Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Трэба завезці яго да гаспадара, — раздумліва прапанаваў шэрабароды. — Баярын добра заплоціць.
— А адкуль мы ведаем, што ён халоп баярскі? — умяшаўся ў гаворку яшчэ адзін купец, высокі, сухі, з глыбокім ірваным шрамам на правай шчацэ. Пэўна, некалі кап'ё шчаку разадрала. — Людзей усялякіх многа. Не адзін Гаўрыла ў Полацку.
Шэрабароды не згадзіўся з ім.
— Ярун, — павярнуўся ён да купчыка з залатым пярсцёнкам-пячаткай на пальцы, — схадзі да пярэдняга воза, прынясі вяроўку. Звяжам гэтага вераб'я. Баярын добра заплоціць.
Ярун, хіхікнуўшы, пабег
— Купцы, — папрасіўся ён, — адпусціце мяне. Што я вам благога зрабіў?
— Няможна бегаць ад гаспадара, — строга сказаў шэрабароды. — Што, калі ўсе пачнуць бегаць?
Ярун весела нёс вяроўку. Якаў раптам, прыкусіўшы губу, ірвануўся з месца, збіў з ног шэрабародага, памчаўся што ёсць моцы з двара, да расчыненых варотаў.
Ён вылецеў за вароты, пабег па вузкай, цесна забудаванай нізкімі драўлянымі хацінамі вуліцы. Зямля Полацка была пад нагамі. Вецер Полацка біўся ў грудзі. Сафія высока ззяла над горадам. Ён бег, кіруючыся на яе. Хто чакаў яго? Каго ён ведаў у гэтым агромністым горадзе?
У першага сустрэчнага, ганчара з чырвонымі ад гліны рукамі, ён запытаўся:
— Дзе князя Вячку знайсці з дружынаю?
— Вячку? — здзіўлена глянуў на задыханага Якава ганчар. — На падвор'і ў баярына Цвердахлеба прыпыніўся князь.
Пасля доўгіх блуканняў па шумным горадзе Якаў знайшоў нарэшце падвор'е Цвердахлеба і адразу ж убачыў Вячку, які злазіў з каня, каб ісці ў святліцу.
— Князь! — адчайна паклікаў Якаў.
Вячка запаволіў крок, запытальна паглядзеў на Якава:
— Каваль?
Якаў кінуўся на калені:
— Ратуй, князь. Дай прытулак.
III
Княгіня Дабранега плакала ў сваёй спачывальні. Гэта былі першыя яе слёзы з таго часу, як пакінула яна роднае Княжае сяльцо, развіталася з бацькам і маці, паехала ў Полацк, адтуль у Кукейнос і ў кукейноскай царкве поп Сцяпан пры ўсім народзе павянчаў яе з Вячкам. Чалядніца Куліна, якая з самага Княжага сяльца не расставалася з Дабранегай, расчэсвала ёй прыгожым самшытавым грэбенем валасы, угаворвала:
— Не плач, княгінечка, не плач, зязюлечка. З-за чаго басу 72 губіш, маладосць сушыш? Яна, Соф'я, малое дзіця яшчэ. У лялькі гуляе. Адкуль ёй ведаць, хто ёй шчасця жадае? Родную маці, вядома, замяніць нельга. Адну маці на ўвесь век бог дае. Але з тваім залатым сэрцам, княгінечка, ты каго хочаш палюбіць сябе змусіш. Нельга цябе не любіць.
Дабранега падняла заплаканыя вочы на Куліну, ціха запыталася:
— А можа, дарэмна я выйшла за князя Вячаслава? Куліна аж рукамі пляснула.
72
Баса — прыгажосць.
— І не кажы, княгінечка, і не думай. Як дзве зоркі вы ў небе. Дзе лепшую за вас з князем пару знойдзеш? Палюбіць
Дабранега пакрысе супакойвалася. Увогуле яна была неплаксівай пароды, у бацьку ўдалася. Той, як яшчэ малым быў, калі крыўдзілі яго, толькі разгневана соп носам, густа чырванеў, спадылба глядзеў на таго, хто зрабіў ці жадаў зрабіць яму зло. І столькі было ў тым дзіцячым паглядзе гняўлівага недзіцячага дакору, столькі суровай сілы, якая ўсё разумее, усё ведае, свяцілася ў глыбіні вачэй, што дарослыя людзі адводзілі ўбок позіркі.
Такі пагляд быў у маленькай Соф'і, падчарыцы Дабранегі. Калі пасля вянчання Дабранега разам з князем Вячкам вярнулася з царквы ў церам, Соф'я, прыгожа апранутая, гладка прычасаная карміцелькай Тадорай, сустракала іх на ганку церама. Баяры навучылі яе ўзяць у рукі крыж-складзень і благаславіць свайго бацьку і сваю новую маці ў такі радасны для іх дзень.
Вакол ганка стаялі баяры, крыху зводдаль тоўпілася чэлядзь, просталюдзіны з горада, латгалы і селы. Дружыннікі пры з'яўленні Вячкі і Дабранегі высока ўскінулі шчыты, ударылі ў іх мячамі. Баяры, а потым чэлядзь крыкнулі здравіцу.
Дабранега, хвалюючыся да мурашак на спіне, чакала, як сустрэне яе Соф'я. Маленькая прыгожая князёўна, з чыстым, надзіва сур'ёзным тварыкам, з маленькай дарагой каронкай на светлых валасах, моцна сціскаючы ў тонкіх пальцах крыж, глянула на бацьку, потым на сваю новую маці і асяніла іх крыжам. Вусны ў яе задрыжалі, здавалася, яна вось-вось заплача, але Соф'я, як і чакалі ад яе, нашчадніцы полацкіх князёў, толькі пабляднела з твару, толькі праглынула горкі камяк і сказала звонкім галаском:
— Хай будзе над вамі бог. Амінь.
Старшы дружыннік Халадок разбіў аб ганак вялікі, для гэтага дня зроблены ганчаром Валодшам гліняны гаршчок. На гаршку былі напісаны імёны ўсіх ворагаў Вячкі і Кукейноса. Рассыпаўся, разляцеўся на дробныя кавалачкі гаршчок, і ўсе беды-напасці разам з ім рассыпаліся.
Потым князь з княгіняю наступілі на самым парозе церама на карчагу, прыкрытую льняным абрусам. Гучка трэснула карчага, і гэта таксама было добрым знакам.
І вось тады заўважыла, перахапіла Дабранега пагляд сваёй падчарыцы Соф'і. Столькі пакуты, столькі болю было ў гэтым паглядзе! Як бы развітвалася з нечым падчарыца, як бы нешта губляла назаўсёды. І самае страшнае, што слёз не было ў яе вачах. Сухія былі вочы, як халодны калядны снег.
— Ідзі, Куліна. Я хачу пабыць адна, — сказала чалядніцы Дабранега. Чалядніца, пакланіўшыся, выйшла са святліцы.
У Вячку Дабранега знайшла таго, аб кім неаднойчы марыла ў бяссонныя вясновыя ночы, калі цёмна-блакітнае неба стаіць над зямлёю, як нерухомая рачная плынь, калі ясныя вугольчыкі зорак, здаецца, прапякаюць душу. Яна зберагла сябе, захавала да гэтага дня, да гэтага імгнення. Яна сама здзіўлялася тым светлым высокім хвалям, што біліся ў сэрца, калі заставаліся яны з Вячкам, калі толькі для іх дваіх быў створаны бязмежны свет ад самай далёкай зоркі-крупінкі ў небе да кавалачка цёплага бурштыну ў халоднай марской чорна-сіняй бездані.