Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
Праз гадзіну ўзмакрэлы і задыханы Генік стаяў у дзвярах нашай фінскай хаціны. Пад кедрам Аміна пачаставала яго вогненнай вадой, потым, напэўна ў адпаведнасці са звычаямі яе старажытнага народа, праспявала пару працяжных гартанных песняў, а потым - мабыць, у працяг звычаю - без лішніх слоў забурыла Геніка на мох.
Калі вы мяркуеце, што хіміцы змірыліся з нашым адносна гарманічным (Міша Бугор казаў - гарманальным) суіснаваннем з амазонкамі, дык памыляецеся. Вясёлыя ленінградкі таксама змагаліся за нашы сэрцы, карыстаючыся ў гэтай барацьбе самымі разнастайнымі сродкамі.
Штодня ў абед паводле дамовы з амазонкамі мы
Які-кольвек з гэтых матылькоў пачынаў амаль пяшчотна: «Студентики, а студентики, пожалейте бедных девушек». «Совсем извелись без мужской ласки», - падхоплівала другая жамярыца. Далей чулася што-небудзь накшталт: «А я бы тому бородастенькому сто раз дала. Слышь, бородастенький? Ты хоть целоваться умеешь?»
Напачатку мы неслі свой крыж у выглядзе цяжкой вываркі моўчкі, аднак валхвіцы вольнага кахання ўмомант ставалі нахабнымі і нагадвалі ўжо не матылькоў, а назойлівых восаў. «Вы только попробуйте нас, мальчики, вас потом за уши не оттащишь», - прапаноўвалі яны, дэманструючы нам не самыя цнатлівыя паставы, «Ану, вали отсюда, стервоза, а то вырублю на...» - страшным голасам казаў «бородастенький», ды гэта выклікала толькі рогат.
На падыходзе да кухні эскорт рабіўся агрэсіўным. Ленінградкі выкрыквалі пагрозы ў бок амазонак, якія, маўляў, за...лі беднага Віцюню, абзывалі амазонак сучкамі і блядзямі, а нас - імпатэнтамі. Але найгоршае маячыла наперадзе. Перад самай сталоўкаю адна з нашых спадарожніц раптам «здагадвалася»: «Слушайте, девочки, так это же они заразиться от нас боятся!», колькі яе сябровак імгненна падляталі да нас і з вясёлым крыкам: «А вот вам сифилис!» плявалі ў ненакрытую выварку.
Пясок хутка выпіваў ваду, і мы асуджана паварочвалі назад да студні. Дзяжурная амазонка здаганяла нас з пачкам соды і патрабавала як след вышараваць выварку, крыўдзіцелькі ж заходзіліся воддаль смехам і абяцалі ператрахаць па чарзе спярша нас, а тады і амазонак.
Урэшце экспедыцыі па ваду пачалі ладзіцца з аховаю: двое цягнулі выварку, а чацвёра адпрэчвалі плявакаў штыкецінамі.
Удзень мы калупалі рыдлёўкамі дол, збівалі апалубку, завіхаліся вакол вялізнай вуркатлівай бетонамяшалкі і аддаваліся крозам пра вечаровыя спатканні.
Блізу паўночы парачкі збіраліся каля раскладзенага на галявіне за «хімкомплексам» вогнішча і задуменна глядзелі на агонь.
З цемры выходзілі і ветліва падсаджваліся на пакладзеныя пры вогнішчы бёрны маладыя хімікі з гітарай. Яны прыладкоўвалі на чырвоным вуголлі конаўкі або імбрыкі на чыфір і заводзілі песню. Гучала «Прокурор затребовал расстрела», «Как над Томском опускается туман, никогда я не прощу тебе обман...», але найдушэўней атрымлівалася ў іх «Здравствуй, Невский, здравствуй, Кировский», бо шмат хто з нашых суседзяў таксама быў з Піцера.
Ідылію гітарных перабораў, пакладзеных на мулкія мужчынскія плечукі дзявочых галовак і мяккага чыфіравага кайфу руйнавала шумнае з'яўленне гурмы падлеткаў. Яны груба лаяліся, як па-пісанаму часалі на блатным арго, хваліліся, хто колькі разоў «отодрал» сваю «чучундру», і дэманстратыўна забаўляліся з кнопачнымі ножыкамі, з тронкаў якіх, цьмяна пабліскваючы, выляталі вузкія клінкі-джалы.
Спачатку мы мелі гэтую
Ленінградкі да вогнішча не прыходзілі. Трэба сказаць, што, хоць яны і чапляліся да нас каля сталоўкі, мужчынскае ўвагі ім ставала. На кожную прыпадала ў сярэднім па трое хімікаў-мужчынаў. Звычайна яны і сяліліся па формуле 3 + 1, праўда, «бугры» мелі права выбару і маглі трымаць невялікі гарэм, ці, па-мясцоваму, «курятник». Спецкамендатура праблемамі палігаміі не займалася.
Амаль кожны дзень нашага існавання быў адзначаны адметнай падзеяю.
То «цяжкі» падлетак Віця, зусім ачмурэлы ад «трох сямёрак» і любошчаў з амазонкаўскім кіраўніцтвам, наловіць у мех з паўтузіна здзічэлых катоў, падыме іх уначы разам з будатрадаўскім сцягам на недарэчна высокі флагшток, а пасля перарэжа на блоку вяроўку, і каты будуць, не заціхаючы ні на секунду, екатаць як рэзаныя, пакуль нейкі піцерскі хлапец за пляшку «777-га» не ўзлезе, нацёршы рукі смалою, па слізкім шосце і не скіне жывой радыёкропкі на дол, а чацвераногія вязні не разбягуцца па наваколлі - усе як адзін цалюткія і гатовыя да новых прыгодаў.
То двое абхазцаў, якім заставаліся лічаныя дні да волі і ад'езду ў Сухумі, хопяцца ў пасялковай краме за нажы і заробяць новы тэрмін.
То прыедзе маладая жонка начальніка нікалаеўскага порта, што «дахімічваў» у Ягадным за валютныя аперацыі.
Жонку валютчыка адразу ахрысцілі Дзекабрысткай. Мяркуючы па кансервах (ужо ад адных назваў - крабы па-японску, суп з амараў - набягаў поўны рот сліны), якія яна разагравала каля ганка на раскладзеным паміж дзвюма цаглінамі цяпельцы, а таксама па мяняных штодня крымпленавых сукенках, партовы дзеяч паспеў сёе-тое прыхаваць.
Увечары шчаслівая пара пад пахмурнымі зіркамі суседзяў пад ручку выходзіла на шпацыр.
Гэта была памылка. Калі валютчыка на два дні адправілі на далёкі аб'ект у тайгу, сем хімікаў у поцемках прыйшлі да Дзекабрысткі і гвалцілі яе (па-мясцоваму гэта далікатна называлася «рэпетыцыяй хору», а недалікатна - «сходить на хорька») да самае раніцы, папярэдзіўшы, што калі заявіць у спецкамендатуру, праз тры дні на пасялковых кладах з'явяцца дзве новыя магілкі - ейная і - каб не сумавала - каханага мужа. Папярэджанне паўтарылі і начальніку порта, якога дзеля прафілактыкі завалілі сярод белага дня ў пыл і нязлосна, але спрактыкавана і доўга - нібыта рабілі не надта прыемную, аднак абавязковую работу - білі нагамі. На тутэйшым жаргоне апісаная працэдура менавалася «самавучкай». Мы якраз ішлі палуднаваць і ўсё бачылі, ды засталіся гледачамі, бо ўмяшанне ў разборкі абяцала «пику в бок».
Аднаго дня ў небе над пасёлкам з'явіўся пажарны верталёт, падобны да варанага рака з прапелерамі. Ён цягнуў на тросіку закручаны ў брызент лёгкі груз, што гайдаўся, быццам ківач ад ходзікаў. Верталёт скінуў груз на падворку спецкамендатуры, і Ягаднае даведалася: пажарнікі знайшлі на прасецы тое, што засталося ад пецярых зэкаў, якія ў сакавіку рванулі на волю з недалёкай (у сібірскіх сумерах) зоны. Праляцеў почут, быццам пятага ўцекача таварышы бралі за «карову» - прасцей кажучы, каб па дарозе з'есці. «Тайга - закон, медведь - хозяин», - пракаментаваў падзею галоўны бугор хімікаў дзядзька Коля-масквіч з вытатуяваным на грудзях партрэтам Сталіна. Той дзядзька Коля, пра якога казалі, што ён жыве ў Сібіры, чаргуючы зону з «хіміяй», яшчэ з ваенных гадоў.