Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
Мой «Ікарус» яшчэ не здолеў прывыкнуць да людзей з аўтаматамі на знаёмай мірнай дарозе, таму на першым скрыжаванні ледзьве паспявае спыніцца перад каламутна-чырвоным вокам святлафора. Так і не даўшы рады «вспомогательной исторической дисциплине, изучающей гербы» (10 літараў), затое нечакана бліскуча адолеўшы «человека с одновременными признаками мужского и женского пола» (11 літараў), Зіна з двума сваімі целаахоўнікамі грацыёзна выгружаецца ў раёне вуліцы імя «партийно-правительственного деятеля БССР» (6 літараў, першае «к»), што, як сведчаць шматлікія відавочцы, да самога адыходу ў лепшы свет так і не навучыўся правільна вымаўляць назву «машины для езды, колеса которой приводятся в движение ногами с помощью педалей» (9 літараў),
Бывай, мой «Ікарус». Пакуль я не цалуюся з табою, як адна вядомая асоба цалавалася з канём на турынскіх вуліцах. Таму далей мяне павязе не машына з шыракаплечымі санітарамі, а звычайны зачуханы тралейбус. Павязе да самага гастранома, каля якога днямі ў маім жыцці - на шчасце кульгаваму голубу і на гора галоднаму алкашу - знайшлося месца подзвігу.
На прыпынку я старанна адганяю думку пра суму нулёў, якая ў выніку дае зусім не нуль, а пагрозліва буйную лічбу. Я веру газетам, вядомым публіцыстам і жывым народным пісьменнікам: вось вырасце новае пакаленне з новымі ідэаламі, сцягамі еtс... Адзін з гэтага пакалення ўжо вырас настолькі, што просіць у мяне закурыць. Хто сказаў, што новая генерацыя нашых маладых грамадзянаў пры ўсіх сваіх высокіх ідэалах не будзе мець права выпіць? Пагатоў калі рэалізацыя такога права спрыяе непарушнай сувязі бацькоў і дзяцей, доказам чаго ёсць такі мілы зварот да мяне - проста «барада». Апрача таго, я ўжо ведаю, што мой новы знаёмы - архітэктар. Магчыма, хлапец хутка заменіць Валеру Слюнчанку і адновіць карпусы Полацкай езуіцкай акадэміі альбо віцебскую царкву Звеставання.
Будучы дойлід без лішняй сарамяжлівасьці гатовы падзяліцца творчымі планамі. «Вот мы с тобой, борода, на каком проспекте стоим?... То-то и оно, что Рокоссовского. А где, я тебя спрашиваю, памятник? Где?
– пераможна пытаецца Валераў спадкаемец.
– Я думаю, большой ставить не будем. Метров двадцаць пять хватит. Ну что, борода, скажешь?»
Новае пакаленне чакае, і я адказваю пытаннем з крыжаванкі: «Ты ведаеш, як звалі старэйшага сына Адама і Евы, які забіў свайго брата?..»
Сібірская аповесць
Нічога не памерла ўва мне, толькі ілюзіі.
Генры Мілер
У гэтай гісторыі пойдзе гаворка пра падзеі, якія насуперак усяму сапраўды адбыліся, а таксама пра падзеі, якія павінны былі адбыцца, але ў апошні момант сарваліся; якія чакаліся, аднак так і не здарыліся; якія адбыліся не так, не тады і не з тымі; якія здарыліся, але былі прызнаныя несапраўднымі; якія ніколі не адбываліся і не маглі адбыцца, аднак зрабіліся агульнавядомымі і нават трапілі ў энцыклапедыі.
Рэмінісцэнцыя з забытага аўтара
Загадкавае слова «Сібір» жыццёвыя вятры ўпершыню закінулі ў маю свадомасць, калі я меў гадоў пяць ад нараджэння, а да нашых полацкіх суседзяў прыехаў з гэтага самага «Сібіру» нейкі крэўны.
Сібірскі сваяк выцягнуў з вагона багаж і ўбачыў на пераходзе праз чыгуначную каляіну папярэджанне: «Сцеражыся цягніка!» Зацкавана азірнуўшыся, ён выплюнуў з рота «беламорыну» і, схапіўшы валізы, вомегам кінуўся далей ад вакзала і ад сціжмы беларускіх зладзюгаў-цягнікоў, гатовых вокамгненна прыставіць ягонаму майну ногі.
Гэтую показку на нашай вуліцы не распавядаў хіба што глуханямы дзед, які жыў са сваімі двума тузінамі катоў каля пампоўні. Слухачы дралі смехам бакі, і я рагатаў разам з усімі, хоць напачатку - адно за кампанію, бо, што такое «цягнік», ведаў не лепей за сібірскага чалдона.
Згадка пра маю першую сустрэчу з Сібірру твар у твар пахне не кедравай жывіцаю і не гарачымі пельменямі, а - свежай чалавечаю юшкай.
Каляндар
Калі вы ўважліва ўгледзіцеся ў новую палітычную мапу свету, выдадзеную нядаўна венскай фірмаю «Freytag und Berndt», дык знойдзеце ценькую чырвоную нітачку чыгункі, што цягаецца на поўнач ад Томска, безнадзейна абрываючыся ў кропцы з мікраскапічным подпісам Веlуі Jar. Якраз туды я павінен быў трапіць, каб выпіць з сябрамі за светлую бацькаву памяць ацалелую ад памінкаў пляшку «Белавежскай» ды зарабіць сваю тысячу, або, як тады казалі, дзесяць «кавалкаў», а потым уразіць чым-небудзь адну полацкую й пару менскіх дзяўчатак, з удаванаю абыякавасцю пракаментаваўшы сітуацыю сакраментальнаю фразай: «Ніхто не забароніць нам жыць прыгожа».
Выгрузіўшыся з фірмовага цягніка «Масква-Томск», у вагоне-рэстаране якога можна было ўдосыць паразважаць над паведамленнем меню пра «котлеты из медвежатины свиные» і «котлеты из медвежатины говяжьи», я на поўную грудзіну ўдыхнуў сібірскага паветра і даведаўся, што адзіны цягнік на Белы Яр адыходзіць праз гадзіну. Прабіцца за такі час праз бітма набітую залю да вакенца касы ўяўлялася задачаю гэткай жа простаю, як далучыць да Беларусі Ямала-Нянецкую аўтаномную акругу. Аніякай чаргі ў касу не існавала; з розных бакоў да вакенца цягнуліся рукі з грашыма, якія адпіхвалі адна адну, і ў выніку касірка, не маючы клопату, спакойна чытала газету.
Я разумею, што «российское могущество будет прирастать Сибирью», што на яе абсягах безліч светлага й глыбока народнага, ды яе візітоўкаю назаўсёды застанецца для мяне жанравая сцэнка, убачаная з падваконня томскага вакзала.
Вугрыстаму дзецюку з запаленымі вачыма падфартуніла прашчаміцца да касы і з сціснута-пераможным выгукам «Белый Яр!» торкнуць касірцы брудна-жоўты жмуток рублёвак. У той самы момант сіпатае кантральта нема заверашчала: «Ванек, отсеки фраера!» і двухметровы бамбіза з лагодным бурачковым тварам меланхалічна ўпячатаў дзецюку паміж вачэй валасаты пудовы кулак. Кагадзешны трыумфатар абліўся юхаю і засумаваў. Ехаць у Белы Яр яму ўжо відавочна не праглася. «Товарнищи, расступитесь! Человеку плохо!» - нясмела прапішчэла з вакенца касірка, марна спрабуючы перадаць напалову непрытомнаму пасажыру квіток. «Перебьется, дохляк», - пагардліва кінуў хтосьці. Самым вялікім гуманістам выявіўся Ванёк. Не раўнуючы, як выполваюць з ляхі пустазеліну, ён вырваў з натоўпу сваю ўкрываўленую ахвяру і, высока падняўшы яе, запрапанаваў прысутным перадаць «товарища» да выхаду. У аддзяку за гэта, ужо адплываючы ў бок дзвярэй на выцягнутых угору мужчынскіх руках, «товарищ» выпруціўся й трапна харкнуў у твар Ваньку згусткамі крыві, смаркачоў і сліны. Мне зрабілася млосна й востра захацелася назад, у Менск і ў Полацак.
У Веlуі Jаr я прыбыў на кукурузніку, заплаціўшы лётчыку дзвюма пляшкамі «зверабою». Пасажыры дамаўляліся з экіпажам, і самалёцік, палохаючы свойскую жывёлу і таежную зверыну, яшчэ два разы незапланавана прызямляўся на аселіцах, прычым аднойчы - бо авіятары адкаркавалі мае пляшкі, не адыходзячы ад штурвала - ледзьве размінуўся з якойсьці стадолінай.
На аэрадроме ўзвышалася велічная жалезная брама, злева й справа ад якой аніякае абгародкі і не начавала, затое зверху спаруду аздабляла прыкручанае дротам мастацкае пано, з якога брываста-медалясты генсек рабіў падарожніку ручкай, зазначаючы, што «Верной дорогой идете, товарищи». Ён жа паведамляў: «Вас приветствует центр Верхнекетского района Бл.Яр». Прымайстрыўшыся на драбінах, гэтыя пранікнёныя словы з непісьменна-хуліганістым скаротам спрытна падмалёўвала мізэрная істота з такой казлінаю бародкай, што, здавалася, у гумовіках у гэткага служкі музаў могуць парыцца адно капытцы.