Нічые
Шрифт:
Ардынарац - той самы Карпаў Даніла, якога ўсё расхвальваў перад бацькам падпіты Чуб, нават больш падыходзіў на ролю камандзіра, чым сам Чайка. У казацкім жупане, у сініх «ахвіцэрскіх» штанах з чырвонымі кантамі, у вузкіх і доўгіх, да каленяў, ботах, мажны, вусаты, строгі; толькі што пачціва, як і належыць ардынарцу, «на паўкорпуса» трымаецца ззаду... Не так лёгка, аднак, яму гэта ўдавалася. Мясцовай, семежаўскай, гадоўлі малады і дурны жарабец круціўся пад ім, як чорт. То яму заманьвалася пашнырыць, што таму ганчаку, па вакольных кустах, то, не зважаючы на аброць і цуглі ў роце, перла яго да вады, а то, юрліва косячыся, пачынаў ён так прыціскацца да бока кульгавай сяброўкі, што ледзь не спіхваў яе
– Ой, ты іграеш, ой, іграеш, - праз зубы сіпеў тады Даніла, гваздаючы семежаўцу праміж вушэй, нямоцна, канечне ж.
– А вылегчаць?..
Калі ж жарабец супакойваўся на час і йшоў сабе смірна, як людскія коні ходзяць, тады Данілу не было чым заняцца і ён крадком, збоку пачынаў пазіркваць на камандзіра. Ён адчуваў сябе вінаватым.
Яму сорамна было і за нядаўні прыкры выпадак, і за тое, галоўнае, што ягоны брацельнік, Дзяніс, павінен зараз стаяць у гэтым тылавым, «неабавязковым» - таму і ставілі звычайна падлеткаў - дазоры... А яго там не будзе. Бо ўчора важны (да самога ж Чайкі прыстаўлены!) Даніла здуру адпусціў яго з Чубам у вёску... Разведчыкі выпраўляліся акурат у краі, адкуль браты былі родам, грэх было такой нагоды не скарыстаць, да таго ж Чуб усё ўпрошваў: «Ды што яму баяцца, са мною!
– хай хоць бацькам пакажацца!..»
Цяпер ардынарац і вінаваціўся, і ўсё раздумваў: сказаць Чайку ці не? Ці пазней? Ці зусім маўчаць, мо само неяк абыдзецца?.. Тым больш было - задняй думкаю - і апраўданне: Чайка якраз спаў, і ён, добры, клапатлівы ардынарац, не насмеліўся будзіць яго - гэта першае, і другое - ды ўсё адно кампалка, канечне ж, адпусціў бы, ды нават проста не ведаў бы пра адсутнасць нейкага падлетка, проста не заўважыў бы! Аднак жа неяк вось так атрымалася... Ды і хто б мог падумаць, што Чайка сам сёння настрапаліцца аб'язджаць гэтыя дазоры і кабылы не пашкадуе?.. Нібыта без яго няма каму аб'язджаць...
Ай, зрэшты, усё лухта, думалася Данілу, таксама «падзея»: хлопец дамоў захацеў адскочыць... Адзін ён хіба? Скрозь такое. З трох дазораў, якія яны ад ранку паспелі праверыць, ніводнага поўнага... Хто бліжэй жыве, усе паразбрыдаліся пад нагоду - той да жонкі, той да маткі, той да свахі, па тытунь, каўбаску, самагонку... Партызаншчынка! І нібыта камандзіры не ведаюць - яшчэ і як ведаюць. Церпяць і мірацца, як церпіць і мірыцца Чайка. Вось жа ні заўвагі, ні слова нікому на тых трох дазорах...
Але, аказваецца, збіралася ў душы, капілася, пакуль не сарваў... Пакуль не гэты дурны выпадак. Хвілін дзесяць назад, калі яны, перасекшы стары семежаўскі шлях і спускаючыся да Морачы, сутыкнуліся са сваёй жа начной разведкаю. Тры коннікі са смехам і гоманам, ані дбаючы, ехалі сярэдзінай шляху, вялі з сабою перабежчыкаў - трох чырвонаармейцаў з вінтоўкамі, і палоннага - нейкі са звязанымі ззаду рукамі, высокі, бы жардзіна, камандзір, па сваёй бальшавіцкай модзе - у скуранцы, над расквашанымі чаравікамі - абмоткі, таму ногі здаваліся цыбатымі і тонкімі, на галаве - нейкая дзіўная шапка-шлем з піпкаю зверху... Старшы разведкі, Мірончык, убачыўшы кампалка з ардынарцам, пасуровеў, звярнуў са шляху, пад'ехаў. «Стаяць!» - крыкнуў, перш чым дакладваць, - не на Чайку, на каня, які танцаваў пад ім. Скалячы зубы, нагайкай паказваючы на перабежчыкаў, на палоннага, пачаў дакладваць. Даніла хоць і стаяў да Мірончыка не так блізка, як Чайка, а і то ўнюхаў сівушны пах, да таго ж і гаварыў Мірончык гучна, узбуджана і блытана, як цвярозыя не гавораць. Астатнія, відаць было, таксама часу не гублялі: світкі наросхліст, шапкі на патыліцах, раты ва ўсмешках, у вачах - астаткі загулу... Дасталося, відаць, нейкаму хутару гэтай ноччу - «гуляй, хата, хадзі, печ!»...
Чайка хмурыўся, кратаў парэзаную і газецінай заклееную, як заўсёды, бараду, на Мірончыка стараўся не глядзець, а пераводзіў
– Колькі было гаворана, - пачаў Чайка ціха, усё не гледзячы на Мірончыка, і Даніла зразумеў, што камандзір стрымлівае сябе, каб не сарвацца на крык.
– Колькі сказана было, што разведка не павінна звязвацца ні з якімі палоннымі, ні з якімі перабежчыкамі, што разведка павінна раз назаўсёды запомніць - балахоўшчына з зялёнадубшчынай мінуліся... Калі вы ўсё гэта запомніце?
– цадзіў праз зубы ледзь чутна, без аніякай інтанацыі.
Перш атарапелы Мірончык - сама мала чакаў падзякі ці пахвальбы - хутка, аднак, апамятаўся. Падбіў на патыліцу кубанку з бел-чырвона-белай нашыўкаю наўскось. У тон Чайку таксама праз зубы выціснуў:
– Ужо запомнілі, таварішчь камандзірь!
– перадражніў, і даволі ўдала перадражніў; Чайка, які ўсё амаль жыццё правёў у Расеі, сапраўды размаўляў па-беларуску з натугаю, з тымі нязграбнымі, непрыгожымі памылкамі, як і ва ўсіх, хто вучыцца не жывой, а штучнай, кніжнай мове; вымаўлялася ў яго і «начяльнік», і «камандзірь», і «ў Слуцке», і «ў Менске».
– А каб яшчэ лепш запомнілі, - ціха працягваў Чайка, ледзь прыкметна змяніўшыся з твару, - для яшчэ лепшага запамінання я вас арыштоўваю!
– Арыштоўвай, - пасміхнуўся Мірончык.
– Це!
– хутка сказаў Чайка.
– Арыштоўвай-це!
– Паслухай, парень, тут табе не твая Расея і не царская армія, тут не выкаюць і не чёкаюць...
– Маўчаць!!!
– гаркнуў Чайка, і Мірончык адхіснуўся, аж конь пад ім прысеў.
– У Семежаве зараз жа далажыць любому камандзіру, што арыштаваны, здаць зброю і адпраўляцца пад арышт! Усё ясна?!
І ў Мірончыка твар таксама змяніўся, пайшоў плямамі, заторгалася ў ціку шчака, звузіліся вочы... Рука з бізуном узляцела раптам уверх...
– Э, э! канчай мне тут!
– усклікнуў Даніла, пад'язджаючы.
Невядома, які быў бы ўсяму гэтаму канец, калі б Чайка хоць рухам адрэагаваў, каб хоць чым выдаў спалох. Але ён не зварухнуўся, і Мірончык, выдыхнуўшы, адвёўшы вочы, зрабіў выгляд, што ўскінуў руку, усяго толькі каб казырнуць.
– Так точьна, ясна!
– і стаяў так, з прыкладзенай да скроні рукою, пакуль Чайка з ардынарцам не ад'ехалі; тады ўслед ім пачулася нягучнае:
– Камуняка блядская!..
– Што-што?!
– Даніла схапіўся за шаблю, крутнуў каня, не спускаючы вачэй з Чайкі: дайце адно знак!.. Але кампалка як і не пачуў, не азірнуўся нават (і дарма, бо заўважыў бы, якое ажыўленне пры словах Мірончыка прабегла па твары чырвонага камандзіра).
Данілу нічога не заставалася, як павярнуцца і ехаць следам, з адчуваннем пабітага сабакі...
Семежава засталося ззаду. Насупраць вызнянскай дарогі яны пусцілі коней уброд праз мелкую тут Морач. Тыя неахвотна палезлі ў сцюдзёную ваду, крышачы капытамі ўмерзлую ў прыбярэжжа снегавую кашу. На сярэдзіне спыніліся, Даніла пасвістаў, і коні зноў-такі з неахвотаю, бы робячы гаспадарам паслугу, нагнулі шыі і пацыркалі вады. Пераправіўшыся, далей паўз канаву, аброслую голым алешнікам і вербалозам, уехалі ў лясок. Затым падняліся на пагорак, усеяны старымі і новымі крыжамі, свежастаўленымі і пагнілымі агароджамі - тут пачыналіся местачковыя праваслаўныя могілкі. За ўвесь час кампалка не прамовіў ні слова, ехаў, трымаючы ў адной руцэ павады, другой усё церабіў-мучыў парэзаны падбародак. Маўчаў і Даніла, ён каяўся, што - «ардынарац!» - так спусціў усё з рук гэтаму крывашлапаму дурню... А можна ж было калі не шабляю пару разоў па спіне перацягнуць, дык хоць бы словам паслаць, куды ў такіх выпадках пасылаюць...