Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
Вечарамі ў маім рэдакцыйным кабінеце з'яўляліся наведнікі, цікавейшыя за легкадумных дзённых мятлушак і стракозаў. Аднойчы, у 1980-м, калі маскоўскія ідэолагі пакутліва вырашалі, як адсвяткаваць 600-годдзе Кулікоўскае бітвы, каб не пакрыўдзіць братні татарскі народ, мае дзверы асцярожненька адчыніў ахайны дзядуля з пульхным партфелем і ўстрывожанымі вачыма, што міжволі прыводзілі на памяць позірк пралетарскага паэта Івана Бяздомнага пасля вядомага здарэння на маскоўскіх Патрыяршых сажалках. Згаданая акалічнасць змусіла мяне інстынктыўна трымацца так, каб паміж мною і візітантам абавязкова заставаўся пісьмовы стол. З гарачага дзядулевага шэпту я даведаўся, што мой госць удзельнічаў у Кулікоўскай сечы, а ў партфелі - напісаныя да яе
Да разраду літаратараў належаў і колішні марак рыбалоўнага флоту, якога недзе за ньюфаўндлендскімі банкамі пацягнула за сабой, балюча выцяўшы аб борт, штармавая хваля, што і падказала марскому вандроўніку ідэю і фабулу будучага рамана, яго навылёт прапахлы селядцамі манускрыпт пачынаўся сакральнаю фразай: «Стране нужна рыба», а завяршаўся падрабязным спісам, дзе фігуравалі набытыя былой няўдзячнай нявесце ў розных кутках свету падарункі з пазначанымі побач коштамі.
А вунь за тымі трыма вокнамі збіралася нашае літаб'яднанне «Крыніцы», сябры якога за прамінулыя гады выдалі цэлую бібліятэку. Аднак гэтым разам асобы, чые імёны ўжо трапілі ў падручнікі і энцыклапедыі, пакідаюць мяне ў спакоі, а з пяшчотаю згадваецца сціплая паэтка, што каля каміна сваіх жаночых успамінаў павінна заўсёды думаць пра літаратуру з ціхай удзячнасцю. Часам я намагаюся ўявіць яе аблічча і думаю, што яно не можа быць ардынарным, як не была ардынарнаю і яе творчая метода, якая назаўсёды застанецца ў аналах калі не ўсяго айчыннага прыгожага пісьменства, дык, прынамсі, яго полацкае плыні.
Рэч у тым, што ў дні нашых досыць частых літпаседжанняў прыблізна аб адзінаццатай гадзіне вечара ў маім кабінеце абавязкова званіў тэлефон. «Муж адной паэтэсы» ветліва цікавіўся, калі мы маем разыходзіцца. Я сумленна адказваў, што каля паўночы, і запэўніваў клапатлівага сужэнца, што мы па-рыцарску праводзім усіх нашых дам дахаты. Так доўжылася гады тры, пакуль таямнічы муж, адступіўшы ад завядзёнкі, не папрасіў перадаць нашай паэтцы, што сёння ён зойдзе па яе сам. Я мусіў запытацца, як завуць прадстаўніцу гэтай ідылічнай сям'і, і пачуў абсалютна незнаёмае нікому імя...
Перад павароткаю на мост праз Дзьвіну, пад якім высока над цёмнаю вадою, што хавала карагоды тапельцаў і самоў памерамі з пушчанскіх вепрукоў, мы здавалі дзіцячыя экзамены на смеласць, я апошні раз кідаю вока на былую лугавіну, і наўздагон мне лопае крыламі знаёмы пугач, што жыў у жарале старое яліны на ўзлеску.
На мяжы дня і шарай гадзіны пугач выбіраўся са свайго зацішнага жытла на сук, каб, самавіта пакруціўшы вушатай галавой, жудліва павухкаць, зрабіць рытуальны аблёт лугавіны і ўзяць курс на лясное возера, дзе тады яшчэ вадзіліся цеплакроўныя ундзіны, гатовыя аддацца смеламу начному плыўцу на залітым месяцавым святлом плыткаводдзі. Вялікія шэрыя крылы майго пугача рэзалі паветра настолькі бясшумна, што ад іх кругамі разыходзілася густая, настоеная на паху прывялае травы, шматслойная цішыня. Яна ніколі не палохала мяне, а абуджала ў вечаровай сутонлівай душы жаданне ў адной з будучых рэінкарнацыяў трапіць на свет у іпастасі лупатае птушкі, каб удзень песціцца ў мяккім дупле, а ўвечары паважна выходзіць на духмяны ад разагрэтай сонцам жывіцы сук і, палохаючы вусцішным вуханнем ундзінаў і іхных каханкаў, ляцець на смачныя начныя ловы. У той дзень, калі экскаватар узяўся капаць на лугавіне катлаван, пугач вылез са схоўкі сярод белага дня і, згубіўшы ад святла арыентацыю, улукаткі паляцеў не ў лес, а ў бок горада і ўжо не вярнуўся...
Апрача мяне «Ікарус» вязе сёння двух прыстойна апранутых хлопцаў гадоў на дваццаць з гакам, а ў камплекце з імі падарожнічае жыццярадасная рыжая маладзёнка, для якой слова «дыета», мяркуючы па габарытах, мае такі самы абстрактны сэнс, як, напрыклад, і «сінхрафазатрон».
Не паспеўшы ўладкавацца, кампанія бярэцца разгадваць газетную крыжаванку. «Последователь философского направления, противоположного материализму», - чытае рыжая пампушка. «Думай, Федя», - кажа хлопец з падобнымі да прэзідэнцкіх вусікамі. Чыста паголены Федзя думае і выдае адказ: «Пессимист». Маладзёнка лічыць літары і ўсцешана абвяшчае: «Подходит!»
Увесь учарашні дзень падаў пухкі снег, дарожны паказальнік у прыгараднай вёсцы па-гаспадарску вычышчаны, і сустрэча з ім узнаўляе ў памяці чутую ў Лондане гісторыю пра памежны валійскі мост, дзе ўжо колькі стагоддзяў штоночы аднаўляецца нязводны надпіс: «Ангельцы, прэч з Уэльсу!» Не, на паказальніку ніхто не вывеў чаго-небудзь агіднага, кшталту: «Расейцы, прэч з Беларусі»! Пацвярджаючы славутую беларускую талерантнасць, навакольная блазнота, як і ў гады майго маленства, нягледзячы на складаныя мэтэаўмовы, не забылася старанна падмаляваць да першае літары прыдарожнае назвы лішнюю птушачку, ператварыўшы трывіяльнае Копцева ў рамантычнае прыдзвінскае Жопцева.
Гадоў дваццаць таму «Беларускае тэлебачанне» любіла круціць задушэўны фільмец з геніяльным пасажам пра тое, што ў юным горадзе вялікай хіміі Наваполацку жыццё гэткае светлае ды шчаслівае, што нават няма могілак, бо людзі папросту не паміраюць: пакуль яшчэ адно пераступілі парог сталасці, а там, маўляў, пераможа камунізм, і, не выключана, савецкія вучоныя раскрыюць таямніцу вечнае маладосці. Не ведаю, чым паілі і ў якіх лазнях парылі стваральнікаў жыццесцвярджальнае стужкі, але добра памятаю, што на гэтай зялёнай выспе справа ад дарогі на Полацак дзякуючы вялікай хіміі ўжо тады ляжалі пад бярэзінамі двое маіх аднакласнікаў.
Тым часам белымі званіцамі Сафійскага сабора адкрываецца панарама горада, дзе сядзела на гаршку малая князёўна Прадслава, дзе ў вялікі пост мог употайкі кульнуць чарку вучоны манах Сімяон і дзе рос мой сябра дзяцінства Вова Цымерман, што ад ранніх гадоў меў слабасць не толькі да жанчын, але і да чытання, а таму ў кнізе свайго цяперашняга суайчынніка Амоса Оза мог знайсці прызнанне ў любові да Ерусаліма. «Гэта месца, у якім ты мыеш шкарпэткі, пячэш яечню і ўвесь час адчуваеш сябе на мяжы духоўнага аргазму... І гэты сутык - ключ да таго, што зрабіла мяне пісьменнікам. Усведамленне таго, што ёсць містычнасць, і - з другога боку - усведамленне таго, што ў прарокаў і ў Ісуса дрэнна пахла з чаравікаў...»
Полацак сніў сябе нашым Ерусалімам, але ў горадзе, які ў п'яных трызненнях бачыў сябе трэцім Рымам, умелі разгадваць чужыя сны. Таму адзін з аўгусцейшых «рымлянаў» тапіў полацкіх іншаверцаў у дзвінскіх палонках у Інфлянцкую вайну, другі ўласнаручна забіваў у Сафійцы манахаў і закладваў пад яе парахавыя бочкі ў Паўночную, трэці выпрабоўваў перадавую методыку «сноса культовых строений» у нібыта мірным 1964-м.
Заплюшчыўшы вочы, мне зусім нескладана ўбачыць побач з вежамі Сафійкі і купаламі Богаяўленкі барокавыя абрысы сабора Святога Стэфана, і тады я зазвычай кажу сабе: не, хараство не бескарыснае, яно існуе хаця б дзеля таго, каб яго ненавідзелі.
Прыазёрная вёска Гомель, што выправіла сустракаць «Ікарус» пярэстага карнавухага сабаку, павінна добра ўрэзацца ў памяць аднаму расейскаму лейтэнанту-танкісту, што выпіў, мабыць, не меней за пляшку спірту ці якой тармазной вадкасці і, ледзьве не трапіўшы на менскай вуліцы пад колы машыны майго сябра, запатрабаваў падкінуць яго, лейтэнанта, у горад Гомель, а на выпрабавальнае пытанне, ці прысягнуў ён на вернасць Рэспубліцы Беларусі, падзяліўся, што «в гробу он видал эту ё...ю Беларусь вместе со всеми бульбашами», якім паабяцаў, «только рыпнутся», наладзіць «генеральную танковую утюжку». Пасля гэтае тырады мы, вядома, згадзіліся завезці абаронцу Айчыны прамютка ў самы Гомель, пагатоў нам было ў адну дарогу. Вы памятаеце, ваша благародзіе, як аднойчы прачнуліся ў халодны восеньскі вечар, абдымаючы бетонны слупок з надпісам «Гомель», за якім чамусьці стаяла ўсяго колькі дзесяткаў вясковых хатаў, а вакол сурова шумеў партызанскі бор? Калі вы яшчэ не згарэлі на «утюжках» Грознага ці Гудэрмесу, вы ўсё, вядома, памятаеце.