Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
Бліжэй да Лепеля снегу робіцца болей. На шашу выходзіць падхорцісты паляўнічы ў плямістым вайсковым камбінезоне, і ланцужок асацыяцыяў выцягвае наверх імя іншага чалавека з ружжом - таварыша Антанаса Снечкуса, які ў вольны ад блуканняў па лесе час кіраваў ЛітССР у якасці першага сакратара яе кампартыі. Урэшце, тав. Снечкус не надта ўлягаў у хобі, бо ў летувіскага народа захаваўся яскравы ўспамін усяго пра адзін паляўнічы подзвіг свайго тагачаснага «бацькі». Неяк узімку да лясной вёсачкі пад Панявежысам прыбіўся паранены лось, якога жыхары выхадзілі і ўзяліся падкормліваць. Удзячная жывёліна хадзіла па вуліцы і не баялася браць з рук у сялянаў хлеб. Аднаго разу на аселіцы спынілася машына, адкуль выйшаў мужчына ў камбінезоне. Пакуль лось даверліва чакаў хлеба, мужчына
«Высший сан в православии», - даносіцца да мяне з боку аматараў крыжаванак. «Поп».
– «Маловато букв».
– «Думай, Федя».
– «Чего ты все Федя да Федя»...
Дзякуй Богу, маскоўскія таварышы не здагадаліся выбраць пад АЭС Лепельскае возера, берагам якога коціцца мой «Ікарус».
Да самага нядаўняга часу за назваю Лепель для мяне хаваўся адно вядомы з сярэднявечча сюжэт пра кузена лохнескае пачвары, што гнездаваўся на дне тутэйшага возера і на дэсерт любіў паласавацца грамадзянамі Вялікага Княства Літоўскага з акуратна перакусаных напалам чаўноў, а калі нарэшце здох ад нястраўнасці, дык смурод, калі верыць хронікам, крывеліў беларускія насы нават на Валовай азярыне ў Полацку і, прынамсі, быў ні на каліва не слабейшы, чым у лепельскай вакзальнай прыбіральні.
Аднае восені я вырашыў, што аброслага багавіннем небывальшчыны запісу на пергаміне (і прыбіральні ў якасці пастскрыптума) дзеля знаёмства з горадам усё-ткі крыху недастаткова, і выправіўся на паэтычны фэст «Лепельскія алітэрацыі», спадзеючыся калі і не наслухацца гэтых самым загадкавых алітэрацыяў, дык хоць знайсці аскепак таго Лепелю, які Тамаш Зан і Ян Чачот, працуючы там у дырэкцыі Бярэзінскага канала, называлі ў сваіх лістах паўночнай Венецыяй.
Пад адзіным цэлым ліхтаром на дажджлівай вуліцы імя героя «Краткого курса истории ВКП(б)» я з усцехаю прыкмеціў прыгожую здаровай прыроднай гожасцю лепяльчанку, глянуўшы на якую, адразу думалася, што якраз такіх аматарак паэзіі нам на дадзеным этапе нацыянальнага адраджэння асабліва бракуе. Распушыўшы падмяклыя пёры, я з ходу запрасіў красулю на фэст у Дом культуры - пры ўмове, што яна пакажа мне дарогу. «Зачэм цібе клуб, пашлі ка мне, у міня бутылка есьць», - з вабнай маціцоваю ўсмешкай скорагаворкаю прапанавала цудоўная лепяльчанка.
Амаль без вагання я выбраў клуб, дзе высветлілася, што масцітыя сталічныя творцы паэтычнага радка алітэрацыямі абсалютна не зацікавіліся. У выніку пад спеў зводнага лепельскага хору вэтэранаў партыі, вайны і працы пасінелыя ад холаду дзяўчаткі ў нацыянальных строях уручылі мне ў няпаленай зале хлеб-соль на даўжэзным ручніку. (Ручнік адразу паспрабавалі забраць назад, але не на таго нарваліся.) Апрача ўсяго, адносна юная змагарка культурнага фронту Аня атрымала ад начальства катэгарычны загад завесці мяне ў «гаркомаўскі люкс». Па дарозе з ініцыятывы праважатай узнікла рызыковая размова пра крыніцы творчага натхнення. Рызыка рэзка павялічылася, калі выявілася, што Аніна прозвішча Нагулян і яна прыехала да нас з Ерэвана.
Хоць насценны гадзіннік у фае паказваў толькі пачатак дзевятай, дзверы прысадзістага гатэльчыка аказаліся зачыненыя на ключ. У прыцемнай глыбіні памяшкання спінкамі да ўвахода стаялі побач два крэслы, і адтуль звешвалася голая нага. Пачуўшы стукат, нага схавалася. Аня Нагулян зняла чаравік і замалаціла ім у дзверы гэтак тэмпераментна, што аднекуль зверху на нас пасыпалася смецце, а потым звалілася птушынае гняздзечка. Траекторыю руху адміністратаркі ад крэслаў да дзвярэй цяжка было назваць найкарацейшаю, аднак магічныя словы «гаркомаўскі люкс» змусілі яе страпянуцца і намагчыся стаць «на зважай».
Трэба аддаць лепельскім таварышам належнае: «гаркомаўскі люкс» меў цалкам аўтаномны ўваход, прычым жыццё
Набрынялыя вільгаццю дзверы не паддаваліся, і я наважыўся лезці цераз плот. Адміністратарка размазвала па сваім твары і маёй куртцы кроў, адцягвала мяне ад плота і, румзаючы, сцвярджала, што ўжо заўтра яе выганяць з працы. «Ну што вы мне падсаветуіця?» - жаласна зазіраючы мне ў вочы, пыталася гаротная жанчына. «Нікому не расказвайце сваіх сноў, бо ўладу могуць захапіць фрэйдысты», - сурова адказаў я і своечасова зняў з блакітнага плота адважную дачку армянскага народа, на крутых клубах якой ужо трашчала шчыгульная скураная спадніца.
У люксовых апартаментах я выцягнуў з валізкі пару кніжак і сухое адзенне. «Мне выйти?» - далікатна запытала Аня Нагулян і чамусьці села на канапу. Пытанне пра маіх улюбёных пісьменнікаў успрынялося як хатняя загатоўка. У якасці ілюстрацыі да адказу я разгарнуў узятую з сабою «Вежу з чорнага дрэва» Джона Фаўлза і асуджна працытаваў: «Генры ведаў, што грэх - гэта выклік жыццю, не безразважнасць, а акт мужнасці і ўяўлення». «Какой акт?» - удакладніла Аня Нагулян.
На вячэры з дальняга кутка рэстарана на мяне зайздросна глядзелі вочы паэта з паўднёва-заходніх рубяжоў нашае краіны, вядомага тым, што, паводле ягонага ж прызнання ў аўтабіяграфічным літаратурна-мастацкім творы, у кожным гастрольным горадзе ён, паэт, як некалі Феранц Ліст, пакідае спакушаную жанчыну, хоць, адрозна ад славутага папярэдніка, і не зачыняе яе на ўсялякі выпадак на замок. Я падышоў да калегі і з незразумелай злараднасцю прамовіў чужую фразу: «Ну што, старына? Вакол адны голыя жанчыны, але ўсе ў глухіх сукенках без дэкальтэ».
Усё астатняе ў Лепелі склалася проста цудоўна: у адпаведнасці з праграмаю паэтычнага фэсту адбылася экскурсія ў аграфірму «Белая Русь», якая выпускае папулярны ў працоўных паўночнага рэгіёна Бацькаўшчыны напой «Водар мяты» (вядомы ў малаінтэлігентных колах як «Морда мятая»), а пасля прадугледжанай пратаколам дэгустацыі было прыемна збіраць над лепельскімі каналамі аскалёпкі тутэйшае Венецыі, яшчэ нічога не ведаючы пра намер мясцовых рэкеціраў спагнаць падчас паэтычнае вечарыны з яе заезджых удзельнікаў сімвалічную даніну ў беларускіх рублях альбо іх валютным эквіваленце.
За Лепелем галасы аматараў красвордаў, якія раней, нагадваючы зумканне жамяры, успрымаліся пераважна перыферыйным слыхам, пачалі ўсё часцей прабівацца ў мой утульны вопрадзень успамінаў. «Завершение фасада здания... Может, дом?» - «Дура, второе «е». «Главная книга у мусульман». «Тихо, сейчас вспомню. На «кэ».
– «Коран!» - «Ты уверен?»
Кароткі прыпынак у Бягомлі, у чыіх ваколіцах нарадзіўся мой знаёмы паэт Янка Юхнавец, што зноў і зноў бачыць гэтыя мясціны ў сваіх нью-ёркскіх вершах-снах, дзе ён вядзе гутаркі то з Машэкам, то са Скарынам, то з таямнічым персанажам, якога завуць Лесасекам і які ўтлумачвае камусьці Невядомаму, што Гісторыя - гэта крушня, а потым робіць удакладненне, што гэта - памяшканне, дзе адбываюцца нелагічныя выпадкі. Гісторыю пра тое, як у ліпеньскі дзень так званае незалежнасці вось на гэтай аўтастанцыі тутэйшы хлопец павесіў сцяг непажаданых колераў і праз пяць хвілінаў ужо сядзеў у «варанку», Лесасек, безумоўна, назваў бы банальнаю, і тады я дадаў бы апошнюю дэталь: хлопец быў глуханямы.
Ідучы па праходзе, мой спадарожнік з «прэзідэнцкімі» вусікамі кідае позірк на сядзенне побач са мною і гучна, не без нейкага задавальнення паведамляе: «Глянь, Зин, есть ещё чудаки, белорусские книжки читают». Я не бачу, як рэагуе на такое адкрыццё пампушка, але чую яе голас: «Старший сын Адама и Евы, убивший своего брата, четыре буквы». На колькі хвіляў западае маўчанне, потым Зіна няўпэўнена гаворыць: «Кажется, Кай...» - «Дура, а буквы кто считать будет».
– «Спокойно, - уключаюцца вусікі.
– Я знаю. Авин! Точно! Авин убил Кавеля!»