Нічые
Шрифт:
Дзіўная была тая, на гульню ў пінг-понг падобная, савецка-польская вайна 1919-1920 гадоў. Мячык улева - мячык управа, толькі паспявай круціць галавою. Увесну дваццатага ізноў вырашылі выступіць у паход палякі, ізноў мячыкам адляцелі чырвоныя, не забыўшы, аднак, прыхапіць з таго ж ваенкамата ўсе да адной паперкі; тая ж сатанінская абачлівасць, аператыўнасць! Калі з'явіліся раніцаю на службу з партфелямі пад пахамі Чайка, Кецка, Сокал-Кутылоўскі, дзверы ваенкамата былі насцеж. У пустых кабінетах яшчэ трымаўся кіслы махорачны пах; крокі на калідоры адбіваліся гулкім рэхам.
І так (нявесела пажартаваў Чайка), праступае ва ўсім гэтым хаосе нават пэўная цыклічнасць. Прыход палякаў - на хутар да дзядзькі, прыход чырвоных - назад у ваенкамат...
Вось так ён апынуўся ў фурманцы Сокал-Кутылоўскага. І два былыя савецкія супрацоўнікі прыкацілі ў нічыйны пакуль Слуцак. Да іх прыезду рыхтаваліся. Чалавек пяцьсот добраахвотнікаў ужо былі пастроены на пляцы.
Што гэта за авантура, Чайку стала ясна адразу ж, як толькі ён вокам акінуў гэтае амаль бяззбройнае, абы-як адзетае войска, калі ўлавіў у вачах добраахвотнікаў такі знаёмы - задужа знаёмы!
– фанатычна-бяздумны бляск, а на тварах убачыў рашучасць ісці на ўсё і да канца. Спачатку яму зрабілася смешна. Ён азірнуўся на Сокал-Кутылоўскага: ці не разыгрываюць яго? Можа, усё гэта проста спектакль? Нічога падобнага. Беларускі дваранін, крадком змахнуўшы слязіну, быў сур'ёзны, урачысты, у вачах яго свяціўся той самы фанатызм - і гонар. Яму і ў галаву не прыходзіла, што ў беларуса могуць не пабегчы па спіне дрыжыкі захаплення відовішчам - упершыню дэманстрацыя сваёй, беларускай, свядомай арміі!
Хутка не да смеху стала і Чайку. Ужо ў Семежаве, дзе так добра ўдалося ім атабарыцца, ад нявіннай раздачы роляў спектакль пачаў пераходзіць у стадыю генеральнай рэпетыцыі. Рыхтаваліся да «кровапралітных» баёў - наладжвалі лазарэт, даставалі аднекуль лекі, бінты, медыцынскія інструменты. Ніхто не сумняваўся ў перамозе (ні многа ні мала!) - усур'ёз разважалі, прыкідвалі, у якім будынку ў вызваленым неўзабаве Слуцку размесціцца Рада. Арганізавалі штаб, разбілі брыгаду на палкі - усё як след, з каравуламі, разводамі, заставамі, дзяжурнымі афіцэрамі... Недаўменне Чайкі расло па меры таго, як дзесяткамі, калі не сотнямі пачалі сцякацца ў Семежава добраахвотнікі з мясцовых і перабежчыкі ад бальшавікоў. Гэта проста бянтэжыла яго. На што яны спадзяюцца?! І чым думаюць чырвоныя, самі сабе сваёй палітыкай рыхтуючы магілу?! І няўжо ён адзін, як старонні, як той глядач збоку на чужую шахматную партыю, лепш за ўсіх усё бачыць і разумее? Разумее, што гара народзіць мыш, з усяго гэтага «рушэньня паспалітага», з гэтай «хмары народнай» не громам грымне, а пшыкам, і толькі шкада гэтага чалавечага матэрыялу... Няўжо яны, арганізатары, людзі зусім не дурныя і не сляпыя, не бачаць крывавай, бясслаўнай перспектывы?.. Чаму яны ўвесь час радуюцца?..
Акрамя гэтага дурнога аптымізму, раздражняла яго ўпартае, цвердалобае жаданне арганізатараў надаць усяму «нацыянальную афарбоўку», «суверэнную» падаплёку. Ціхім, скрытным бесам бясіла тое, як пнуцца яны самі і ў абавязковым парадку прымушаюць іншых гаварыць толькі па-беларуску, якое значэнне надаюць міфічнай БНР, слухаючы казкі Жаўрыда, і на поўным сур'ёзе вераць і чакаюць, што «беларускі ўрад» вышле ім «ерапляна», браняпоезд, тачанкі з кулямётамі, як абагаўляюць гэты свой польскі, адно з лішняй белай палоскаю сцяг: кожнае раніцы, укленчыўшы спачатку і пацалаваўшы яго, падымае на флагштоку каля штаба дзяжурны афіцэр - усе зрываюць шапкі і зацягваюць хрыпата «Адвеку мы спалі»...
Але цікавае было нават не ў тым. Калупаючыся ў душы,
Ім было за што і, галоўнае, за каго ваяваць, а за іх было каму маліцца. У іх былі хаты, бацькі, жонкі, дзеці, ім збіралі ў дарогу хатулі і торбы, хрысцілі іх услед; яму ніхто не збіраў аніякай торбы, ніхто яго не праводзіў - дзядзька яшчэ з цямна быў дзесьці ў лесе, цётка, калі ён сядаў да Сокал-Кутылоўскага ў фурманку, якраз карміла скаціну і калі і перахрысцілася, дык ад таго толькі, што нарэшце сплаўляе Бог з селішча забыўшага меру госця...
«Такія вось прычыны і такія вынікі з іх, - паныла думаў Чайка, а снег тым часам суняўся, Морач даўно павярнула ў абход мястэчка. Уперадзе віднеліся крайнія семежаўскія хаты.
– І ўцягнуў жа мяне чорт ва ўсё гэта...»
– Павал Пятровіч, гляньце!
– перапыніў яго думы радасным воклічам Даніла.
Чайка падняў галаву. Ардынарац паказваў кудысь за агароды, на вуліцу, паралельную той, што была перад імі.
XI
Спраўджваліся ранішнія чуткі - ішоў на злучэнне са случчакамі полк з Грозава, колькасцю не менш тысячы. Хвост доўгай калоны віўся вужакаю, упаўзаючы ў Семежава. Калі Чайка з Данілам наўпрасткі, агародамі, выбраліся на гэтую ж вулічку, іх заўважылі.
– Чайка, хлопцы!
– Сам Чайка, камандзір!
– паляцела з хваста ў галаву.
«Вужака» зламалася, пярэднія, не разумеючы, што там такое, марудзілі, азіраліся, заднія наступалі ім на ногі... Чайка неахвотна, адно дзеля таго, каб не парушаць гэтага ходу, прышпорыў бедную кабылу і трушком паскакаў уперад, Даніла за ім.
– Гур-а-а!
– крычалі ім радасна.
– Слава Чайку!
– Баян, хлопцы! Баян хутчэй!
І праўда - зараз жа наперадзе пачуліся гукі разладжанага інструмента. Не паспеў баяніст яшчэ як след прабегчыся пальцамі па «галасах», як грымнула, заглушыўшы і баян, і брахню сабак за платамі, песня - без запявалы, тысячным «харалам»:
Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі, наўчылі, што трэба рабіць! што трэба свабоды, зямлі чалавеку, што трэба зладзеяў пабіць!Гэтае «пабіць!!!» так гаркнулі, што пад Чайкам, які вымушаны быў спыніцца і ўзяць пад казырок, шарахнулася кабыла, а самому заклала вушы. І ў каторы раз, а цяпер асабліва, раздражненне «марсэльезай» дрыжыкамі прабегла па спіне; так прыкра стала ад гэтага наіўна-рабскага прызнання, што доўга спалі (канечне, само сабой мянялася «п» на «р»)... Было штосьці, шкадобы вартае, і ў разладжаным баяне, і ў словах «гімна», і, канечне, у самім выглядзе людзей, на больш-менш арганізаваны натоўп бежанцаў падобных ці на касінераў Каліноўскага, толькі што без вілаў і косаў, а не на полк, як урачыста называе Жаўрыд, чакаючы іх з дня на дзень бы паратунку. У кажухах, у світках, многія ў лапцях, з паржавелымі карабінамі, з паляўнічымі стрэльбамі на вяроўчынах заместа рамянёў (скураны рэмень і дома ў гаспадарцы згадзіцца)... А вось жа пазналі яго, крычаць «слава!», і, самае дзіўнае, што і за гэта - за тое, што славяць яго, Чайку было прыкра...