся.
Праз якую гадзіну пачалі ўжо раз'язджаць мота- і велакаляскі, машыны-фургоны, развозіць па лаўках прадукты. Багатым гараджанам заказы развозіліся дамоў. Пуол сам прасачыў, як высокі індус у чалме спыніў каляску каля нейкага асабняка, выцягнуў з-за спіны прыкрытую белым карзіну, паставіў яе на слуп брамы — высока, на ўзроўні галавы, націснуў у дзверцах на кнопку званка, выклікаючы кухара ці слугу. І тут жа ўсеўся за руль, паехаў далей. Але ад'ехаў ён мо крокаў дзесяць, як Пуол ужо быў каля брамы, запусціў руку ў карзіну. Трапілася вялізная, прысыпаная зрудзелымі крупкамі цукру булка. Не стаў перамацваць, што там яшчэ ёсць, а паддаў ходу.
У гэты дзень пачыналі ўпрыгожваць сталіцу да свята каранацыі султана. Па горадзе развозілі і чаплялі ўпрыгожанні — сцягі, плакаты, гірлянды, партрэты султана і членаў яго сям'і, будавалі аркі, абвівалі іх вянкамі, разбівалі дадаткова гандлёвыя палаткі, напіналі на пустках тэнты сталовак, дзе будзе раздавацца пахлёбка для бедных. Было ўжо многа прыезджых, людзей на вуліцах прыкметна пабольшала. Пуол бадзяўся сярод іх і адчуваў сябе як рыба ў вадзе. У аднае дамачкі выхапіў з рук гаспадарчую сумку — бо ўбачыў, што на дне яе ляжыць пузаценькі, з кнопачкамі кашалёк, і прыпусціўся наўцёкі. Заблытваў свае сляды ў нейкіх завулках, а пацішэла — зноў падаўся ў цэнтр. У кашальку разам з дробяззю было васемнаццаць долараў і дваццаць цэнтаў. Нішто сабе! І так лёгка зарабіліся гэтыя долары. Шкада, што кашалёк старэнькі, не загоніш…