Чтение онлайн

на главную

Жанры

Ордэн Белай Мышы

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Услед за ўдарам нагой дзверы адчыніліся, і на парозе я ўбачыў зусім не карготу са з'едзеным пранцамі носам, а зацягнутую ў зашмальцаваныя джынсы танклявую бландзінку гадоў на дваццаць, якую і сёння ўлучыў бы ў дзесятку самых гожых істотаў жаночага стану, сустрэтых за свае цяперашнія ўжо сорак.

Угледзеўшы сшытак з песнямі, таежная прыгажуня вырвала яго ў мяне з рук і выплюнула проста ў твар вытанчаную кулінарную фантазію на тэму яечні з адпаведных частак майго цела.

«Ты што?» - вырвалася ў мяне. І тут прычынілася малаверагоднае: чароўная мацюкальніца залілася чырванню такой кансістэнцыі, што барвы, здавалася, хапіла ёй і на невялікія мячыкі вызваленых ад станіка грудзей пад лёгкай майкай, і на выштукаваныя нібыта па лякалу клубы, і на даўгія ножкі ў кітайскіх кедах. Працяг атрымаўся гэткі ж

неспадзяваны: бландзінка імпэтна павярнулася і кінулася прэч, але яўна не па падмогу.

«Ёсць першы кантакт!» - падумаў я і з ціхім жахам адчуў, у якое пекла ператворыцца нашае жыццё, калі ўсе хіміцы Ягаднага акажуцца падобныя да першай візітанткі.

Увечары Генік узяў аркушык паперы, падзяліў яго рыскаю на дзве часткі і зверху кожнае паставіў + і -. Мінусы былі пералічаныя капітанам спецкамендатуры. Плюсаў набралася два: адсутнасць гнюсу, які, у адрозненне ад нізіннага Бл. Яра, тут збівала ветрам назад у тайгу, і прысутнасць у Ягадным жаночага будатрада «Amazonki» з Томскага ўніверсітэта. Амазонкі таксама жылі ў «хімкомплексе». «Трыццаць тры бабцы, гэта, я вам скажу, не сесію спіхнуць...» - задуменна прамовіў Дж. Галяк. «Я балдзею...» - прыгаломшана азваўся калега Чарніловіч. Генік ні з пушчы ні з поля паведаміў, нібыта антычныя амазонкі, каб лацвей было прыкладвацца да лука, выразалі сабе ці то левую, ці то правую грудку. «Мы гэтага не дапусцім», - адлучана растуліў вусны Бугор, які ўжо паспеў прыняць пару шклянак партвейну, і ў нашым жытле запала стоена-летуценнае маўчанне.

Як паказалі бліжэйшыя дні, атрад «Amazonki» мала нагадваў запаведнік непалоханых нявінніц.

Па-першае, там меўся «амазон» - «цяжкі» падлетак Віця, старшакласнік адной з томскіх школ, апошнім подзвігам якога, паводле чутак, была саляная кіслата, прадбачліва налітая на крэсла, куды грацыёзна апусціла сваю попку ў тонкай міні-сукеначцы юная настаўніца біялогіі. У СБА Віця сапраўды пачаў новае жыццё. Як з адценнем законнага абурэння пагаворвалі шэраговыя амазонкі, першая выхаваннем падлетка грунтоўна занялася камандзірка атрада Аляўціна - рослая фігурыстая дзеўка, што да ВНУ паспела паслужыць у савецкай арміі радысткай. У абдымках у другой па ліку выхавацелькі, камісаркі атрада пампушкі Ноны, Віця, здавалася, мог адно адпачываць.

У нас з амазонкамі таксама склаліся сякія-такія адносіны. У мяне яны спярша склаліся з будучым педагогам-матэматыкам Ленай, якую сяброўкі звалі Элен. Я абдымаў яе на лавачцы каля сталоўкі, а яна, ахутаўшыся цыгарэтным дымам, апавядала, што ў яе ў радні вадзіліся шведы. У Эленіным абліччы сапраўды прысутнічала штосьці скандынаўскае: роўныя льняныя валасы да сярэдзіны таго месца, на якім атрымала кіслотны апёк гаротная Віцева выкладчыца; ромбападобны твар, ад якога цягнула халаднаватым ветрыкам; гэткія ж, з марскім халадком, светла-шэрыя вочы, што нязменна захоўвалі санлівую абыякавасць, калі я спрабаваў ёй расказваць пра Беларусь, і адразу прачыналіся, як загаворваў пра віленскія начныя рэстарацыі, у прыватнасці пра «Дайнаву», дзе ў тыя часы стары Шабаняўскас (той самы, чый голас даносіцца з рэпрадуктара ў рамане Ёнаса Авіжуса «Страчаны прытулак»), яшчэ спяваў аб прыгажуні Эліт, якую носяць па свеце «цуда-ножкі», і жанчыны ўскоквалі з-за столікаў і дарылі сівому маэстра чырвоныя ружы.

Не ўважаючы на застрашлівае папярэджанне спецкамендатуры, мы з Элен вечарамі купаліся ў кар'ерах, збіваючы магчымых забойцаў з панталыку тым, што кожны дзень выбіралі новы. Ці трэба ўдакладняць, што мы адважваліся не толькі на гэта? Рассціланне на беразе кар'ера шырокага махровага ручніка напраўду вымагала адвагі, бо дым вогнішча зусім не з'яўляўся радыкальным антыкамарыным сродкам. Аднак укусы прыпякалі ўжо дома, а з водных працэдур мы вярталіся сцішаныя і лагодныя. У падлеску валтузіліся бурундукі ці якія іншыя дробныя звярынкі, па-над вершалінамі лістоўніц запальваліся першыя зоркі, але пад нагамі яшчэ можна было закмеціць неверагодна буйныя чарніцы, і нашыя вусны былі чорна-сінія, як у здаволеных вампіраў. «Ты знаешь, как будет по-белорусски звезда?» - сентыментальна пытаўся я. Яна ленавата маўчала, і адказваць даводзілася самому: «Зорка». «А любовь, знаешь, как?» - не здаваўся я. «Не-а», - цягнула Элен. «Каханне». «Не может быть», - бескалёрным голасам адгукалася мая спадарожніца, хаваючы позех чоўнікам

вузкай далоні.

Нас было ўсяго дзесяць, а амазонак - у 3,3 раза болей, а таму ў атмасферы над Ягадным густа пульсавалі сілавыя лініі здаровай жаночай канкурэнцыі. Аднаго вечара я дзяжурыў у сталоўцы разам з чорненькай амазонкаю Вікай і пачуў з яе вуснаў сваю характарыстыку, якою Элен дзялілася з канфідэнткамі. Паводле Элен, атрымлівалася, што я «ничего мужик», аднак вальтануты, бо замест нармалёвай прэлюдыі абавязкова павінен расказаць пра сваё беларускае балота. Асуджальнасць надзьмутых губак дзяжурнай адрасавалася, вядома, не мне. Віка зрабіла бездакорны ход: я горка шкадаваў, што я - не «цяжкі» падлетак Віця, а Элен - не мая настаўніца біялогіі.

Назаўтра вечаровае люстра кар'ера замест даўгіх ільняных пасмаў убачыла кароткія чорныя кудзеркі. У адрозненне ад Элен дачка патомных філолагаў Віка ажно два дні пабыла непадступнаю. Навучаны сумным досведам, пра Беларусь я даў сабе зарок і не заікацца, але паколькі гуляць у маўчанку таксама не выпадала, на трэці вечар (да чаго толькі ні давядзе ўзбунтаваная кроў!) у абладзе дурнаватага натхнення я неспадзявана заявіў, быццам належу да прыхільнікаў зараастрызму.

Нашая секта існавала ў глыбокім падполлі, але не мела нічога агульнага з аскезай. Асцярожна расшпільваючы гузік за гузікам, я прыцішана выкладваў усё ацалелае ў памяці пасля экзамену па навуковым атэізме - пра светлае божышча з дзівосным імем Ахурамазда, што вяло несупыннае змаганне з сваім адвечным спадужнікам, увасабленнем цёмных сіл Анхрам-Майнью. Будучы філолаг Віка глядзела на «сектанта» круглымі вачыма і відавочна перамагала апошнія перашкоды на шляху да ўступлення ў шэрагі зараастрыйцаў, якіх яна, міла памыляючыся, называла зорааўстрыйцамі. Узгадваць тое і сумна, і смешна. Дзівуючыся з сябе, я на хаду прыдумваў абрад далучэння да нашае веры, які ў перакладзе з фарсі зваўся «палётам над вяршынямі», і ў Вікі не ўзнікла аніякага сумневу, што дзеля гэтага палёту сапраўды трэба скінуць усё, што на ёй яшчэ заставалася.

Вушкі, далоні, ступачкі і астатняе, што бывае ў жанчыны, у Вікі было маленькае, і, калі я меў патрэбу назваць яе па імені, мне заўсёды хацелася сказаць не проста Віка, а - маленькая Віка.

Вялікі й магутны Ахурамазда быў задаволены намі, пагатоў ацэнка Вічыных інтэлектуальных здольнасцяў, выстаўленая мною пасля «зорааўстрыйцаў», аказалася недаравальна паспешлівай. Маленькая Віка любіла Міхаіла Афанасьевіча Булгакава, марыла стаць для каго-небудзь Маргарытаю і пачытвала экзістэнцыялістаў. Эпізод пераходу ў зараастрызм яна пазней пракаментавала радкамі Пастарнака:

Если даже вы в это выгрались,

ваша правда. Так надо играть.

Дадам, што не ад старажылаў, а менавіта ад яе я даведаўся пра закінуты вайсковы аэрадром на ўсход ад Ягаднага, дзе кожная залева вымывала з пяску мармурова-жаўтлявыя чалавечыя чарапы і костачкі, сярод якіх маглі апынуцца і косці майго расстралянага ў 1933-м дзеда Максіма. Аднойчы па дарозе з кар'ера Віка трохі палахліва расказала пра лагер, дзе трымалі гішпанскіх інтэрбрыгадаўцаў - нашых, а найбольш замежных, што прыехалі пасля грамадзянскай вайны ў краіну пераможнага сацыялізму. Кіраўнікі лагернага падполля нібыта зарганізавалі ўсеагульныя ўцёкі і ўпэўнена вывелі інтэрбрыгадаўцаў на аточаную кулямётчыкамі прасеку.

Мой найлепшы сябра Генік сустракаўся пад таежнымі сузор'ямі з амазонкай, што мела неамазоністае імя - Варвара, была сібірачкаю шатан ведае ў якім калене і размаўляла прыкладна так: «Ну как? Ништяк? А че стал середь дороги?» Гэта пра яе, перафразаваўшы Ігара Севяраніна, паэт М.Чарніловіч сказаў:

Амазонка из Томска,

Амазонка из Томска,

Вы безумно прелестны,

Особенно сзади...

На ролю Варварынай суперніцы лёс прызначыў сібірскую татарку Аміну, што з рук у рукі перадала Геніку ў запячатаным канверце свой ліст. Варвары паблізу не было, і Генік бесклапотна рушыў па сцежцы на бераг Кеці, да таго кедра, дзе, як пісала Аміна, яна калісьці назвала нашага былога загадчыка гаспадаркі мядзведзем, хоць з іх дваіх на невялікага мядзведзя выдавала якраз шыракаплечая круглявая прапраўнучка чынгісханаўскага воіна.

Поделиться:
Популярные книги

Тринадцатый IV

NikL
4. Видящий смерть
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Тринадцатый IV

Огненный князь 6

Машуков Тимур
6. Багряный восход
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Огненный князь 6

Изгой. Пенталогия

Михайлов Дем Алексеевич
Изгой
Фантастика:
фэнтези
9.01
рейтинг книги
Изгой. Пенталогия

Идеальный мир для Лекаря 7

Сапфир Олег
7. Лекарь
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 7

Искушение генерала драконов

Лунёва Мария
2. Генералы драконов
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Искушение генерала драконов

Запасная дочь

Зика Натаэль
Фантастика:
фэнтези
6.40
рейтинг книги
Запасная дочь

Смерть может танцевать 2

Вальтер Макс
2. Безликий
Фантастика:
героическая фантастика
альтернативная история
6.14
рейтинг книги
Смерть может танцевать 2

Гром над Академией Часть 3

Машуков Тимур
4. Гром над миром
Фантастика:
фэнтези
5.25
рейтинг книги
Гром над Академией Часть 3

Провалившийся в прошлое

Абердин Александр М.
1. Прогрессор каменного века
Приключения:
исторические приключения
7.42
рейтинг книги
Провалившийся в прошлое

Последняя жертва

Мид Райчел
6. Академия вампиров
Фантастика:
ужасы и мистика
9.51
рейтинг книги
Последняя жертва

Возвышение Меркурия. Книга 8

Кронос Александр
8. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 8

Наследник старого рода

Шелег Дмитрий Витальевич
1. Живой лёд
Фантастика:
фэнтези
8.19
рейтинг книги
Наследник старого рода

Книга 5. Империя на марше

Тамбовский Сергей
5. Империя у края
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Книга 5. Империя на марше

Кодекс Охотника. Книга XVI

Винокуров Юрий
16. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XVI