Нелюбімыя гінуць
Шрифт:
Акрамя напільніка ніякай зброі Андрэйка ні ў Айшэ, ні ў Лолы не бачыў, не знайшоў нават пад матрацамі, якія абмацаў, калі Айшэ выходзіла на паверхню падыхаць свежым паветрам. Cталовыя нажы ў разлік не ішлі, бо, каб імі рэзалі чалавека, хлопчык не бачыў, таму і зрабіў выснову, што, як настане «чорны дзень», старая да смерці запіліць яго напільнікам. А каб гэтага не здарылася, трэба цягаць ваду, не ўцякаць жа ад Айшэ, якая корміць і дазваляе начаваць у пакоі, дзе спіць сама. А што месца ягонае на падлозе, дык гэта яшчэ і лепш: унізе не чуваць цяжкага ўдушліва-прытарнага паху,
Пасля чарговага артылерыйскага абстрэлу струменьчык вады, што выцякаў з калонкі, зменшыўся напалову, чарга павялічылася, сюды пачалі прыходзіць людзі з больш дальніх вуліц, і цяпер на чалавека адпускаўся толькі адзін слоік. Паціху Айшэ пачала карыстаць назапашаную ваду. Калі Андрэйка ўпершыню ўбачыў, што гаспадыня зачэрпнула з бітона, з ягоных вачэй пакаціліся раптоўныя няўцешныя слёзы. Айшэ спыталася, што здарылася, але жэсты глуханямога расшыфраваць не змагла, дый як зразумець мітуслівую бегатню па пакоі, спробу выхапіць у свекрыві напільнік і выскалены шчарбаты рот, у якім глуханямы пальцам шкрабе па зубах.
– Ты хочаш пачысціць зубы? – каб хоць нешта сказаць, спыталася Айшэ.
У адказ глуханямы амаль істэрычна заматляў галавой, рот яшчэ больш ашчэрыўся, слёзы з новай сілай сыпанулі з вачэй. Бачачы, што Айшэ яго не разумее, Андрэйка ўхапіў чайнік і кінуўся вонкі. Адзінае, што яму заставалася, як ён лічыў у тую хвіліну, гэта больш часу стаяць у чарзе да калонкі.
Той ноччу зноў прыходзіў чалавек ад Рэната, ён прынёс харчы і лекі.
Убачыўшы рэчмяшкі з прадуктамі, Айшэ без слоў усё зразумела і, стомлена апусціўшыся на табурэтку, ціха сказала:
– Я больш тут не застануся… Пайду разам з іншымі ў лагер бежанцаў…
– Ты носіш дзіця героя, а ягоны брат – брыгадны генерал, – пагрозліва працадзіў скрозь зубы агромністы чэчэнец з апаленай і ад таго рудаватай барадой. – Калі шакалы даведаюцца, хто ты, нарадзіць не дадуць… – у пацвярджэнне сваіх слоў і, відавочна, каб быць больш пераканаўчым, ён выхапіў з-за пояса вялізны бліскучы кінжал і, знізу ўверх рассекшы паветра, быццам нешта ўспароўшы, дадаў: – Яны зробяць гэта і выкінуць твайго сына шакалам… Выбірай!
У гэты самы момант прачнуўся Андрэйка. Убачыўшы чэчэнца і настаўлены на Айшэ нож, ён не раздумваючы кінуўся да барадача і ўпіўся зубамі ў ягоную руку. Нож зваліўся на падлогу, барадач ускрыкнуў, відавочна, больш ад нечаканасці, чым ад болю, і імгненна вольнай рукой ухапіў малога за доўгую чыпрыну, узняў у паветра. Страціўшы кропку апоры, Андрэйка закалаціў нагамі, адчайна замахаў рукамі.
– Адпусці яго, – рэзкім, напятым, як струна, голасам цвёрда сказала Айшэ.
Вочы чэчэнца бліснулі злымі, нядобрымі агеньчыкамі.
– Ты спіш з рускім у адным пакоі?
– Ён нам дапамагае…
– Ён вас здасць няверным, – пагрозліва прасіпеў барадач, – Рэнат забараніў табе…
– Мы выжываем тут, у Грозным, а дзе Рэнат, я не ведаю, – адчайна закрычала Айшэ, – праз тыдзень мне раджаць, і мы пойдзем да іх… А наконт малога не
– З яго атрымаецца добры раб, – адштурхнуўшы ад сябе Андрэйку, выскаліўся чэчэнец, – глухі, нямы, адданы… – ён падняў кінжал, плашмя паклаў на ўкушанае месца лязо і, думаючы пра нешта сваё, змрочным, цяжкім позіркам паглядзеў на малога, які імгненна зашыўся пад дзіравую аўчыну, што адначасова служыла і матрацам, і коўдрай. – Каб гэткім і застаўся, яго яшчэ трэба вылегчаць… Магу зрабіць паслугу…
– Бачу, што ты на большае не здатны, – стрымліваючы гнеў, задзірліва адказала Айшэ і, зірнуўшы на пасыльнага, адразу пашкадавала сваіх слоў. У наступнае імгненне іх вочы сустрэліся, і Айшэ з жахам зразумела, што ваяр не жартуе, ён і сапраўды гатовы ўчыніць здзек над глуханямым. Раней ёй ужо даводзілася бачыць гэткія звярыныя, як памутнелыя, абмярцвела-расшыраныя вочы, што праглі помсты і крыві. Невядомая сіла падхапіла Айшэ на ногі і кінула да хлопчыка. Яна рашуча стала на шляху барадача. – Ты ўжо зрабіў усё, што мог, а цяпер пакінь нас…
Чэчэнец імгненна насупіўся, лоб, пераноссе перасеклі глыбокія зморшчыны, позірк утаропіўся ў вялізны жывот жанчыны, здавалася, ён узважвае, ці варта звязвацца з цяжарнай.
– На хлопчыка па нашых законах ты не маеш ніякіх правоў, – пайшла ў наступ Айшэ, – кранеш яго – будзеш мець справу з Рэнатам.
Імя начальніка на пасыльнага падзейнічала ацверажальна, у яго адразу быццам заслона з вачэй упала. Мармычучы нешта няўцямнае, ён хуценька схаваў кінжал і, унікаючы позірку Айшэ, пасунуўся да выхаду. У дзвярах чэчэнец прыпыніўся:
– Што перадаць камандзіру?
– Перадай, што, калі не вывезе, раджаць пайду да рускіх…
З першых дзён вайны з чатырох гадзін да сямі па няпісаных правілах у Грозным наступала перамір’е. У гэтыя гадзіны Айшэ, расчыніўшы ўсе дзверы, праветрывала памяшканне і пры дзённым асвятленні завіхалася ля хворай Лолы: рабіла ёй кампрэсы, прамывала пролежні, гатавала нешта гарачае. Звычайна разагравала на спіртоўцы тушонку, далівала вады, і атрымоўвалася наварыстая поліўка, адзінае, што свякроў магла яшчэ есці. На гэты час глуханямога выпраўляла на паверхню, часцей па ваду.
У той дзень Айшэ паспела толькі нагрэць вады і кінуць у яе бінты, знятыя з ран свекрыві, як зараўлі сірэны, цяжка затахкалі кулямёты, недзе зусім побач грымнула, ды так, што задрыжэла пад нагамі падлога, у лямпе-газніцы на дробныя аскепкі развалілася ўчарнелае шкло, са столі зацерушыла, пасыпалася тынкоўка. Ці то ад нечаканасці, ці то ад страху ногі Айшэ звяла сутарга, рэзкі боль працяў ніз жывата, яна не змагла дайсці нават да дзвярэй, каб іх зачыніць. Праз хвіліну ў пакой уварваўся віхор пылу і пах серы. «Хоць бы не заваліла ўваход у сховішча», – падумала Айшэ, і адразу ў вачах пацямнела, захісталіся сцены, нясцерпны боль новай хваляй уладарна ўварваўся ў цела, здалося, разарваў на часткі жывот, скроні, прымусіў апусціцца на калені. Яна закрычала, пакацілася па падлозе, але крыку ў гэткай калатнечы ніхто пачуць не мог, нават яна сама, наўкол усё грукатала і рушылася.