Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
Зноў заварушыўся ва ўсмешцы рот. Як трэшчына ў шэрай скале.
— Пачалі, галубочкі. Ці не занадта толькі рана.
— Як жа яно там было? — задумліва сказаў Валуеў.
У Варшаве між тым было страшна.
Даўно прыдушаны народ не мог больш цярпець палітыкі нязначных ільгот. Ён хацеў зямлі яму давалі дазвол на арганізацыю Зямельнага таварыства (займайцеся, панове, аграноміяй!). Ён патрабаваў свабоды урад дазваляў вярнуцца сасланым у Сібір. Ён жадаў незалежнасці сваёй радзімы давалі амністыю для эмігрантаў.
Дэманстрацыя 27 лютага 1861 года была стыхійная. Кіраўнікоў у яе не было і не
У гэтым сэнсе лютаўская дэманстрацыя была самым дэмакратычным, але і самым дрэнна арганізаваным рухам ледзь не за ўсю гісторыю паўстання. У яго шэрагах амаль не было змоўшчыкаў-прафесіяналаў.
І паўставаў, і кіраваў, і гінуў адзін і той самы тытан — варшаўскі плебс. Ён шчыра казаў усяму свету, што ў яго няма іншых сродкаў на тое, каб яго пачулі, акрамя жывых ахвяр, і што ён будзе прыносіць гэтыя ахвяры адну за адной, сотню за сотняй, тысячу за тысячай пакуль яго не пачуюць.
Ён давёў гэта. І пазней, вядома, не здрадніцкая палітыка і высокія словы Веляпольскага і не шавінізм белага жонду штурхнуў у паўстанне шматтысячныя беларускія масы, а гераізм простых людзей на варшаўскім бруку, агульная з імі доля, аднолькавы прыгнёт, і яшчэ такія людзі, што разумелі ўсё гэта, такія, як Каліноўскі.
Плебс лямантаваў аб вясковых справах і хацеў падаць цару адрас аб патрэбах краю — шляхта адмовілася падаць яго. Цар адказаў плебсу на мове свінцу і агню.
— Людзі хацелі ўпарадкавання мясцовага заканадаўства, новых цэхавых уставаў, прасілі аб роўнасці яўрэяў у правах у адказ на гэта ўсіх іх зрабілі рэвалюцыянерамі.
Страляць па дэманстрантах пачаў батальён пяхоты, што абараняў палац намесніка і быў аддзелены ад натоўпу кратамі агарожы. Годная смеласць! Між тым страляць не было патрэбы, гэта маглі зразумець нават чыгунныя мазгі ваенных, таму што люд ужо ўцякаў, рассеяны казацкай лавай. Генерал Забалоцкі, які камандаваў войскам, бачыў гэта, бачыў тлум і ўцёкі людзей на Кракаўскім Прадмесці. Нават ён мог бы зразумець, што гэты залп рэч непатрэбная. І, аднак, ён аддаў загад. За гэта яго двума гадамі пазней прызначылі мінскім губернатарам.
Невядома, чаму Забалоцкі гэта зрабіў. Магчыма, адчуваў глухі пецярбургскі настрой. Усім у сталіцы абрыдла тактыка чакання, насцярожанасці, уступак і высочвання ў адносінах да Варшавы. Гнайнік прасцей было рассекчы ўдарам ланцэта. І ніхто не думаў, што гэты гнайнік шматтысячны горад з палацамі і халупамі, мяшчанамі і панамі, студэнтамі і рамеснікамі.
Пасля залпа Кракаўскае Прадмесце і Замкавы Пляц уяўлялі жахлівае відовішча. Паплямаваная кулямі калона сярод плошчы і рабыя муры дамоў, разбітыя вокны, шкло на мёрзлым бруку (брук якраз падмошчвалі), галёшы, кінутыя кантычкі, сям-там плямы крыві і распырсканыя мазгі.
Вось і ўсё.
Не, не ўсё.
Жыў сабе быў у горадзе Варшаве маленькі, як блыха, зацёрты чыноўнічак з "саплівых". Звалі яго Ксаверы Шыманоўскі. Не меў ён грошай жыць дзе-небудзь, акрамя поўнай зладзеямі Крухмальнай ці Рыбакоў. Ходзячы дадому, відаць, баяўся,
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
… Малады чалавек, вы што, пераказваеце нам гогалеўскі "Шынель"? Нам гэтых варшаўскіх варыяцый на пецярбургскія тэмы не трэба. Вы лепей раскажыце пра яго нешта цікавае. Ці не закахаўся ён часам?..
Я ківаю галавой:
— Вядома, закахаўся. Раптам закахаўся. У самую гожую, у адзіна верную даму на зямлі…
І гэты варшаўскі "Шынель" меў зусім іншы канец. Ён скончыўся не так, як пецярбургскі. Знялі з плеч не капот, знялі веру ў сэрца чалавечае, у права, у шчасце.
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад'ездаў людзей.
Казакі, чаркесы і ўланы вярталіся. Ад замка рухаўся яшчэ адзін атрад. Сумятня і жах павіслі над горадам.
І тады ў сэрцы Шыманоўскага ўспыхнула раптам шалёнае каханне да самай гожай дамы, той, якая так рэдка з'яўляецца ў гарадах і вёсках зямлі.
Яе трэба было бараніць. І Шыманоўскі кінуўся да нагрувашчаных у кучы камянёў і сыпануў на коннікаў каменны град. Яшчэ нехта стаў побач з ім… Яшчэ… Яшчэ нечыя рукі схапілі камень.
Рыцары гэтай дамы насілі калісьці меч Мюнцара, цэп Вашчылы і аркебуз гёзаў. Цяпер яны кідалі камяні. У іх не было зброі.
І яны адбілі атаку коннікаў. І тыя кінуліся ўцякаць.
Зброі сапраўды не было. Людзі прадмесцяў хапаліся за доўбні і білы ад ложкаў, кухонныя нажы і сякеры, пісталеты, непрыдатныя нават на тое, каб забіць з іх курыцу ў клетцы, за пожагі і разакі, за таўкачы. А за спіною ў плебса ўжо вязалі выкруты і адрасы, плялі, урэшце, пятлю на ягоную шыю.
Намеснік Гарчакоў сустрэў Замойскага з біскупам Фіялкоўскім, і між імі ішла гжэчная бяседа. Ён згадзіўся прыняць ад паноў польскі адрас, які і быў 2 сакавіка надрукаваны ў "Journal de St Petersbourg", выкруціўся сяк-так ад адказнасці. І пачаўся гандаль. Цягнулі час, нібыта чакаючы адказу на адрас ад цара. Паліцыя і войска пакінулі вуліцы, бо гасудар вырашыў не дзейнічаць выключна сілай. Дзевятнаццатага лютага Варшава была нават ілюмінаваная, парадак на вуліцы трымалі мяшчане і студэнты.
Той самы Валуеў пазней кпіў з Гарчакова і іншых, што яны даюць прыклад d'un petit gouvernement provisoire 'a I'ombre de la bonne petite citadelle de Varsovie [64] .
Гарчакоў згадзіўся вызваліць ад спраў обер-паліцмайстра Трэпава, чалавека, які больш за ўсё крычаў аб рускім гонары, таму што быў Трэпгоф звычайны Фёдар Фёдаравіч з немцаў.
Між тым у Расіі пачаліся перадрэформенныя і паслярэформенныя хваляванні, а паколькі маніфест аб вызваленні не меў на ўвазе царства Польскага (гэта здарылася трохі пазней), то заварушыўся і польскі хлоп. Цар зразумеў, што "рассекание гнойника" цяпер справа несвоечасовая, і вымушаны быў пайсці на некаторыя ўступкі.
64
Маленькага часовага ўрада пад засцярогай добрай маленькай цытадэлі Варшаўскай (франц.)