Чтение онлайн

на главную

Жанры

Левы рэйс

Шитик Владимир Николаевич

Шрифт:

Гадзіннік з бранзалеткай

Новае назначэнне Корзун прыняў без асаблівай радасці. Вядома, служба ў абласным упраўленні ўнутраных спраў, ды яшчэ ў самім крымінальным вышуку, цешыла самалюбства. Колькі ў райаддзелах вобласці служыць лейтэнантаў і нават старшых лейтэнантаў, а, як здарылася вакансія, выбралі яго. І разам з тым было сумна расставацца з таварышамі — з участковым Савачкіным, начальнікам аўтаінспекцыі Лапковым, падпалкоўнікам Шараем. У сваім райаддзеле ён, здаецца, быў на месцы і, што самае важнае, заўсёды адчуваў сяброўскую падтрымку. А тут, напэўна, пройдзе нямала тыдняў, калі не месяцаў, пакуль ён прывыкне, асвоіцца, пакуль яго пачнуць лічыць па-сапраўднаму сваім. Калі толькі раней не праваліцца на якой-небудзь простай справе.

Супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку паставіліся да Корзуна добразычліва і ў той жа час неяк стрымана, сухавата. Пазнаёміліся, перакінуліся словам-другім і заняліся кожны сваім. Толькі непасрэдны начальнік маёр Юркавец падрабязна распытаў, як гэта Корзуну ўдалося так хутка знайсці ўкрадзеныя з калгаснай касы сем тысяч рублёў.

Корзуну было прыемна, што і ў абласным цэнтры чулі пра гэта. І ўсё ж, калі казаць шчыра, яму хацелася нейкай іншай размовы, ва ўсякім разе, не пра мінулае. Тым болей што і начальнік аддзела яму спадабаўся: высокі, спартыўнага выгляду, элегантна апрануты, прыгожы, гадоў трыццаці пяці мужчына. Ён глядзеў уважліва і прыветна, слухаў не перабіваючы. З ім, Корзун адчуў гэта, ён мог бы падзяліцца самым запаветным. Як некалі з падпалкоўнікам Шараем.

Аднак Юркавец быў не з гаваркіх. Нездарма ў аддзеле жартавалі, што ён сем разоў падумае, а тады ўжо скажа. Паслухаўшы Корзуна, маёр задаволена хмыкнуў і працягнуў танюсенькую папку.

— Вось табе першае заданне, — маёр зірнуў на Корзуна, наморшчыў лоб і, папярэджваючы пытанне, дадаў: — Вёў старшы інспектар Дзюба. Пазнаёмся і выкажы сваю думку.

Корзун узняў вочы.

Юркавец нахмурыўся. Відаць, прывык, што падначаленыя разумеюць яго з паўслова. Але на гэты раз палічыў патрэбным сказаць яшчэ адну фразу:

— Дзюбе давялося выехаць.

Тэрміновая камандзіроўка супрацоўніка абласнога ўпраўлення азначала, што ў нейкім раёне спатрэбілася кваліфікаваная дапамога, і Корзун адказаў:

— Будзе выканана.

Начальнік аддзела, вядома, не выпадкова прыгадаў тэрміновую камандзіроўку Дзюбы. Гэта як бы падкрэслівала, што пытанне не столькі ў праверцы здольнасцей навічка, колькі ў неабходнасці нешта такое ўдакладніць. Тым не менш Корзун засмуціўся. Ён пераконваў сябе, што Юркавец, калі ў яго сапраўды ўзніклі нейкія сумненні, мог аддаць папку і якому іншаму супрацоўніку, які падвярнуўся б пад руку, што ў гэтым факце няма нічога незвычайнага і тым болей крыўднага. Аднак довады розуму не дзейнічалі. І Корзун ледзьве прымусіў сябе засяродзіцца на гэтых пратаколах, тлумачэннях, заключэнні эксперта, даведках і да таго падобных дакументах, без якіх крымінальная справа — не крымінальная. Дзюба расследаванне закончыў: злачынца затрыманы, не адпіраецца, ёсць паказанні сведак і ўсё гэта пацверджана паўторным выездам на месца здарэння. Так што Корзуну і рабіць тут, уласна кажучы, няма чаго.

А гісторыя была самая банальная. Нейкі Гурыновіч падпіў і захацеў дабавіць, а грошай не было. Вось і падпільнаваў прыцемкам на выхадзе з глухога завулка дзяўчыну і спрабаваў адабраць сумачку. Аднак падаспелі людзі, і Гурыновіча затрымалі. У аддзеле міліцыі і дзяўчына і сведкі апазналі грабежніка. А калі да гэтага дадаць, што Гурыновіч прыкладнымі паводзінамі не вызначаўся, то зусім зразумела, чаму Дзюба не доўга разважаў пра яго вінаватасць.

Корзун узяўся за ручку, каб пацвердзіць сваю згоду з вывадамі старшага інспектара. З іроніяй сказаў сабе: «Блыхалоў ты, а не інспектар крымінальнага вышуку. У гэтай справе, каб і хацеў, не памылішся». Ён акуратна падраўняў паперкі, перагарнуў іх тэкстам уніз. Але ў самы апошні момант падумаў: «А чаму ўсё-такі маёр падсунуў мне гэту справу?»

Зазваніў тэлефон. Корзун узяў трубку. Гаварыў Юркавец.

— Ну як, можаш далажыць?

— Яшчэ не, — адказаў Корзун.

Маёр хмыкнуў. Гэта, падобна, замяняла яму словы, якіх ён не любіў і без якіх часта добра абыходзіўся, надаючы сваім хмыкам патрэбнае адценне.

Корзун яшчэ не надта разбіраўся ў адценнях голасу начальніка аддзела, аднак іронію адчуў. З прыкрасцю падумаў, што з кіраўніцтвам упраўлення Юркавец, напэўна, размаўляе ўсё-такі нармальнай мовай. У тон Юркаўцу лаканічна сказаў:

— Вывучаю…

Вядома, гэта было не толькі яго права, а і абавязак. Юркавец хмыкнуў яшчэ раз, і ў трубцы пачуліся кароткія, як насмешлівае пакехкванне, гудкі-сігналы. Корзун паклаў трубку на рычагі і зноў узяўся за спісаныя лісткі справы.

Ён перачытаў іх адзін за другім да канца. Усё выглядала правільным, абгрунтаваным. Нават тое, што дзяўчына, Зіна Шаронава, ужо ў міліцыі заявіла, быццам бы ў яе былі залатыя гадзіннік і бранзалетка, а іх не аказалася, наўрад ці мела істотнае значэнне. Як пацвярджалі сведкі, Гурыновіч не паспеў адбегчыся. Такім чынам, Шаронава або згубіла гадзіннік раней, або яго ў прыцемках не заўважылі, аглядаючы месца здарэння. Хутчэй за ўсё апошняе, бо пільнага агляду не было — сама падзея гэтага не вымагала, Дзюба пра гадзіннік тады не ведаў. Корзун рашуча ўзяў ручку і зноў адклаў, пакепваючы з сябе: «Бюракрат ты, лейтэнант міліцыі. Чыноўнік. Прыдзіра. Фармаліст…» А потым склаў папку і пайшоў да начальніка аддзела — нешта ўсё-такі ў гэтай справе не ладзілася.

Азнаёміўшыся з яго сумненнямі, Юркавец вымавіў на дзіва доўгую фразу:

— Гадзіннік мог падабраць пазней выпадковы прахожы, нават назаўтра раніцай.

— Не ўпэўнены, — запярэчыў Корзун. — Варта было б яшчэ раз пагаварыць са сведкамі, пашукаць новых.

Бровы ў Юркаўца папаўзлі ўгору.

— Бачыце, таварыш маёр, — загарачыўся Корзун, — чамусьці гэтыя сведкі,— ён тыцнуў пальцам у папку, — бачылі толькі фінальную сцэну: Шаронаву на зямлі і схіленага над ёй Гурыновіча. А падзея ж мела і пачатак.

— Што гэта нам дасць? — Юркавец быў цярплівы — ці то ад характару, ці то шанаваў навічка.

Але Корзуну спадабалася, што ён не аддзяліў сябе ад справы, і таму шчыра прызнаўся:

— Каб я ведаў…

Юркавец скептычна паглядзеў на танюткую папку, перавёў позірк на лейтэнанта і, улавіўшы яго ніякаватасць, спачувальна сказаў:

— Меў я табе другое заданне, але… Згодзен, пакруці, толькі не зацягвай надта.

Пасля Юркаўцовага дазволу Корзун ледзь не заганарыўся сабой. Ды ў час спахапіўся, зразумеў, што ўсё не так проста. Як вынікала з пратаколаў, Дзюба таксама думаў пра магчымых новых сведак. Ён, здаецца, апытаў усіх, хто знаходзіўся тады паблізу, адно што ў глыб часу не пайшоў. Зыходзіў з таго, што Гурыновіч дзейнічаў асцярожна, падбіраючы хвіліну, калі вакол нікога не будзе, — і каб быў цверазейшы, то наўрад ці заспелі б яго на месцы злачынства. Гэта Дзюбава лагічная пасылка, падмацаваная пэўнымі фактамі, гучала досыць пераканаўча. А калі сюды дадаць яшчэ, што гадзіннік сапраўды мог падабраць хто-небудзь іншы, зусім старонні чалавек, то ў Корзунавай прыдумцы лёгка заўважаліся праколы. Гэта Корзуну было непрыемна. Але ён не адступіўся ад свайго. Не з упартасці, не таму, што сказаўшы «а», мусіў гаварыць і «б». Не любіў справы, у якіх не было адказу на ўсе магчымыя пытанні. Як, у прыватнасці, у гэтай — павінен жа быць нехта, хто бачыў Гурыновіча да нападу?

У пратаколе допыту Зінаіда Шаронава значылася як «пацярпеўшая». Корзун не любіў гэтага слова. Яму здавалася, што яно надта казённае, з чалавека, якога пакрыўдзілі, якому нанеслі шкоду, робіць нейкую статыстычную адзінку. Яшчэ на пачатку сваёй службы ў райаддзеле ён паспрабаваў быў нават замяніць гэта слова. Пра дзядзьку, у якога п'яныя хуліганы адабралі грошы, напісаў «абрабаваны». Начальнік райаддзела падпалкоўнік Шарай чырвоным алоўкам тлуста перакрэсліў напісанае і сказаў: «Ты — лейтэнант міліцыі, а не мовазнаўца, давай без словатворчасці. А пра тое, абрабавалі твайго дзядзьку ці не, суд скажа». Корзун падпарадкаваўся, хаця ў душы застаўся нязгодным. І кожны раз, складаючы пратакол або якую-небудзь іншую афіцыйную паперу, міжволі ў думках падбіраў сінонімы да «пацярпеўшых», «істцоў», «устанаўлення сведак» і да таго падобных тэрмінаў, якія бытуюць у службовых дакументах і якія, ён гэта ўжо зразумеў, пры ўсёй сваёй казённасці надзвычай дакладна перадаюць сутнасць справы. І цяпер, калі ў яго ўзнікла неабходнасць пачынаць уласнае расследаванне з Шаронавай, якая пацярпела ад Гурыновіча, ён у думках пасміхнуўся, успомніўшы свае ранейшыя моўныя пакуты, — не было б большай бяды…

Популярные книги

Приручитель женщин-монстров. Том 1

Дорничев Дмитрий
1. Покемоны? Какие покемоны?
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Приручитель женщин-монстров. Том 1

Мама из другого мира. Чужих детей не бывает

Рыжая Ехидна
Королевский приют имени графа Тадеуса Оберона
Фантастика:
фэнтези
8.79
рейтинг книги
Мама из другого мира. Чужих детей не бывает

Сводный гад

Рам Янка
2. Самбисты
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Сводный гад

Заплатить за все

Зайцева Мария
Не смей меня хотеть
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Заплатить за все

Ветер и искры. Тетралогия

Пехов Алексей Юрьевич
Ветер и искры
Фантастика:
фэнтези
9.45
рейтинг книги
Ветер и искры. Тетралогия

Сердце Дракона. Том 11

Клеванский Кирилл Сергеевич
11. Сердце дракона
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
боевая фантастика
6.50
рейтинг книги
Сердце Дракона. Том 11

Ты не мой BOY

Рам Янка
5. Самбисты
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Ты не мой BOY

Титан империи 7

Артемов Александр Александрович
7. Титан Империи
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Титан империи 7

Неудержимый. Книга XVII

Боярский Андрей
17. Неудержимый
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга XVII

Белые погоны

Лисина Александра
3. Гибрид
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
технофэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Белые погоны

Не грози Дубровскому! Том VIII

Панарин Антон
8. РОС: Не грози Дубровскому!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Не грози Дубровскому! Том VIII

Возмездие

Злобин Михаил
4. О чем молчат могилы
Фантастика:
фэнтези
7.47
рейтинг книги
Возмездие

Утопающий во лжи 2

Жуковский Лев
2. Утопающий во лжи
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Утопающий во лжи 2

Измена. Мой заклятый дракон

Марлин Юлия
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.50
рейтинг книги
Измена. Мой заклятый дракон