Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
У панядзелак ягонае месца ў класе засталося пустое. Што прычынілася, калі ён павінен быў «да канца быць мужчынам», я даведаўся на лавачцы каля Дзвіны толькі праз тыдзень. Усе тыя дні Юрка адседжваўся дома і не падыходзіў да тэлефона. Юркавы вочы праваліліся, а нос завастрыўся і зрабіўся падобны да дзюбы грака-альбіноса. Памятаю, што ўсе здагадкі круціліся ў маёй наіўнай галаве вакол дзвюх асноўных версіяў: імпатэнцыя і брыдкая хвароба. Насамрэч, здарылася зусім іншае.
Чакаючы ў тую суботу Ларысу, ён зрабіў вусцішнае адкрыццё: схоўка за цёмна-зялёнымі тамамі «Сусветнай гісторыі» была пустая. Хтосьці з бацькоў знайшоў пляшку і захапіў яе на летнік. Грошай на яшчэ адну ў Юркі не хапіла. Гонар не дазволіў яму
Я не прыдумаў нічога лепшага, чым засмяяцца і сказаць, што людзей з такім самалюбствам, напэўна, адзін на мільён. Гэта аказалася жудаснай памылкаю, хоць, далібог, я і сёння не ведаю, як павінен быў паводзіцца.
Там, на нашай лавачцы над ракой, я гаварыў яшчэ нешта - што Ларыса ўсё зразумее, што ён, Юрка, выключны чалавек, што я веру ў іх каханне і нашае сяброўства. Сустрэўшыся з ім вачыма, я здрыгануўся: ягоны твар зрабіўся мёртвай пагардлівай маскай. Юрка падняўся і, злёгку пакланіўшыся мне, прамовіў: «Вы свободны, сударь». Я і зараз бачу, як ён, рослы і сутулы, з паднятым каўняром брунатнага плашча, брыдзе па беразе ў сутонне, назаўсёды аддаляючыся ад мяне, і за ім бяжыць абчапляны ваўчкамі здзічэлы белы дварняк.
Пасля выхадных класны паведаміў, што бацькі перавялі Весялова ў іншую школу.
Потым мы сустракаліся адно выпадкова і ніколі не размаўлялі. Дый што я мог яму сказаць? Што Ларыса «ходзіць», як гэта тады называлася, з Окаркам і што ён заняў у класе Юркава месца каля сярэдняга вакна? Альбо што неяк мы гулялі з Окаркам у настольны тэніс і, застаўшыся з ім адзін на адзін, я з халадком нянавісці пад сэрцам удавана абыякавым тонам запытаўся, што ў яго з Жылкінай, а ён з нахабным спакоем, дапытліва пазіраючы мне ў вочы і расцягваючы словы, адказаў:
«Е...сь... Нае...сь и выкину. А хошь - тебе отдам».
За такі адказ трэба было кінуцца на Окарка з кулакамі, але я ведаў, што ён паўсюль ходзіць з ножычкам. Другі «гусь», Ігар Гарачоў, той самы, што хварэў у восьмым класе на ганарэю і пасадзіў настаўніка працы на цвік, ужо сядзеў за групавое згвалтаванне саракагадовай жанчыны са шклозавода, якую гвалтаўнікі, такія ж падлеткі, як Ігар, злавілі перад начной зменай і, заклеіўшы рот пластырам, зацягнулі ў будаўнічую бытоўку. На судзе ён трымаўся героем і адмовіўся прызнаць сябе вінаватым на той падставе, што нічога не рабіў, а ўсяго толькі трымаў «цётку» за нагу.
У красавіку ў Ларысы нарадзіўся дзіцёнак. У нашай школе гэта быў другі выпадак. Летась дзесяцікласніца Ірка Кляпацкая нарадзіла маленькага япончыка ад кагосьці з замежцаў, што наладжвалі абсталяванне на нафтаперапрацоўчым заводзе. Мая Галя сказала, што дзіця ў Ларысы атрымалася сямімесячнае і што, як ні дзіўна, гэта якраз добра, прынамсі, значна лепей, чым калі б яно прыйшло на свет на месяц пазней.
У адрозненне ад Іркі, якая ўжо ў радзільні адмовілася ад малога і здавала з аднакласнікамі выпускныя экзамены, Ларыса пакінула дзіця сабе і ў школу не вярнулася. Пад час экзаменаў яе можна было ўбачыць з каляскаю ў парку культуры і адпачынку імя 50-годдзя «Великого Октября». Шчаслівы татуля тады ўжо цягнуў тэрмін, бо аднаго разу ў традыцыйнай суботняй бойцы пад таполямі каля танцпляцоўкі пусціў у ход свой ножык, але не патрапіў уцячы ад міліцэйскага нарада. Калі я сустракаў Ларысу з малым, мне заўсёды думалася, што яе сын вырасце, парэжа каго-небудзь ножычкам і ўслед за бацькам пойдзе на зону.
Далейшыя звесткі пра Юрку Весялова не вылучаюцца паўнатой.
Ён таксама вучыўся ў Менску, аднак не на журналістыцы ва ўніверсітэце, як марыў, а чамусьці ў політэхнічным на архітэктуры, і мы не бачыліся. Адзіным выключэннем стаўся той раз, калі я адносіў Юрку перададзеныя з дому грошы.
Усе ложкі ў Юркавым
Перад адыходам я паспеў заўважыць, што адзін з Юркавых суседзяў не проста спаў, а быў моцна прытарочаны да ложка вяроўкаю. Распускаць марскія вузлы я на ўсякі выпадак не стаў.
Тады я вёў дзённік, дзе ўражанні ад гэтага новага Юркі ўвасобіліся ў вобразе (думаю, не надта ўдалым і дакладным) зламанага гадзінніка.
Напэўна, каляндар юнага натураліста, паводле якога жыў Юркаў пакой, меў шмат святаў, бо праз нейкі час да мяне дайшла чутка, што, ратуючыся ад выключэння, Юрка ўзяў акадэмічны адпачынак.
Жыццё ўжо даўно круціла нас па такіх далёкіх арбітах, што, атрымаўшы на апошнім курсе ліст з вайсковым штэмпелем, я хутчэй паверыў бы ў тое, што пра маю персону ўспомніў раптам сам міністр абароны, чым у тое, быццам мне можа напісаць Юрка Весялоў.
Штэмпель быў маскоўскі, але ліст прыйшоў з Афганістана.
Можна здагадвацца, у якіх шчамлётках адзіноты і безнадзейнасці апынуўся Юрка, калі - і гэта з ягоным характарам - называў мяне ў лісце адзіным сябрам.
Палова тэксту на двух лістках з вучнёўскага сшытка ў кратку засталася пад беспрасветным цэнзарскім атрамантам. Найбольш істотным у ацалелай частцы была згадка пра Валерку Акаркова. Юрка пісаў, што, калі яму давялося ўпершыню страляць у афганца, ён уявіў перад сабой Окарка.
Мяне дагэтуль кусае сумленне: чаму не адказаў Юрку? Можна ж было напісаць у Афганістан і прамаўчаўшы пра Окаркава вяртанне з зоны, як і пра тое, што ён жыў у Ларысы, пакуль праз пару месяцаў зноў не паехаў пад канвоем кудысьці ў Мардовію, пасля чаго Ларыса скруцілася з падазроным тыпам з Задзвіння і ўзялася гандляваць каля Палаца культуры шклозавода півам.
Больш салдацкіх лістоў - ні з маскоўскім, ні з якім іншым штэмпелем - мне не прыходзіла.
Фінал гэтае гісторыі я магу аднавіць толькі са слоў кліўлендца з двума адарванымі пальцамі, таму мая спроба будзе непазбежна пазначаная пячаткаю суб'ектывізму. Але ўяўленне малюе апошнія Юркавы хвіліны настолькі выразна, што я наважваюся выкласці сваю версію на паперы. (Відаць, тут прысутнічае і эгаістычнае імкненне пазбыцца сіндрому бензапілы, бо пасля вечара ў Кліўлендзе я не здольны спакойна чуць яе гук, і лепей не ўспамінаць, што чынілася са мною, калі днямі ў нашым двары спускалі стары бераст.)
Заплюшчыўшы вочы, я бачу вечаровую горную цясніну ў ваколіцах Герата. Бой адгрымеў зусім нядаўна, і ў паветры яшчэ стаіць пах парахавога дыму. Юрка з туга скручанымі рукамі ляжыць на спіне ў фіялетавым ценю вострай двухгаловай скалы, падобнай да раскрытай драпежнай глюгі. У ногі яму ўпіваецца тонкі шнур, хоць ні бегчы, ні нават паўзці з раздробленай галёнкаю немагчыма.
Стамлёны, з гарачымі вуглямі гагатавых вачэй камандзір афганскіх партызанаў ведае цану кожнаму слову і растуляе вусны не болей пяці разоў. «Жыць хочэш - бэры іслам», - грэбліва перакладае тлумач. Юрка не адказвае, гледзячы ў выцвілае ад спёкі неба, дзе, быццам зрэнка неабдымнага абыякавага вока, плавае сокал.