Грот афаліны
Шрифт:
— А што — тыя кінутыя ўчасткі, на тэрасах, нічые ўжо?
— Можаш лічыць — нічые. Там што-небудзь зможа расці толькі гадоў праз пяць. А то і ніколі, палівай не палівай.
У голасе мужчын былі стома і роспач, і хлопцы зразумелі: людзі нічога добрага ад свае працы не чакаюць.
Усё часцей трапляліся велізарныя наплывы чорна-бурай лавы — наздраватыя, замшэлыя. Нібы нейкі волат, а мо сам бог Вішну замясіў недзе там, угары, цеста, а яно так бурна падыходзіла і пухкацела, што распаўзлося ва ўсе бакі.
Караскаліся, падавалі адзін аднаму рукі ці кавалкі ліян і ўрэшце апынуліся нібы на пласкагор'і. Разгледзеліся па баках — і скрозь гушчэчу зеляніны ўбачылі ўнізе ваду. Не раўніна тут была,
— На тую гару на палезем, мы ж не вар'яты… — нейкім абыякавым голасам сказаў Амара. Адчувалася, што ён страціў ужо ўсякую надзею штосьці адшукаць.
— То давай хоць возера абыдзем, спусцімся да вады, — прапанаваў Янг.
— Кальдэра называецца… На месцы гэтага возера было калісьці жэрла вулкана, — сказаў Амара. — Дзіўна, праўда? Не на самай макаўцы гары, а збоку.
— Не выдумляй, — не паверыў Янг. — Я на малюнку бачыў вулкан, там з верхавіны гары дым, агонь і камяні ляцяць.
— Быў, кажу, вулкан, але патух. Мо сотні, мо тысячы гадоў назад. А цяпер у кратэры вада і лес.
— А можа быць вывяржэнне зноў?
— Можа. А калі — ніхто не ведае… Спусцімся ніжэй!
Янг лез за Амараю, стараўся паўтараць усе яго рухі, хоць часам цяжка было дацягнуцца да тых галін ці да тых выступаў, якімі той карыстаўся.
— Вада!.. Халодная… І чыстая, а здавалася спачатку, што чорная.
Хлопцы завіслі, трымаючыся адною рукою за галіны, а другою зачэрпваючы ваду, і пілі, смакталі, ніяк не маглі напіцца. Смачная вада, толькі, здаецца, трохі нечым прыпахвае, нібы сапсутым яйкам. Янг паспеў вымерхацца за гэтую гадзіну, і самы раз было б зноў падсілкавацца. Але Амара нават не заікаўся пра яду.
— Пайшлі, пайшлі далей…
Лёгка Амары падганяць — «Пайшлі…». Каб Янг меў такі рост і столькі сілы, то і ён бы гэтак спрытна скакаў, карабкаўся, лез, прадзіраўся, завісаў на руках, разгойдваўся, каб сігануць з выступу на выступ.
Потым метраў сто ішлі берагам возера, паўз самую ваду вяла вузкая водмель з шэра-бурага гравію, галькі, лапікаў вулканічнага сіняватага попелу, укамянелага ад даўнасці, а над галавою завісалі камяністыя глыбы. Чулі ўжо шум вады, але гэта быў не той вадаспадзік, што бачылі здалёк сярод скал і зеляніны. І ручай быў меншы, і вада тут скакала з каменя на камень, як па прыступках. Каля вусця і берагі ручая, і бераг возера, нават водмель былі ўзрыты, перакапаны. Кучы пяску, гравію былі раскоўзаныя, стоптаныя чалавечымі нагамі, сляды былі і ад босых ног, і ад грубых чаравікаў ці ботаў.
— Нехта рыўся, як свіння, — нібы сам сабе сказаў Амара. Штосьці яму не падабалася, штосьці трывожыла. Ён азірнуўся па баках, але што-небудзь убачыць далей па беразе і наўкол было немагчыма з-за скал, кустоў і дрэў.— Што ён тут шукаў? — Амара прысеў, павадзіў рукою па пяску, пагробся ў ім.
Янг таксама памацаў, пацёр пясок, паўглядаўся ў крупінкі і каменьчыкі.
— Мо якія самацветы каштоўныя, — сказаў ён.
— Давай трошкі падымемся ўгору. — Амара амаль на карачках пакарабкаўся па вадзе, па камянях, Янг за ім. Хутка яны вымаклі з ног да галавы. Калі такім чынам узняліся на пласкагор'е, то ўбачылі, што ручай тут больш спакойны і шырокі. Скрозь па беразе пясок настаўбураны пагоркамі, нават у вадзе, можна пазнаць было, камяні ссунуты са сваіх месц. Прайшлі яшчэ трохі да месца, дзе ручай падзяляўся скалою на два. Прайшлі цераз першы ручай, абагнулі скалу, пабрылі ўніз левым берагам шырэйшай пратокі, які ўсё далей забіраў управа. Сляды невядомых шукальнікаў ці даследчыкаў заўважаліся і тут:
З-за невялікага павароту ўдарыў у вушы шум вадаспаду. Перад самым вадаспадам цячэнне ў ручая было бурнае і імклівае, хлопцы не рашыліся заходзіць у плынь, каб не збіла і не пакаціла па камянях уніз. Пайшлі і далей левым берагам. Скалы тут ледзь не заходзілі ў возера, а вадаспад застаўся крыху ззаду і справа. На самым абрыве прыселі, зачараваныя прыгажосцю.
Адсюль можна было агледзець добрую палову возера. Там, дзе паверхню асвятляла сонца, вада здавалася пяшчотна-блакітнай, крыху зелянкавай, а там, дзе быў цень, — цёмна-зялёнай і фіялетавай. Дальнюю частку возера прыхоўваў падобны на здвоеную пышную ляпёшку зарослы кустамі астравок. Унізе, пад хлопцамі, раскінулася бухтачка, амаль усю яе ахутваў цень. Бухту акаймоўваў нізкі, густа засыпаны камянямі бераг. Бела-сівыя космы вадаспаду (адтуль несла на хлопцаў халодную імжу) абрушваліся на гэты прыродны брук, губляліся сярод камянёў, пакідаючы на іх баках і лысінах камякі беласнежнай пены-шумавіння. І скрозь паўз бухту, дзе толькі можна было ўчарпнуць у ручаях ці на беразе, былі насыпаны пагоркі і горбікі, многія камяні былі зрушаны з месца.
Янг хацеў ужо шукаць спуск уніз і першым скаціцца на бераг бухтачкі, як Амара цапнуў яго за плячо: «Хавайся!»
Амаль з-за такога ж выступу скал справа ад бухтачкі плыў пад паверхняй вады чалавек у чорным гідракасцюме з жоўтай палосаю на баку. Рукамі не гроб, рукі былі чымсьці занятыя, перабіраў толькі нагамі з ластамі. Вось над вадою паказалася палавіна бліскучага чорнага шара — галавы плыўца, вытыркнула і трубка. З трубкі свіснуў фантанчык вады… Плывец павярнуў да берага, галаву падняў з вады больш, але твару нельга разгледзець — закрыты быў шклом маскі. Вось ужо дастаў ён нагамі дно, выпрастаўся, цяжкі свой груз узяў пад адну руку, выгнуўшыся ў другі бок, каб ураўнаважыць цяжар. Трымаў пад рукою, нібы ўрэзак з нейкага бака з пачарпнутым недзе на дне пяском. Мабыць, у днечку металічнага бака былі напрабіваны дзірачкі, бо знізу шматлікімі струменямі цякла вада. Невядомы сарваў маску і трубку, паклаў на сваё металічнае рэшата, узяўся за яго ўжо аберуч, прыціскаючы да жывата.
— Шт! — пакрычаў заклапочана ў бакі.— Піт! Той, каго клікалі, не адгукваўся, яго нідзе не было відаць.
— А што! Я так і думаў: не адзін чалавек тут калупаўся, — зашаптаў Амара. — І не адзін дзень.
Незнаёмы выдыбаў на бераг, паставіў сваё рэшата, садраў з ног ласты і стомлена прысеў на камень.
— Што будзем рабіць? Мо спусцімся папытаем, чаго яны тут шукаюць? — прапанаваў Янг.
— Цс-с-с… Глядзі! — кіўком паказаў Амара ўлева. З-пад навісі скал, ужо з іхняга боку, выплыў на невялікай гумавай лодцы, падграбаючы шырокаю і кароткаю лапатачкай, яшчэ адзін незнаёмы. Быў ён у паласатых, нібы амерыканскі сцяг, трусах і пляжнай белай шапачцы з празрыста-сінім доўгім казырком. Мо ён плыў ад таго ручая, дзе толькі што мацалі пясок і хлопцы? Як яны не заўважылі гэтага лодачніка, а ён — іх?
Лодка насунулася днішчам на бераг. Лодачнік вынес бардовае пластмасавае вядро з пяском і мелкае, але доўгае пластмасавае карытца з выламаным з аднаго вузкага боку бортам. Паставілі карытца крыху нахільна, насыпалі на яго пясок, палівалі вадою. Тапталіся на кукішках, мацалі і, мабыць, нічога добрага не вымылі, не знайшлі, бо той, у шапачцы, раптам са злосцю шпурнуў вядро. А той, што ў гідракасцюме, нешта сказаў, і яны заспрачаліся, паказваючы ў розныя бакі і нават на востраў.
— Пра што яны? — прашаптаў Янг.