Нелюбімыя гінуць
Шрифт:
– Дык я ж праходзіла медыцынскую камісію, да дамовы прыкладзена і заключэнне дактароў.
– Пан Ганс давярае толькі доктару Роберту, – пыхнула дымам эканомка і падсунула бліжэй да Любы кубачак з гарбатай. – Ты еш, дзелавыя размовы потым.
– А мой гаспадар, ён тут, ён сёння будзе гаварыць са мной? – захвалявалася Люба.
– Пан Ганс дома, але гаварыць з табой будзе толькі пасля агляду і дазволу на тое доктара Роберта. У гэтым доме хапае хвароб і без тваіх… Зрэшты, я таксама, перш чым трапіць сюды на працу, прайшла праз рукі сямейнага доктара…
Эканомка на хвіліну прымоўкла, у яе вачах зноў мільганулі злыя агеньчыкі, якія з першай хвіліны знаёмства выклікалі ў Любінай душы зябкую трывогу. Убачыўшы, як новая пакаёўка напружана сцялася,
– Дзве таблеткі аспірыну і гарачы душ табе, мілачка, не пашкодзяць, інакш можаш ніколі не сустрэцца з панам Гансам, а дамову заўтра ж скасуе доктар Роберт.
– І праўда, мяне нешта трасе, – яшчэ больш захвалявалася Люба.
– Тады пайшлі, – хваляванне перадалося і эканомцы, бо яна таксама адчувала сваю віну. – Твой пакой на другім паверсе, праўда, побач з лесвіцай, затое вельмі ўтульны і сонечны.
Пакой паказаўся Любе неймаверна вялікім і сапраўды ўтульным. Ён быў абстаўлены так шыкоўна, што ў дзяўчыны перахапіла дых. Пасярэдзіне высіўся ахутаны з усіх бакоў бялюткім цюлем вялікі ложак. Справа і злева ад яго месціліся трумо, на якіх ляжалі старанна падабраныя пад адзін колер шкатулкі і розных памераў футаралы. Насупраць ложка – секцыя з чырвонага дрэва з мноствам люстэркаў, у нішах блішчэлі экраны тэлевізара і нават камп’ютэра. Падлога ўсцелена варсістым дываном колеру бурштыну, леваруч ад увахода гарбацілася тахта і некалькі мяккіх крэслаў. Але больш за ўсё Любу ўразілі дзве вялікія, пад самую столь, пальмы, якія месціліся бліжэй да адзінага акна, велічынёй ледзь не на ўсю сцяну. На адной з іх сядзела малпа і здзіўлена глядзела на ўвайшоўшых.
– Мне прыйдзецца з ёй жыць? – ускрыкнула Люба і разгублена паглядзела на эканомку.
– Прыйдзецца, куды ж дзецца, – засмяялася фрау Эльза. – У маім пакоі пад гэткай жа пальмай ляжыць леў – і нічога, яшчэ не з’еў.
– Дык гэта – лялька? – па-дзіцячы захоплена ўскрыкнула Люба і, машынальна скінуўшы на ўваходзе ў пакой абутак, што вельмі спадабалася эканомцы, падбегла да дрэва, дацягнулася рукой да малпы і пагладзіла яе па шаўкавістай спіне. – А як жывая!
– Гэта бацькі пана Ганса інтэр’ер заказвалі. У кожным пакоі – ільвы, тыгры, малпы, а ў басейне нават белы мядзведзь загарае на льдзіне з пенапласту. А тут ванная, – эканомка прачыніла дзверы леваруч ад увахода і, не ўваходзячы, пстрыкнула выключальнікам. – Люба, хуценька пад душ і зрабі ваду найгарачэй, як зможаш цярпець, а потым у ложак. Нам хварэць не паложана! Я ж малачка пагрэю аспірын запіць.
«А эканомка не такая ўжо і благая, як напачатку здалося, – застаўшыся адна, падумала Люба. – Мне ніхто ў жыцці не тое што малака, вады не падаў, тым больш у ложак».
Ванны пакой уразіў прасторай, чысцінёй і мноствам люстэркаў. Уключыўшы ваду, Люба хуценька распранулася, задумалася, ці мачыць галаву, бо не менш гадзіны давядзецца затраціць, каб высушыць валасы, але, убачыўшы на століку фен, наважылася і рашуча выцягнула шпількі, якімі падтрымлівалася каса на патыліцы. Яшчэ некалькі хвілін пайшло на тое, каб расплесці касу. Залаціста-саламяныя валасы хвалямі рассыпаліся па плячах і пры першым руху галавы, быццам ім было мулка на спіне, доўгімі кудзеркамі зваліліся на плечы, ахуталі грудзі. «Каб не перашкаджала працаваць, заўтра ж папрашу фрау Эльзу яе адрэзаць», – падумала Люба. Яна звычна дзвюма рукамі адкінула валасы на плечы, узняла вочы і, убачыўшы сябе ў люстэрку ва ўвесь рост, сцішылася, быццам загіпнатызаваная. У непамерна вялікім люстэрку, пры залацістым асвятленні, калі лямпачка не адна, а некалькі і яны не толькі ў столі, а падсвечваюць са сцен, Люба ўбачыла сябе ўпершыню. Нават спалохалася – раптам зойдзе эканомка і ўбачыць яе голую перад люстэркам! Што фрау Эльза падумае? Люба хуценька крутнулася да дзвярэй, накінула засоўку і сарамліва, унікаючы нават зірнуць у
Любу заўсёды прыкмячалі, хлопцы ліплі з заляцаннямі, гаварылі пра яе прыгажосць, некаторыя нават кляліся ў любові. Толькі сэрца дзяўчыны было занятае, і не хацелася верыць словам, якія ўжо некалі чула. «Ад прыгажуні Іван не адмовіўся б! – думала яна, а чарговаму лавеласу строга і сур’ёзна прапаноўвала: – Я прыму твае заляцанні паслязаўтра, а заўтра пойдзем у ЗАГС… А каб не перадумаў, давай свой пашпарт сёння… Калі раптам праспіш ці па п’янцы не ўспомніш, будзь упэўнены, я і без цябе ажаню і штэмпель дзе трэба пастаўлю… У мяне там таварышка працуе…» Пасля гэткай прапановы прыліпалаў быццам ветрам здзімала.
Люба далоньмі правяла па высокіх пругкіх грудзях, крутнулася ўправа-ўлева, і адразу веерам рассыпаліся валасы, прыкрылі грудзі, жывот, шаўкавісты чорны трохкутнік між ног. Яны нават люстэрку не жадалі паказваць інтымныя часткі цела сваёй гаспадыні. «І чаму касу ў Мінску не адрэзала?» – услых сказала Люба і, аберуч перахапіўшы валасы на патыліцы, прымерылася, дзе было б лепш запусціць нажніцы.
Канешне, яна хлусіла, сілілася ці то падмануць, ці то пераканаць сябе, бо да гэтай хвіліны нават у думках не дапускала, што некалі наважыцца пайсці ў цырульню. Прычынай быў Іван, які калісьці на спатканнях вельмі любіў расплятаць і асабліва заплятаць касу. Люба верыла ў тое, што валасы памятаюць рукі каханага, памятаюць пацалункі і ягонае гарачае дыханне, бо менавіта праз гэта і сёння Іван часта прыходзіць да яе ў снах. Але ж цяпер усё зменіцца, прыслужніца, якая шмат траціць часу на сябе, наўрад ці задаволіць гаспадароў. А згубіць гэтую працу Люба не магла, не па тое сюды прыехала.
«А мо не чакаць да заўтра? Раней адрэжу – хутчэй адрастуць?» – нечакана прыняла рашэнне Люба і з непахіснай рашучасцю кінулася шукаць нажніцы ў шуфлядах тумбачкі, якая высілася зводдаль, каля самых дзвярэй. Знайшла адразу, але занадта маленькія. Яшчэ раз перагледзела ўсе шуфляды – большых не было. Як запраўскі цырульнік, раз-другі пстрыкнула нажніцамі каля вуха, каб сябе лепш бачыць, усутыч наблізілася да люстэрка і, перакінуўшы валасы на грудзі, узняла руку…
– Люба, адчыні, – раздражнёна крыкнула і адначасова грукнула ў дзверы фрау Эльза. – Так доўга нельга пускаць гарачую ваду!.. Дый халодную таксама!..
Толькі цяпер Люба заўважыла, што ад гарачай вады пакой напоўніўся лёгкім валакністым туманам, шыкоўныя люстэркі запацелі і лямпачкі ўжо не так ярка свецяць. Яна кінула нажніцы на тумбачку, хуценька залезла ў ванну і ўжо адтуль крыкнула:
– Фрау Эльза, яшчэ некалькі хвілін…
Калі Люба выйшла з ваннага пакоя, эканомка размаўляла па тэлефоне, але, убачыўшы дзяўчыну, з суразмоўцам адразу развіталася, склала сотавы тэлефон, сунула яго ў кішэню. Люба зрабіла некалькі крокаў на сярэдзіну пакоя, вінавата зірнула на эканомку і, наткнуўшыся на гнеўныя агеньчыкі ў вачах фрау Эльзы, спынілася. Зноў, як і ў першыя хвіліны знаёмства, душа напоўнілася міжвольным пачуццём страху. Дзяўчына ў прадчуванні нядобрага агледзела сябе, тужэй зацягнула пояс ружовага махровага халата і ў гэты момант, як ёй здалося, зразумела, чаму злуе эканомка.
– Я падумала, што халат для мяне, – разгублена прагаварыла Люба і, чырванеючы, паспешліва дадала: – Раніцай памыю…
Фрау Эльза як і не чула Любіных тлумачэнняў. Яна глядзела на Любу так, быццам бачыла ўпершыню. Позірк эканомкі абмацаў дзяўчыну ад пятак да галавы і раптам пацяплеў.
– У цябе такія доўгія і пышныя валасы? – здзіўлена і нечакана ласкава сказала фрау Эльза. Яна зрабіла некалькі крокаў насустрач, асцярожна, як нешта вельмі каштоўнае, аберуч абхапіла Любіны валасы і, быццам узважваючы, узнёсла ўскрыкнула: – Што за дзіва, ніколі не бачыла такой прыгажосці!.. А які незвычайны колер! Чым ты іх фарбуеш?