Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
Але я забягаю наперад. Да вакна, праз якое Воваў бацька задуменна ступіў у любы яму зруйнаваны свет, яшчэ заставалася палова дзяцінства.
Мы пераходзілі з класа ў клас, пачыналі чытаць братоў Стругацкіх і Брэдберы, пісаць любоўныя цыдулкі і ціскаць іхніх адрасатак у школьным гардэробе. Мне падабалася поўненькая аднакласніца Поля Кругляк. У шостым класе я колькі разоў падводзіў яе дахаты і прапаноўваў «дружить». Поля чырванела, апускала вочы і, картавячы «р», ціха казала, што яна згодная толькі на сур'ёзныя адносіны. Я не ведаў, што такое сур'ёзныя адносіны, і маркотна пазіраў услед поўным Поліным нагам, падобным да літровых малочных бутэлек.
Да Сімачкі Музыкант
«Жиды редеют, а ряды жидеют», - са злосцю зацятага антысеміта казаў школьны ваенрук Іван Кірылавіч, што на занятках па грамадзянскай абароне вучыў нас з малалецтва карыстацца супрацьгазам, які аднойчы назваў таямнічым словам «гандон». Я не разумеў ягонае злосці. Мне было шкада аднакласнікаў, што назаўсёды знікалі з майго жыцця разам з мянушкамі, бацькамі, брацікамі і сястрычкамі. У шостым класе афіцыйных габрэяў у нас засталося ўсяго трое - Поля Кругляк, Марк Альтбрэгін, якому я пякуча зайздросціў, бо ў яго дома было ажно два тэлевізары, і Бора Гасіль.
Бору я не зайздросціў. Выконваючы піянерскае даручэнне, я падцягваў яго па матэматыцы.
Падцягванне Боры адбывалася даволі цікава. Мы займаліся на кухні, дзе плаваў настоены пах смажанай цыбулі, за сталом, засланым белаю цыратай у блакітныя краткі. Трэба сказаць, што з маіх тлумачэнняў Бора ніколі нічога не разумеў дый не імкнуўся зразумець, а ўвесь час прапаноўваў згуляць у настольны футбол. Ён працягваў вучыцца па матэматыцы на стабільны дваяк, але я ўпарта прыходзіў да Боры зноў і зноў. Апрача масляных плямаў на сшытках для практыкаванняў, я заўсёды нёс у кішэні жменю дарагіх цукерак кшталту «Мишка на севере», атрыманых ад Боравай маці ў якасці незаслужанага ганарару. Плюс гульня ў настольны футбол. Плюс кучаравая Борава сястра Фірка, якая хвалявала маё сэрца не меней за Полю Кругляк.
Пад час нашых заняткаў Фіра зазвычай уладкоўвалася побач на зэдліку і ела мяне пукатымі авечымі вачыма, пакуль я не збіваўся і не заблытваўся ў лічбах. Заўважыўшы гэта, яна дарыла мне задаволеную ўсмешку і, трасянуўшы кудзеркамі, выплывала з кухні, падкрэслена круцячы клубамі і пакідаючы ва ўсёй маёй істоце саладкавую гарачую млявасць. У тыя хвілі ўваччу неадчэпна стаяў малюнак з нядаўняе мінуласці, калі я вучыўся ў чацвёртым класе, а Фіра - у трэцім. Пакінуты на другі год пяцікласнік Вася Шуйскі прапанаваў Фірцы за марозіва схадзіць з ім у зараснікі лопуху за канавай і паказаць, што ў яе пад трусікамі. Калі Фіра вярнулася, тое самае, але ўжо за пяцьдзесят капеек прапанаваў ёй Васькаў прыяцель Валерка Акаркоў, і яна зноў згадзілася. Кажуць, што потым, на зямлі продкаў, Фіра пачала з масажнага кабінета, вельмі хутка пайшла ўгору і цяпер кіруе велізарнай сеткаю гэткіх кабінетаў па ўсёй краіне, у што я, успамінаючы тую дзіцячую кухонную млявасць, ахвотна веру.
З кніжкі пра Грышку Распуціна я ўведаў, што сакратаром у яго служыў мазырскі габрэй Сімановіч. Аднойчы геніяльны прыдворны чмут вырашыў падараваць паплечніку залаты спод з надпісам. Надпіс уласнаручна накрэмзаў гравёру на шматку паперы сам Распуцін - «Лутшиму ис ивреив».
Каб у дзяцінстве мне прапанавалі падараваць спод з гэткім надпісам камусьці з маіх знаёмых габрэяў, я без ваганняў
У школьныя гады мы хадзілі як злыганыя. Разам гадавалі прывезенага мною з бабулінай вёскі маладога зайца Колю і разам, пусціўшы слязіну, хавалі ягоныя костачкі ў скрынцы з-пад абутку, калі гаротніка Колю разарваў суседскі сабака Дунай. Разам латашылі чужыя сады, а ў сваіх садах, якія трэслі суседскія хлапчукі, пяклі ў прыску бульбу. Разам палохалі дзяўчынак акулярыстымі вужакамі, якіх лавілі ў траўні на прыгарадных азёрах і прыносілі ў школу за пазухай.
Мая маці карміла нас дранікамі, клёцкамі з душамі і старадаўняй полацкай стравай - халоднай варанаю бульбай з брусніцавым сочывам. Маці Вовы Цымермана, настаўніца малодшых класаў Марыя Абрамаўна, частавала рыбай-фіш, фаршмакам і цымусам. Адзінае, што з яе кухарства мне не падабалася - відаць, па генах, - гэта маца.
Разам з Вовам мы першы раз пераплылі туды і назад Дзвіну і, узрушаныя здзейсненым, прысягнулі адзін аднаму вусцішнай сяброўскаю прысягай, якую напісалі ў двух асобніках на аркушах з вучнёўскага сшытка. Прысяга была па-мужчынску лапідарная - «Дружба до гроба», подпісы мы паставілі крывёю, раскалупаўшы пальцы шпількаю, што замяняла мне гузік на рукаве зялёнай - запомнілася ад урачыстасці моманту - кашулі.
Ды ці мала чаго яшчэ перажылі мы з Вовам.
Нас не здолела развесці нават ізраільска-арабская вайна 1967 года, пасля якой багата полацкіх габрэяў узяліся хуценька мяняць імёны ды прозвішчы, ператвараючыся з Ізраіля ў Іллю, з Абрама ў Аляксандра, а з Макса Моўшавіча ў Марка Міхайлавіча. Вову Цымермана зусім не крыўдзілі мае показкі накшталт той, чый герой слухае па дарозе дахаты па радыё, як габрэі набліжаюцца да Каіра, а потым адчыняе дзверы, а яны ўжо там.
Нас - банальная гісторыя!
– развяла ў розныя бакі беларуская дзяўчынка Наталля Ўсвайская з майго былога дзесятага класа. Пад канец школы яна з непрыкметнага заморка з цыпкастымі нагамі-трысцінкамі, што вучылася на чацвёркі і пяцёркі, неўпрыцям вырасла ў прыгажуню троечніцу, вакол якое круціліся нават лётчыкі з задзвінскага ляснога аэрадрома. Я прыглядаўся да Наталлі здалёк і, даючы ўначы волю лятункам, удзень рыхтаваўся да іспытаў у БДУ і марыў пра час, калі сустрэну Ўсвайскую, вярнуўшыся дахаты студэнтам.
Першы, каго я спаткаў, прыехаўшы з Менска, быў Вова Цымерман з Наталляю. На маё ганарлівае паведамленне, што я ўжо студэнт, Вова паклаў даме майго сэрца руку на талію (а праўдзівей, крыху ніжэй) і, тэатральна закаціўшы вочы, прадэкламаваў найагіднейшыя з усіх вядомых мне дагэтуль паэтычных радкоў:
Натали моя, Натали,
Утоми мою плоть, утоли...
Перад Наталляй стаяў студэнт універсітэта, а яна ўхвальна падхіхіквала нейкаму паршываму дзесяцікласніку. Я моўчкі павярнуўся і з нечалавечай самотаю ў душы пайшоў прэч, выкіроўваючыся на дарогу ведаў і зрабіўшы на сцежцы да яе кароткі прывал у бары «Пралеска», дзе ўпершыню ў жыцці выпіў алкагольны кактэйль «Луна».
Каханка маіх сноў наталяла Вову Цымермана нядоўга. На зімовых вакацыях я са змрочным помслівым задавальненнем даведаўся, што мой супернік не вытрымаў канкурэнцыі з якімсьці задзвінскім лётчыкам, які неўзабаве зрабіў Наталлі дзіця і ўвішна перабазаваўся на іншы лясны аэрадром неабсяжнае краіны.
У душы зноў заварушыліся ачахлыя сяброўскія пачуцці, аднак мы з Вовам ужо рухаліся па розных траекторыях, і цяпер я сачыў за ім адно здаля.
Звесткі, што дасягалі мяне, толькі пацвярджалі маю выснову: сябар дзяцінства быў нетыповым носьбітам нацыянальнага характару свайго народа.