Нелюбімыя гінуць
Шрифт:
Жудасную навіну прынёс Рэнат. У першыя хвіліны Айшэ быццам скамянела, яна глядзела на хлопца невідушчымі чорнымі вачыма і не магла ўсвядоміць, што ён гаворыць пра яе бацькоў. Калі, зрэшты, зразумела сэнс пачутага, ухапіла паліто і паспрабавала апрануцца, але ніяк не магла патрапіць у пусты рукаў. Калі паліто выслізнула з рук, падымаць яго не стала, наадварот, адпіхнула нагой і заспяшалася да выхаду. Але Рэнат пераступіў ёй дарогу і нікуды не пусціў. Пасля хвіліннай барацьбы і спробы прарвацца знясіленая Айшэ апусцілася на падлогу і, абхапіўшы галаву рукамі, хісталася, адчайна і доўга галасіла.
Не зважаючы на маленне, просьбы і нават беспадстаўныя пагрозы, Рэнат замкнуў цяжарную нявестку ў пакоі, а ключ схаваў у кішэню. Ён толькі паабяцаў завезці яе да бацькоўскай хаты на машыне, але пазней, калі яна супакоіцца
Айшэ ведала, што Рэнат зрабіў усё, каб знайсці астанкі бацькоў і пахаваць іх па-чалавечы, ведала і не магла змірыцца з тым, што не будзе іх магілы, не будзе месца, куды можна прыйсці і з радасцю, і з болем.
– Пасля вайны тут паставім помнік, – быццам прачытаў думкі нявесткі Рэнат.
Айшэ згодна кіўнула, але працягвала рабіць усё па-свойму. Ігнаруючы штохвілінную пагрозу быць заціснутай каменнымі глыбамі, яна з апантанай адчайнасцю сноўдала па руінах, зазірала ў кожны закуток панадворка, праз кожныя пяць хвілін прымушала Рэната і маўклівага гвардзейца абгарэлымі жардзінамі абмацваць дно варонкі, і ў той самы момант, калі зразумела, што трэба вяртацца і вяртацца ні з чым, позірк зачапіўся за клён, за жалезны клык, які наскрозь прабіў дрэва і цяпер у промнях заходзячага мёртвага сонца здаваўся крывавым і жудасна-страшным. Нечакана і клён, і раўнадушнае, нядобрае неба змяшаліся ў адно цэлае, у нешта блакітна-зялёнае, працятае чырвонымі пісягамі, падобнымі на крывавую жалязяку-клык, і адразу зямля захісталася, іржавая вада ў варонцы зарабацілася і нахілілася, вось-вось выплюхнецца вонкі…
Ачомалася Айшэ ад прытарнага паху нашатырнага спірту і холаду ў скронях. Яна ляжала ў машыне на заднім сядзенні, галава ў Рэната на каленях, і ён вільготнай марляй, злітай лякарствам, імпульсіўна цёр нявестцы скроні. Барадаты гвардзеец, аб’язджаючы завалы на дарозе, нервова тузаў рыпучы рычаг пераключэння перадач, нешта злосна мармытаў і раз-пораз кідаў на патрэсканае мутнае люстэрка незадаволеныя позіркі.
Убачыўшы, што Айшэ расплюшчыла вочы, барадач крыкнуў:
– Праз хвіліну-другую няверныя пачнуць артылерыйскі абстрэл, гэты раён ужо тыдзень пляжаць.
– Праскочым, – спакойна адказаў Рэнат і, ласкава зірнуўшы на Айшэ, нечакана ўсміхнуўся: – Ты зусім лёгкая, хоць і не адна…
Гэтыя словы і асабліва нерухомы, быццам каменны, саркастычна-пагардлівы позірк гвардзейца, які ўбачыла ў люстэрку, канчаткова вярнулі свядомасць. Прысаромленая Айшэ падхапілася і рашуча адсунулася далей ад Рэната. Не падымаючы вачэй, яна заправіла пасмачкі валасоў, якія выбіліся з-пад чорнай хусцінкі, і сцішылася.
«Праскочыць», як сказаў Рэнат, яны не паспелі. Нечакана над імі віскнула паветра, і адразу леваруч разарваўся снарад. Як падкошаны рухнуў тэлеграфны слуп, другі снарад падкінуў у паветра абгарэлую легкавушку, трэці ўздыбіў зямлю пад вокнамі агароджанай калючым дротам прыземістай аднапавярховай будыніны.
– Склады прыстрэльваюць, – прыжмурыўшы вочы, па-камандзірску строга вызначыў Рэнат.
– Позна, – выскаліўся гвардзеец. – Два дні, як муку і бочкі з алеем вывезлі…
– Ведаю, што вывезлі, але ж нехта навёў?..
– Ужо няма шакала, іначай не трацілі б снарады на пустое…
Федэралы нечакана змянілі тактыку, самалёты пачалі бамбіць не толькі днём, але і па начах. Адразу ж некуды знік Рэнат, і больш за два тыдні ад яго не было ніякіх вестак. Скончыліся лекі і прадукты, пачаліся перабоі з вадой. Лола правай рукой, якая трошкі шавялілася, быццам немаўля, паказвала на рот і цмокала вуснамі, што азначала: «Хачу піць». Айшэ ўсё цяжэй і цяжэй даваліся вылазкі на паверхню па ваду. Страх напаўняў душу, калі яна мацала свой вялікі жывот і, адчуваючы далоньмі моцныя штуршкі, разумела, што хутка прыйдзецца раджаць. У гэтыя адчайныя хвіліны Айшэ з жалем пазірала на Лолу, якая цяпер нічым не магла дапамагчы, узгадвала яе папярэджанні пра тое, што ні ёй, ні Айшэ не выпадае трапіць
«Калідоры жыцця», па якіх пакідалі Грозны дзеці, жанчыны і нямоглыя старыя, федэраламі ладзіліся ўсё радзей і радзей і толькі ў непагадзь, калі кепскае надвор’е не дазваляла самалётам пакідаць аэрадромы. Спакутаваная чаканнем Айшэ наважылася шукаць дапамогі ў суседзяў, у гэткіх жа, як і сама, заложнікаў вайны, і спрабаваць самастойна вывезці Лолу ў лагер бежанцаў, дзе па чутках была ежа і дактары. Не атрымалася. Планы парушыў чалавек, які ноччу прыйшоў ад Рэната і разам з харчамі і лякарствамі для Лолы перадаў цыдулку, у якой мужаў брат катэгарычна забараняў ёй здавацца на міласць федэралаў і іх прыслужнікаў. Рэнат загадваў чакаць яго, прасіў падрыхтаваць Лолу і быць гатовымі да доўгай і небяспечнай дарогі.
– Колькі трэба чакаць? – прачытаўшы пасланне, спыталася ва ўзброенага чалавека Айшэ.
– Гэта ведае толькі камандзір, – прастуджаным голасам паведаміў вястун і, скасіўшы вока на вялікі жывот жанчыны, паспрабаваў яе супакоіць: – Два-тры дні, самае большае – тыдзень.
– Каб не было позна, – адказала Айшэ і, паклаўшы рукі на жывот, заклапочана дадала: – Перадай Рэнату, што адна я не змагу нарадзіць…
Той ноччу, калі прыходзіў чалавек ад Рэната, да іхняга жытла прыбіўся згаладалы хлопчык, на выгляд гадоў сямі, не болей. Айшэ яго ніколі не бачыла, але было відавочна, што хлопчык хаваўся дзесьці побач, хоць раней нічым аб сабе і не нагадваў. Айшэ на спіртоўцы разагравала бляшанку мясных кансерваў, калі ён, прываблены пахам смажанага, нясмела зашкробся ў абабітыя жалезам дзверы. Напачатку здалося, што гэта пацукі, якія ў сутарэнні лічылі сябе гаспадарамі і амаль не звярталі ўвагі на прысутнасць людзей. Атрута, якую Рэнат калісьці пасыпаў па кутках сховішча, імгненна знікла, але пацукоў не паменела, як швэндаліся па пакоі хвастатыя пачвары, так і швэндаюцца, не было ад іх аніякага ратунку, паўсюль сунулі доўгія морды, паўсюль відаць адбіткі зубоў, нават на жалезным ложку згрызеная фарба. Неяк звечара Айшэ не заўважыла, што спаўзла коўдра з нагі ў Лолы, а раніцай знайшла ўсе пазногці згрызенымі. А самае дзіўнае, што свякроў нават не пачула болю, бо ніякага знаку здаровай рукой не падала, не стукнула, як звычайна, жалязякай па спінцы ложка.
Нехта шкробся звонку. Не без боязі Айшэ прачыніла дзверы і ўбачыла хваравітага, дыстрафічна-худога хлопчыка. Брудны ўчарнелы твар, рукі ў крывавых драпінах, на галаве капа ўскудлачаных агніста-рыжых валасоў, з якіх тырчала пер’е і нешта падобнае на пілавінне. На хлопчыку вісела не па росце доўгае, чырвонага колеру дзявочае зімовае паліто з адарванымі рукавамі і каўняром, з плечыкаў тырчалі пашкамутаная матэрыя і вата, іржавая, быццам абгарэлая, замест гузікаў – страляныя аўтаматныя гільзы, прыкручаныя да матэрыі медна-залацістым дротам. На нагах – старыя вайсковыя паўботы, адзін без шнурка, халява перавязана даўгаватай калмацістай шпагацінай.
– Што табе? – спыталася Айшэ.
Малы не адказаў. Ён умольна глядзеў на Айшэ шырока расплюшчанымі васількова-блакітнымі вачыма і, як спаралізаваная Лола, торкаў учарнелым брудным пальцам у разяўлены рот.
– Ты хочаш есці? Піць?..
У адказ хлопчык толькі шырэй разявіў рот і глыбей засунуў у яго палец. На яе ложку ляжаў рэчмяшок з харчамі, што пакінуў Рэнатаў пасыльны, і Айшэ выцягнула з яго пачак пячэння, першае, што трапілася ў руку, і падала малому. Ён абедзвюма рукамі ўхапіў пачастунак і зубамі пачаў разрываць папяровую ўпакоўку. Бліскучая папера не паддавалася, і Айшэ працягнула руку, каб дапамагчы, але хлопчык зразумеў гэты жэст па-свойму і, баронячы пачастунак, крутнуўся да яе спінай. У гэты момант пачак разарваўся, і пячэнне рассыпалася па падлозе. Хлопчык імгненна плюхнуўся на калені і, мітусліва збіраючы пячэнне, таропка засоўваў яго ў рот, а што не ўлезла, хаваў за пазуху. Айшэ не перашкаджала, яна замкнула дзверы, падсунула бліжэй да свайго ложка адзіную табурэтку і паставіла на яго шклянку з апельсінавым сокам, напалову разбаўленым вадой, які да з’яўлення малога выцягнула з таго ж самага рэчмяшка і мелася выпіць сама. Потым узяла хлопчыка за плечы і, паставіўшы яго на ногі, крутнула тварам да табурэткі: