Грот афаліны
Шрифт:
— Але ж чалавек — не бутэлька, — сказаў Амара, не падымаючы галавы.
— Будзем шукаць… Хоць надзеі ніякай… — хрыпата перахапіла горла Раджа.
— Дык што — плыт развязваць? — спытаў Даял. Радж кіўнуў.
У самы раз было б перакусіць, сонца даўно з паўдня. Натача ведала, што ні Радж, ні Амара нават не аграшыліся, крошкі зранку ў роце не было. І раніцаю паплылі не снедаючы. Але на прапанову пакруцілі галовамі. Насільшчыкі маўчалі, бо ніхто з імі, наймаючы, пра харчы не гаварыў. І Натача пакарміла са сваіх запасаў толькі Абдулу і Тота.
5
— Вунь яны… Зубы Дракона… —
Унізе, нібы на першым паверсе берага, панаваў каменны хаос, а ўправа, куды тыцнуў рукою насільшчык, вастракутных і тупых глыб-скал было наварочана кучамі.
З вады таксама тырчала некалькі вострых, як кіпарысы, зазубрын-шпянёў. Чорныя, высозныя… Паміж імі было накідана і малых, нібы пакрышаных. У закавулках, лабірынтах і прамоінах паміж імі мора ўзбівала белыя кактэйлі.
— Мы з Янгам не тут спускаліся… Туды, бліжэй да лагера, — сказаў Амара.
Пасля пераходу, карабкання па камянях усе дыхалі як загнаныя. Грузу пабольшала, давялося несці яшчэ і Янгаў акваланг, яго запасныя балоны.
— Прыйдзем і туды… Правільней, яны падыдуць. Вы патрохі пераносьце і пераносьце рэчы па беразе, — звярнуўся Радж да насільшчыкаў.— А мы — морам.
Пад вадою праплывём, а вы зверху глядзіце, прыбой глядзіце… — і згроб жменяй кроплі з ілба. Хацелі з Амараю сэканоміць час, не скідалі гідракасцюмаў, але, відаць, дарэмна: запарыліся зусім. Струменьчыкі поту казытліва цурчалі па жалабку на спіне, па нагах. Хацелася хутчэй залезці ў марскую прахалоду, але было і небяспечна — у такім стане можна і прастудзіцца.
Памянялі ў аквалангах балоны на запасныя і пакарабкаліся з імі ўніз. А насільшчыкі і Натача з Абдулою злазілі павольней, падавалі адзін аднаму рукі, спускалі рэчы. Пакуль папераносілі ўсё на больш-менш роўны лапік і зрабілі першы прывал, бачылі, як усплывалі Радж і Амара, а потым зніклі пад вадою надоўга.
І тады панеслі рэчы на новае месца, бліжэй да лагера, адкуль ледзь чутна даносілася чахканне рухавіка.
6
Радж і Амара плылі зігзагамі, то забіраючы далей у мора, то паварочваючы да берага. І чым больш набліжаліся да лагера, тым чысцейшым рабіўся бераг, меншала камянёў і тым больш крута дыбіўся на водступе другі, гарысты бераг.
Бераг пад вадою таксама быў круты, падводная сцяна была, як рознакаляровая палітра: на каралах жылі, гарэлі, падрыгвалі шчупальцамі-пялёсткамі тысячы чырвоных і ружовых кветачак — жывых паліпаў, нібы прыцярушаных белай маніёкавай мукой. Дзівосны падводны пейзаж захапляў Амару, ён забываў, чаго знаходзіцца пад вадою, куды плыве. Усё відаць і без ліхтароў, і ён раз-пораз спыняўся, заміраў у дзіцячым здзіўленні: ружовы кусцік з галінкамі аказаўся жывым! Плыве, сам не ведаючы куды… А які агромністы амар сядзіць на сцяне, якія клюшні! А марскія грабеньчыкі, падобныя на двухстворкавыя кашалькі, выяўляецца, могуць рухацца, а не толькі ляжаць! Ледзь набліжаецца да іх марская зорка, пстрыкаюць убок, уздымаючы воблачка муты. І як яны чуюць, гэтыя зоркі?! «Далей! Уперад!» — махае яму Радж, і яны зноў плывуць, аглядаючы дно і асабліва ўважліва ўсе выемкі на дне і ў беразе, зараснікі каралаў.
Амара міжволі ўвесь час забіраў управа, у адкрытае мора, губляў бераг-арыенцір,
«Куды цяпер?» — прыціснуўся Амара шклом маскі да Раджавай, спытаў вачыма. Радж паказаў рукою: «Бліжэй да берага!» Ён і не думаў мінаць забароненую зону.
Трымаліся каля самага берагавога абрыву. Глыбіня ўсё большала, абрысы дна ўнізе растушоўваліся ў фіялетавым змроку. Сцяна пайшла вельмі няроўная, з вырвінамі і расколінамі, кожны сантыметр яе зарос каляровымі караламі, губкамі, актыніямі, вустрыцамі. З нары выглянула доўгая і тоўстая, у плямках мурэна. Усунулася назад у нару, загарадзіла ўваход, разявіўшы зубасты рот. Амара не вытрываў, даў ёй шток, каб цапнула, але тая спалохалася, адступіла глыбей. Радж паказаў яму кулак, і Амара пусціўся даганяць яго.
Даплыў і бачыць: Радж штосьці ўважліва разглядае ў чорных зарасніках мадрапораў на сцяне. «Глядзі…» — паказвае. Зверху, з паверхні цягнуліся ўніз тры правады, два таўсцейшыя, у чорнай гуме, трэці танчэйшы, звіты ў дзве столкі. Радж пачапаў іх штокам — нацягнуты туга. Паказаў Амары ўніз і першы кульнуўся туды галавою, баўтануў ластамі.
Апускаліся, а насустрач усплывалі, а мо толькі так здавалася, паралізаваныя рыбы — каторая бокам, сутаргава кратаючы хвастом, каторая дагары брушкам. Пад берагам чамусьці не цямнела, а святлела, і гэта інтрыгавала, насцярожвала. Вось ужо тое, што святлелася, набыло абрысы няроўна прыплясканай аркі, уваходу ў грот.
Нейкая няўтульнасць, трывога завалодала хлопцамі. Захацелася азірацца ва ўсе бакі. Мазгі нібы прасвідроўваюцца гэтай трывогай, у галовах забіў пульсуючы, распіраючы боль. У вушах зазвінела і закалола. Кожны думаў, што гэта яму толькі баліць, нічога не гаварыў другому. І вось убачылі заслону, сатканую з безліч зіхоткіх паветраных пухіркоў. Нібы сотні кулямётаў, пастаўленых на дне ў рад, няспынна страчылі ўгору ззяючымі круглымі кулямі. На лінію агню, пад чэргі трасірак трапіў вялікі аглушаны акунь — і ў момант разваліўся на кавалкі. Гэтыя кавалкі варушыліся, тузаліся ўгору-ўніз, траплялі пад новыя кулі і распадаліся на больш дробныя.
«Назад!» — затузаў Амара за плячо Раджа. Але той упарта закруціў галавою, падкурчыў нагу, каб выхапіць з ножнаў крыс. І тады Амара рвануў яго за плячо мацней, ажно развярнуў да сябе тварам, падзёўбаў Раджу пальцам па цемю: «Звар'яцеў?!» Паказаў на свае вушы, схапіўся за галаву і пакіраваў на выхад. Радж крыху праплыў за ім, а потым адстаў, вылавіў леваю рукою правады. Паплыў угору, прапускаючы правады праз кулак. Шток замінаў, і Радж засунуў яго за пояс, а крыс усё-такі выняў, трымаў у правай руцэ, збіраўся рэзнуць па правадах. Амара, азірнуўшыся, замахаў яму рукамі крыж-накрыж — «Барані божа!». Радж неахвотна выпусціў правады, неахвотна схаваў крыс. Але раптам рухі яго зрабіліся таропкімі. Ён выперадзіў Амару, на хаду паказваючы, нібы прасоўвае нітку ў іголку і вядзе пальцамі па нітцы. Амара зразумеў: хутчэй плысці да таго буйка на жалезным стропе.