Нелюбімыя гінуць
Шрифт:
Каміла заўсёды была побач. Старая не назаляла, старалася быць непрыкметнай, але ўвесь час трымала дзяўчыну навідавоку, была гатовая ў любы момант прыйсці на дапамогу і хоць чым-небудзь дагадзіць унукавай абранніцы. Каміла, як ніхто іншы, разумела абражаную і зняважаную Айшэ, адчувала яе думкі, здагадвалася і пра зламысны намер, бо і сама некалі перажыла тое ж самае… Але яна любіла ўнука і жадала яму шчасця, таму і рабіла ўсё, каб паміж маладымі найхутчэй наладзіліся адносіны.
Цімур быў злы, хадзіў учарнелы, не мог дачакацца, калі Айшэ прыме яго як мужа. Ён амаль не спаў, не выходзіла з галавы пачутае на возеры: «Лепш смерць, чым быць тваёй жонкай…» Ён шчыра любіў Айшэ і нават думкі не дапускаў, што з дзяўчынай можа нешта здарыцца. І ўсё ж трывога
Менавіта рубцы на запясцях Камілы сталі прычынай узнікнення прыхільнасці, даверу і добрых адносін паміж Цімуравай прабабкай і Айшэ. Старая нячутна ўладкоўвалася на край ложка, заўсёды брала руку Айшэ і, слепавата прыплюснуўшы вочы, разглядвала далонь. Потым асцярожна клала руку нявесткі на коўдру і, цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, гаварыла: «Чысценькая…»
Айшэ ў нейкі момант не вытрымала, незадаволена спыталася:
– А якая, па-вашаму, яна павінна быць?
– Толькі не такая, як у мяне, – ахвотна адказала Каміла і, закасаўшы рукаў, паказала сінія набухлыя пісягі на сваёй руцэ.
Убачанае ўразіла Айшэ. Яна ўскінула на Камілу вочы, але запытацца не паспела, старая ўжо вяла рэй:
– Я была маладзейшая за цябе, мела гадкоў чатырнаццаць, не болей… Ахмед выкраў мяне ноччу сонную прама з ложка… Каб не крычала, рот завязаў, закруціў у бурку, перакінуў пасярод сядла на кані – і памінай як звалі. Цэлы год, ажно пакуль дзіця не нарадзіла, хаваліся ў гарах. Скажу шчыра: мне з Ахмедам пашэнціла, чалавек аказаўся добры…
– А рукі? – спыталася Айшэ.
– Гэта я напачатку, ён жа на дваццаць гадоў старэйшы быў… Твой Цімур і трыццаці не мае…
– Ніякі ён не мой, – ускрыкнула Айшэ і сцялася, нечакана падумала: а раптам яна ўжо цяжарная?
– Не кажы так, дачушка, – спакойна сказала Каміла і, быццам прачытаўшы думкі Айшэ, дадала: – Я так разумею, што ў вас усё было, а значыць, і дзеці могуць быць…
Айшэ ўсхліпнула, па шчоках пакаціліся буйныя слёзы.
– Ён мяне сілай узяў…
– Цімур зрабіў гэта, бо кахае цябе, – Каміла пагладзіла Айшэ па плячы і стрымана дадала: – Выбару ні ў мяне не было, ні ў цябе няма, гэткі ўжо наш лёс… А есці трэба, – працягвала Каміла, – хочаш, курынага булёнчыку прынясу?
Айшэ згодна кіўнула, выцерла насоўкай вільготныя вочы і нечакана для сябе заснула, упершыню спакойна і моцна.
Праз тыдзень Айшэ пачала хадзіць разам з Камілай у лес збіраць сушняк, дапамагала па гаспадарцы, а праз месяц, калі ў чарговы раз ноччу да яе за занавеску прыйшоў Цімур, яна прыняла ягоныя заляцанні. Старая Каміла не магла нарадавацца, бачачы, што ўсё пачало складвацца як мае быць. Але ж цяпер галоўнае было аб’явіцца Цімуру ў Грозным, павінаваціцца перад бацькамі і раднёй Айшэ, знайсці такіх сватоў, якія змаглі б дамовіцца наконт вяселля і абмеркаваць велічыню калыму за нявесту. Айшэ таксама хвалявалася, але выгляду не паказвала, злосць на Цімура не прайшла, у нейкі момант нават хацела, каб з ім паквіталіся. Праз гэта і пісьмо бацькам адмовілася напісаць, але Цімур і не настойваў, ён ведаў, як памірыць род Баджыевых і Буцуевых. Усё залежала ад велічыні калыму, і Цімур прапанаваў тое, ад чаго бацька Айшэ не змог адмовіцца. Ён купіў у прыгарадзе Грознага трохпавярховы дом і аддаў пяцьдзясят тысяч долараў. Толькі зусім мала пажылі бацькі Айшэ ў новым доме. У першы ж дзень вайны выпушчаная з самалёта ракета ўшчэнт разнесла будыніну, пахаваўшы пад абломкамі і бацьку, і маці. А сёння аднеслі на могілкі і Цімура…
Лола і Айшэ з могілак вярталіся апошнімі. На вузкім, у дзве дошкі ў шырыню, хісткім падвесным мастку праз бурлівы горны ручай прыпыніліся. Лола выцягнула з рукава белую насоўку, на імгненне прыклала яе да вачэй і адразу кінула ў мутную ад дажджоў ваду.
– Кінь і ты, – падтрымліваючы нявестку за локаць, папрасіла Лола, – няхай вада возьме наша гора…
Айшэ як і не чула. Яна, трымаючыся за вяроўкі-поручні, адштурхнула свякроў і, не адрываючы
– Клянуся Алахам, што прывяду на магілу брата забойцу і крывёй змыю ганьбу, учыненую нашаму роду…
3
Фрау Эльза заехала ў расчынены, добра асветлены гараж, які месціўся пад раскідзістымі вербалозінамі леваруч ад двухпавярховага будынка, і рэзка затармазіла.
– Бяры чамаданчык і чакай мяне на вуліцы, – строга сказала эканомка.
Люба паслухмяна кіўнула і хуценька выкулілася з машыны. На вуліцы яна з асалодай удыхнула водар свежага начнога паветра, які бывае толькі пасля дажджу, і, убачыўшы, што фрау Эльза, не выходзячы з машыны, некаму тэлефануе па сотаваму, адступіла далей ад гаража, каб эканомка не ўбачыла ў люстэрка і не падумала, што яна падслухоўвае размову. Не заўважыла, як апынулася пад густой вербалозінай. У гэтае імгненне, быццам наўмысна чакаючы ахвяру, наляцеў свавольны, разгульны вецер, захістаў кроны дрэў, і не паспела Люба ачомацца, як тысячы халодных пырскаў, быццам з кулямёта, сыпанулі ў твар, аблілі, вымачылі з галавы да пят. Люба выбегла на дарогу і з жахам убачыла, што яе святочная сукенка прыліпла да цела. Першае, што прыйшло ў галаву, – выцягнуць з чамадана кофтачку і накінуць на плечы. Але зрабіць гэта Люба не паспела. Як толькі яна шчоўкнула замкамі і адкінула вечка чамадана, з гаража паспешліва выйшла эканомка і, ускінуўшы руку з чорнай плоскай скрыначкай, падобнай да школьнай гатавальні, націснула на чырвоную кнопку. Нячутна сышліся гаражныя металічныя дзверы. Люба імгненна замкнула чамадан і выструнілася, нават паспела абцягнуць спаднічку. Але фрау Эльза ўсё ж заўважыла, што Люба корпалася ў рэчах, і насцярожана агледзела дзяўчыну.
– Што фройлен дастала з чамадана? – свідруючы дзяўчыну ледзяным, падазроным позіркам, спыталася эканомка.
– Я трапіла пад дождж, хацела выцягнуць кофту…
– Дождж скончыўся дваццаць хвілін таму, – строга канстатавала эканомка. – У нас прынята гаварыць праўду!
– Але ж гэта праўда, – развяла рукі Люба, паказваючы прыліплую да цела сукенку.
Фрау Эльза не паверыла, пакуль сама не памацала тканіну. Потым далонню правяла па гэткіх жа вільготных Любіных валасах і, здзіўлена перасмыкнуўшы плячыма, задумалася. Зачапіўшыся позіркам за чамадан, які ляжаў на асфальце, яна ўжо незласліва, але цвёрда папрасіла:
– Адчыні. Мне добра плацяць, і я не хачу сюрпрызаў…
Люба пакорліва, нават з радасцю выканала і гэты загад, разлічваючы, што цяпер эканомка не будзе перашкаджаць апрануць нешта сухое. Яна нават уявіць не магла, што гаспадар убачыць яе ў вільготнай, прыліплай да цела сукенцы. Што шукала ў чамадане фрау Эльза, Люба дапетрыць не магла, а вось наконт кофты не памылілася: эканомка і сапраўды падала вязаны джэмпер.
Акрамя эканомкі Любу больш ніхто не чакаў. Фрау Эльза правяла яе ў дом з чорнага ўвахода, адразу на кухню. Яна паставіла чайнік, зрабіла два тонкія бутэрброды, якія падсмажыла ў мікрахвалевай печцы, і, падаючы іх на блакітнай талерачцы з жоўтым абадком па краях, быццам між іншым, зазначыла:
– На вячэру Вы спазніліся па сваёй віне, таму толькі гарбата і бутэрброды…
– Ды я зусім есці не хачу, – шчыра адмахнулася Люба.
Яна баялася гэтай строгай жанчыны з калючым позіркам зеленаватых вачэй і спадзявалася найхутчэй апынуцца ў сваім пакойчыку, каб адпачыць і хоць трохі ачомацца з дарогі.
– Я разумею твой стан, – прысмальваючы цыгарэту даўжынёй з аловак і тонкую, як жытняя саломка, сказала эканомка. – Толькі перш, чым цябе ўбачыць гаспадар, я сама павінна праверыць твае дакументы і даць парады, канешне, абавязковыя да выканання. А ты, Люба, еш, а то я падумаю, што ты хворая. Хаця, – эканомка, хітравата прыплюснуўшы вочы, паглядзела на Любу і ўпершыню ўсміхнулася, – падумаць я магу, але пра тваё здароўе высновы будзе рабіць доктар Роберт.