Калыска чатырох чараўніц
Шрифт:
Маці. Чаго?
Янка. Сплочваць доўг.
Маці. Не было ў нас даўгоў.
Янка. Нязмерныя нашыя даўгі. Усіх, хто ўмее пісаць і думаць.
Голас здалёк:
Паймі! Пачуй! Сон наш і свой стрывожы, – Закон і суд свой праведныНічога, я не буду ад адчаю, што вы не даецеся мне, біцца галавою аб вугал хаты. Я вас калісьці ўлаўлю, радкі! Я схаплю цябе, Голас. Рана ці позна. Сёння ці заўтра. Ніколі не позна аддаць доўг.
Маці. Што ты? Загаворваешся?
Янка. Пажадай мне ўсім сэрцам... міру маёй ярасці супраць гэтай зямлі... Зямлі паноў і рабоў. Міру майму лютаму ўтрапенню.
Маці. Яно пройдзе.
Янка. Хіба з маёй смерцю. А калі раней – гэта будзе значыць, што ўсё дарэмна. Бывай, маці.
Схіляецца і цалуе ёй руку. На імгненне ўсё цямнее, а пасля ў далёкім зарыве з’яўляюцца сілуэты чатырох чараўніц.
Трэцяя. Ён пайшоў. Тысячы перашкод.
Першая. Ён пераможа, раз вырашыў ісці да канца.
Чацвёртая. Вы ведаеце, ш т о я пастаўлю на ягоным шляху? Працу чорнага вала.
Другая. Здужае. Нездарма ён герба Навіна. Ён новы. I новае прынясе на зямлю беларускую. I там ужо ніхто не асмеліцца, не прыкрываючыся хлуснёй, назваць чалавека рабом.
Чацвёртая. Ён адмовіўся ад герба. Ён мужык.
Першая. Вечны мужык. Усе вымруць і пойдуць. Але застанецца чалавек, у далоні якога хлеб.
Трэцяя. I песня.
Першая. Песня і хлеб.
Чацвёртая. А я ўздыму “уголовное уложение статью сто двадцать девятую “О смуте”. За першую ж кніжку: “сочинения, возбуждающие учинению бунтовщического или изменнического деяния... к неповиновению или противодействию закону”. А гэта тры гады ў ісправіцельным доме ці восем год катаргі.
Першая. Я прыбяру гэты камень з яго дарогі.
Чацвёртая. Што толку ў яго пакутах, калі нават сын Чаховіча Вітальд, аддаючы зямлю ў арэнду, будзе браць слова, што шаракі не будуць чытаць і выпісваць “Нашай нівы”?
Трэцяя.
Чацвёртая. I судзіць яго будуць.
Другая. А ён будзе над імі вышэйшым судом.
Чацвёртая. I хлусіць на яго будуць.
Першая. А ён адкажа ім мячом праўды.
Чацвёртая. На яго будуць узводзіць паклёп і ворагі і “сябры”.
Першая. Ён будзе над светам, а імя тых забудуць людзі на зямлі. Хіба што каб судзіць або пляваць на іхнюю магілу.
Чацвёртая. I будуць войны.
Трэцяя. А ён скажа: “У мор намруцца, а ў вайну налгуцца”.
Чацвёртая, Часам ён, магчыма, і не вытрымае.
Першая. Народ запомніць яго такім, як зараз. Ён любіць багоў, калі знойдзе ў іх чалавечае.
Чацвёртая. I ўрэшце ён загіне.
Другая. Зрабіўшы найвышэйшае, што дадзена чалавеку на зямлі. А смерці яшчэ не пазбегнуў ніхто.
Чацвёртая. Усіх каменняў вы не прыбярэце. Вось гэтую маці, руку якой ён цалаваў, пахаваюць у той самы дзень, калі гэтае ягонае сэрца аддадуць агню.
Першая. I вечны будзе гэты агонь.
Чацвёртая. І ён загіне, калі зямлю ягоную будзе таптаць, пляваць на яе, зневажаць яе самы бязлітасны, самы бесчалавечны, самы хлуслівы, самы крывадушны вораг.
Першая. Вораг згіне. Незлічоная будзе сіла ягоная, – а ён згіне. Бо што сіла моцных, калі чалавек ідзе ратаваць людзей, вяртаць іх гонар? Калі ён, хай сабе адзін, за свой народ.
Зарыва. Аддаляюцца крокі. I ўжо на поўную сілу, запаланяючы ўсё, гучыць Голас:
Што я мужык, усе тут знаюць, I, як ёсць гэты свет вялік, 3 мяне смяюцца, пагарджаюць, – Бо я мужык, дурны мужык. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . I кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! – бо я мужык!1981 г.