Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
Не, нікому зь іх — ні колішняму александрыйцу, ні першаму касманаўту-беларусу Клімуку, ні другому, Кавалёнку, у якога ў дэбютным палёце нешта ня зладзілася і назаўтра ж з хаты ў ягонае маці забралі прывезены напярэдадні тэлевізар — я, хоць забіце мяне, не зайздросьціў.
Калі нейкая кропля зайздрасьці і атруціла маю істоту, дык гэта да зусім нянаскага касманаўта Ніла Армстронга. Вось у яго быў сапраўдны палёт. Гэта, ведаеце, як круціцца вакол несусьветнае прыгажуні безьліч залётнікаў, цалуюць ручкі, падносяць падарункі, нехта за бачок ушчыкне і ня болей, а потым зьяўляецца той, што бавіць зь ёю ноч і застаецца першаадкрывальнікам.
І кволіцца недзе ў заканурках душы мара — знайсьці,
Разумею, што шанцы на адказ блізкія да нуля. Але мне падабаецца думаць, што — калі б яшчэ жыла бабуля Аўгіньня — старына Ніл мог бы, замест іхнага нядошлага віскі, хапянуць са мною чыстага, нібыта сьляза дзіцяці, перагону і, як некалі дзед Грыша, раскалоцца ды паслаць усю гэтую касманаўтыку на...
Інтэрнат
Пасля з'яўлення на свет у полацкай радзільні на Верхнім замку я маю ўжо дзесятае па ліку жытло і - дарма што вокны маёй цяперашняй кватэры выходзяць на гармату ля ўвахода ў Нацыянальны музей - рэшту зямнога тэрміну спадзяюся бавіць у клопатах выключна мірных і ў дом свой вечны выправіцца менавіта адсюль.
Перабіраючы ў хатнім зацішку згадкі пра былыя жыццёвыя прыстанкі, я пешчу ўдзячнае пачуццё да кожнага з іх, але нязменна прыходжу да адной высновы: найбольш плённымі з гледзішча экзістэнцыяльнага досведу былі гады, звязаныя з сямейным інтэрнатам. Тым самым інтэрнатам, што і сёння можна адшукаць водбліз Дзвіны паміж кінатэатрам «Космас» і манументам першаму намёту наваполацкіх будаўнікоў, да бетонавай агароджы якога былі некалі прышрубаваныя жалезныя літары, што складаліся ў лозунг «Слава строителям коммунизма!».
У нашай інтэрнатаўскай секцыі, апрача кухні з паўтузінам сталоў рознае масці, прыбіральні і душавога пакою, ператворанага кімсьці з гаспадарлівых насельнікаў у спіжарню, савецкія дойліды запраектавалі шэсць жылых пакояў, дзверы якіх выходзілі ў вузкі і прыцемны, як праход у начным агульным вагоне, калідор, дзе змагаліся за месца пад заседжанай мухамі лямпачкай дабітыя дзіцячыя вазочкі, зламаныя ровары і мяхі з бульбаю ды раз-пораз прабягалі сваімі сцежкамі ўкормленыя прусакі.
У пакоі № 1 жыў Кубінец з ціхмянай і бяляваю, падобнай да падвальнай расліны жонкаю і сынам-мікрацэфалам Пецем, які насупор медычным заканамернасцям рос хлопчыкам кемлівым і ў тры гады ўжо бойка чытаў загалоўкі артыкулаў у «Советской Белоруссии», што давала надзею на паступовае павелічэнне дробнай Пецевай галоўкі да сярэднестатыстычных памераў.
«Во дае, сука!» - замілавана казаў, слухаючы Пецю, гаспадар пакоя № 2 шафёр Сцёпа, які вечарамі вымочваў на кухні ў нейкіх хімікаліях скарыстаныя талоны на бензін. Вывеўшы штампы, Сцёпа даводзіў талоны да ладу гарачым прасам і набываў на іх бензін яшчэ раз. У Сцёпы былі два смаркатыя хлопчыкі-блізнюкі і адна рухавая, са спакуслівымі клубамі жонка Таня, якая прыкладна раз на месяц заходзіла да нас папрасіць кніжку пра любоў і прыкладна раз на дзень скардзілася, што малыя дрэнна засынаюць і не даюць ім са Сцёпам нармалёва «пажыць».
Але я не скончыў пра Кубінца. Мянушка, атрыманая пасля службы ў войску на Кубе, прыстала да яго, быццам дадзеная ад нараджэння, і дарэшты сцёрла ў маёй памяці ягонае сапраўднае імя. Кубінец сцвярджаў, што быў у ліку сотні «савецкіх», якім Фідэль Кастра адмысловым указам падараваў па аўтамабілі «Волга».
«Волгу» Кубінец напраўду меў, аднак якога-небудзь адмысловага інтарэсу да падарунка барадатага камандантэ не выяўляў: ездзіў
Кубінец увогуле не цікавіўся нічым. Ён не чытаў ні кніг, ні, на ўздзіў сыну Пецю, газет і бясконца звальняўся і ніяк не мог звольніцца з канторы, што займалася зборам харчовых адкідаў.
Адзіным, што змушала ягоныя выцвілыя балотныя вочы загарэцца, былі кубінскія прыгады. На далёкай выспе Свабоды яму падабалася ўсё: прырода, садавіна, «кармёжка» з адбіўнымі, Фідэль, які на святы адпраўляў кожнаму «савецкаму» персанальную пасылачку. Але найглыбейшую ўдзячнасць сусед захаваў у сэрцы да тамтэйшых жанчын, што, калі даваць веры Кубінцу, ва ўмовах акружэння імперыялістамі гатовыя любіцца з «савецкімі» ў любы момант, дзе заўгодна і па-ўсякаму.
Пра светласкурых грамадзянак далёкай рэвалюцыйнае краіны ён адгукаўся даволі стрымана: маўляў, белыя супроць мурынак ці мулатак - гэта як «Прыма» супроць дарагіх цыгараў, скрынку якіх ён аднойчы атрымаў ад Фідэля на Новы год. Адзіным - затое якім!
– выключэннем засталася касірка гаванскага кінатэатра, якая была аматаркаю вафляў і шырока практыкавала каронны нумар - акрабатычны снайперскі скачок з высокае шафы на ўзбуджанага кампаньера, што чакаў сваю абранніцу ў ложку.
Калі воіна-інтэрнацыяналіста наведвала натхненне, Сцёпа, заслухаўшыся, спальваў прасам талоны. Але потым Кубінец замаўкаў, і ягоныя вочы ўвомірг і надоўга зацягвала раска абыякавасці. Сцёпа гаротна падлічваў фінансавыя страты, а мне думалася, што служба на Кубе сталася для гаспадара пакоя № 1 найвялікшай жыццёваю драмай. Каб не штодзённая адбіўная, не фідэлеўскія цыгары, не мурынкі і скачкі светласкурай вафлісткі, ён мог бы не страціць смаку ні да беларускіх краявідаў, ні да нашых не менш прыгожых і таленавітых жанчын, а можа, нават і да ўласнае жонкі, якую за вочы і ў вочы Кубінец за худзізну клікаў Вудачкай і з гэтае прычыны ў закутку сваёй дрымотнай душы, магчыма, зайздросціў Сцёпу, што любасна зваў жонку Таню Тумбачкай.
У пакоі № 3 вяла рэй банкірка Тонька - таўсматая, але спрытна змайстраваная вірлавокая жанчынка з глыбокім натуральным румянкам і чутным ва ўсіх шасці пакоях смехам. Гэта цяпер я называю яе банкіркаю, а тады такія словы да нашых людзей не тое што не стасаваліся, а лічыліся ледзьве не лаянкай.
Тонька жыла са старой маці Пракопаўнай і з мурлатым сынам Вовам, якога звала Ваўцюлём.
Мікеланджэла казаў, што мармур трымціць пры ягоным набліжэнні. Кубінец меў усе падставы сказаць тое самае пра нашую Пракопаўну. Розніца была адно ў тым, што ён не прыкладаў для гэтага трымцення, як і наогул ні да чога, аніякіх высілкаў. Пракопаўна нейкім сёмым пачуццём адчувала, калі Кубінец дома, і тады выйсці з пакоя, зачыненага з сярэдзіны на засаўку, яе не прымусілі б ні Бог, ні д'ябал. На жаль, зацятае сядзенне ў аблозе было не адзінай праяваю стасункаў Тоньчынае маці з Кубінцам.
Штотыдзень, зазвычай у сераду, секцыя прачыналася сярод ночы ад вусцішнага ёкату. «Ратуйця!
– неслася з пакоя № 3.
– Газы!» Гэта быў толькі пачатак. Далей Пракопаўна слёзна благала суседзяў схапіць душагуба, выклікаць «органы» і запраторыць героя кубінскае рэвалюцыі на Калыму. Мацней, чым у Госпада Бога, Пракопаўна верыла ў тое, што ўначы Кубінец падкрадаецца да дзвярэй і адмысловаю помпаю напампоўвае ў ейны пакой праз замочную шчыліну смяротныя газы.
Лямант на блізкіх да ўльтрагуку рэгістрах доўжыўся з паўгадзіны, потым Тоньцы небяспечна вялікаю дозаю сонных пігулак удавалася ўтаймаваць ахвяру воіна-інтэрнацыяналіста, і мы мелі наперадзе адносна спакойны тыдзень, пасля чаго ўсё, прычым без варыяцыяў - нібы Пракопаўна зноў і зноў агучвала той самы зацверджаны недзе тэкст - паўтаралася.