Нічые
Шрифт:
– А там холадна, - таксама прашаптала, не адрываючыся ад яго, яна, і ён зразумеў, што, відаць, праўда ўсё, што пра яе чуў - «дае кожнаму, хто папросіць»... Ну, тым лепш! Ён, можа, больш чым хто заслугоўвае.
– Са мной не будзе холадна, - патрапіў адказаць, дзівячыся сам сваёй смеласці і знаходлівасці; схапіў яе за руку і павёў у канец агародаў па снежным цаліку.
Ужо каля самай лазні, на спуску, яна паслізнулася, ён прытрымаў яе, ды так удала - рука слізганула ёй за пазуху і намацала камячкі грудзей. Абое ўздрыгнулі. Як замнога ўсяго!.. Валодзька Піліпчук, аблізваючы перасохлыя
– «ну, міргнуў ёй, выйдзі, маўляў... Сам з хаты, яна адразу следам... Пайшлі, кажу, у лазню, не бойся, са мной холадна не будзе...»
– Дзяніс, - прашаптала дзяўчынка, - а мы будзем грубку паліць?
– Запалім, там дроў поўна.
– А калі дым пачуюць ды прыйдзе хто?
– А вось, - ізноў, як і ў хаце, выцягнуў з кішэні і паказаў маўзер.
Толькі тады да яго дайшло - пры чым тут зброя, а калі яго бацька ці яе прыйдуць, ён што, ад іх сабраўся абараняцца?..
На дзвярах пачэплены быў дужкаю ўніз іржавы замок. Дзяніс перавярнуў яго, і той адмыкнуўся без усялякага ключа. Лізка ўпырхнула ў цёмны лаз. Дзяніс памарудзіў міг. Яму раптам страшнавата зрабілася, што ўвойдзе ён у гэтую лазню адным чалавекам, а выйдзе іншым... Але трэба! Трэба рабіцца мужчынам. Трэба расказваць Валодзьку Піліпчуку, і расказваць смакуючы, не забыць ані драбязы, трэба спачатку дабіць яго, знішчыць, а потым уваскрасіць паблажлівым: «Няма ў гэтым, браце, нічога такога... Што самакрутку выкурыць - аднолькава!» Снег блішчэў і іскрыўся пад зорна-месячным святлом. За рачулкаю, уледзянелай і таксама засыпанай снегам, чарнеў лес. Па другі бок цямнелі хаты, клаліся ад іх доўгія цені. На агародчыку, утырканым абвязанымі саломаю дрэўцамі, усяго за якую сотню крокаў адсюль, некалькі гадзін назад забілі чалавека, якому таксама, можа, хацелася самагонкі выпіць і прытуліцца да чырванашчокай і «безадказнай»...
Дзяніс, сагнуўшыся, нырнуў у прылазнік. Пасля светлага двара падалося тут не проста цёмна, а аж неяк чорна. Дзяніс намацаў у кішэні сернікі, навобмацак, выставіўшы ўперад руку, знайшоў пры сцяне складзеныя ў паленніцу бярозавыя колатыя дровы. Адлупіў з палена суха-шапаткой, непрыемнай пад пальцамі, аж зубы на міг занылі, бяросты. Калі ў грубцы загуло, затрашчала і запахла соладка і ўтульна лучынаю, а па сценах, столі і па падлозе затанцавалі цені, маленькі прылазнік асвятліўся і стаў яшчэ меншы.
Лізка сядзела на лаўцы перад грубкай, адна рука на калені, другая падпірае бараду, і, не міргаючы, глядзела на агонь. Дзяніс выцер аб шынель рукі, падумаў і сеў побач, прытуліўся да яе. Абняў дзяўчынку за плечы. Яму здалося, што рука яго нават праз тоўстую світку адчувае цяпло.
– А я дык больш за ўсё люблю ў вагонь глядзець, - па інерцыі шэпатам, бо каго баяцца, яны ж адныя ўжо былі, прамовіла дзяўчынка.
– Тата запаліць грубку, я сяджу сабе, гляджу... Ніяк адарвацца не можна. А ты любіш?
– У лазні, - яму таксама перадаўся, як пазяханне, гэты шэпат, - я мыцца люблю, а не ў грубку глядзець...
– А як вы там, у арміі, мыецеся, Дзяніс?
– Так і мыемся... Лазні ж ёсць, хапае іх у Семежаве...
– А дзеўкі як? Разам з вамі хіба?
– Якія дзеўкі?
– Няўмела пачаў ён развязваць на ёй
– У нас няма ніякіх дзевак, ніводнае, нават у шпіталі... няма...
Ніяк не хацелі расшпільвацца гаплікі, верхнія, пад шыяю...
– Фу, і праўда горача тут... Дзяніс, ну што ты робіш?!. Перастань, кажу!.. Не спяшайся, - прасіла яна праз нервовы смех.
А ён і сам ужо не хацеў спяшацца, здагадваючыся, што акурат у зацяжцы такой прэлюдыі...
– Дзяніс, а праўда... не страшна... людзей страляць?
– Яна задыхалася і сама расшпіліла ўсе да канца гузікі.
– Якіх... яшчэ... людзей?
– Ну... чырвоных.
– Чырвоных - не страшна...
Яна абмахвалася, расчырванелая, - рухам маладзіцы, што глынула за святочным сталом праз меру першаку і цяпер у сябе прыйсці не можа.
– Пачакай... Ну, пачакай, кажу!
– гаварыла задыхана.
– Адзін раз было, ты яшчэ ў Слуцку вучыўся, а чырвоныя прагналі палякаў, самі едуць праз вёску, усе павыходзілі, пазіраюць, і я выйшла... А іх цэлы свет, едуць абозамі, пехатою ідуць, абарваныя, што старцы, абношаныя, шлэп-шлэп босымі нагамі па шашы, адно крычаць: «Даёш Варшаву! У Варшаве абуемся, рыб'ята!», а на падводах, далібог, - жанкі, дзеці, песні спяваюць... А ў падводы не коні ўпрэжаны, а такія страшыдлы - губатыя, з гарбамі, і венікі жаруць, - далібог, тыя, якімі падлогу падмятаюць!..
– Вярблюды... называюцца...
– Яго рука даўно пасоўвалася ўжо ёй па назе, вышэй калена...
Яна здзіўлена зіркнула на яго, нібы пачула якую непрыстойнасць.
– Як-як?!
– Вярблюды... з гарбамі...
Яна нагнула яму галаву і прашаптала ў вуха, смеючыся:
– Вер-бляды? Ці вер-блядзі?
Яго бы варам апякло. Вось яно, прагучала - словапароль!.. Вось ён - пропуск у блізкую ўсёдазволенасць!.. Вось ён - у сукупнасці з дрыжыкамі яе нагі ў яго пад рукою, ды з нервовым шэпатам, ды - асабліва!
– з пахам, не іхнім казарменна-салдацкім, а пахам вострага, юрлівага, дзявочага поту, - знак, што хутка ўсё адбудзецца...
– Ну, Лізка!
– А што я такога сказала? Аксеня так лаецца... Пачакай!..
– А як... яна... яшчэ лаецца?
– Так я табе і сказала... Усё!
– І мякка, але й рашуча ў той жа момант, умець так яшчэ трэба, скінула з нагі яго руку. Ужо без нервовага свайго смеху, не шэпатам, а ўслых, зусім як дарослая прамовіла: - Дзяніс, ну што ты робіш? Я ж малая яшчэ!
У яе голасе была скруха.
– Малая!
– Ён падхапіўся, насуплены ад злосці.
– Матныя словы казаць не малая!
– Я ж так, нарошне... Ну, чаго ўскочыў? Пакрыўдзіўся?
А яму раптам цюкнула ў галаву дурное. Можа, выцягнуць зараз маўзер ды наставіць на яе, прыпужнуць? Засмяяўся гучна. Так, як ёсць, яшчэ лепш. Былі яны ў лазні адныя? Былі. А што ўжо там рабілі, хай Валодзька Піліпчук сам дадумвае.
– Чаго ты смяешся?
– З цябе.
– А за што з мяне смяяцца?
(«Ага, ты крыўдзішся, - можа, на гэтым сыграць? Не з дзвярэй, дык з акна?»)
– За тое, што ты... Такая вось.
– Якая?
– не адставала яна.
– Непрыгожая? Дурная?