Нічые
Шрифт:
«Вось дык фокус!
– думаў ён.
– Няўжо гэты бязвольны ахламон, якога так лёгка было разгадаць, ачмурыць, няўжо ён сабраўся адпускаць мяне? Перайграў?»
Цяпер, пасля такой шпіёнскай лёгкай і хуткай удачы, Лебедзеву хацелася ўжо большага. Застацца б у Семежаве, пакруціцца тут, разнюхаць... Але ж задні ход не дасі! Не скажаш пасля ўсяго, аб чым распінаўся ў «маналогу», - пакіньце мяне тут! Зрэшты, і так усё добра. Што яшчэ трэба? Заданне выканана. Ведае ён многа. Вернецца (калі, канечне, сапраўды яго адпусцяць) жывы і адносна цэлы, сінякоў не лічачы... І ўсё ж Лебедзеў сплюнуў з прыкрасці.
Даніла вывеў жарабца, падтрымаў
Снег храбусцеў пад капытамі каня і пад ботамі Лебедзева, які ішоў збоку. А вуліца жыла. Мутнымі агнямі свяціліся вокны, каля варотаў і веснічак стаялі людзі, чулася гамана, дзявочыя піск і смех, гукі баяна. У тым баку, дзе плошча, паўнеба было асветлена зарывам вогнішчаў. Чайка з Лебедзевым моўчкі прамінулі доўгую вуліцу і апынуліся на шырокай убітай дарозе, што вяла да Вызны.
Наткнуліся на дазор, Чайка назваў пароль (Лебедзеў ледзь стрымаўся, каб не зарагатаць), і яны рушылі далей. Лебедзеў хутка ішоў побач.
Калі пачаліся з аднаго боку дарогі цёмныя дрэвы, - бадай, адзіны лес на гэтыя балацяністыя ваколіцы, Лебедзеў спыніўся.
– Далей не пайду!
– сказаў цвёрда. Хоць і брыдка яму было разыгрываць гэтую апошнюю ўжо мізансцэну, але трэба было для большай праўдападобнасці...
Ён адступіў на крок. Смела ўскінуў галаву. Скрыжаваў на грудзях рукі («Страляй, сволач, - так паміраюць лепшыя сыны Расеі!..»).
– Гэта прамы шлях на Вызну, - сказаў Чайка.
– Усё адно лесам трымайцеся... Праз паўвярсты будзе яшчэ дазор, злева, на пагорку.
– Ён павярнуў каня ўпоперак дарогі, збіраючыся ўжо ехаць назад, потым дадаў: - І нашая разведка павінна сюдою вяртацца, не наляціце, - крануў вуздэчку.
– Чайка!
– пачулася ўслед.
– Што?
– спытаў ён.
Лебедзеў працягваў яму руку.
– Ведаеце, Чайка, у мяне адчуванне, што мы яшчэ ўбачымся...
Завярнуўся і пайшоў адкрыта, сярэдзінай дарогі (пра сябе смеючыся з бязвольнага ахламона), пакуль не прапаў з вачэй.
Чайка доўга глядзеў у той бок, дзе ён знік... Раптам данесліся адтуль прыглушаныя галасы і скрып падводы.
Не ведаючы сам навошта, Чайка звярнуў з дарогі і стаў чакаць; разам з канём яны растварыліся сярод цёмных ствалоў і лап.
XIV
Як толькі выехалі з вёскі і ўсунуліся ў лес, так скончылася і сама дарога.
Аблепленыя мокрым снегам шаты дрэў схавалі неба. І адразу ж прыцемкі, і без таго па-восеньску раннія, ператварыліся ў самую сапраўдную ноч. Толькі тут дайшло да Мікіціна, які плёўся, звязаны, за падводаю, чаму іх павязалі: не відаць было нічагуткі, каб не вяроўка, дастаткова было зрабіць два крокі, нырнуць пад гэтыя цёмныя, правіслыя ад снегу шаты...
З дарогі збіліся адразу ж. На нейкіх каранішчах ці то на калдыбане ледзь не перакулілася падвода, добра, Чуб з Гнатам паспелі падставіць плечы. Занаравіліся коні, не хацелі ісці ў гэтую чорную чашчобу - ды і як ісці? Чаплялася за абаркі порасль, лезла ў спіцы, гонкімі дрэўцамі станавілася коням пасярэдзіне, каля дышла, і хочаш не хочаш, а спынішся... Гнат пайшоў на разведку, выцягнуўшы паперадзе рукі, каб вочы не павыбівала; неўзабаве вярнуўся і на пытанне Чуба: «Ну, што?» толькі вылаяўся сабе пад нос.
– Но-о, воўчае мяса, бальшавіцкае!..
– Мікола з размаху шлёгнуў канцом
– Суніміся!
– прыкрыкнуў Гнат.
– Што табе коні вінаватыя?.. Не, - сказаў ён, - гэта не работа, так мы да раніцы не дабярэмся...
– Вы ж мясцовыя, а не я, - азваўся Чуб, які стаяў за два крокі, але якога зусім не было відно.
– Давайце, думайце - кудою тут да Семежава бліжэй?
– Кудою: лесам, але ж ты бачыш, які гэты лес!..
Павярнулі назад, да вёскі. Выбраліся на тую самую дарогу, з якой відаць былі крайнія хаты. Гэтым разам, разумнейшыя, узяліся ўлева, пакіравалі коней адкрытым полем да Межы. Хоць дарогі і тут не было аніякае, такія ж, як і ў лесе, калдыбаны, але хоць трохі святлей, ды і пятляць не трэба... Ішлі з добрых паўгадзіны. Чуліся адно скрып гужоў, скіргат восей, атосаў, шоргат драбінаў ды сапенне людзей, якія маўчком шлэпалі па мокрым гразкім снезе... Увачавідкі цямнела і тут, на полі. Прамінулі нейкі пералесачак, дарога крута пачала забіраць угару, Чуб закамандаваў палонным: «Падпіхніце!», і тыя паспешліва, спатыкаючыся, блытаючыся з чортавай вяроўкаю, усё ж прыстроіліся неяк хто ззаду, хто з бакоў і трохі падмаглі... Падвода выехала на роўнае - на высокі бераг Межы. Адсюль быў прамы шлях да Семежава.
– Стой!
– скамандаваў Чуб, аглядваючыся.
Яны з Гнатам адышліся воддаль і ціха загаварылі аб нечым, як бы раіліся - пара ці не пара рабіць тое, аб чым толькі яны ўдвох і ведалі?
І ад цемры, і ад гэтага «стой!» (апошняе Мішкава слова), і асабліва ад гэтых ціхіх перамоваў у Мікіціна раптам пахаладзела ў жываце, затахкала ў скронях, і яго ахапіў такі жах, якога не ведаў не тое што сённяшнім днём, але й ніколі яшчэ ў сваім невялікім жыцці... «Няўжо ўсё?!» - і адазвалася ледзяным, млявым, як пах крыві, холадам у жываце: «Вядома, усё!» І сапраўды, колькі яшчэ з імі, палоннымі, важдацца можна, лепшага месца і знайсці цяжка - пустэча, ад вёскі далекавата, рэчка за два крокі... Пастраляюць, скінуць у гэтую чорную ваду, якая да раніцы скуецца лядком са снегам, і да вясны нават трупаў ніхто не ўгледзіць...
Перагаварыўшы, Чуб з Гнатам вярнуліся да падводы. Ні слова не кажучы, Гнат пачаў адвязваць з крука вяроўку. Мікіціна раптам пачаў біць калатун.
– Ну, што? Усіх хіба?
– гучна перапытаў Мікола.
– Братцы... Братцы, дорогие, пожалейте...
– змярцвелымі, непаслухмянымі вуснамі прашаптаў Мікіцін, гатовы зараз жа, абы загадалі, абы які знак падалі, грымнуцца вобземлю, поўзаць на коленцах перад гэтымі людзьмі і лізаць іхнія боты, гразь есці ў іх пад нагамі... на ўсё гатовы.
– Пощадите, братцы! Я... мне лет еще мало!..
Мікола рагатнуў:
– Не бойся, мы цябе так расстраляем, што балець не будзе!
– Чаго ты чалавека палохаеш, - умяшаўся Чуб, які ў гэты момант развязваў рэўкамаўца Кецку.
– Не бойся, таварыш чырвонаармеец, мы дзяцей не крыўдзім... Мы іх не чапаем, а перакоўваем ідэйна...
– Ну, што галавою круціш?
– спытаў у Кецкі, развязаўшы яго. Кецка паціраў скалечаныя рукі ў рукавіцах і ўсё азіраўся, бы не даваў веры, што вось ён, канец.
– Ты думаў, я цябе сапраўды да Чайкі адвяду? Да такога ж камуністага, як і ты? Ён камуністых лю-у-убіць, гэта я ведаю... ды толькі я і сам вас люблю... Вас жа ў расход пускаць - адна насалода, тое самае, што цэлку...
– саступаць такога нікому нельга!.. Давай, боты, палітон скідвай, прыгадзяцца. Ну, сам раздзенешся ці памагчы?