Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
— "Не прэпятствуйце дзецям прыходзіць да мяне", — спяваў мярцвяк.
І, працягваючы чашу, узглашаў:
— Пійце ад нея ўсі.
— "Відзехом святло сапраўднае, — спявалі галасы, — прыяхом духа нябеснага… То бо нас уратавала ёсць".
Пан Юры не ішоў, а ляцеў да дзвярэй. І тут дарогу яму перагарадзілі ўзброеныя загонавыя.
— Швагер, — сказаў Кроер. — Траюрадны швагер, куды ж ты? Паслухай мяне.
Загорскі спыніўся.
— Прабачце, панове, за жарт, — сказаў Кроер. — Іначай ніхто не прыехаў бы.
— І правільна, — сказаў Біскуповіч. —
— Забудзем спрэчкі, — казаў далей Кроер. — Мне абрыдла аднаму. Забудзем спрэчкі хаця на некалькі дзён. Я нічога не шкадую. А ты куды, швагер?
У пана Юрыя дрыжалі ноздры. Ён зрабіў крок да дзвярэй — загонавыя самкнуліся. Загорскі, Алесь і Біскуповіч паклалі рукі на эфесы кордаў.
Кроер абводзіў усё гэта вар'яцкімі, у чырвоных мяшках, вачыма.
І, відаць, не пажадаў псаваць свята.
— Пусціце іх, — кінуў ён. — А ты, швагер, пачакай маёй смерці яшчэ год дваццаць.
Ён меў на ўвазе спадчыну. Але Загорскі рассунуў рукамі загонавых і пайшоў, не азіраючыся. Гэты чалавек не мог абразіць яго.
— І даруй, — сказаў Кроер.
Потым ён стаў у труне.
— Астатніх прашу не скардзіцца. Дарога доўгая, мокрая — жывіце тут.
Людзі аглядаліся. Ва ўсіх вокнах узвышаліся ўжо ўзброеныя загонавыя. Чалавек трыццаць, прапусціўшы Біскуповіча і Загорскіх, самкнуліся і стаялі ў дзвярах. Людзі апусцілі галовы, бо ўсе ведалі, якая цяжкая чаша Кроеравай гасціннасці.
Але ніхто не пратэставаў. Буйных дваран, з якімі Кроер пабаяўся б сварыцца, у зале не было. І людзі рушылі ў сталовую залу.
Цяжка зачыніліся за імі дубовыя дзверы.
Кроер кінуў парчу на плячо, накшталт плашча, і саскочыў на падлогу. Яго трошкі хістала, ён быў знясілены шматдзённай п'янкай, але сіліўся стаяць роўна.
Адзін з загонавых падышоў да яго і нешта сказаў, і ў Кроера вышчарыліся зубы.
— Дзе? — страшным ціхім голасам спытаў ён.
— Ля ганка, пане.
Кроер, цягнучы за сабою край парчы, памкнуўся да дзвярэй. На хаду спыніўся.
— Усе з акон. Усе да дзвярэй і не адыходзіць. Іначай — засяку… на зямлі. Сачыце, каб ніхто з гасцей не ўцёк… каб трупамі ляжалі да раніцы.
І амаль выбег з параднай залы.
…Ён перагнаў Загорскіх з Біскуповічам, калі тыя выходзілі на ганак. І не звярнуў на іх аніякай увагі, кінуўшыся на прыступках уніз.
Пан Юры кінуў аднаму з загонавых, які праводзіў іх:
— Коней.
— Зараз, — заспяшаўся той.
Яны чакалі коней, стоячы на ніжняй прыступцы, і глядзелі на тое, што адбывалася ніжэй сходаў, на пляцоўцы, укрытай бруднаватым патоўчаным снегам.
На пляцоўцы стаяў у атачэнні трох "блакітных" і дзесятка земскіх бялявы мужык у расхрыстаным кажуху. Рукаў кажуха быў адарваны: з вялікай дзіркі, як махры эпалета, падалі на плячо касмыкі аўчыны. Звычайны мужык год пад трыццаць, засівералы, дужы. Незвычайныя былі толькі вочы. Чорныя, дрымучыя, яны з непрыхаванай нянавісцю глядзелі на пана Кроера, што набліжаўся да купкі людзей бязгучнымі кашэчымі крокамі.
У
Мусатаў ведаў шалёны нораў Кроера, ведаў, што той можа з гарачкі ўчыніць такое, чаго потым і рукамі не развядзеш, тым больш што сведкам будзе сам маршалак. І Мусатаў пайшоў паўз Кроера да сходаў. Праходзячы, зрабіў яму прывітальны жэст.
Кроер усміхнуўся. Ён зразумеў гэта так, што Мусатаў развязвае яму рукі. "Што ж, добра. І якая, сапраўды, каму можа быць справа да рахункаў гаспадара са сваім рабом".
Мусатаў знік у доме. І Кроер, дачакаўшыся гэтага, падышоў і спыніўся крокі на тры ад мужыка.
— Што, Корчак, нядоўга давялося хадзіць? Пагуляў — плаці.
Вар'яцкія вочы глядзелі з усмешкай.
Корчак маўчаў.
Тры чалавекі на ганку ўскінулі галовы, пачуўшы прозвішча.
— Бацька, што гэта ён? — спытаў Алесь.
— Брыда, — сказаў пан Юры. — Ты не слухай, сыне, мы не маем права ўмешвацца.
Кроер рабіў то крок управа, то крок улева: разглядаў.
— Дык пан Корчак ужо і эпалет прыдбаў? У генералы пану Корчаку захацелася? Можа, гаспадар Корчак і ў імператары мерыцца?
Корчак маўчаў.
— Мерыцца, — з удаваным шкадаваннем сказаў Кроер. — Непiсьменны, бедалага. Не чытаў. Не ведае, чым цар Мурашка скончыў [69] .
— Чаму не ведаю? — сказаў раптам Корчак з нейкім заліхвацкім адчаем. — Вельмі нават добра ведаю:
Галовачка бедная ад жару трашчыць, Ножкі на чырвоным на жалезным сядле.У адказ пан Кроер ударыў, відаць, не вельмі моцна, бо быў знясілены п'янкай.
Алесь глядзеў на гэта разгубленымі вачыма: ён упершыню бачыў, як б'юць звязанага.
69
Падчас вялікай сялянскай вайны семнаццатага стагоддзя паўстанцамі — мужыкамі Міншчыны — кіраваў Мурашка. Згодна з паданнем, смяртэльна параненага ў бітве "мужыцкага цара" пасадзілі на распалены дачырвана жалезны трон.
Галава ў Корчака не хіснулася ад удару. З нейкай злоснай радасцю ён сказаў:
— Дрэнна б'еш… А шкада, паночак, што мяне па дарозе да сваіх схапілі. Вух, як бы з гэтага кубла дымком ірванула! — Корчак глытнуў паветра. — Шкада… Аднаго шкада: разлічыцца не паспеў…
Кроер адпачываў, і вочы яго былі каламутныя ад гневу.
— Дык у цябе яшчэ і свае былі? — ціха спытаў ён.
— А як жа. Не святым жа я духам жыў са жніва да масленай. Хавалі, памагалі.
— Дзе хавалі? Хто?